Страчаная спадчына. Касцёл у в. Плябань
Дарог у свеце вельмі многа,
А ты, між іх, сваю знайдзі.
Няхай нялёгкая дарога,
А ты ідзі,
А ты ідзі!…
Пятрусь Броўка
Дарога... Куды можа прывесці дарога?.. Варыянтаў шмат, але самая галоўная дарога – дарога да Бога! Так часта здараецца ў жыцці, што не заўсёды адразу можна трапіць у Святыню да Бога.
Перш можна паблукаць па розных месцах, напрыклад, па бібліятэках, старадаўніх музеях, пагартаць пыльныя старонкі архіўных дакументаў... Гартаючы гэтыя старонкі, часта можна натрапіць на вельмі цікавыя і, у той жа час, трагічныя моманты нашага мінулага і сучаснасці. І тады спачатку з’яўляецца цікавасць, потым – разуменне таго, што жыццё нашых далёкіх продкаў было звязана са Святынямі, усе іх клопаты, вера і надзеі былі давераны Богу...
Дык вось адной з такіх цікавых старонак з’яўляецца лёс невялікай вёсачкі Плябань, а дакладней храма, які ўжо некалькі стагоддзяў велічна тут узвышаецца. Гэтая вёска, хоць і вельмі маленькая па памеры, але, нягледзячы на гэта, мае вельмі вялікую і займальную гісторыю. Гісторыю, дзякуючы якой я змяніла сваё ўяўленне пра Святыні...
Першапачаткова вёска называлася Краснае Сяло. У далейшым старажытнае Краснае Сяло мела розныя назвы. У народзе яе называлі “Юрысдыка царкоўная” (у іншых крыніцах – “Юрздыка”, “Юрздына”), аднак, магчыма, гэта была толькі назва дадзенай мясцовасці, бо ў Вялікім Княстве Літоўскім менавіта так называлі зямлю ахвяраваную прыватнай асобай на карысць царквы або касцёла. На карце 1800 года населены пункт ужо пазначаны як в. Плябань (плябань – у XVI – пачатку XX ст. так звычайна называлі двор каталіцкага святара каля храма з жылым домам і гаспадарчымі пабудовамі). З гэтага можна зрабіць выснову, што касцёл у тыя часы тут быў “цэнтрам жыцця”. У канцы XIX – пачатку XХ ст. зноў сустракаецца назва Краснае Сяло. Пасля далучэння заходніх зямель Беларусі да Польшчы (1921 г.) назва зноў змянілася на Плябань. Пасля гэтага яна застаецца нязменнай да нашага часу.
Гісторыя каталіцкай парафіі ў гэтай мясцовасці вельмі даўняя. Паводле некаторых звестак каталіцкую святыню ўзвялі тут яшчэ ў 1415 г. па фундацыі князя Вітаўта, ёсць таксама версія аб функцыянаванні царквы яшчэ з 1390 года, як вотум караля Ягайлы. Але, верагодней за ўсё, заснаванне парафіі адбылося дзякуючы Аляксандру Ягелончыку – вялікаму князю літоўскаму і каралю польскаму – і датуецца пачаткам жніўня 1500 года. Праўда гэта ці не – невядома, аднак легенда паведамляе, што аднойчы вялікі князь літоўскі Аляксандр Ягелончык рушыў са сваёй світай з Краснага Сяла ў Маладзечна. Толькі яны ад’ехалі ад Краснага Сяла як былі абкружаны воўчай зграяй. Гэта прымусіла вялікага князя збіцца са шляху, каб выратавацца ад драпежнікаў. Зграя пераследавала вершнікаў да самага ўзбярэжжа рэчкі Уша. Толькі перабраўшыся на другі бераг Ушы, яны змаглі ад іх адбіцца і галодныя ваўкі адступілі. Кароль не забыўся свайго цудоўнага выратавання і 1 жніўня 1500 г. выдаў прывілей аб будаўніцтве драўлянага касцёла. З гэтага дакумента зразумела, што царква ў Краснам Сяле ўжо і да гэтага існавала, але з-за сваёй старажытнасці ці неналежнага ўтрымання прыйшла “в ужасное состояние”. Па меркаванні краязнаўцы С.В. Старыкевіча раней у будаўніцте выкарыстоўвалі толькі спелую смаляністую драўніну, таму каб храм так моцна састарэў і прыйшоў у занядбаны стан, павінна прайсці не менш за 100-150 гадоў. Таму, верагодней за ўсё, храм прастаяў бы яшчэ пэўны час, але, улічваючы, што Аляксандр заўзята ўводзіў каталіцызм у сваёй дзяржаве, гэта і стала хутчэй за ўсё прычынай будаўніцтва новага касцёла ў гэтым месцы. З цягам часу вакол храма пачалі хаваць мясцовую знаць, бо зямлю тут сталі лічыць святой.
Падчас Трынаццацігадовай вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай (1654-1667 гг.), эпіцэнтрам якой сталі беларускія землі, драўляны касцёл быў знішчаны страшным пажарам. Адраджэнне парафіі і аднаўленне храма, верагодна, не было вялікай праблемай, паколькі ўжо ў 1669 годзе гэта парафія ўпамінаецца ў Радашковіцкім дэканаце пад назвай Краснае Сяло.
Падчас аднаўлення святыні пасля ваенных разбурэнняў працу курыраваў пробашч святыні, “плябан краснасельскі” Марцін Юшкевіч.
Загадам ад 28 ліпеня 1688 г. кароль Ян ІІІ Ваза пацвердзіў права каталіцкага касцёла на ўладанне гэтым зямельным надзелам. У 1693 годзе пры парафіі было заснавана брацтва Божага Цела і пабудаваны шпіталь, а таксама існавала багатая бібліятэка.
Крыху пазней, у 1695 годзе, намаганнямі ксяндза Юшкевіча на месцы згарэўшага касцёла зноў быў пабудаваны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны. Драўляны, крыты гонтаю, з 2 закрыстыямі пры прэзбітэрыі, аб’ём касцёла завяршаўся “3 вежачкамі – над прэзбітэрыем, увенчанымі “крыжамі з промнямі”. Інтэр’ер касцёла ўпрыгожвалі пяць двух’ярусных, разьбяных з пасрэбранымі і пазалочанымі дэталямі алтароў. Набажэнствы ў касцёле з 1695 па 1800 гады праходзілі пад гукі аргана на 10 рэгістраў. Акрамя жылога дома для святароў, зроблена капліца з устаноўленай у яе алтары фігурай Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны, драўляная званіца “з купалком” і шэраг гаспадарчых пабудоў.
Цікава, але быўшы першапачаткова каталіцкім, дадзены храм таксама згадваецца ў XVIII ст. і ў рэестры ўніяцкіх парафіяльных храмаў.
З цягам часу драўляны касцёл стаў усё больш і больш прыходзіць у непрыдатнасць. І ў канцы XVIII ст. пробашчам Казімірам Харэвічам было прынята рашэнне аб узвядзенні на месцы старой драўлянай святыні новага каменнага касцёла. Вось як аб гэтым піша І. Ходзька: “Краснасельская царква – гэта старое драўлянае збудаванне, размешчанае на высокім узгорку, акружанае парафіяльнымі могілкамі, размешчанымі на адлегласці ў палове вярсты ад плябаніі. Калі царква прыйшла ў заняпад, дбайны пастар Краснасельскі, Святы Казімір Харэвіч, канонік, пачаў побач з плябаніяй будаўніцтва прыгожай цаглянай царквы і ўжо ў 1800 годзе вывеў яе сцены да ўзроўню вокнаў. Акрамя таго, ён падрыхтаваў больш за дзвесце тысяч цаглін, неабходных для поўнага завяршэння гэтага храма. Далейшую яго працу перапыніла смерць…”.
Паслядоўнікі пробашча здолелі зрабіць невялікую драўляную прыбудову да сцен касцёла – часовую капліцу, у якой ледзьве змяшчалася 40 чалавек. Падчас візітацыі 1829 г. стан парафіі быў ацэнены дрэнна: “плябанія мае больш прасторныя памяшканні, чым святыня. Царква была драўлянай, але вельмі запушчанай, чакала завяршэння пачатага будаўніцтва”.
За паўвярсты ад плябаніі, на парафіяльных могілках, на высокім узгорку стаяў “касцельчык”, пабудаваны не пазней чым у другой палове XVIII стагоддзя. Ён уяўляў сабой невялікі драўляны аб’ём са званіцай над ім тыпу вежы. “Парафіяльнае набажэнства праводзіцца ў старой, струхлелай амаль царкве, якая стаіць на парафіяльных могілках. Змешчаныя ў ім алтары і абразы ўзятыя са старой, ужо не існуючай царквы. Цяперашні пробашч умацаваў сцены апорамі і клямарамі, але моцна працякаючы дах чакае яшчэ аднаго дабрадзея”.
Гэтая невялікая святыня абслугоўвала Красненскую парафію, пакуль узводзіўся новы касцёл. У той час была пабудавана толькі плябанія і яе гаспадарчыя збудаванні. Вось як аб гэтым піша І. Ходзька: “Плябанія ўяўляла сабой новы і добра пабудаваны дом, які быў зручным жыллём для святароў і служыцеляў. Побач з плябаніяй знаходзіцца ўбогая, струхнелая капліца, прысвечаная ў імя Бога. Астатнія пабудовы, прызначаныя для складоў зямельных культур, таксама былі адрамантаваны.” У доме святара было шэсць пакояў, кухня, пакой для прыпасаў, пярэдні пакой і веранда. Вялікі будынак абагравалі вялікая печ і пяць кафляных грубак. На падворку былі гаспадарчыя пабудовы – тры хлявы, адрына, птушнік са склепам пад ім, парнік і свіран.
Плябанія. Сучасны выгляд.
Будаўніцтва ж касцёла зацягвалася на доўгія гады. Гэта звязана, як з адсутнасцю сродкаў на яго ўзвядзенне, так і з цяжкасцямі пасляваеннага часу: спачатку вайна 1812 года, а затым сутыкненні польскіх паўстанцаў з рускімі войскамі ў 1830-1831 гадах. У будаўніцтве прымалі ўдзел, як непасрэдна католікі і ўніяты, так і праваслаўныя. Гэта адбылося пасля ўз’яднання грэка-католікаў (уніятаў) з праваслаўнай царквой.
Узяцце ў 1843 годзе царскімі ўладамі парафіяльнага фонду не спрыяла выкананню намечаных работ пры дабудове цаглянага храма. Каб вырашыць праблему, пры будаўніцтве новага храма выкарыстоўваліся старыя падмуркі (з 1800 г.), толькі была зменена оптыка (шырыня стала даўжынёй). Побач з царквой, злучанай ганкам, была пабудавана капліца для цудатворнай Статуі Пана Езуса: “цагляная галерэя вядзе ў асобную капліцу, дзе знаходзіцца прыгожая і цудоўная статуя Пана Езуса Укрыжаванага, якая славіцца цудамі. Да вялікага алтара прафесар ўсходніх моў Пецярбурга пан Мухлінскі даслаў выдатны абраз Найсвяцейшай Панны”.
Пры будаўніцтве новай царквы найбольшыя клопаты былі ўскладзены на братоў Ратынскіх (Альфрэда, Эрнеста, Здзіслава, якія пасля прымалі актыўны ўдзел у паўстанцкім руху 1863-1864 гг. у Вілейскім павеце), Аляксандра Тышынскага (вядомы польскі літаратуразнавец, крытык, празаік, адзін з заснавальнікаў і вядучы аўтар часопіса “Biblioteka Warszawska” (“Варшаўская бібліятэка”)) і Антона Мухлінскага (вядомы ўсходазнавец, прафесар цюркалогіі, дэкан факультэта ўсходніх моў Пецярбургскага ўніверсітэта, аўтар шматлікіх навуковых прац). Збор сродкаў на будаўніцтва вёў Казімір Тышкевіч.
Нягледзячы на цяжкасці з аздабленнем інтэр’еру, праз некалькі гадоў, у 1858 годзе, ён быў асвечаны біскупам Віленскім Вацлавам Жылінскім (па іншых дадзеных асвячэнне адбылося 28 жніўня 1855 г.). Няма дакладных дадзеных аб тым, хто быў парафіяльным святаром у гэты час, верагодна, ксёндз Люцыян Далецкі, бо з 1858 г. пробашча зусім не было.
Пабудаваны храм уяўляў сабой помнік эклектычнай архітэктуры з элементамі стылізаваных формаў барока і неаготыкі.
Аднак новапабудаваны храм дзейнічаў усяго некалькі гадоў, бо ў тыя часы ўжо пачынала разгарацца паўстанне 1863-1864 гадоў. Гэтыя падзеі адзначыліся антыўрадавымі ганеннямі ў адносінах да паўстанцаў. Падчас паўстання вёска стала цэнтрам дзейнасці паўстанцкага атрада Юльяна Бакшанскага. Дакладна высветлена, што ў сутарэннях касцёла паўстанцы Кастуся Каліноўскага мелі тайны арсенал, а каля яго сцен узбройваліся атрады. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што касцёл, плябанію і могілкі звязвалі надзейныя падземныя хады. Праўда гэта ці не, невядома, але пад плябаніяй сапраўды ёсць падземны паверх, які мае вельмі дыхтоўныя высокія памяшканні з таўшчынёй сценаў каля некалькіх метраў. Магчыма, падчас розных рэканструкцый гэтыя хады проста засыпалі. Але што датычыць святара, то за дапамогу паўстанцам не толькі словам і малітвай ён, як і многія іншыя людзі, паплаціўся жыццём, касцёл быў закрыты ў 1864 або 1865 годзе. Цяжка вызначыць, колькі гадоў храм стаяў непрацаздольны, падпарадкоўваючыся праваслаўнаму духавенству, не прыстасаваны для царкоўнага набажэнства.
Год пераасвячэння касцёла ў праваслаўную царкву ў розных дакументах таксама падаецца па-рознаму: 1865 г. – у даследванні а. Яна Фібека OFMCap “Dzieje parafii i klasztorów katolickich na Białorusi”, 1867 г. – у “Літоўскіх Епархіяльных Ведамасцях”, 1872 г. – у энцыклапедычным даведніку А.М. Кулагіна “Праваслаўныя храмы Беларусі”. Вось як апісваецца асвячэнне царквы (28 лістапада 1867 г.) у “Літоўскіх Епархіяльных Ведамасцях”: “…Да костелъ и строенъ былъ какъ бы для устройства въ немъ православной церкви: алтаремъ обращенъ на востокъ; зданіе имеетъ форму креста; для алтаря православнаго и для иконостаса планомъ костела такъ расположено, что не требовалось ни малейшихъ переделокъ и не оказалось никакихъ затрудненій при устросніи св. Престола, иконостаса прочихъ принадлежностей православного храма…”
Такім чынам, касцёл быў перададзены праваслаўным, але касцёльны выгляд будынка гэта зусім не змяніла, калі не лічыць невялікую цыбулепадобную галоўку з праваслаўным крыжам па цэнтры над каньком даху.
Пасля 1905 года пачалося рэлігійнае адраджэнне ў Віленскай дыяцэзіі, якое не абыйшло і гэтую парафію, але адбылося гэта толькі пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора ад 18 сакавіка 1921 г., калі тэрыторыя Заходняй Беларусі, у тым ліку і Плябань, апынулася ў складзе Польшчы. Вёска Краснае Сяло, была перайменавана ў вёску Плябань, а праваслаўная царква зноў была пераасвечана ў каталіцкі касцёл. З 1925 г. дзейнічаў як філіяльны храм ў Красненскай парафіі.
За гады Першай сусветнай вайны, а затым і рэвалюцыі, будынак быў моцна пашкоджаны, але ў 1927 годзе намаганнямі красненскага ксяндза Вацлава Драба на ахвяраванні вернікаў і з іх дапамогай касцёл і капліца пры ім былі адрэстаўрыраваныя. Частку грошай на рамонт атрымалі ад продажу паўразбуранай капліцы, якая знаходзілася на старых могілках за чыгункай, і якую ў 1929 годзе ксёндз Юзаф Равінскі прадаў за 180 злотых. У ваколіцах Плябані і Краснага гэтаму касцёлу належала 31,77 гектараў ворнай зямлі, пашы і агародаў.
Сваё служэнне тут неслі святары: Павел Сянкевіч (1912-1920), Вацлаў Драб (1921-1928), Дамінік Ярош (1929), Юзаф Равінскі (1929-1931), Вінцэнт Драб (1931-1933), Тадэвуш Сечка (1933-1935), Караль Любянец (1935-1942).
У 1939 годзе ксёндз К. Любянец быў арыштаваны савецкімі ўладамі і вызвалены пасля ўмяшання вернікаў. Вось якія ўспаміны У. Мяйштовіча аб гэтым святары засталіся: “Святар-місіянер вёў сваё апостальскае служэнне сярод змешанага канфесійна і нацыянальна насельніцтва, прымаючы ў каталіцкую царкву праваслаўных. Ён наведваў каталіцкія сем’і ў праваслаўных вёсках і сваёй самаадданай пастырскай працай, самаахвярнасцю, добрай парадай і добрым словам выклікаў спачатку цікавасць, потым павагу, нарэшце, давер у насельніцтва, таксама праваслаўнага і раней уніяцкага. Місіянерская праца з нуля адбывалася ад уваходу ў паўсядзённае жыццё вернікаў, пазнання іх імкненняў і жаданняў, раскрыцця клопату аб іх клопатах, катэхізацыі, да моманту прыняцця іх у царкву па лацінскім абрадзе. Праца святара была пазбаўленая ўсякага знешняга ўздзеяння і непасрэдных наступстваў. Ён не ганяўся за колькасцю, а клапаціўся пра больш глыбокае змяненне духоўнага жыцця сваіх ягнят”.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР у 1939 годзе касцёл быў зачынены да 1941 года, а затым на непрацяглы час (да 1942 года) зноў аднавіў сваю працу. Нагодай для наступнага закрыцця касцёла стала сувязь мясцовага ксяндза Юзафа Маліноўскага (1907-1942) з польскімі партызанамі. У кастрычніку 1942 года пробашч Ю. Маліноўскі быў кінуты германскімі нацыстамі ў Вілейскую турму і праз некаторы час быў расстраляны, а касцёл зачынены.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны будынак касцёла быў пашкоджаны, бо ён знаходзіўся ў зоне баявых дзеянняў і ў 1941 годзе, і ў 1944 годзе.
З 1945 па 1951 г. ён перададзены пад сховішча збожжа, а праз колькі гадоў – плодаагароднінных кансерваў, аднак пры гэтым атрымаў статус помніка архітэктуры.
З плябанскага касцёла ў красненскі былі перададзены пасля вайны тры вялікія званы, але ў 1952 г. «как ненужные для нужд культа решением Радошковичского райисполкома изъяты для необходимых нужд».
25 лістапада 1959 года Упаўнаважаны Савета па справах рэлігійных культаў пры Маладзечанскім аблвыканкаме зрабіў наступнае заключэнне: “…считаю, что религиозное общество римско-католического вероисповедания в дер. Плебань распалось, здание архитектурно-исторической ценности не представляет, можно разрешить Радошковичскому райисполкому использовать его по усмотрению”. Пасля такога “дазволу” будынак астаўся без гаспадара і хутка стаў разбурацца. Ад яго засталіся толькі сцены. З-за адсутнасці вакол Мінска прыродных аб’ектаў тут трэніраваліся ў скалалазанні альпіністы, заганяючы ў сцены тытанавыя крукі.
У самым пачатку 1990-х гадоў, храм было вырашана рэканструяваць, і на яго базе стварыць музей. У комплекс павінна была ўваходзіць і былая плябанія. Аднак правёўшы некаторыя аднаўленчыя работы, будаўніцтва спынілася па прычыне адсутнасці фінансавых сродкаў.
Сам жа храм ў 1996 годзе быў перададзены праваслаўнай царкве і прыпісаны да Свята-Пакроўскай царквы суседняй вёскі Краснае. Напачатку 2000 гадоў у вёсцы Плябань намаганнямі протаіерэя Паўла Хадакоўскага была зарэгістравана прыхадская абшчына ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Багародзіцы. Аднаўленчыя работы пачаліся толькі ў ліпені 2008 г.
5 верасня 2008 г. у дзень святкавання Унебаўзяцця Найсвяцейшай Багародзіцы адбылася доўгачаканая падзея – першая Літургія за апошнія 86 гадоў.
На сённяшні дзень храм у вёсцы Плябань з’яўляецца важным культурным, гістарычным і архітэктурным помнікам ХІХ стагоддзя, а таксама цікавай славутасцю Беларусі.
Калі перайсці дарогу ад храма, то мы ўбачым, што ў вельмі добрым стане захаваўся таксама і драўляны будынак плябаніі – гэта яшчэ адна важная архітэктурная і культурная славутасць. Плябанія на сённяшні дзень цікавая і ўнікальная тым, што ў яе сценах размешчаны вельмі характэрны турыстычны аб’ект, а менавіта – Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту. Пасля таго як у другой палове ХІХ стагоддзя быў зачынены касцёл, гэты гістарычны дом паспеў пабываць школай, шпіталем і філіялам музея гісторыі беларускай літаратуры, які не карыстаўся вялікай папулярнасцю, таму ў 2009 годзе ў будынку плябаніі адкрылі мастацкую галерэю. Аднак і яна не стала занадта папулярнай, таму з 2014 года тут функцыянуе Цэнтр традыцыйнай культуры і побыту.
А калі прайсці яшчэ адной дарогай праз чыгуначнае палатно, то там далей, у лесе, можна пабачыць старыя шляхецкія могілкі, дзе пахаваныя ўдзельнікі паўстання 1863-1864 гадоў…
Якой бы дарога ні была: вялікай ці малой, шыкоўнай ці сціплай, куды б яна ні вяла, гэта заўжды гісторыя. Гісторыя жыцця і лёсаў многіх пакаленняў. І як тут не ўспомніць “Пошукі будычыні” Кузьмы Чорнага, дзе ён пісаў, што “…кожная дарога куды-небудзь вядзе, але ты выбірай тую, якая не вядзе ў прорву...”. Няхай жа дарога, якая нас вядзе, прывядзе да Бога!
У кожнага шлях свой да Бога,
адметны, адзiны, як лёс, –
цi веццем спавiты бяроз,
цi пылам гасцiнца старога.
Той шлях выпадае нядобры –
ад тупкiх дарог убаку,
цярэбiцца па цалiку
праз лужыны, снег i калдобы.
У кожнага шлях непаўторны –
праз сонца, сутонне iмжы,
праз музыку светлай душы,
праз смутак, маўклiвы i чорны.
I тут не паробiш нiчога –
на гладкiя надта шляхi
твае не пускаюць грахi...
У кожнага шлях свой да Бога.
Мар’ян Дукса
Тэкст: Таццяна Шумель
Фота: а. Андрэй Жылевіч, С.В. Старыкевіч
- Праглядаў: 1459