Удзельнікі парафіяльных супольнасцяў наведалі Будслаў 1 мая

Ужо не першы год 1 мая ў Маці Божай у Будславе збіраюцца ўдзельнікі касцёльных рухаў і супольнасцяў. У гэтым годзе ў сустрэчы прымалі ўдзел каля 20 нашых парафіянаў, якія належаць да супольнасці Нэакатэхуменальнага шляху, Назарэтанскіх сем'яў, Францішканскага ордэна свецкіх, руху "Маргарытка", парафіяльнага Карытас і розных ружанцовых малітоўных груп, а наш парафіяльны хор упрыгожваў літургію спевам.

Ушанаваць Маці Божую на пачатку прысвечанага Ёй месяца сабралася шмат духоўных асобаў. Святую Імшу цэлебраваў Яго Эксцэленцыя Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Тэма сёлетняй сустрэчы ў юбілейны год, прысвечаны надзеі, была невыпадковай: "Пілігрымы надзеі". Дарэчы, і сама Будслаўская базіліка, згодна з Дэкрэтам № 85/Д/24 арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, з'яўляецца юбілейнай святыняй Юбілею Святога 2025 года, у якой да 6 студзеня 2026 года можна атрымаць поўны адпуст.

У слове, скіраваным да прысутных прадстаўнікоў рухаў і супольнасцяў, якіх сабралася поўная святыня, біскуп Юрый нагадаў аб іх важнай ролі ў сучасным свеце - несці святло надзеі. (Падрабязней можна пачытаць у артыкуле.)

Кс. Павел Эйсмант, духоўны кіраўнік руху "Маргарытка", падрыхтаваў канферэнцыю "Святы Ян Павел ІІ - прыклад пілігрыма надзеі", прысвечаную 105-й гадавіне з дня нараджэння Вялікага Папы, які як раз 1 мая роўна 14 год таму быў абвешчаны благаслаўлёным, а ўжо потым, 27 крсавіка 2014 г, - святым. Кс. Павел узгадаў, што падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ, на нашых землях пачала аднаўляцца вера і наноў сфармаваліся касцёльныя структуры. Але не столькі гэта. "У памяці людзей, якія яго бачылі па тэлевізару, а тым больш тых, якія ведалі яго асабіста, ён застаўся Чалавекам з вялікай літары, дзякуючы сваёй выключнай чалавечнасці," - падкрэсліў святар і узгадаў некаторыя рысы асобы святога. Найперш, Папу цікавіла годнасць чалавека як дзіцяці Божага, адкупленага смерцю Хрыста. Святы Ян Павел ІІ вучыў, што чалавек не можа зразумець сябе і свайго прызначэння без Хрыста. Такі хрыстацэнтрычны падыход да жыцця ёсць рысай сапраўднага пілігрыма надзеі, які сам кіруе сваё жыццё ў Неба і вядзе за сабой іншых. Чалавек глыбокай малітвы, Ян Павел ІІ штодня знаходзіў час на малітву і адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ён меў асаблівую любоў да Багародзіцы, якой прысвяціў сваё служэнне: Totus Tuus - "Увесь Твой".
Як Божы дар, Папа успрымаў і моцна любіў прыроду і жывёлаў (таму не разумеў палявання) і заўсёды знаходзіў час на шпацыр. Пакуль дазваляла здароўе, святар, кардынал, а потым пантыфік займаўся актыўнымі відамі спорту: футбол, байдаркі, горныя лыжы. Адначасова ён евангелізаваў тых, хто быў з ім разам.
Падчас апостальскіх падарожжаў Святы Айцец цалаваў зямлю, на якую прыбываў з візітам, у знак пашаны да тых, хто яго прымаў. Разам з тым, трэба адзначыць, што ён быў патрыётам сваёй радзімы.

Адметнай рысай яго пантыфікату было і тое, што ён быў блізка да вернікаў і вітаўся з імі за руку, асаблівую ўвагу ўдзяляў моладзі, любіў дзяцей, якіх браў на рукі і цалаваў, калі хто-небудзь з малых да яго прабіраўся.

Ён быў вельмі шчырым з людзьмі, любіў жартаваць і не баяўся паказацца смешным. Калі быў паранены, асабіста прыйшоў у турму да чалавека, які рабіў замах на яго жыццё, і выказаў яму словы прабачэння, што ў далейшым паспрыяла навяртанню гэтага чалавека.
"Паняцце "пілігрым надзеі" непарыўна звязана з чалавечнасцю, якая ёсць першай ступенню дасканаласці. Будзем вучыцца гэтаму ў св. Яна Паўла ІІ на шляху да святасці", - заахвоціў кс. Павел.
У сустрэчы таксама прымала ўдзел Радыё Марыя. Яго духоўны кіраўнік кс. Аляксандр Фаміных і свецкі дырэктар Яўгенія Найдовіч звярнуліся да прысутных з прапановай пашырыць магчымасці ўдзелу свецкіх у жыцці Касцёла з дапамогай Радыё Марыя. Паводле іх слоў, кожная супольнасць можа выбраць дзень і напоўніць эфір, з дапамогай супрацоўнікаў радыё, згодна са сваімі задумамі і планамі.

У канцы сустрэчы Яго Эксцэленцыя нагадаў, што 31 мая ў беларускім Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе плануецца сустрэча для першакамунійных дзяцей і святкаванне Сусветнага Дня Дзіцяці.
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Тамара Стасюлевіч, Марыя Арцішэўская, Галіна Савіцкая