Урачыстасць Цела і Крыві Пана нашага Езуса Хрыста

У чацвер 22 чэрвеня, у дзень, калі Касцёл адзначае ўрачыстасць Цела і Крыві Пана нашага Езуса Хрыста, вернікі нашай парафіі, не зважаючы на дажджлівае надвор'е, сабраліся на вячэрняй святой Імшы, каб падзякаваць Богу за найвялікшы дар - дар Яго самога ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.


У гаміліі бр. Сяргей распавёў пра гісторыю свята, якое мае свае карані ў 13 ст. У той час існавалі шматлікія ерэтычныя рухі. Некаторыя з іх не прызнавалі, што на алтары падчас св. Імшы, калі святар прамаўляе словы "Вось цела Маё...", "Вось кроў Мая...", нябачным чынам адбываецца перамяненне хлеба і віна ў сапраўдныя Цела і Кроў Хрыста. Таму, каб падкрэсліць істотнасць гэтай праўды веры для ўсіх вернікаў, на IV Латэранскім Саборы ў 1215 г. яна была прынята як дагмат веры. Дарэчы, гэта быў час жыцця і дзейнасці св. Францішка, і на гэтым Саборы францішканскі манаскі ордэн, які існаваў яшчэ толькі 6 гадоў, афіцыйна быў зацверджаны папам Інакенціям ІІІ як сродак змагання з ерэсямі.

У 1263 годзе ў горадзе Бальсена недалёка ад Рыма адбыўся эўхарыстычны цуд. Падчас эўхарыстычнай літургіі ў руках святара, які меў сумненні адносна прынятага дагмату аб перамяненні Святых Дароў, пачала крываточыць гостыя. У 1964 годзе гэты цуд быў прызнаны сапраўдным, і папа Урбан IV па прапанове св. Тамаша Аквінскага ўстанавіў урачыстасць Цела і Крыві Пана нашага Езуса Хрыста для ўсяго Касцёла. Св. Тамаш па просьбе Папы напісаў гімн праслаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнта. Словы гэтага гімна: "Таямніцу Сакрамэнта ўсхваляйма шчыра ўсе..." - вернікі спяваюць вось ужо каля 800 гадоў. Цікава, што дамініканін Тамаш з Аквіну, святар, выдатны філосаф, тэолаг, потым доктар Касцёла, у канцы свайго жыцця хацеў спаліць свае труды, бо палічыў іх нікчэмнымі перад таямніцай Бога, якую чалавек не можа спасцігнуць розумам. "Што нам розум не тлумачыць, святло веры прынясе," - гэтыя словы яго гімна гучаць як актуальнае пасланне сучаснаму чалавеку, які вельмі часта разлічвае толькі на ўласны розум і не заўважае Бога, прысутнага ў кожным моманце жыцця. Тым часам, мы штодня маем магчымасць дакранацца да Таямніцы праз удзел у Эўхарыстыі, дзякаваць Богу за Яго прысутнасць, даручаць Яму жыццё, а таксама злучаць ахвяру свайго жыцця з ахвярай алтара. "Маліцеся, браты і сёстры, каб маю і вашую Ахвяру прыняў Бог Айцец усемагутны". Калі святар трымае гостыю і келіх, кожны у сваім сэрцы можа скласці на алтар свае змаганні, цяжкасці, радасці: "Прымі, Пане Божа, маё сэрца і жыццё і перамяні згодна з Тваёй воляй".

Брат Сяргей нагадаў, што падчас св. Імшы Бог прысутны не толькі ў перамененых Хлебе і Віне, святары і словах Пісання, але і ... у сабраных людзях - ува мне і ў чалавеку, які побач. Цікава, што Богу не перашкаджае ўвайсці ў сэрца чалавека ні вопратка, ні знешнасць, ні ментальнасць, якія для нас часам становяцца перашкодай... Калі б мы глыбока прынялі праўду, што пасля Эўхарыстыі Езус прысутны ў чалавеку, то гэтак жа, як мы ўшаноўваем Яго, прысутнага ў табернакулюме і ў манстранцыі, становячыся на калені, так варта было б шанаваць і нашых бліжніх (мужа, жонку, дзяцей, бацькоў і проста таго, хто побач), якія з'яўляюцца, па словах брата, "манстранцыямі на ножках".

Напрыканцы гаміліі святар заахвоціў памятаць, выходзячы з касцёла, што мы з'яўляемся такімі жывымі манстранцыямі, каб мы маглі занесці Бога дадому, на працу, у школу і каб Бог праславіўся ў нашым жыцці ў тым, што нам атрымалася здзейсніць, і нават у тым, што не атрымалася.

Падчас Імшы дзьмуў моцны вецер і ліў дождж, таму было невядома, ці адбудзецца Эўхарыстычная працэсія. Аднак пад канец літургіі дождж спыніўся і выглянула сонейка (бр. Уладзіслаў падазрае, што гэта адбылося дзякуючы веры парафіянаў :). Алтары, якія упрыгожвалі прадстаўнікі розных парафіяльных супольнасцяў, вытрымалі выпрабаванні і ўстаялі. Таму ўрачыстая працэсія адбылася. Вернікі ўслед за Жывым Богам у Найсвяцейшым Сакрамэнце прайшлі вакол касцёла, спыняючыся каля чатырох алтароў, каб узнесці Богу малітву праслаўлення і прасіць аб бласлаўленні і абароне ад зла для ўсіх жыхароў горада.
Тэст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок