Skip to main content

Касцёл у в. Краснае

Адным з цудаў Маладзечаншчыны з’яўляецца касцёл у вёсцы Краснае, размешчаны ў самым цэнтры вёскі, на пагорку.

Упершыню мястэчка ўпамінаецца ў 1503 годзе як Краснае сяло ў Вялікім Княстве Літоўскім. У гэтым годзе каралём Польшы і Вялікім князем Літоўскім Ягайлам быў заснаваны касцёл. Малюнкаў і опісаў касцёла гісторыя, на жаль, не захавала. Падчас Паўночнай вайны 1700-1721 гг. Красненскі касцёл ляжаў у руінах.
У 1905 г. пасля выхаду маніфеста Мікалая ІІ аб свабодзе сумлення, які дазваляў будаваць каталіцкія храмы, католікі Красненскай парафіі пачалі збіраць сродкі на будаўніцтва новага касцёла пад гістарычным тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны. Гэта назва хутчэй за ўсё была перанята з касцёла, які раней дзейнічаў у в. Плябань. Зямлю пад будаўніцтва касцёла падараваў Пётр Эрмуш. Першыя камяні ў будучы касцёл былі закладзены 15 жніўня 1908 года. Недалёка ад месца будаўніцтва мураванага касцёла была пабудаваная часовая драўляная капліца, якую асвяцілі 15 красавіка 1908 г., у якой першы час праходзілі набажэнствы.
Фундатарам касцёла ў Красным з’яўляўся ўладальнік маёнтка ў Мясаце Казімір Тышынскі – сын вядомага польскага літаратуразнаўцы Аляксандра Тышынскага. Свае ахвяраванні на будову касцёла ўнеслі: афіцэры і ніжэйшыя чыны мясцовага гарнізона, Лявон Мальгом – уладальнік маёнтка Татаршчызна і прыхаджане.
Лічыцца, што датай пабудовы касцёла з’яўляецца 1912 год. Гэты год фігурыруе ва ўсёй даведачнай літаратуры. Яна ўвекавечана і на трохкутным франтоне на вежы касцёла. Так яно і было на самай справе: канчаткова будаўніцтва касцёла было завершана ў 1912 г. Але, на погляд краязнаўцы С.В. Старыкевіча, “часам пачатку дзейнасці касцёла трэба лічыць 1911 год. Справа ў тым, што ў матэрыялах інвентару касцёла за 1938 г. захаваліся звесткі, што будаўніцтва касцёла да вежы было закончана ў лістападзе 1911 года, а 18 снежня 1911 г. касцёл быў асвечаны Дэканам Віленскім ксяндзом Антонам Чарняўскім”. У большасці выпадкаў часам заснавання святыні лічыцца дата яе асвячэння (з гісторыі вядома, што некаторыя храмы будаваліся дзесяцігоддзі, нават стагоддзі). Пасля асвячэння ў храме пачалі праводзіцца набажэнствы і адначасова працягвалася будаўніцтва вежы, на якой і была пазначана дата заканчэння будаўніцтва касцёла – 1912 год.
Красненскі касцёл з’яўляецца адной з нямногіх каталіцкіх святыняў, якая ніколі не зачынялася. У пасляваенныя гады з-за адсутнасці ў бліжэйшай акрузе каталіцкіх храмаў, якія былі ў большай частцы зачынены ці разбураны, прыхаджанамі Красненскага касцёла былі не толькі мясцовыя вернікі, але сюды прыязджалі і з бліжэйшых населеных пунктаў, нават з Маладзечна і Мінска.
У XX ст. касцёл з’яўляўся прытулкам усіх веруючых хрысціян, ён захоўваў духоўны стрыжань беларускай культуры – родную мову. У касцёле захоўваліся таксама іконы і іншыя каштоўнасці святынь, якія былі зачынены ў ваенны і пасляваенны час.
Касцёл – помнік неагатычнай архітэктуры.
Цікава, што шлях да святыні - 33 прыступкі (іх колькасць роўная працягласці жыцця Ісуса), якія аддзяляюць ад зямнога да ўзвышанага вернікаў, прыходзячых сюды. Больш за сто гадоў у гэтым храме – адзіным у раёне — гучыць старадаўні арган. Гэты інструмент з’явіўся ў касцёле ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Зроблены ён на вядомай у тыя часы вытворчасці Вацлава Бярнацкага ў Вільні. Зусім нядаўна ён быў адрэстаўраваны і радуе сваім гучаннем усіх прысутных!
15 жніўня ў касцёле адбудзецца ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэты ж дзень у 1912 г. ён быў асвечаны. 110 год - прыгожая дата, якую мы можам адсвяткаваць разам!

Расклад імшаў можна даведацца на сайце касцёла: http://krasnaje.kasciol.by/

 

 

Тэкст: Таццяна Шумель

Фота: Эрык Савянок

  • Праглядаў: 1257