Капліца-пахавальня ў вёсцы Маліноўшчына
Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём
Штогодна, штогадзінна, штохвілінна,
Твой кожны дзень,
Забраны забыццём,
Лічы сваім найбольшым адкрыццём,
Ты – з дрэва часу
Кволая галіна…
Р. Барадулін
Кожны чалавек рана ці позна задумваецца пра смерць, бо гэта натуральны і непазбежны этап у жыцці. Аднак, спосаб успрымання смерці можа быць вельмі розным у залежнасці ад культуры, рэлігіі, асабістых перакананняў і жыццёвага вопыту.
Для многіх людзей смерць асацыюецца з чымсьці страшным і непазбежным, што выклікае ў іх пачуццё трывогі і неспакою. Аднак, ёсць і тыя, хто пакорліва прымае свой фінальны шлях і бачыць у смерці магчымасць пераходу ў іншы свет ці стан. Смерць для веруючага чалавека азначае пераход душы ў іншы свет, дзе яна будзе працягваць сваё існаванне ў залежнасці ад сваіх дзеянняў і веры ў Бога. Смерць не з’яўляецца канцом, а толькі пачаткам новага жыцця ў больш высокай рэальнасці. У сувязі з гэтым, смерць для веруючых людзей не выклікае такога страху, як для атэістаў, паколькі яны вераць, што пасля смерці яны сустрэнуцца з Богам і атрымаюць узнагароду за свае добрыя справы і веру, бо “кожны, хто жыве і верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць” (Ян, 11:25), “Я – дарога, праўда і жыццё” (Ян, 14:6).
Менавіта так думалі і прадстаўнікі знатных шляхецкіх родаў, калі ў ХІХ стагоддзі будавалі сабе капліцы-пахавальні. Яны лічылі, што гэта не толькі дазволіць ім ажыццявіць свае рэлігійныя абавязацельствы, але і будзе служыць сведчаннем іх багацця і ўплыву.
Што ж такое капліца-пахавальня? Гэта збудаванне, якое адначасова з’яўляецца капліцай і месцам пахавання. У іх захоўваліся мошчы святых, памерлых членаў сям’і, выкарыстоўваліся яны і для рэгулярных малітоўных службаў і паніхід. Таксама, капліцы-пахавальні служылі доказам статусу і важнасці іх уладальнікаў, які быў важны ў былыя часы.
Сёння хачу распавесці пра капліцу-пахавальню роду Свентажэцкіх, якая знаходзіцца ў вёсцы Маліноўшчына.
Да другой паловы XVI стагоддзя Маліноўшчынай валодалі князі Гальшанскія, а само мястэчка ўваходзіла ў склад Лебедзеўскіх уладанняў. Ужо да канца XVI стагоддзя ўладальнікамі гэтай зямлі лічацца Радзівілы. Праз амаль два стагоддзі, дваранін Станіслаў Свентажэцкі, купляе фальваркі Высакоўшчына і Уша. Менавіта з гэтага моманту пачынаецца гісторыя сядзібнага дома Свентажэцкіх.
Паступова тут пачалі ўзводзіць і спадарожныя гаспадарчыя пабудовы: флігель, капліцу, бровар. На тэрыторыі Маліноўшчыны па распараджэнні Якуба Свентажэцкага ўзвялі некалькі заводаў – мукамольны, вінна-дражджавы і крухмальны. Пасля мадэрнізацыі двух апошніх у 1871 г. пачала дзейнічаць вінакурня з паравой устаноўкай.
Свентажэцкія адрозніваліся асаблівым, вытанчаным густам ва ўладкаванні інтэр’еру дома. Сядзіба была аднапавярховай, пабудаваная з каменя і абкладзеная дрэвам. Дом размяшчаўся пасярэдзіне парку, сцены сядзібы ўпрыгожвалі вялікія вокны, а па цэнтры размяшчалася каланада. Уваход у маёнтак упрыгожвалі масіўныя драўляныя дзверы з дуба. Прыступкі ўнутры дома, былі выкладзеныя белым мармурам, а невялікую тэрасу паблізу маёнтка абмяжоўвала балюстрада. Тут уладальнікі дома выстаўлялі свае паляўнічыя трафеі, размясцілі архіўныя памяшканні і ўнікальную бібліятэку. Свентажэцкія любілі калекцыянаваць розныя прадметы мастацтва, якія з гонарам выстаўлялі ў пакоях свайго любімага дома. Быў яшчэ адзін цікавы факт, які мясцовыя жыхары Маліноўшчыны распавядаюць прыезджым гасцям. Свентажэцкія завялі сабе незвычайную хатнюю жывёлу – мядзведзя, які ўвесь час гуляў па парку і нават вітаўся з гасцямі за руку!
Разам з будаўніцтвам шырокага гаспадарчага двара пачынае закладвацца сядзібны парк (10 га), які ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя славіўся на ўсю Мінскую губерню. Парк быў закладзены з выкарыстаннем рэгулярнай і ўнікальнай планіроўкі, тут была пабудавана дэкаратыўная водная сістэма: 12 сажалак гарманічна стваралі самы сапраўдны водны каскад, на які ў летні час так любілі любавацца гаспадары і госці сядзібы.
Дарэчы, праекціроўшчыкам паркавай тэрыторыі выступіў італьянскі архітэктар, які застаўся ў Беларусі пасля вайны 1812 года. Таленту майстра належыць і праект фамільнай пахавальні Свентажэцкіх, якае мае незвычайную канструкцыю і форму – форму піраміды.
Адкуль такая дзіўная форма? Усё проста, і пачалося ўсё з егіпецкага паходу Напалеона ў 1798-1801 гг., які скончыўся для апошняга сумна. Тым не менш, тады з ім адправіліся ў экспедыцыю даследчыкі, што ўтварылі камісію навук ды мастацтваў, якая дала пачатак сучаснай егіпталогіі. У Еўропу яны прывезлі не толькі артэфакты старажытнай цывілізацыі, але і вялікую цікавасць да яе ў шырокіх колах насельніцтва. У тым ліку сярод прадстаўнікоў Усходняй Еўропы. Такім чынам, пэўныя заможныя людзі вырашылі, што могуць быць пахаванымі, як фараоны ў адпаведных пахавальнях. Так, напэўна, падумалі і прадстаўнікі роду Свентажэцкіх.
Размешчана капліца-пахавальня ў паўднёва-заходняй частцы былога сядзібна-паркавага ансамбля як фамільны склеп Свентажэцкіх. Калі яна дакладна была пабудавана, невядома. Па версіі сямейства Свентажэцкіх, гэта адбылося ў 1821 г., і яе будаўнікамі былі італьянцы, якія прыйшлі з напалеонаўскай арміяй.
Вітражы з капліцы-пахавальні, якія зрабілі італьянцы, зараз захоўваюцца ў музеі
Лебедзеўскай сярэдняй школы
Капліца была як бы пачаткам шляху душ памерлых родзічаў у лепшы свет. Паводле паданняў, на гэтым збудаванні заснавальнікі маёнтка не спыніліся. Працягам такога шляху стала дарога, абсаджаная дрэвамі. Алея брала пачатак ад капліцы-пахавальні і спыняла свой “узлёт” удалечыні. Па задумцы Свентажэцкіх, дрэвы былі пасаджаны так, што алея пачыналася самымі нізкімі, а заканчвалася самымі вялікімі – быццам узлятала ў неба. На іх погляд, гэта дапамагала душам памерлых пачынаць разбег ад капліцы-пахавальні, а далей па кронах дрэў хутчэй падняцца ў вышыню. Такім чынам яны хацелі аблегчыць няблізкі і нялёгкі шлях душы чалавека ад зямлі да неба.
Сярод першых пахаваных у склепе капліцы былі камергер Юзаф Свентажэцкі (1746-1830), родныя Юстыны і Станіслава. Капліцу асвяцілі ў 1840 г., пра што гаворыць надпіс на пахавальні.
У архітэктурных адносінах гэтае збудаванне з’яўляецца выразнай праявай рамантычных матываў той эпохі. Капліца мае свае асаблівасці па форме і ўнутранай будове. Гэта цагляная чатырохгранная піраміда з маленькім чатырохсхільным дахам. Гарызантальнай цягай падзелена на два ярусы. Архаічная форма збудавання мае падкрэслена масіўныя сцены, выкладзеныя неапрацаванымі глыбамі каменя-вапняку. У ніжнюю частку сцен умураваны вапнавыя паліраваныя пліты з мемарыяльнымі надпісамі.
Інтэр’ер капліцы – гэта маленькая жалобная зала са стральчатымі праёмамі ўваходу і бакавых вокнаў, у сутарэннях якой знаходзіліся нішы для пахаванняў. Усяго ў капліцы знайшлі свой апошні прытулак 20 прадстаўнікоў роду Свентажэцкіх, пачынаючы ад Юзафа Якуба Свентажэцкага.
Яна добра захавалася, нягледзячы на войны і вандалізм. І толькі падчас Вялікай Айчыннай вайны, пры вызваленні Лебедзева, у склеп капліцы трапіў снарад нямецкага танка.
У апошняе стагоддзе амаль двухсотгадовага існавання капліцы-пахавальні Свентажэцкіх давялося перацярпець шмат выпрабаванняў. Вакол яе існуе шмат усемагчымых мясцовых легендаў і паданняў.
У 1920 г. з прыходам бальшавікоў пахавальня Свентажэцкіх была ўпершыню абражана. Ліхія чырвоныя вершнікі выкінулі са склепа некалькі трун і астанкі памерлых, спалілі алтар. Векі цынкавых трун яны выкарысталі ў якасці кармушак для коней.
Верасень 1939 г. таксама быў трагічным для капліцы: былі ўскрыты многія труны, спалена частка астанкаў памерлых, друтая частка – скінута ў завадскую лядоўню. Нейкі час капліца-пахавальня выкарыстоўвалася ваеннымі як склад боепрыпасаў.
Якраз з таго часу ў лебедзеўскай аколіцы бытуе паданне, расказанае пакаёўкай былога панскага палаца Ханкай і панскім егерам Савіцкім. Паводле іх, у склепе ноччу пачалі з’яўляцца прывіды. Спачатку ўзнікае шум, затым самі па сабе абвальваюцца камяні, сыплецца пясок. Нечакана з катакомбаў (натуральныя ці штучныя падзямеллі, якія складаюцца з вузкіх галерэй, калідораў і невялікіх памяшканняў) з’яўляецца загадкавая фігура дамы ў сталым узросце, апранутая ў шэрую сукенку. Дама быццам бы, прайшоўшы некалькі крокаў, спыняецца і, укленчыўшы на каменнай падлозе, моліцца, дэманструючы сваю глыбокую крыўду на тых, хто патурбаваў і абразіў прах памерлых…
У 1980 гады ў напаўразбураным стане капліца была аб’яўлена помнікам архітэктуры. Сёння яна адрэстаўравана, але не выкарыстоўваецца і таму ўжо часткова разбураецца.
Апошнія гады тэрыторыю вакол капліцы абнеслі агароджай супрацоўнікі спіртзавода “Аквадзіў”, які месціцца на тэрыторыі былога маёнтка і таму зараз белую піраміду можна пабачыць хіба толькі з-за плоту.
У парку, калі пажадаеце, вы знойдзеце абеліск, які быў пастаўлены на магіле заснавальніка маёнтка Міхала Свентажэцкага. Чаму, калі пажадаеце? Таму, што дайсці да яго будзе даволі складана. Па тэстаменце Міхаіл пажадаў, каб яго пахавалі на месцы, дзе ён сустрэне смерць, сваякі так і зрабілі, але ў 1912 годзе адбылося другое пахаванне, калі труну перанеслі ў парк. Вось якія дзве версіі перамяшчэння астанкаў Міхала, паводле лебедзеўскага краязнаўцы А.А. Апанасевіча, існуюць.
Міхал Свентажэцкі (1837-1891), згодна з афіцыйнай версіяй, загадаў пахаваць яго на Высакоўшчыне (цяпер – вёска Вяжуці) у прыгожым лесе на перакрыжаванні ласіных сцежак, у месцы, дзе было добра чуваць такаванне глушцоў. Астанкі Міхала знаходзіліся там да 1911 г. У 1910 г. яго сын Вацлаў Свентажэцкі, гаспадар Высакоўшчыны, прадаў маёнтак і пераехаў са сваёй сям’ёй у Яхімоўшчыну. Тым часам другі сын Міхала – Баляслаў – заснаваў на тэрыторыі Маліноўшчынскай сядзібы могілкі. Туды ў 1911 г. і былі перавезены астанкі бацькі. У парку ў 1912 г. на месцы новага пахавання бацькі быў узведзены абеліск з рудога граніту. Эпітафія на польскай мове паведамляе наведвальнікам: “Тут захаваны прах заснавальніка маёнтка Міхала Свентажэцкага (1837-1891)”.
Існуе і другая, больш рамантычная, версія перамяшчэння астанкаў Міхала ў Маліноўшчыну. Пасля продажу Высакоўшчыны яе тэрыторыя разам з магілай Міхала стала ўладаннем пані Межыеўскай. З дзяцінства яна сябравала з Міхалам і марыла выйсці за яго замуж. Па волі лёсу Міхал двойчы быў жанаты і ні разу не прапанаваў ёй стаць яго жонкай. Напэўна, гэта і стала прычынай крыўды на яго, якая захавалася ў пані Межыеўскай да канца яе жыцця. Яшчэ пры жыцці Міхала Межыеўская забараняла яму паляваць на яе тэрыторыі і заўсёды прылюдна ігнаравала яго. Калі пасля смерці Міхала Высакоўшчына стала ўласнасцю Межыеўскай, яна яшчэ раз выкарыстала магчымасць праявіць непавагу да Міхала, напісаўшы яго жонцы і дзецям абразлівае пісьмо. У ім яна абзывала Міхала і патрабавала перанесці яго прах у Маліноўшчыну.
Перапахаванне Міхала правялі без агалоскі. Магіла для яго была выкапана напярэдадні днём. А ноччу, каб не бачылі гэтага дапытлівыя, на карэце без буды перавезлі цынкавую труну з прахам Міхала ў парк і там яго пахавалі…
Да нашых дзён захаваліся практычна ўсе сядзібныя пабудовы. Дом, праўда, аддалі спіртзаводу. Паглядзець можна і на жылы дом для прыслугі, бровар, пральню, кухню, хлеў, флігель… Але ж візітоўніцай вёскі лічыцца фамільная пахавальня – чатырохкутная піраміда, пабудаваная з вапняку, якая захавалася практычна ў першапачатковым выглядзе. З’яўляецца помнікам сядзібна-паркавага мастацтва і мемарыяльнай архітэктуры з выкарыстаннем элементаў архаікі, класікі і неаготыкі. У цяперашні час знаходзіцца на тэрыторыі СТАА “Маліноўшчызненскі спіртагарэлачны завод – “Аквадзіў”.
Час не стаіць на месцы… У кожнага з нас жыццё можа працягвацца пасля смерці! Гэта залежыць ад нашага сучаснага, усё ў нашых руках, “бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян, 3:16). Таму чалавек павінен здзяйсняць добрыя ўчынкі, клапаціцца аб блізкіх і навакольным асяроддзі, быць сумленным і адкрытым у зносінах з іншымі людзьмі. Важна таксама сачыць за сваімі ўчынкамі і словамі, каб яны не нанеслі шкоды ні сабе, ні іншым людзям. Дабрыня і клопат пра блізкіх дапамагаюць палепшыць якасць жыцця і стварыць лепшы свет для ўсіх.
…Штодня вядзі з самім сабою бой,
Каб клопаты цябе не пахавалі,
Жыві надзеяй,
Мараю слабой,
Што свет трымаецца
Адным табой –
З ракі ўсёзабыцця – намерам хвалі.
Старайся не ў дзяльбе,
А ў малацьбе,
Каб вымалаціць з цемрачы праменне.
Ляж зморшчынкай
Ва ўсмешцы на ілбе,
Каб недзе ўспомніла жыццё цябе,
У незваротнай вечнасці –
Імгненне.
Р. Барадулін
Тэкст, фота: Таццяна Шумель
- Праглядаў: 1055