Першая пешая мужчынская пілігрымка Смаргонь-Баруны

У нядзелю 1 чэрвеня, калі ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца Дзень бацькі, са Смаргоні ў Баруны яшчэ перад світаннем вырушылі 30 мужчын на чале з пробашчам смаргонскай парафіі кс. Артурам Ляшнеўскім SDB. Разам з імі ішлі 7 "першапраходцаў" з Маладзечна, у тым ліку і брат Уладзіслаў Мінько. Гэта была першая афіцыйная пешая мужчынская пілігрымка да Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных. Паводле grodnensis.by, паломніцтва арганізавалі салезіяне, якія служаць у смаргонскай парафіі св. Міхала Арханёла, у адказ на ініцыятыву з боку мужчын гэтай парафіі.

"32 кіламетры — крок за крокам, малітва за малітвай, сэрца да сэрца. Ішлі амаль 11 гадзін: спявалі, слухалі Божае Слова, але, найперш, — ішлі да Яе. Разам з братам Уладзіславам — тым, хто штогод вядзе пілігрымку з Маладзечна ў Будслаў. Для многіх гэта была добрая “трэніровачка”. Але на самой справе — гэта была сустрэча. Ціхая, глыбокая. Сустрэча з Богам, з братамі, з сабой. Бо мужчынскае сэрца таксама патрабуе суцяшэння. І Маці яго чуе." (t.me/kapucyny_by)


У Новым Запавеце чытаем, якое высокае прызначэнне мае мужчына ў сям'і:
"...галава кожнага мужчыны — Хрыстус, галава жанчыны — мужчына..." (1 Кар 11:3)
"Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго" (Эф. 5:25)
Сучасны свет вельмі патрабуе сапраўдных мужчын - мужоў і татаў, якія сваім стаўленнем да сям'і, сваёй адказнай любоўю, падтрымкай і мудрым кіраўніцтвам былі б здольнымі даваць правільнае разуменне той любові, якую мае да нас Бог, наш Нябесны Айцец. Мужчына для сваёй сям'і - як Хрыстус для Касцёла... Хрыстус казаў: "Хто Мяне бачыў, бачыў і Айца" (Ян 14:6). Заданне для мужчыны - быць апорай у сям'і не толькі ў плане матэрыяльным, але і духоўным. Зямны тата пакліканы быць першым настаўнікам на шляху веры, быць тым, дзякуючы каму ў дзіцяці фармуецца вобраз Айца Нябеснага.
Але не можам весці туды, не ведаючы куды, і дзяліцца тым, чаго не маем: мужчыне патрэбна добрае разуменне мэты і шляху, па якім ён пакліканы ісці і кіраваць свой сямейны "карабель". Надзея нашага свету - мужчыны, якія разумеюць сваю адказнасць, якія жадаюць ісці за Хрыстом і весці за Ім сваю сям'ю, якія ахвяруюць свой час на тое, каб быць з Богам, напаўняцца Яго любоўю і споўніць сваё пакліканне.

Няхай Маці Божая нястомна чувае над кожным мужчынскім сэрцам, дапамагае, суцяшае і накіроўвае на шляху да Бога.
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок, Надзея Мажуць, grodnensis.by