Skip to main content

"Я хачу ўнутры цябе жыць!"

| Падзеі »
25.05.2025 ministranty05

Велікодны радасны перыяд працягваецца. І ён сапраўды вельмі радасны для касцёльнай супольнасці, бо “Бог з намі, і сёння наша парафія поўная Божых ласкаў, поўная падзей”, – такімі словамі пробашч бр. Уладзіслаў Мінько распачаў Святую Імшу 25 мая а 10-й гадзіне, дзякуючы Богу і праслаўляючы Яго. У гэты дзень наша парафіяльная супольнасць павялічылася яшчэ на аднаго верніка, які прыняў Святы Хрост, і на восем хлопцаў-кандыдатаў, якія сталі міністрантамі-харалістамі.

25.05.2025 ministranty28

Арцём Асташанка, Глеб Кавалёў, Цімафей Высоцкі, Ягор Ядзевіч, Данііл Чура, Аляксей Пятроў, Мацвей Урбановіч і Марк Каралькоў – вось імёны тых, хто здолеў зрабіць свой выбар і, спадзяёмся, будзе годна служыць, праслаўляючы Пана.

25.05.2025 ministranty10

На пачатку гаміліі брат Уладзіслаў запрасіў задумацца вернікаў над пытаннямі: “У чым сутнасць таго, кім я ёсць і што я раблю? У чым сутнасць таго, што я сёння прыйшоў у касцёл? Дзеля чаго? Што тут самае галоўнае?” Святар заўважыў, што сёння ў літургіі слова мы чуем адказ на гэтыя пытанні. Езус гаворыць самую сутнасць: кім Ён ёсць і дзеля чаго Ён прыйшоў, і што далей рабіць Яго вучням. Ён кажа, што ўсё проста: “Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго” (Ян 14, 23). “Я хачу ўнутры цябе жыць!” – дадаў святар ад імя Езуса, разважаючы над словамі Евангелля.

25.05.2025 ministranty06

Брат Уладзіслаў адзначыў, што “штосьці дапамагае Богу зрабіць у нас жыллё, а штосьці ўжо вынікае з таго, што Ён у нас жыве”. Пробашч падкрэсліў, што “Бог першы ў нас служыць. Калі мы дазваляем Яму жыць у нас, мы не можам не служыць. Мы будзем служыць, мы вельмі хочам, мы гэтага прагнем! Мы не можам быць адны, бо нам патрэбны хтосьці ў нашых сэрцах!”.

25.05.2025 ministranty23

Чалавек, які шукае Бога, не стаіць на месцы. Так і наша парафія рухаецца наперад. Пачынаючы свой зямны шлях ў сакрамэнце Хросту, як Божае дзіця, чалавек з цягам часу прыносіць свой плод праз служэнне Пану і людзям у розных сферах жыцця. Падчас гэтай Святой Імшы мы сталі сведкамі веры тых бацькоў, якія прынеслі сваё дзіця, давяраючы яго Богу. І веры тых бацькоў, якія разам з братамі капуцынамі і сёстрамі, што служаць у нашым касцёле, дапамаглі ўзрасці дзецям да літургічнай службы алтара, калісьці таксама пачаўшы з Хросту.

25.05.2025 ministranty22

Дарагія бацькі, хросныя, маленькая Яўгенія і любыя міністранты, усе вернікі нашай парафіі: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца!” (Ян 14, 27b).

Тэкст: Алена Каралькова

Фота: Эрык Савянок