Skip to main content

Страчаная спадчына. Касцёл у в. Дубрава

Адно  ў  чалавека  ёсць  жыццё,
Адна  душа,  адна  ў  яго  радзіма,
Дзе  узнікае  раптам  пачуццё,
Што з ёй спавіты моцна пупавінай.

Не  кожны  разумее  аднаго,
Што гэта  месца  Бог сам выбірае,
І  толькі  Ён  адкажа,  для  чаго
Такі нам лёс з нябёсаў назначае...
Алена Котава

 


Стагоддзямі людзі шукалі сэнс жыцця і крыніцу натхнення ў веры і ў Богу. Яны будавалі касцёлы, капліцы, якія станавіліся сімваламі пабожнасці і надзеі. Такія збудаванні могуць абудзіць у нас адчуванне таямніцы і загадкавасці. Яны быццам захоўваюць у сабе часціцу гісторыі, якая хоча выбрацца вонкі і расказаць пра мінулае. Праходзячы праз стагоддзі, гэтыя святыні захавалі ў сабе не толькі архітэктурную прыгажосць, але і гісторыі людзей, якія іх будавалі, якія ў іх служылі, якія апекаваліся імі. Адданыя Богу і служэнню людзям, яны сталі ўвасабленнем ідэалаў дабра і спагады.
Адзін з такіх будынкаў знаходзіцца ў невялікім мястэчку Дубрава на паўднёвым усходзе Маладзечанскага раёна. Гэта касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны, які ўражвае сваімі памерамі і архітэктурнай прыгажосцю. Аповед пра яго гісторыі напоўнены загадкамі і сюрпрызамі, пра якія хочацца расказаць падрабязней.
Па здагадцы навукоўцаў, людзі ў гэтай мясцовасці пасяліліся ў VII стагоддзі да нашай эры, і жылі на гары, якая ў народзе называецца Дзявочай. На гэтай гары яшчэ захаваліся старажытныя курганы. У 90-х гадах мінулага стагоддзя навукоўцы раскапалі некалькі такіх курганоў. У іх знайшлі сярэбраныя кольцы, шкляныя пацеркі, пярсцёнкі, металічныя бранзалеты з канцамі ў выглядзе змяіных галоў. Навукоўцы так і не змаглі вызначыць этнічнае паходжанне людзей, якія пакінулі гэтыя курганы на Дзявочай гары, але некаторыя мяркуюць, што тут жылі балцкія плямёны.
Лічыцца, што назва Дзявочай гары паходзіць ад лацінскага слова “dievas”, што значыць Бог, гэта значыць гара Бога. Хутчэй за ўсё, на гэтай гары калісьці было паганскае капішча. Раней на гэтай гары ляжаў велізарны валун, які называўся Адамаў камень. Каля гары ёсць тры крыніцы, якія, верагодна, выкарыстоўвалі ў культавых мэтах. Адзін навуковец лічыць, што на Дзявочай гары было калісьці капішча паганскай багіні кахання і пладавітасці.
Аб Дзявочай гары ходзіць шмат легенд і паданняў. Адна легенда была запісаная ў 1881 годзе і надрукаваная ў Геаграфічным слоўніку Каралеўства Польскага.
Калісьці тут жыла вельмі прыгожая дзяўчына, і ў яе закахаліся два хлопцы. Яна не ведала, каго з іх выбраць, і сказала: “Я сяду высока на гары, а вы вазьміце велізарныя валуны і каціце. Той, хто закаціць валун у гару хутчэй, за таго я замуж і выйду”. Хлопцы прыкацілі гэтыя валуны адначасова. Але ўпалі і памерлі ад разрыву сэрца. Людзі пахавалі іх на гары, а на дзяўчыну так раззлаваліся, што выкапалі яму і закапалі яе жыўцом.
Дзявочая гара – самая высокая кропка ва ўсім наваколлі. Гэтае месца сапраўды ўнікальнае. Побач з гэтай гарой самы галоўны еўрапейскі водападзел. Каля гэтай гары бяруць пачатак 3 нашы ракі: Уша, Свіслач і Заходняя Бярэзіна. Побач з гэтай гарой і быў пабудаваны наш касцёл.
Вернемся да гісторыі касцёла. Упершыню ў летапісных крыніцах вёска Дубрава згадваецца ў 1453 годзе, калі беларускія шляхцічы Глябовічы пабудавалі тут касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Аднак, магчыма, што тут гаворка ідзе не пра будаўніцтва касцёла, а толькі пра стварэнне для яе самастойнага фонду і прызначэнне святара. Дата выдзялення спецыяльнага фонду ў 1512 годзе як бы пацвярджаецца ў візітных дакументах, дзе згадваецца пачатак XVI ст. як час стварэння парафіі з фонду Глябовіча. Іншыя крыніцы паведамляюць, што касцёл заснаваны ў пачатку XVI ст. па фундацыі Яна Радзівіла (у 1522 г.), кашталяна троцкага і маршала літоўскага. Па іншых крыніцах – у 1553 г.
Новы касцёл на гэтым месцы ўзвёў Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка, які ў 1576 годзе надзяліў святыню і новым фундушам.
Пры візітацыі касцёла ў 1653 годзе гаворыцца аб добрым упарадкаванні храма і плябаніі.
Пасля 1660 года пастаянных святароў пры гэтым храме больш не было. Храм сур’ёзна пашкоджаны падчас вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1654-1667 гг. Каля 1670 г адбываецца рэканструкцыя храма пасля разбурэнняў у вайне, працы фінансаваліся за кошт сродкаў Марцыбяліны Глябовіч. Але разбураная вайной парафія не магла існаваць самастойна і падчас візітацыі храм апісваўся як “драўляны касцёл, вялікі, закінуты, без вокнаў і дзвярэй”, алтар быў перанесены ксяндзом Мановічам у Радашковічы. Магчыма ксёндз Мановіч пераехаў перад смерцю ў Радашковічы і гэта прывяло да разбурэння храма.
Таму касцёл перайшоў у 1680-1740 гг. у ранг філіяльных пры Краснасельскай парафіі.


Верагодна, што ў 1770 г. паўстала неабходнасць капітальнага рамонту або рэканструкцыі аб’екта. 27 мая 1770 года адбылося асвячэнне храма, праведзенае пасля рамонту, аплачанага Матэвушам Марцінкевічам, і тады адбылося прысваенне тытула Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны і святых апекуноў Мацвея Апостала і Станіслава Біскупа. “Драўляны, у выглядзе крыжа пабудаваны, гонтаю пакрыты” касцёл завяршаўся купалам па цэнтры і 4 вежамі – адной маленькай над вялікім алтаром і трыма над бабінцам меншымі”. Інтэр’ер святыні ўпрыгожвалі 7 алтароў. У галоўным алтары знаходзіўся абраз Найсвяцейшай Марыі Панны, вышэй каранацыя Найсвяцейшай Марыі Панны і Найсвяцейшая Троіца. Акрамя таго, былі 4 бакавыя алтары (І – Найсвяцейшай Марыі Панны Ружанцовай, II – святога Антонія, III – святога Міхаіла, IV – Пана Ісуса Назарэнскага “драўляная статуя”). Пры касцёле была адчынена школа для шляхты і мяшчан.
З 1777 г. пробашчам з’яўляецца ксёндз Францішак Марцінкоўскі, у 1765-1787 гг. – ксёндз Казімір Харэвіч.
У 1787 годзе адбыўся пажар у касцёле, і ён згарэў. З таго часу ролю святыні выконвала “шопа з брусу, з крыжамі над крухтай і прэзбітэрыем”, з сакрыстыяй. У алтары часовага касцёла быў змешчаны абраз Найсвяцейшай Марыі Панны з Дзіцяткам на руках.
У 1791 годзе гэта мястэчка становіцца ўласнасцю самога мінскага ваяводы Адама Хмары, кавалера Ордэна Станіслава і Белага Арла. Адам Хмара зрабіў бліскучую кар’еру ад лоўчага да мінскага ваяводы. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Ён прысягнуў на вернасць Кацярыне II і атрымаў тытул тайнага саветніка, а пасада мінскага ваяводы была скасаваная.


Адам Хмара і яго жонка Марыяна

Валодаючы немалымі сродкамі, Адам Хмара мог дазволіць сабе наняць італьянскага архітэктара Карла Спампані і пабудаваць раскошную рэзідэнцыю ў Сёмкава. Імкнуўся рэфармаваць сваю гаспадарку: будаваў млыны, вырабляў цэглу, займаўся вінаробствам, цікавіўся жыццём сваіх сялян. Так у “Інструкцыі для эканома”, было паказана, што стаўленне да сялян павінна быць цярплівым і несуровым.
Адам Хмара ўзвёў у сваіх уладаннях два касцёлы. Касцёл Нараджэння Дзевы Марыі (1791-1802 гг.) быў пабудаваны недалёка ад маёнтка Сёмкава, цяпер гэта В. Сёмкаў Гарадок. (Пасля паўстання 1863 г. касцёл быў перададзены праваслаўнай царкве. Менавіта тут бралі шлюб бацькі паэта Максіма Багдановіча. Яшчэ ў 1964 г. у царкве праводзіліся службы, але пасля смерці бацюшкі будынак прыйшоў у заняпад і быў часткова разбураны. На працягу апошніх гадоў, на грошы мясцовых мецэнатаў, царква паступова аднаўляецца.)


Царква Раства Багародзіцы. Сёмкаў Гарадок (Мінскі раён)

А 4 студзеня 1796 года пачалося будаўніцтва другога касцёла з фонду Адама Хмары. Гэта быў цагляны будынак, прысвечаны Унебаўзяццю Найсвяцейшай Марыі Панны ў Дубраве. Так на пагорку, што дамінуе над мястэчкам, узвысіўся касцёл у стылі класіцызму. Адначасова Дубраву вярнулі і статус самастойнай парафіі. Будаўніцтва завяршылася праз некалькі гадоў, і 3 чэрвеня 1805 года касцёл быў асвечаны мінскім біскупам Якубам Дэдэрка. У абавязкі парафіяльнага святара, акрамя прызначаных царкоўнымі канонамі, уваходзіла вечнае служэнне па адной Імшы кожны тыдзень за заснавальнікаў і папячыцеляў.
Гэта была ўнушальная каменная святыня даўжынёй 48,5 аршына, шырынёй 33,5 і вышынёй 22 аршыны, пабеленая звонку і ўнутры, са шчытом на пярэднім фасадзе, пакрытая дахоўкай. Прамавугольны ў плане аб’ём быў падзелены чатырма парамі калон дарычнага ордэру на тры нэфы роўнай вышыні пад пляскатай падшыўной атынкаванай столлю. Але над прэзбітэрыем, бакавыя сцены якога мелі скругленую канфігурацыю, перакрыцце было цагляным, крыжовым.
За прэзбітэрыем, які фланкавалі дзве сакрыстыі, знаходзілася памяшканне з лесвіцай у крыпту, што была зроблена толькі пад алтарнай часткай касцёла. Святыня стаяла фронтам на поўдзень, над фронтам узвышалася аднаярусная вежа-званіца.
У цэнтры храма размяшчаўся абраз Маці Божай, які А. Хмара сам жа ахвяраваў касцёлу. У касцёле было тры алтары. Галоўны алтар каменны, пабелены, з чатырма слупамі, уверсе пад столлю – фігура Збаўцы на Крыжы, адзін абраз Найсвяцейшай Маці Божай Шкаплернай, другі – Чанстахоўскай (у пасрэбранай раме). З правага боку алтар Найсвяцейшай Маці Божай Ружанцовай у пазалочанай раме з вызалачанай каронай. З левага боку – алтар Святога Станіслава, біскупа і мучаніка, абраз яго ў драўлянай пазалочанай раме. Тут таксама і абразы Святога Антонія Падуанскага і Міхала Арханёла. Амбона драўляная. Над нартэксам на хорах быў устаноўлены арган на дзевяць галасоў з бубнамі і зоркай. Касцёл быў пакрыты дахоўкай.
У суседніх Навасёлках у 1804 г. з’явілася капліца, прыпісаная да Дубраўскай парафіі.
У гэтым жа 1805 годзе памёр фундатар касцёла Адам Хмара і быў пахаваны ў сутарэннях касцёла. Існуе нават дакумент, выдадзены ў друкарні Юзафа Завадскага ў Вільні ў 1806 годзе, у якім зроблена вельмі падрабязнае апісанне пахавальнай дзеі з раскрыццём многіх дэталяў “жалобнага тэатру”. Дазволю змясціць сюды ўрывак, якія датычыць трэцяй “стацыі” жалобнай “дзеі”, а менавіта, пахавання ў Дубраве. Вядома, што памёр Адам Хмара 30 мая 1805 года а 10 гадзіне ўвечары, маючы 85 гадоў, а пахавальная дзея мела скончыцца толькі 10 ліпеня (!). Такі тэрмін быў абумоўлены вялікім аб’ёмам прыгатавання да жалобнай цырымоніі (сям’ёй нябожчыка за супакой яго душы было замоўлена 5000 Імшаў!), якая мела мэтай падкрэсліць важкасць асобы нябожчыка, яго высокі дзяржаўны, сацыяльны і грамадскі статус.
Каля паловы дзясятай увечары 9 ліпеня працэсія ўвайшла ў Дубраву. Усіх сустракала спецыяльна ўпрыгожаная брама. У Дубраву прыбылі канонікі з розных касцёлаў: бернардзіны з Валожына і Беніцы, трынітарыі з Маладзечна, францішкане з Івянца, дамінікане і ўніяты з Ракава.
Касцёл у Дубраве быў як ніколі аздоблены і асветлены: “рэдка калі можна было бачыць і практыкаваць падобае аздабленне”. Шасцёра ў чорных плашчах узялі труну і занеслі на катафалк у касцёле, пакрыты пунсовым сукном. Над ім быў павешаны прыгожы пунсовы навес-балдахін з адамашку, расшыты залатымі галонамі-стужкамі. Над балдахінам вісеў партрэт ваяводы Адама Хмары. На чатырох вуглах катафалку, месціліся знакі годнасці ваяводы і яго ордэны. Катафалк атачалі 4 калоны з аліўнымі лямпамі – каганцамі. 6 калонаў касцёла былі ўпрыгожаныя каганцамі і абвітыя лапкамі ялінак. Пры гэтых калонах былі размешчаныя знакі смерці. Вокны былі задрапіраваныя чорным сукном. Апрача таго, увесь касцёл быў упрыгожаны мноствам свечак: некалькі тысячаў лямп і свечак.
Пасля таго, як труну паставілі на катафалк, канонік інфлянцкі, пробашч у Дуброве Юзаф Цымерман зачытаў прамову з амбоны. Пасля гэтага духавенства пачала жалобны спеў “Libera me Domine”, які ўяўляў сабой рэспансорый і выкарыстоўваўся ў жалобных набажэнствах – рэквіемах. Толькі каля 12 гадзінаў уначы Пастыр пайшоў адпачываць на плябанію і ўсе разышліся.
Святыя Імшы і вігіліі пачаліся а 4 гадзіне раніцы. Спачатку – уніяцкім духавенствам, затым – рознымі ордэнамі. Спявалі па чарзе.
А 11 гадзіне мінскі біскуп Якуб Дадэрка адправіў (“спяваў”!) Імшу Pontificaliter – пантыфікальную месу. Падчас яе мінскі пралат, івянецкі пробашч Юзаф Камінскі меў “выдатнае казанне”. Адзіны пляменнік ваяводы – яго спадчыннік, бо ў ваяводы не было дзяцей, – Гіляры (у іншых крыніцах Гіпаліт) Хмара меў жалобную прамову. Пасля шасцёра ўзялі труну і вынеслі з касцёла да склепу: Адам Хмара яшчэ пры жыцці распарадзіўся зрабіць для сябе і для сваёй сям’і склеп з катакомбамі ў Дубраўскім касцёле. Да яго ўваход быў у канцы касцёла, з боку вялікага алтара.
Уся жалобная цырымонія была скончаная а 14.30 10 ліпеня. Пасля Іахім Хмара, брат нябожчыка, запрасіў прысутных на абед на 100 асобаў – у двары ў Дуброве, іншыя – у плябаніі і іншых месцах…
Пазней сутарэнні святыні сталі радавой пахавальняй і для трох пакаленняў ягоных нашчадкаў.
Вось словы, якія завяшчаў Адам Хмара, як напамін нам, яго нашчадкам: “Мінаюць каралеўствы, мяняюцца ўлады, але ў нябёсах адвечная айчына несмяротных духаў дзякуючы веры ў Бога застаецца бяспечнаю…”.
Не пакінуўшы прамых нашчадкаў, Дубрава, як і іншыя ўладанні, пасля Адамы Хмары перайшлі да яго брата Іахіма, затым да ягонага сына і гэтак далей. А ў канцы ХІХ ст. яго выкупляе род Хелкоўскіх.
1812 год адзначыўся цяжкасцямі, звязанымі з напалеонаўскімі войнамі, якія погоршылі эканамічныя ўмовы парафіі.
З 1819 па 1860 гг. пробашчам з’яўляецца ксёндз Бенедыкт Ачапоўскі. На тэрыторыі парафіі ў 1843 г. дапамагалі яшчэ два іншыя святары, займаючы пасаду вікарыяў, гэта былі паслядоўна: 1837-1838 гг. – а. Вінцэнт Кошка OFM (капелан), 1841-1842 гг. – а. Дыянісій Веразумскі OFM, 1843 г. – а. Антоні Бейнаровіч, 1842-1843 гг. – а. Вінцэнт Кошка OFM (капелан).
Праз вуліцу перад касцёлам, побач з плябаніяй, каля 1830 г. пабудавалі шпіталь для 6 хворых (мужчыны – 3, жанчыны – 3). Было заснавана брацтва святога Ружанца. У 1842 годзе парафія налічвала 2 326 католікаў, да яе належаў 1 філіяльны касцёл. У наступным 1843 годзе зямельныя ўладанні парафіі былі канфіскаваныя.
Крыху больш за 60 гадоў касцёл спраўна выконваў свае функцыі, але, пасля падаўлення паўстання 1863-1864 гг. касцёл быў закрыты, парафіяльнага святара саслалі ў Сібір. У 1868 годзе храм быў перададзены праваслаўным, а ў 1884 г. быў перабудаваны пад царкву. Пры пераробцы пад царкву быў зменены дэкор фасадаў, вежа-званіца завяршылася гранёным шатром з цыбулепадобнай галоўкай. Пад цэнтрам даху з’явілася праваслаўнае пяцікупалле, замененае пазней на светлавы барабан. Пасля закрыцця касцёла і ліквідацыі парафіі католікі Дубрава былі далучаны да парафіі ў Ракаве.
Пасля царскага маніфеста 1905 г. аб свабодзе сумлення католікам дазволілі ўзвесці ў Дубраве драўляную капліцу. За аснову быў узяты будынак, што стаяў за 20 сажняў ад панскага дома Льва Львовіча Ваньковіча. У ім зрабілі алтар, а над уваходам узвялі невялікую вежу са звонам. Капліцу асвяцілі 28 снежня 1906 г.
Але цалкам парафія адрадзілася толькі ў міжваеннае дзясяцігоддзе. У 1919 годзе будынак вярнулі католікам, і ў 1926-1929-хгг. ён зведаў яшчэ адну рэканструкцыю з мэтай надання аблічча Рымска-каталіцкага храма. У 1920-1922 гг. пробашчам з’яўляўся ксёндз Валяр’ян Мацкевіч. Парафія ў адроджанай Мінскай дыяцэзіі належала да Ракаўскага дэканату, мела капліцу ў вёсцы Навасёлкі.
У 1924-1925 гг. пробашчам быў ксёндз Баляслаў Урублеўскі, у 1926-1931 – ксёндз Уладзіслаў Варановіч, 1932-1942 гг. – ксёндз Эдвард Мурончык.
У 1926-1929 гадах парафія ў Дубраве налічвала каля 2000 чалавек. З 1932 года ксяндзом пробашчам тут быў Эдвард Мурончык. Пасля смерці “бацькі” Другой Рэчы Паспалітай, маршала Юзафа Пілсудскага, па ўсёй Польшчы прайшлі жалобныя мерапрыемствы: адкрываліся помнікі, мемарыяльныя дошкі, у касцёлах з’яўляліся званы. Адзін з такіх у 1935 годзе быў адліты за кошт жаўнераў, падафіцэраў і афіцэраў роты КАП “Дубрава” і быў размешчаны ў мясцовым касцёле.
Насельніцтва парафіі: 1932 г. – 2 058 католікаў, 1933 г. – 1 864 католікаў.
Падчас візітацыі 1935 г. паведамлялася пра 1 940 католікаў (25.04.1935 г.), было канфірміравана 240 чалавек. На тэрыторыі парафіі катэхізавалі ў 4 школах 186 дзяцей. Да маёмасці плябаніі адносілася да каля 100 га зямлі.
Савецкая ўлада затрымалася ў Заходняй Беларусі ненадоўга. Ужо летам 1941 года ў Дубраве былі нямецкія войскі – пачалася нямецкая акупацыя, а разам з ёй Халакост. Ксёндз Эдвард Мурончык спрабаваў дапамагаць яўрэям, а хлопчыка Эліяху (сына Шмуэля Перавоскага з Вільні) уладкаваў на працу ў касцёл памочнікам. Аднак у кастрычніку 1942 года ў Дубраве з’явіліся “народныя мсціўцы”, якія вывелі ксяндза і загадалі паказаць дакументы. Той падпарадкаваўся. “Госці з лесу” ўбачылі ў дакуменце адзнаку, што нацыянальнасць ксяндза “беларус”, пачалі абурацца, што так быць не можа і… забілі святара. Пахавалі ксяндза Мурончыка побач з касцёлам.


Магіла кс. Эдварда Мурончыка

У 1944-1948 гг. пробашчам з’яўляецца ксёндз Ян Такарскі SDB (SDB – таварыства св. Францыска Сальскага (салезіяне святога ксяндза Яна Боско)). Пасля вызвалення ў 1944 г. Маладзечаншчыны ён стаў новым пробашчам касцёла Унебаўзяцця Дзевы Марыі і павінен быў клапаціцца пра вернікаў на вялізнай тэрыторыі, а таксама ездзіць з душпастырскім служэннем у парафіі св. Юрыя ў Пяршаях і Маці Божай Ружанцовай у Ракаве.

Кс. Ян Такарскі SDB

Руплівая праца і клопат пра збаўленне душаў у Дубраве неўзабаве абярнуліся для кс. Такарскага цяжкім досведам. У касцёл хадзіла адна парафіянка, якая жыла ў несакрамэнтальным саюзе. Клапоцячыся пра святасць сужэнства, кс. Ян прапанаваў парафіянцы і яе мужу прыняць сакрамэнт сужэнства, але муж гэтай жанчыны аказаўся супрацоўнікам НКУСа, таму гэта прапанова стала для салезіяніна “пасткай”. На святара хутка склалі данос, у выніку якога яго маглі арыштаваць. Парафіяне хавалі пробашча ў аддаленай вёсцы. Кс. Ян Такарскі выходзіў з дому ў хустцы, пераапрануўшыся ў жанчыну. Аднак доўга ён гэтага не вытрываў і, рызыкуючы жыццём, вярнуўся ў Дубрава: “Што будзе – тое будзе! На ўсё воля Божая. Вяртаюся да сваіх авечак…”.
16 чэрвеня 1948 г. святара арыштавалі, і, відавочна, абвінаваціўшы ў супрацы з нацыстамі (касцёл у Дубраве працаваў падчас нямецкай акупацыі), накіравалі ў лагер на 10 гадоў. Прычына такога жорсткага прысуду гучала наступным чынам: “Упарты ў веры: вучыў дзяцей рэлігіі і, не змогшы пераканаць, прывабліваў іх цукеркамі”.

Вырвалі з нашых сэрцаў Бога,
Забытай сталася ў касцёл дарога.
А ты – святар – айцец Такарскі,
Народу раздаваў ад Бога ласкі.
Людзей яднаў праз споведзь, пакаянне,
Знімаў з іх путы грэху са стараннем.
Хрысціў, вянчаў, маліўся ты аддана,
Ты быў заступнікам для нас у Пана.
Артур Ляшнеўскі SDB

Спачатку яго пасадзілі ў турму ў Старой Вілейцы, дзе расследаванне працягвалася да 20 лістапада 1948 года. У Маладзечне яго асудзілі паводле артыкула 72 “б” КП БССР (“Крымінальная адказнасць за антысавецкую і нацыяналістычную дзейнасць”) і прысудзілі 10 гадоў лагераў і пазбаўленне грамадзянскіх правоў на 5 гадоў. Святар адбываў пакаранне спачатку ў Віцебску (у часовай турме), а ў 1949 годзе яго адвезлі ў Інту, недалёка ад Варкуты, дзе ён цяжка працаваў на павалцы лесу, а потым быў скіраваны ў турму ў Обісе над Усай. Праз два гады адбыўся другі суд у Маладзечне. На гэты раз салезіяніна асудзілі на 25 гадоў лагераў і вярнулі ў Мінлаг у Комі АССР.Але і гэта было зніжкаю, бо судовая пастанова гучала жахліва патрабавальна: “Смяротнае пакаранне”. Чаму яго змянілі зняволеннем на чвэрць стагоддзя, невядома?
Разам з кс. Такарскім у лагеры адбывалі свой тэрмін яшчэ 30 каталіцкіх святароў. Кс. Ян цяжка працаваў на карчаванні лесу. У зняволенні ён патаемна цэлебраваў святую Імшу, арганізоўваў для вязняў набажэнствы першых пятніцаў месяца, запісваў іх у Жывы Ружанец і ў шкаплернае брацтва. За гэта кс. Ян не раз быў пакараны наглядчыкамі. Гостыю ён хаваў на сваіх грудзях увесь дзень і нават ноччу, каб пры неабходнасці ўдзяліць святую Камунію паміраючаму, што ў тых умовах здаралася кожны дзень.
Усяго кс. Такарскі адсядзеў 6 гадоў і 8 месяцаў. У лагерах пагоршылася яго здароўе, ён захварэў на цукровы дыябет, які прыносіў вялікае цярпенне аж да дня смерці. У 1954 годзе па амністыі кс. Яна вызваляюць, і ён адразу прыязджае ў Беларусь. Касцёл у Дубраве за час прабывання кс. Такарскага ў лагеры быў зачынены. Не маючы куды вяртацца ў Дубраве, кс. Ян цэлы год жыў у плябаніі кс. Юзафа Марсангера, пробашча парафіі Унебаўзяцця Панны Марыі ў Красным. Ксёндз Такарскі патаемна адпраўляў Імшы ў ваколіцах Краснага і Валожына, бо яшчэ не меў дазвалення ўладаў. Пазней едзе ў Ракаў (Валожынскі раён), дзе атуляе апекай могілкавую капліцу св. Ганны, а пазней касцёл Маці Божай Ружанцовай.


Кс. Ян заўсёды і ва ўсіх справах быў разам са сваімі вернікамі

Для Дубрава яго арышт становіцца кропкай, ад якой пачалося занябанне касцёла: у чэрвені 1948 года касцёл закрылі, а ў 1949 годзе ён перададзены Дубраўскаму спіртзаводу пад склад і з часам ператварыўся ў руіны. Савецкая ўлада спрабавала таксама зняць з будынка крыж, але не склалася. Хто ведае, можа не вельмі стараліся, альбо будынак пабудаваны на стагоддзі – але крыж, падчэплены трактарам з даху сарваць не ўдалося, затое расколіна на сценах з’явілася. Крыж вырашылі пакінуць. Тады ж адзін з жыхароў Дубрава – бацька Уладзіслава Вікенцьевіча Лапо зняў званы і даручыў сыну іх схаваць. Уладзіслаў закапаў іх на сваім хутары ў хляве. Дарэчы, на гэтым хутары перад самым арыштам хаваўся і кс. Ян Такарскі...
Да 1980 года касцёл знаходзіўся ў добрым стане, накрыты дахам. Касцёл не быў пашкоджаны ў часе трох войн, знаходзіўся на тэрыторыі трох краін, паспеў пабыць сховішчам, а знішчыў яго пажар і бяспечнасць студэнтаў. У 1980-я гады студэнты, што прыехалі на сельскагаспадарчыя працы ў вёску, развялі вогнішча на даху былога касцёла. Вынік сумны і заканамерны – будынак выгарэў, засталіся толькі сцены і калоны. Сёння пра былую веліч старажытнага касцёла нагадваюць мураваныя сцены ды парэшткі калон. Сцены касцёла і сёння стаяць на ўзгорку, як напамін пра тое, што яшчэ не ўсё страчана...
Па хадайніцтве вернікаў і пры дапамозе ксяндза-дэкана пралата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага ў 1995 г. была адроджана Дубраўская парафія і зарэгістравана пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны і Святога Юрыя. З восені таго ж года пачалі адбывацца богаслужэнні ў каплічцы, пад якую прыстасавана частка дома былой плябаніі. Душапастырства ў парафіі выконваецца святарамі Красненскага касцёла.
Ксёндз Пётр Пятрага заняўся падрыхтоўкай да аднаўлення касцёла, яму ж была даручана і пастырская апека на гэтай тэрыторыі. З 2006 года гэтыя абавязкі былі даручаны ксяндзу Андрэю Яркаўцу. З 3 жніўня 2014 г. на пастырскае служэнне ў парафіі прызначаны кс. Павел Шылак. Імшы праводзяцца ў будынку былой плябаніі раз на два тыдні.


Будынак былой плябаніі, дзе зараз праводзяцца святыя Імшы

Нягледзячы ні на што, Бог працягвае здяйсняць цуды! У маі 2018 года аматары прыборнага пошуку Дзмітрый Антановіч і Руслан Верамей падчас экспедыцыі і з дапамогай Уладзіслава Вікенцьевіча Лапо знайшлі схаваныя званы. Яны былі сабраныя адзін у другі, як матрошка, і ляжалі на баку. Спачатку ўдзельнікі экспедыцыі дасталі маленькі звон, ён быў з двума загваздкамі мацаванняў і са іржавым сталёвым мовай, астатнія апынуліся без’языковымі. Адзін звон быў з расколінай: верагодна, калі яго здымалі са званіцы, то злёгку выпусцілі. Потым выцягнулі сярэдні звон, на ім добра быў бачны надпіс, пра тое, што ён быў адліты ў Маскве “на заводзе фінляндскім”, а таксама тры гербавыя знакі. Сярод іх быў і той, што ў 1935 годзе адлілі па замове жаўнераў польскай памежнай роты “Дубрава”. Званы выратавалі, але яны, на жаль, перажылі храм, на якім званілі.

Уладзіслаў Лапо побач са знойдзенымі званамі

Прыемна, што званы, якія 70 гадоў маўчалі і былі схаваныя ад людскіх вачэй, якія былі сведкамі жыцця вернікаў Дубрава, далей працягнуць свой лёс у будучым музеі касцёла святога Францішка Асізскага непадалёку ад сталіцы ў новай святыні в. Копішча.


Званы на тэрыторыі парафіі св. Францішка Асізскага ў в. Копішча

Яшчэ адзін цуд звязаны з абразом Маці Божай, ахвяраваным касцёлу Адамам Хмарам. Проста неверагодным чынам гэты абраз трапіў да прафесіянала сваёй справы – мастака, рэстаўратара, калекцыянера і мецэната Ігара Сурмачэўскага. Гэты цудадзейны абраз быў выратаваны ад вывазу за мяжу і, як паведамляе майстар, будзе перададзены пасля рэстаўрацыі ў наш касцёл святога Піо. Таму, магчыма, у хуткім часе мы зможам узносіць свае малітвы і просьбы да Божай Маці. Ну, праўда ж, гэта цуды?!
Што сталася з іншымі абразамі і касцёльнымі рэчамі – невядома. Як і невядома, што сталася з пахаваннямі А. Хмары і яго нашчадкаў. Цяпер жа на руінах святыні прырода канчаткова ўзяла сваё. Колькі засталося стаяць некалі велічнаму касцёлу – аднаму Богу вядома. Падстава калон з кожным годам усё танчэй, а ў сценах – велізарныя расколіны. У барацьбе з прыродай касцёл, напэўна, ужо прайграў...
Але, хоць ад велічы касцёла у вёсцы Дубрава ўжо амаль нічога не засталося ў фізічным выглядзе, яго дух і памяць застаюцца з намі. Гэты камень малітвы, гэтая Святыня, працягвае жыць у нашых сэрцах і нагадваць нам пра важнасць веры, адзінства і захавання культурнай спадчыны. З кожным позіркам на разваліны касцёла давайце ўспомнім і ўзнясём нашы малітвы за тых, хто раней маліўся тут, і захаваем гэтую памяць, каб перадаць яе і будучым пакаленням. Няхай любоў да касцёла звязвае нас і напаўняе нашыя сэрцы надзеяй, і аднаўляе яго надзеі на адраджэнне святыні ў сваёй былой славе.

 

Гісторыі людзей, з якімі вы пазнаёміліся ў матэрыяле, - гэта гісторыі сціплых людзей, якія, не звяртаючы ўвагі на свае ўласныя цяжкасці і выпрабаванні, знаходзілі сілы рабіць дабро іншым людзям. Іх жыццё было ўзорам міласэрнасці, любові і веры. Сёння, стоячы перад Святыняй, мы можам пранікнуцца гэтымі ідэаламі і разважаць пра тое, якія добрыя ўчынкі мы можам здзейсніць у нашым уласным жыцці: “А робячы дабро, ня будзем журыцца; бо ў свой час пажнём, калі ня аслабнем. Таму, пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім па веры” (Гал. 6: 9-10). Няхай гісторыя Дубраўскага касцёла і людзей, якія з ім звязаны, умацоўвае нашу веру ў сілу дабра і дазваляе нам стаць свяціламі надзеі і натхнення для іншых. Адкрываючы нашы сэрцы для святасці, мы можам ператварыць наша жыццё ў вялікае і боскае падарожжа, насычанае сэнсам і чалавечымі адносінамі.

Каб шчасця набыць пачуцця,
Ад нас не патрэбна многа:
На троне твайго жыцця –
Хай месца належыць Богу.
Здабытую поўную чашу
У вечнасць не ўзяць у дарогу.
Усе дасягненні не нашы,
Вышыні належаць Богу.
Алег Шумель


Макет касцёла, выкананы вучнямі Мінскай гімназіі №75 пад кіраўніцтвам Т. Вайтэнка, фота Сяргея Плыткевіча

 Тэкст: Таццяна Шумель

Фота: Таццяна Шумель, а. Андрэй Жылевіч, адкрытыя крыніцы Інтэрнэта

 

  • Праглядаў: 1536