Skip to main content

Прыміцыйная святая Імша бр. Сяргея Гусара ў Маладзечне

| Падзеі »
26.04.2025 prymic Siargei Gusar009

У трэцюю велікодную нядзелю, 4 мая а 10 гадзіне, бр. Сяргей Гусар цэлебраваў у нашай парафіі сваю першую - прыміцыйную - св. Імшу. “Гэта вялікі дар Божы для нашай парафіі, - сказаў бр. Уладзіслаў у прывітальным слове. - Упершыню тут будуць служыць 4 святары. І хоць святар - звычайны чалавек, ён з’яўляецца яшчэ адной магчымасцю Бога дакрануцца да нашага жыцця. Гэта знак Божай любові да нас”. Пробашч падзякаваў усім, хто моліцца за бр. Сяргея і за ўсіх святароў, і звярнуўся да новага святара з вельмі кранальнай просьбай: “Цяпер ты, браце, памаліся за ўсю нашу парафію – тваю першую святарскую любоў”.

26.04.2025 prymic Siargei Gusar016

Новае служэнне бр. Сяргея распачалося з таго, што ён удзяліў хрост маленькай Дар’і, якая праз гэта стала часткай супольнасці Касцёла, Божым дзіцём і атрымала новае жыццё ў Хрысце.

26.04.2025 prymic Siargei Gusar021

Падчас гаміліі брат Сяргей разважаў над урыўкам з апошняй главы Евангелля ад Яна, які прагучаў у літургіі слова. У ім мы бачым разгубленасць і прыгнечанасць вучняў, якія перажылі смерць і ўваскрасенне свайго Настаўніка. Можна сабе ўявіць, што адчуваў Пётр, як успрымаў сябе, ўсведамляючы сваю здраду: смутак, расчараванне (перадусім сабой), невядомасць будучыні. І ён, пасля трох гадоў вандровак, навучання Езуса, малітваў, цудаў, вырашае зноў вярнуцца да таго, што  рабіў да сустрэчы з Хрыстом.

Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою»" (Ян 21:3).

26.04.2025 prymic Siargei Gusar017

А далей паўтараецца сітуацыя, падобная на тую, з якой распачалося пакліканне апостала.

"Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі. Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Сказаў ім Езус: «Дзеці, ці маеце што з’есці?» Яны адказалі Яму: «Не». А Ён сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы” (Ян 21:3-6).

Гэтым паўтораным цудам Езус запрашае Пятра перачытаць нанова сваё жыццё, нанова пачуць Яго заклік: “Ідзі за Мной”.

“Калі ж яны паснедалі, Езус кажа Сымону Пятру: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той адказаў Яму: «Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Езус кажа яму: «Пасі ягнят Маіх»” (Ян 21:15).

У тройчы зададзеным гэтым пытанні Хрыста можна распазнаць надзею, штуршок для Пятра, каб ён успомніў і вярнуўся да той першай любові Бога, якую адчуў напачатку, якая дала яму адвагу ўсё пакінуць і пайсці за Панам, каб адчуў наноў, што нягледзячы на ўсе цяжкія хвіліны, яго любяць, і ён мае шанец зноў адказаць на Божую любоў. Хрыстос хоча паказаць яму, што думкі, якія меў аб сабе Пётр як аб нікчэмным і непатрэбным здрадніку, нявартым любові, - непраўдзівыя. А праўда ў тым, што Пётр, як і іншыя вучні, як і кожны з нас, з’яўляецца любімым дзіцём Бога. Гэта бачна па таму слову, якім Езус звяртаецца да вучняў: “Дзеці, ці маеце што з’есці?”. Грэцкаму слову, якое тут перакладзена як “дзеці”, лепш адпавядае пераклад “сыночкі, дзіцяткі”.

Бог з пяшчотай глядзіць на кожнага з нас як на самае любімае дзіця. І нашае заданне ў тым каб услед за апосталам Пятром, нягледзячы на расчараванні сабой, на свае падзенні і змаганні, на меркаванні іншых людзей, зноў і зноў вяртацца да гэтага першага кахання, да любячых вачэй Бога, і слухаць голас любячага Айца.

Трэба слухацца Бога больш, чым людзей” (Дз 5:29).

 26.04.2025 prymic Siargei Gusar013

Бр. Сяргей падкрэсліў: “Дар Духа Святога – боязь Божая – палягае на распазнанні таго, што мая сіла - у Богу, што Яго любоў мацнейшая за мае слабасці. Евангелле заклікае нас давяраць Богу, заўважаць і прымаць з удзячнасцю Яго любоў, якая найчасцей праяўляецца ў простых штодзённых момантах жыцця”.

26.04.2025 prymic Siargei Gusar101

Папа Францішак заахвочваў пераглядаць свой дзень, каб заўважаць, у якіх момантах мы сустрэлі ў ім Бога, хоць, можа, адразу і не пазналі Яго: ва ўсмешцы іншага чалавека, ў своечасовай дапамозе, а можа ў тым, што хтосьці проста быў побач. Ён таксама заклікаў пераглядаць усё сваё жыццё, каб убачыць дзеянне Бога ў перспектыве часу. Гэта можа дапамагчы пазбегнуць паўтарэння адных і тых жа памылак і не круціцца “ўвесь час на адным месцы, як укусіўшае сябе за хвост шчаня”. Гэта дае шанец змяніць напрамак свайго жыцця.

Напрыканцы гаміліі святар, як прафесійны футбаліст, падзяліўся правілам, якім карыстаюцца футбалісты і якое вельмі добра адпавядае пачутаму Божаму Слову: “Новы дзень – новая гульня. Забывем, што нешта ўчора не атрымалася, і імкнемся пражыць новы дзень з новымі сіламі, адноўленымі ў Богу”.

Сёння для маленькай Дар’і, якая апранулася ў Хрыста і стала ўмілаваным дзіцём Бога, распачынаецца новае жыццё. “Няхай для нас яна будзе знакам, напамінам пра пачатак нашага жыцця ў Хрысце і Божую любоў на нас, каб мы мелі сілы і, перадусім, веру распачынаць нашае жыццё нанова,”- пажадаў прысутным брат Сяргей.

 26.04.2025 prymic Siargei Gusar023

На прыканцы святой Імшы новапрэзбітэр удзяліў прыміцыйнае бласлаўленне з ускладаннем рук прысутным братам капуцынам, сёстрам, новай хрысціянцы Дар’і, яе родным і кожнаму, хто да яго падыходзіў. Усе прысутныя на святой Імшы і тыя, хто прыйшоў на наступную Імшу, ішлі і ішлі, каб пачуць над сабой словы бласлаўлення і пацалункам ўшанаваць Хрыста праз далоні святара.

 26.04.2025 prymic Siargei Gusar036
 26.04.2025 prymic Siargei Gusar037
 26.04.2025 prymic Siargei Gusar039
 26.04.2025 prymic Siargei Gusar041
 26.04.2025 prymic Siargei Gusar051

Шчыра дзякуем Пану Богу за новага святара і хочам далучыцца да слоў пробашча: “Яго Эксцэленцыя біскуп Пікель Клеменс, які праводзіў рэкалекцыі для братоў капуцынаў, казаў, што не разумее тых, хто пры віншаванні жадае чалавеку заставацца такім, які ён ёсць. У хрысціяніна ёсць толькі адзін рух – рух наперад. Таму я жадаю табе захаваць усё тое прыгожае, што ты маеш, і далей ісці ў сваёй святарскай прыгодзе наперад”.

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок