Страчаная спадчына. Касцёл у в. Аборак
“Нас клічуць святыні –
Душы – Супакой і Надзея,
Дарогу ў вечнасць яны дапамогуць знайсці.
Дабром і спагадай
Напоўняцца нашыя сэрцы,
І з Божаю ласкай пакрочым далей па жыцці!”
У далечыні ад дарог, сярод пышнай зеляніны і ціхага спакою, сярод смарагдавых палёў і сціплых хатак, калісьці ўзвышаўся велічны касцёл, які стаў калыскай і прытулкам для многіх таленавітых людзей. Ён быў не толькі месцам малітвы і пакланення, але і сімвалам адзінства і веры для жыхароў навакольных мясцовасцяў. Нягледзячы на сваю прыгажосць і гістарычнае значэнне, лёс у касцёла трагічны: ён быў разбураны людзьмі і часам. Аднак, нават і цяпер у руінах знаходзіцца яго дух, і памяць аб ім жыве ў сэрцах людзей.
Касцёл святога Роха праіснаваў у Аборку больш за 500 гадоў (з 1443 г. па 1949 г.). Гісторыя храма і вёскі цесна звязана з такімі вядомымі родамі, як Дэдэркі, Агінскія, Ходзькі, Свентажэцкія, Канаржэўскія. Тут у свой час бывалі Тамаш Зан і Ян Чачот. З Аборка паходзіць першы мінскі біскуп Якуб Ігнацы Дэдэрка. У доме, які знаходзіўся якраз насупраць касцёла, у 1800 годзе нарадзіўся Леанард Ходзька, сакратар Міхала Клеафаса Агінскага. Неверагодна цікавыя людзі і Святыня! Спадзяюся вам будзе цікава паглыбіцца ў іх гісторыю.
Паводле гістарычных крыніц у 1433 годзе паміж вёскамі Капачы, Груздава і Палачаны адбылася жорсткая міжусобная бітва, бязлітасная сеча войск Свідрыгайлы і Жыгімонта (падчас дынастычнай вайны ў Вялікім Княстве Літоўскім 1432-1439 гг.). У войску Жыгімонта ўдзельнічалі ў бітве наёмныя татары – вопытныя і смелыя воіны. І ўсё ж войскі Свідрыгайлы перамаглі. Бітва была такая крывавая, што даліна стала барвовай, а поле і сёння называецца Чырвонай валокай. У бітве з боку Свідрыгайлы загінула шмат беларусаў. Сярод іх, як лічылася, быў і князь смаленскі Андрэй Саковіч. І раптам, паводле старажытнай хронікі-падання, праз нейкі час пасля бітвы, на здзіўленне тамтэйшых жыхароў, ён жывы з’явіўся ў Полацку.
І вось што даведаліся жыхары гэтага горада ад князя Андрэя. Ён быў цяжка паранены ў бітве. Войскі Свідрыгайлы ў гэты час цярпелі паражэнне, адступалі. І раптам перад вачыма князя Андрэя ўзнікла ікона Божай Маці: “Не кідай войска. Дай загад сваім воям, і вы пераможаце”, – нібы праз сон пачуў ён яе голас. Ён даў загад войску трымацца да канца і страціў прытомнасць. Ноччу апрытомнеў, сабраўся з апошнімі сіламі і дапоўз да таго месца, адкуль пайшлі на сечу беларусы. Там ён раптам убачыў пакінутую ікону Божай Маці, прыпаў да яе вуснамі і зноў страціў прытомнасць. На другі дзень сяляне прыйшлі на месца бітвы хаваць забітых, знайшлі сярод іх і князя Андрэя. Ён нерухома ляжаў і трымаўся рукамі за ікону. Нябожчыка падцягнулі да ямы, каб пахаваць, але не маглі з іконаю, якую князь моцна трымаў у руках, пакласці ў магілу. Пачалі адшчаперваць ягоныя пальцы, каб вызваліць з іх ікону, але раптам адчулі, што рукі ў мёртвага князя цёплыя. Неўзабаве ён зноў апрытомнеў. Сяляне адвезлі цяжка параненага Андрэя ў вёску Блудава да знаёмага лесніка. Той разам з дачкой за пэўны час вылечылі князя, паставілі яго на ногі. А потым князь Андрэй дабраўся да Полацка. Там ён апавясціў, што выратавала яго ў той жорсткай бітве ад смерці ікона Божай Маці. Калі б не яна, яго скінулі б жывога ў магілу. З Полацка князь пераехаў у Смаленск. Там ён змайстраваў адмысловы зруб і перавёз яго ў Груздава пад забудову храма. І неўзабаве на месцы той сечы вырасла груздаўская святыня, у якой была змешчана ікона Божай Маці, што выратавала князя ад смерці.
Малітва заўсёды робіць цуды, суцішае і злучае з Творцам. Не забывайцеся пра малітву!
Так сталася, што ў розных гістарычных крыніцах дадзеную легенду адносяць, як да будаўніцтва касцёла, так і да будаўніцтва царквы. Вядома, што кожнай канфесіі хацелася б мець прыгожую гісторыю пачатку заснавання святыні. Але вось якую версію я яшчэ сустрэла. Будаўніцтва касцёла ў Аборку пачала Гальшка Ламінская ў 1424 г. Пасля яе смерці справу прадоўжыў яе сваяк Андрэй Саковіч – знакаміты ваяр, намеснік смаленскі, кашталян полацкі, уладальнік многіх вёсак у нашым рэгіёне, у тым ліку і маёнтка Аборак. Згодна з легендай, менавіта ён у гонар свайго цудоўнага выратавання пабудаваў у 1443 г. касцёл пры дарозе паміж Ламеншчызнай і Груздавам і праваслаўную царкву ў Груздаве (1448 г.). Ці так гэта было на самай справе, нам, вядома ж, ужо не даведацца, няхай гэтая прыгожая легенда і цудадзейны абраз Божай Маці існуюць на славу і карысць усім нам!
Як бы там не было, але, зыходзячы з гістарычных дакументаў, вядомых на дадзены момант, гісторыя касцёла пачынаецца ў 1443 годзе, калі 3 лютага стараста троцкі Андрэй Саковіч выдае даравальную грамату на будаўніцтва парафіяльнага касцёла ў Груздаве. Касцёл быў размешчаны за 1,5 вярсты ад сядзібы Груздава пры дарозе праз паселішча і меў тытул Найсвяцейшай Троіцы і дадатковыя тытулы: Святога Духа і Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Такім чынам, ужо тады ўзнікла падвоеная назва парафіі – Груздава – Аборак.
Касцёл асвяціў ксёндз біскуп Мацей і, верагодна, тады ж, 3 лютага 1443 г., быў атрыманы фундуш на яго ўтрыманне, а таксама фальварак Сынкавічы, якія вылучыў для патрэб парафіі той жа Саковіч. У 1475 годзе сын фундатара Багдан значна павялічыў фундуш касцёла.
У наступныя гады XV-XVI стст. гэты драўляны касцёл стаў парафіяльным.
Захаваўся дакумент аб наведванні 1653 г., дзе гаворыцца аб добра абстаўленым касцёле і багатай парафіяльнай плябаніі.
Не выключана, што гэтыя раёны пацярпелі і мелі патрэбу ў аднаўленні пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654-1667 гг.), бо падчас біскупскага візіту (1674 г.) храм апісваўся як драўляны, пакінуты без пастаяннай апекі, у ім нерэгулярна служылі францысканцы (можа быць, што і з Будслава?!). Душпастырам тут быў ксёндз Аляксандр Урублевіч, які жыў пры парафіі ў Гарадзілаве (там быў часовы храм пасля таго, як касцёл быў спалены), ён таксама клапаціўся пра стары “спустошаны” касцёл у Аборку (“Hrudów”). Спачатку планавалася аднавіць аборкаўскі храм, таму што тут існавалі парафіяльныя пабудовы, а пасля і гарадзілаўскі.
У 1720 г. у Груздаве замест старога на тым жа месцы быў узведзены новы драўляны касцёл, а ў Аборку, у цэнтральнай частцы маёнтка, на скрыжаванні дарог пабудавалі драўляную капліцу з абразом Святога Роха, апекуна маёнтка. Абраз быў зроблены ў Парыжы ў XVIII ст. на замову прафесара Сарбоны Ігнацыя Ходзькі для ўладальнікаў Аборка Міхала і Барбары (з роду Ходзькаў) Івашкевічаў і лічыўся цудадзейным, прыцягваючы да сябе натоўпы вернікаў і пілігрымаў.
Пробашчам у гэты час з’яўляўся ксёндз Стэфан Вайноўскі. Філіялам груздаўскай парафіі быў касцёл у Палачанах.
У 1773 г. (а, магчыма, і раней) Аборак разам з суседнімі вёскамі набыў Тадэвуш Агінскі і далучыў да маёнтка Ізабеліна. Ад Тадэвуша маёнтак перайшоў да сына Францішка Ксаверыя, а потым да ўнука – Міхала Клеафаса Агінскага.
У другой палове XVIII стагоддзя на гэтыя мясціны напала эпідэмія халеры, ад якой многа людзей памерла, і рэзка павялічылася колькасць пахаванняў каля касцёла ў Груздаве. З гэтым i звязваецца жаданне перанесці касцёл з груздаўскіх “халерных могілак” у Аборак з вызначэннем новага месца пахавання памерлых.
Князь Францішак Ксаверы Агінскі, кухмістр літоўскі – дзядзька славутага кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага – у знак дапамогі Бога робіць абяцанне, што, калі зараза спыніцца, на месцы каплічкі збудуе касцёл. Цудадзейны абраз святога Роха выратаваў насельніцтва Аборка ад гэтай хваробы, і князь Агінскі стрымаў сваё слова: у 1773 годзе быў пабудаваны новы касцёл і парафія адрадзілася. Касцёл быў перанесены ў Аборак на тое месца, дзе стаяла капліца з цудадзейным абразом св. Роха. Абраз святога Роха заняў ганаровае месца і ў новым драўляным касцёле.
Такім чынам, поўная назва касцёла – касцёл Найсвяцейшай Тройцы, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны і святога Роха. Касцёл з’яўляўся помнікам народнага драўлянага дойлідства з элементамі барока.
Пабудаваная ў стылі барока святыня ў Аборку ўяўляла сабой двухвежавы прамавугольны ў плане залавы аб’ём, з пяціграннай апсідай (алтарнай часткай), з бакавымі да яе прыбудовамі – дзвюма нізкімі сакрыстыямі. Нартэкс (уваходная частка), над якім размяшчаліся хоры, фланкавалі дзве капліцы, вежы над якімі былі ўвенчаны круглымі капуламі. Асноўны зруб і алтарная частка пад агульным высокім двухсхільным гонтавым дахам з плаўнымі пераходамі паміж аб’ёмамі. Галоўны (заходні) фасад фланкіраваны вуглавымі трох’яруснымі шатровымі вежамі, якія выступалі за межы асноўнага аб’ёму. Па цэнтры фасад завершаны высокім трохвугольным франтонам. Сцены былі вертыкальна ашаляваныя і расчлянёныя лучковымі аконнымі праёмамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках. Перакрыцце плоскае, бэлечнае, з падшыўной столлю. Інтэр’ер упрыгожвалі сем алтароў. Злева, асобна ад святыні, у куце касцельнай тэрыторыі, стаяла драўляная званіца.
Пры касцёле было дзве сакрыстыі і дзве капліцы: з “боку Евангелля” (левы бок алтара, калі глядзець вачыма вернікаў) – святога Роха і святога Казіміра; з “боку эпісталы” (эпістала – правы бок алтара) – святога Тадэвуша і Дзевы Марыі Чанстахоўскай “на палатне”. У галоўным алтары былі змешчаны Найсвяцейшая Тройца і Найсвяцейшая Панна Марыя; два бакавыя алтары былі прысвечаны: Звеставанню і святому Францішку, а таксама Святой Сям’і і святой Тэрэзе.
Аб развіцці парафіі вядома, што ў 1777 годзе тут ёсць школка, дзе вучацца 4 дзіцяці. У 1781 годзе ў Груздаве вучылася ўжо 15 вучняў (6 дваранскіх, 5 мяшчанскіх, 4 сялянскіх), праз год у школе было 9 вучняў, а парафія налічвала 263 католікі.
Дакумент візітацыі парафіі 1783 г. упамінае аб знаходжанні на яе тэрыторыі маёнткаў Палачаны і Блудаў, вёсак Сечкі, Капачы, Аборак, Балава, Станькава, Кабылкі, Лапінцы, а таксама засценкаў Чарапы і Слабодка. І хоць паселішчаў пералічана быццам бы нямала, тэрыторыя парафіі была невялікая – усяго 1 міля (1,61 км) уздоўж і 1 міля ўпоперак. Невялікая па колькасці была і сама парафія – каля 300 чалавек.
У 1793 г. у Агінскага выкупіў Аборак Казімір Дэдэрка – пісар Трыбуналу ВКЛ, будаўнічы (па-сучаснаму – галоўны архітэктар) ашмянскі, які шмат гадоў быў даверанай асобай князёў Агінскіх па самых розных пытаннях і меў ад іх вялікую ўдзячнасць. З роду Дэдэркаў паходзіць і першы біскуп Мінскай дыяцэзіі (1798 г.) – Якуб Ігнацы Дэдэрка, які шмат зрабіў для рамонту і ўпрыгожання Кафедральнага касцёла ў Мінску, для спраў дабрачыннасці.
Дачка Казіміра – Валерыя – выйшла замуж за Людвіга Ходзьку – маршалка завілейскага, удзельніка паўстання Т. Касцюшкі. Род Ходзькаў мае шмат выдатных прадстаўнікоў: Андрэй удзельнічаў у Грунвальдскай бітве, Рыгор прымаў у сваім маёнтку ў Заблудаве Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, якія ўцяклі з Масквы і выдалі дзякуючы гэтаму ўсім вядомыя “Евангелле вучыцельнае” і “Часаслоў”, Ігнацый знайшоў славу доктара філасофіі і тэалогіі, Ян дабіўся пасады прэзідэнта Мінскага земскага трыбуналу, Юзаф – генерал-лейтэнант рускай арміі – быў цудоўным геадэзістам і тапографам, Аляксандр вывучаў усходнія і славянскія мовы і пісаў вершы.
Але самым знакамітым прадстаўніком роду Ходзькаў быў Леанард (сын Валерыі і Людвіга), які нарадзіўся ў 1800 годзе.
Напэўна, пад шчаслівай зоркай
У шосты вечар лістапада
Ён нарадзіўся ў Аборку.
Назвалі хлопца Леанардам…
…Мастак. Выдаўца. Перакладчык.
Ніхто не здзейсніў працы большай!
Гісторык. Архівіст, дарадчык
На славу разабранай Польшчы… (Казімір Біль)
У 19-гадовым узросце ён становіцца сакратаром Міхала Клеафаса Агінскага, даводзіць да ладу яго архіў. У Парыжы ў 1826 годзе выдае мемуары кампазітара на французскай мове, а таксама двухтомнік вершаў Адама Міцкевіча на польскай мове, “Гісторыю польскіх легіёнаў”, “Біяграфічныя нататкі з жыцця Тадэвуша Касцюшкі”. Таксама стварае геаграфічныя карты Расіі, Польшчы, Прыбалтыкі, Беларусі, збірае 125 тамоў дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі і Украіны.
З выбітных асоб, звязаных з Аборкам, трэба адзначыць і Тамаша Зана, аднаго з кіраўнікоў таварыстваў філаматаў і філарэтаў, вучонага, паэта-рамантыка.
Ён пражыў у Аборку каля трох год: з 1847 па 1850. Справа ў тым, што Рох Дэдэрка, сын Казіміра, і Тамаш Зан былі сябрамі і ажаніліся на родных сёстрах – Вандзе і Брыгідзе Свентажэцкіх. (Род Свентажэцкіх, заснавальнікаў Яхімоўшчынскага і Маліноўшчынскага бровараў, паляўнічых і рыбных гаспадарак, таксама вядомы ў нашых краях.)
Яшчэ адзін вядомы прыхажанін Аборкаўскага касцёла – адмірал Ян Канаржэўскі, удзельнік паўстання 1863-1864 гг. Паколькі св. Рох – гэта апякун не толькі лекараў, але і мораплаўцаў, то Ян Канаржэўскі часта наведваў касцёл, быў яго фундатарам і завяшчаў пахаваць сябе на мясцовых могілках. У касцёле вісеў яго партрэт у поўны рост.
Менавіта ў гэтым касцёле і Тамаш Зан, і Ян Канаржэўскі атрымалі сакрамэнт хросту, а таксама шмат іншых знакамітых ураджэнцаў Маладзечна і ваколіц.
Пры новым адміністрацыйным дзяленні з 1798 года парафія Аборак была ўключана ў склад Віленскай дыяцэзіі як пагранічная парафія Вішнеўскага дэканату, і гэта была мяжа з Вілейскім дэканатам Мінскай дыяцэзіі.
У 1812 годзе, магчыма, адбылося разбурэнне падчас напалеонаўскіх войнаў, прынамсі, адбыліся змены ў дэмаграфіі. Цікава, што да вайны 1812 года нараджалася больш дзяўчынак, пазней – значна больш хлопчыкаў.
У 1842 г. царскімі ўказамі (ад 25 снежня 1841 г. і ад 15 снежня 1843 г.) былі канфіскаваныя маёнткі парафіяльных фондаў, а затым і даходы ад сум фундушовых, што пазбавіла касцёл сродкаў для існавання.
У 1844-1847 гг. парафія ўжо ўваходзіць у склад Мінскай дыяцэзіі. Парафія была не занадта раскінутай, а з-за забалочанай мясцовасці таксама не занадта шматлікай.
У 1860 годзе ў парафіі было 548 католікаў, і яна належала да Вішнеўскага дэканату. Пасля 1864 года пачалося закрыццё навакольных парафій і пераўтварэнне касцёлаў у праваслаўныя цэрквы, напрыклад: Маладзечна – 1864 г. (па іншых звестках 1865 г.), Хоўхлава і Гарадзілава – 1866 г. Зачыняюцца і іншыя храмы: Хажова – 1869 г., а таксама Беніца, Маркава, Валожын (1866 г.), што змяняе памер і плошчу парафіі. Касцёл у Аборку ўлады не зачынілі, таму ўсе вернікі навакольных мясцовасцяў наведвалі гэту святыню. Колькасць парафіян Груздаўска-Аборкаўскай парафіі ўзрасла, і ў 1867 годзе парафія налічвае 1087 католікаў. Дзейнічалі прыпісныя да парафіі капліцы ў Хоўхлаве, Чэрневе і на мясцовых аборкаўскіх могілках.
На такой вялікай тэрыторыі становіцца цалкам немагчымым пробашчу дабрацца да кожнага кутка парафіі, і менавіта пра гэта гаварылі чыноўнікі Расіі, якія імкнуліся аслабіць ролю каталіцкай царквы ў грамадстве. У той жа час гэтая сітуацыя змушала касцёл ў Аборку стаць як бы “санктуарыем” каталіцызму на апісваемай тэрыторыі. Пра гэты касцёл згадвалася: “... касцёл невялікі, але яркі, распісаны ўнутры алеевымі фарбамі, мае прыемнае ўражанне. На сценах некалькі добрых абразоў, у асноўным з навакольных касцёлаў, якія закрылі, напрыклад, з Валожына. У бакавым алтары старасвецкі святы Рох, своеасаблівы заступнік Аборка. У працэсіяльным алтары добра распісаны абраз Мадонны з Немаўлём Божым на руках, работы Францішка Смуглевіча, на сцяне ў глыбіні два вялікія з ног да галавы партрэты калатараў (фундатараў) касцёла – падскарбія Агінскага і Казіміра Дэдэркі, ашмянскага будаўніка”.
У 1873 годзе зноў новае выпрабаванне для вернікаў Аборка: падчас пажару згарэла плябанія, былі знішчаны метрычныя кнігі навакольных касцёлаў (Гарадзілава, Хажова і Хоўхлава), але, на шчасце, касцёл “цудам ацалеў”.
У XIX стагоддзі адбываюцца невялікія змены на прыкасцельнай тэрыторыі: званіца стала двух’яруснай, была складзена з бруса. Тэрыторыя касцёла была абнесена бутавай агароджай з трохпралётнай уваходнай брамай у стылі класіцызму (строгія сіметрычна-восевыя кампазіцыі і формы, стрыманасць дэкаратыўнай аздобы) з чырвонай цэглы і бутавым абрамленнем. Як і касцёл, яны былі пакрыты дахоўкай.
У 1880 г. у некалькіх метрах за апсідай касцёла над скляпамі роду Дэдэркаў быў узведзены каменны надмагільны помнік – “грабовец”. Радавая пахавальня Дэдэркаў уяўляла сабой падземны склеп, асветлены двума вокнамі. Узгорак з камянёў над скляпамі завяршала гранітная круглая калона з крыжамі, радавым гербам і імёнамі пахаваных на кубападобнай аснове.
У гэты час здзяйсняе сваё падарожжа па гістарычнай Літве вядомы этнограф і вандроўнік Эдвард Хлапіцкі, які ў сваіх матэрыялах (часопіс “Kłosy” за 1887 г.) узгадвае і Аборкаўскі касцёл: “Акружаная стогадовымі дрэвамі старадаўняя святыня, з вежамі ў некалькі ярусаў і выдатна выштукаванай арнаментыкай карнізаў, разам з гэтым, па-святочнаму сабраным народам, стварала прыцягальны малюнак. Тут нам расказвалі, што аўтар “Патопа”, Генрык Сенкевіч, едучы тры гады таму ў Валожын, затрымоўваўся ў Аборку і захапляўся ідылічнай прыгажосцю гэтага вядомага цудамі месца, нечакана спатканага ў падарожжы”. Вось так проста Генрык Сенкевіч – класік польскай літаратуры і будучы першы лаўрэат Нобелеўскай прэміі – захапляўся касцёлам у Аборку!
А колькасць вернікаў у гэты час паступова павялічваецца: у 1904 годзе парафія налічвае 4520 католікаў, касцёл па-ранейшаму належыць да Вішнеўскага дэканату.
У пачатку ХХ стагоддзя касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны і Святога Роха (тытул Найсвяцейшай Тройцы з XIX стагоддзя не ўжываўся) зноў перабудоўваўся. Замест грувасткіх вежаў, якія не падымаліся вышэй за канёк даху, высока над святыняй узнеслі крыжы, востраканцовыя спічакі з люкарнамі (невялікія аконныя праёмы на даху, купале) на кожным з чатырох кантаў, яны набылі стромкія, велічныя прапорцыі. Ніжні іх ярус быў аддадзены пад званіцу. Над старой званіцай верхні ярус разабралі, астатні аб’ём прыстасавалі пад склад.
У 1919-1939 гг. навакольныя парафіі – Маладзечна, Хажова, Хоўхлава – былі адноўлены, і нават з’явілася новая ў Гарадку, таму колькасць груздаўска-аборкаўскіх парафіян знізілася да 900 чалавек. Але не забываліся яны і пра Аборак. Штогод з’язджаліся з мясцовасцей блізкіх і далёкіх на адпустовую ўрачыстасць святога Роха, якая адзначалася 16 жніўня. Вось як пра гэта апісваецца ў газеце “Kurjer Wileński” за 1937 г.: “Штогод, у нядзелю пасля 16 жніўня, Аборак ажыўляе гул пілігрымаў з розных бакоў Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў, каб ля падножжа цудатворнага абраза святога Роха скласці свае ахвяры, атрымоўваючы ўзамен мноства самых патрэбных ласкаў, аздараўленне душы і цела…
Шматлікія воты, змешчаныя ля абраза святога Роха, сведчаць пра вялікую і глыбокую пашану да гэтага святога. Адпуст св. Роха збірае многіх вернікаў, нават браты праваслаўныя шануюць святога Роха з пакалення ў пакаленне.
…Да 14 гадзін збіраецца каля 11 000 чалавек, у тым ліку 50 % з іх – праваслаўныя… На адпуст прыбылі 15 святароў, якія адслужылі дзве палявыя імшы і дзве імшы ў касцёле. Настрой падчас адпусту быў вельмі ўзнёслы, некаторыя пілігрымы па некалькі кіламетраў прайшлі на каленях, і, па старажытным звычаі, абыходзілі на каленях вакол касцёла, просячы Святога Роха аб аздараўленні”.
У 1939 годзе парафія налічвае 825 католікаў. З гэтага года і да 14 жніўня 1941 г. пробашчам тут працаваў ксёндз Зыгмунт Мілкоўскі. Пасля ўварвання немцаў у гэтыя раёны адбылася змена пасады пробашча: ім стаў кс. Францішак Цафалка (SDB) (SDB – салезіяне святога ксяндза Яна Боско).
Заслугоўвае добрай памяці і прызнання душпастырская дзейнасць пробашчаў Аборкаўскага касцёла, пра якіх не было згадана вышэй: Антонія Грымаловіча (з 1859 г.), Тамаша Юрэвіча (з 1867 г.), Аўгустына Сабалеўскага (з 1870 г.), Юліяна Эйдзятовіча (з 1895 г.), Антонія Дзекеніса (з 1900 г.), Адольфа Халецкага (з 1902 г.), Казіміра Халява (з 1907 г.), Баляслава Серафіна (з 1910 г.), Стэфана Запасніка (з 1919 г.), Альфонса Бароўскага (з 1922 г.), Антонія Мацвейчука (з 1931 г.), Юзафа Ажалоўскага (з 1939 г.), Яна Такарскага (з 1941 г.), Вацлава Сэнка (з 1944 г.).
З 1942 па 1944 г. пробашчам з’яўляўся ксёндз Вацлаў Сэнк (SJ) (SJ – ордэн езуітаў). Вось як кс. Вацлаў успамінае пра касцёл у Аборку: “невялікі драўляны касцёл, які славіцца цудоўным абразом святога Роха, адпуст якога (...) тут раней адзначаўся ўрачыста. З’язджалася ўся Маладзечаншчына, нават здалёку”. Ён таксама згадвае, што на першым пасляваенным адпусце 16 жніўня 1944 г. было 4 святары.
Каля 1945 г. ксёндз Вацлаў Сэнк перайшоў на пасаду парафіяльнага святара ў Радашковічы, то даязджаў ён толькі ў суседнюю парафію ў Хажове. А ў Аборку з 1945 па 1947 г. нёс сваё служэнне ксёндз Пётр Пупін. Але нядоўга вернікі маглі прыходзіць у сваю святыню і слухаць Божае слова. Верагодна, што ў 1946 годзе (па іншых звестках у 1947 г.) будынак касцёла забралі і ў 1949 г. прыстасавалі пад калгасны склад, што прывяло да павольнага яго спусташэння.
Хоць ён і быў аб’яўлены помнікам архітэктуры, тым не менш, разам з магільным склепам Дэдэркаў гэтыя выдатныя помнікі дойлідства аказаліся разрабаванымі i ператварыліся ў руіны. На старых могілках засталася толькі брама, падобная на касцельную, і некалькі цікавых шляхецкіх надмагілляў XIX стагоддзя, у тым ліку контр-адмірала Яна Канаржэўскага і яго радні.
Пасля закрыцця касцёла сем касцёльных абразоў былі перададзеныя вернікамі ў іншыя святыні Беларусі. Абраз Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі знаходзіцца ў прыватнай калекцыі.
Шэраг абразоў трапілі тады ў Кальварыйскі касцёл у Мінску, а абраз св. Роха – у касцёл у Лебедзеве. Менавіта адтуль, пасля закрыцця святыні, абраз трапіў у фонды маладзечанскага музея, а затым і ў Нацыянальны мастацкі музей Мінска, дзе ў сховішчах ён і быў знойдзены ксяндзом Сяргеем Бараўнёвым.
Навуковыя супрацоўнікі аддзела старажытнабеларускага мастацтва музея сцвяржаюць, што ўнікальнасць абраза св. Роха ў тым, што сёння гэта адзіны вядомы абраз св. Роха ў Беларусі, датаваны XVIII стагоддзем. Вельмі хочацца верыць, што абраз дачакаецца рэстаўрацыі і зойме сваё ганаровае месца, калі не ў храме, то ў выставачных залах музея.
Што датычыць святыні, то яе лёс не такі радасны, у 60-х гадах XX стагоддзя касцёл знеслі, засталіся толькі падмурак і плот з цаглянай брамай. Тое, што засталося, было расцягнута вяскоўцамі на пабудовы ці рамонт хат, розных гаспадарчых пабудоў, ды і проста на дровы. Невялічкая тэрыторыя, на якой знаходзіўся касцёл, абрасла бур’яном, ператварылася ў сметнік. Фамільны склеп быў разрабаваны. Старажылы кажуць, што нехта з мясцовых прыстасаваў яго пад будынак для самагонаварэння.
Рэлігійныя ўрачыстасці перамясціліся на парафіяльныя могілкі, куды часам прыязджаў святар. З 1989 г. туды рэгулярна ў лістападаўскія дні прыязджаў пробашч з Краснага.
У 1991-1995 гг. рабіліся спробы перарэгістрацыі парафіі.
25 сакавіка 1996 г. намаганнямі ксяндза-дэкана прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага ў Палачанах была зарэгістравана рымска-каталіцкая парафія пад тытулам святога Роха, якая аб’яднала даўнейшыя Груздаўска-Аборкаўскую і Палачанскую парафіі ў сувязі з тым, што аднавіць касцёл у Аборку было немагчыма, а таксама з тым, што вёска Аборак злілася з вёскай Палачаны. Але гэта ўжо іншая гісторыя, працяг аб гэтым будзе змешчаны ў матэрыяле “Вандруем па Святынях. Касцёл у в. Палачаны”.
У канцы 1990-х гадоў на месца, дзе некалі велічна ўзышаўся касцёл, куды тысячамі сцякаліся пілігрымы, каб памаліцца ля абраза святога Роха, глядзець без слёз было проста немагчыма: рэшткі касцёла, разбураная каменная агароджа, разбураны фамільны склеп з аголенымі касцямі нябожчыкаў, сярод якіх – выдатныя дзеячы мінулага…
Але на ўсё ёсць Божая воля! “І мы ведаем, што Бог ва ўсім дзейнічае на карысць тых, хто любіць Яго і пакліканы паводле Яго намеру” (Рымлянам 8:28). Так было і ў Аборку! “Слаўце, нябёсы, і радуйся, зямля! Весяліцеся з песняю, горы! Бо цешыць Госпад народ Свой і бедных Сваіх шкадуе” (Ісая 49:13).
Хоць у цяперашні час храма не існуе, але вельмі радуе тое, што былая касцельная тэрыторыя ўпарадкавана і дагледжана. Гэта прыклад усім нам, як можа выглядаць тэрыторыя святыні, якая была знішчана або знаходзіцца на мяжы разбурэння.
Аднаўленне рэштак касцёла, а таксама добраўпарадкаванне склепа-пахавальні роду Ходзькаў-Дэдэркаў ішло цягам некалькіх месяцаў 2015 года намаганнямі дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”.
Каштоўна намаганне чалавека,
а ён не ведае парой пра гэта.
Дык раскажы аб гэтым чалавек,
бо Слова ёсць для гэтага навек! (Алена Каралькова)
Пры падтрымцы шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый раёна была адноўлена брама, поўнасцю ад смецця ачышчана тэрыторыя і сам склеп-пахавальня, расчышчана кожная надмагільная пліта, адноўлены крыж і памятны знак, на якім быў ўмацаваны анёл – атрыбут святога Роха.
І ўжо 24 чэрвеня 2015 г. адбылася вельмі важная для ўсіх падзея –урачыстае адкрыццё адноўленага месца былога касцёла святога Роха і пахавання роду Ходзькаў-Дэдэркаў. У той гарачы чэрвеньскі дзень з’ехалася шмат аматараў гісторыі, пробашч касцёла святога Юзафа ў Маладзечне, дэкан Маладзечанскага дэканата, ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі і пробашч касцёла святога Роха ў Палачанах ксёндз Сяргей Бараўнёў правялі літургію, а студэнты Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага прачула праспявалі “Малітву” Б. Акуджавы.
Трэба спадзявацца, што рэшткі касцёла ў Аборку, будуць цікавіць турыстаў і жыхароў як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны – вельмі багатай і глыбокай – яшчэ доўгі час.
Адна дарога, i яна – да Бога.
Якая ўсё ж у гэтым яснасць духа!
Адна дарога, хоць iх вельмi многа.
Адна – мiж iншых варыянтаў руху.
Ёсць добрае, прыкiньце самi, выйсце
з блукання, утрапення i пакуты.
Навокал стрэлкi клiчуць нас кудысьцi,
убок так цягнуць iншыя маршруты.
Маўчаць яны пра свой нiкчэмны фiнiш,
пра блiзкi попел гонару людскога.
А сэрца мудрае нiчым не спынiш...
Адна дарога, i яна – да Бога. (Мар’ян Дукса)
Памяць пра касцёл у вёсцы Аборак працягвае жыць, нібы далікатнае рэха мінулага, нагадваючы нам пра тое, што было і што страчана. Яно кажа нам пра неабходнасць шанаваць і захоўваць гістарычную спадчыну, якая ўзнікла ў гэтых святых сценах. Хай бліскучаму розуму і асаблівай натхняльнай сіле, якія пранізвалі гэтае месца, дастанецца доўгачаканае адраджэнне. “Будуйце сваё жыццё на скале, – заклікаў у часе пілігрымкі ў Польшчу Святы Айцец Ян Павел II. – На той скале, якою ёсць Хрыстус і Ягоныя запаведзі!” Як жа важна ўсім нам сёння, на парозе трэцяга тысячагоддзя хрысціянства, сэрцам адгукнуцца на гэты заклік свайго пастыра. Захаваем памяць пра гэтую цудоўную Святыню ў нашых сэрцах і перададзім яе будучым пакаленням, каб святло касцёла ніколі не згасала і працягвала напаўняць наша існаванне чароўнай гармоніяй і верай.
І так хочацца сказаць і ўсім тым знакамітым асобам, якія наведвалі касцёл у Аборку, і тым, якія знайшлі тут свой спачын, і простым вернікам, якія ўзносілі свае просьбы-падзякі да Бога, змяніўшы верш Казіміра Біля:
Мы, крыж сагрэўшы сваім сэрцам,
Вашай вяртаемся дарогай,
Каб зноў пашчасціла сустрэцца,
Маліцца будзем Пану Богу!
Тэкст: Таццяна Шумель
Фота: Таццяна Шумель, з архіва кс. Сяргея Бараўнёва,
а таксама з адкрытых крыніцаў Інтэрнэт
- Праглядаў: 1224