Skip to main content

Каля руінаў касцёла ў Дубраве прайшла Імша з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага

| Падзеі »
7.06.2025 dubrava15

Шмат каму з дзяцінства знаёмыя словы з верша “Радзіма” Міхаіла Пляцкоўскага: «Слышишь голос соловья? Это – Родина твоя». Сёння ў вёсцы Дубрава каля касцёла Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі спявалі не толькі вернікі, але спявала і прырода. Чароўная трэль салаўя сугучна злілася з малітвай, са словам Божым, з біццём сэрцаў і іх цеплынёй. Усё жывое славіла Бога за магчымасць быць разам, разам маліцца, працягваючы справу папярэдніх пакаленняў.

7.06.2025 dubrava36

Мінула 220 год з дня асвячэння касцёла ў Дубраве. З гэтай нагоды адбылася Святая Імша, якую ўзначаліў генеральны сакратар Біскуп Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Больш сотні вернікаў з розных парафій сабраліся, каб аддаць пашану і хвалу Пану за гэтую святыню і людзей, якія служылі тут раней, і за тых, якія зараз дапамагаюць у справе захавання касцёла.

7.06.2025 dubrava39

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што слова апосталаў дайшло і да нашых продкаў. Мы маем таксама вельмі багатую гісторыю хрысціянства на нашай зямлі. І сведчаннем таму з’яўляюцца шматлікія храмы, гістарычныя звесткі. Нават руіны, якія таксама прасякнуты духам нашых продкаў і рознымі падзеямі, нясуць у сабе гэты кавалачак гісторыі і веры, якая дайшла і да нас. І наша заданне – захаваць гэта для нашчадкаў.

 7.06.2025 dubrava71

“Тасама сёння мы ўзгадваем дзеянне Святога Духа ў сучасным свеце”, – адзначыў біскуп Юрый, узгадаўшы тых валанцёраў, якім прыйшло натхненне захаваць руіны храма, бо яны маюць вялікую гістарычную каштоўнасць і на сённяшні дзень ужо абараняюцца дзяржавай. Уладыка заклікаў прысутных рабіць дабро не чакаючы якой-небудзь адплаты, падзякі і вучыць гэтаму наступныя пакаленні. Добра, каб мы ўмелі прысвяціць час адзін аднаму: быць разам і працаваць супольна. 

Напрыканцы гаміліі біскуп Юрый падкрэсліў, што важна заўважаць іншага чалавека і перадаваць каштоўнасці, якія у нас ёсць: каштоўнасці любові і дабразычлівасці, каштоўнасці сямейнага жыцця, веру, любоў да Бога.

 7.06.2025 dubrava14

Уладыка выказаў словы ўдзячнасці гісторыку нашай парафіі Таццяне Шумель і пробашчу парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным ксяндзу Паўлу Шылаку, які апякуецца дубраўскай парафіяй з 2014 года і да цяперашняга часу. А таксама брату Андрэю Жылевічу і ўсім тым, хто спрычыніўся да свята.

  7.06.2025 dubrava64

   

 

 

 

 

Пасля Святой Імшы ўсіх чакаў смачны пачастунак, прыгатаваны вернікамі парафіі святога Казіміра з Маладзечна. Гэта быў цудоўны час! Час, напоўнены прыгожымі людзьмі, усмешкамі, радасцю, духмяным пловам і фірмовай шаурмой, добрымі словамі, сумесным фатаграфаваннем і любоўю.

 7.06.2025 dubrava24
 7.06.2025 dubrava67

Тэкст: Алена Каралькова

Фота: Алена Каралькова, бр. Андрэй Жылевіч, Таццяна Шумель, Галіна Савіцкая