"Маем новага святара!" Святарскае пасвячэнне брата Сяргея Гусара
Езус узяў хлеб, благаславіў,
паламаў і, даўшы вучням, сказаў:
«Бярыце і ешце, гэта Цела Маё».
І ўзяўшы келіх, і ўзнёсшы падзяку,
даў ім, кажучы: «Піце з яго ўсе,
бо гэта Кроў Мая новага запавету...
Мц 26, 26-27

У суботу 26 красавіка на святой Імшы а 12 гадзіне адбылася значная падзея не толькі для нашай парафіі, але і для Кустодыі Беларусі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, і для ўсяго Каталіцкага Касцёла нашай краіны: брат капуцын Сяргей Гусар атрымаў святарскае пасвячэнне з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

На пачатку святой Імшы Кусташ ордэна брат Алег Шэнда ва ўступным слове заўважыў, што гэты суботні дзень - сёмы дзень актавы Вялікадня – асаблівы. Найперш, таму што ў юбілейным годзе хрысціянства сваё галоўнае свята перамогі Хрыста хрысціяне адзначаюць разам. “А яшчэ гэты дзень мае асаблівыя фарбы, таму што мы развітваемся з папам Францішкам. Мне давялося сустрэцца з ім два разы. І мне падалося, што для яго, аргенцінца, далёкая і загадкавая Беларусь была жывой часткай ягонага сэрца,” - адзначыў брат Алег. І, канешне, яшчэ адной асаблівасцю гэтага дня з’яўляецца магчымасць быць сведкамі таго, што ў сучасным свеце знаходзяцца адважныя людзі, каб ісці за голасам паклікання і працягваць далей збаўчую місію Касцёла праз цэлебрацыю Эўхарыстыі.

Брат Алег прывітаў шматлікіх гасцей, якія прыбылі на святую Імшу. Найперш, Кусташ звярнуўся са словам да Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча: "Для Касцёла ў Беларусі Вы, Уладыка, з’яўляецеся не толькі чалавекам, які ствараў гэты Касцёл, але і сведкам шматлікіх падзеяў, якія прывялі да таго, што сённяшні Касцёл так моцна адрозніваецца ад таго, які Вы засталі як першы біскуп Беларусі больш 30 гадоў таму. Уладыка, дзякуем Вам, што Вы нават тады, калі маеце права ўжо адпачываць, спадарожнічаеце гэтаму Касцёлу, удзяляеце сакрамэнты і застаецеся блізка да людзей”.
Далей Кусташ прывітаў ксяндза каноніка прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, Маладзечанскага дэкана, дзякуючы руплівай службе якога паўстала і трывае значная частка Касцёла ў Беларусі і ў Маладзечне.

Сардэчныя словы прагучалі ў адрас бацькоў брата Сяргея, Аляксандра і Марыны, і яго родных братоў, Андрэя і Антона.


Таксама віталі паважаных святароў з суседніх парафій, з роднага горада брата Сяргея (Слоніма) і з Польшчы, студэнтаў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, законных сясцёр, братоў капуцынаў, якія служаць у розных мясцінах нашай краіны, братоў з Італіі і Польшчы – блізкіх сяброў і аднакурснікаў бр. Сяргея, з якімі ён разам праходзіў фармацыю, а таксама і ўсіх прысутных вернікаў.


Яго Эксцэленцыя, у сваю чаргу прывітаўшы ўсіх прысутных, заахвоціў да малітвы за спачылага папу Францішка, каб "яго апошняя пасха – пераход у Дом Айца – была для яго шчаслівай". У гэтай інтэнцыі ўсе прысутныя разам памаліліся 3 разы “Вітай, Марыя…”.

Падчас гаміліі Уладыка заўважыў, што вельмі прамаўляльна тое, што святарскае пасвячэнне брата Сяргея адбываецца ў вігілію ўрачыстасці Божай Міласэрнасці. У сучасным свеце, у якім “людзі ўсё часцей жывуць так, як быццам Бога не існуе”, святары патрэбны “як паветра”, каб праз навучанне людзей праўдам веры, цэлебрацыю сакрамэнтаў і духоўнае кіраўніцтва весці народ да збаўлення. Таму новы святар - гэта знак Божай Міласэрнасці для нас.
“Брат Сяргей з’яўляецца законнікам капуцынам і ў сваё святарскае служэнне будзе ўносіць так патрэбны ў наш час дух святога Францішка і харызму свайго манаскага ордэна,” - падкрэсліў глыбокапаважаны іерарх.

Абапіраючы сваю гамілію на словах псальма “Пан – пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы” (Пс 23(24), 1), якія прагучалі ў Літургіі слова, Уладыка заўважыў, што ў іх заключана галоўная думка адносна сакрамэнту святарства.
Кожнае святарскае пакліканне, згодна з вучэннем Касцёла, паходзіць ад Бога і заключаецца ў спецыяльнай місіі быць Alter Christus (Другім Хрыстом), а значыць быць ад Яго імя і ў Яго асобе добрым пастырам для сваіх авечак (пар. Ян 10, 11) – рупліва клапаціцца пра духоўны стан вернікаў і іх акармленне, аддаючы гэтай справе сваё жыццё. Таму кожнаму верніку прыведзеныя вышэй словы псальма даюць надзею, што Хрыстос праз асобу святара і яго служэнне будзе ўдзяляць ўсю паўнату Божай ласкі, неабходнай для збаўлення.
А кожнаму святару гэтыя словы дазваляюць спадзявацца, што праз шчырае і поўнае адданне свайго сэрца і жыцця Богу, Ён, яго Пастыр, будзе суправаджаць свайго святара і даваць усе неабходныя ласкі, каб ён мог спаўняць гэтае высокае пакліканне.

Праз усю гамілію Яго Эксцэленцыя падкрэсліваў важныя асаблівасці стаўлення святара да сваёй місіі быць настаўнікам і пастырам: “Каб быць годным даверу прапаведнікам праўды, святар павінен быць годным даверу сведкам праўды. Неабходна паглыбляцца ў Святое Пісанне, каб не быць пустым прапаведнікам Божага слова для іншых, не будучы першым яго слухачом. Святар пакліканы абвяшчаць Добрую навіну не толькі словам, але таксама прыкладам свайго жыцця. Па прыкладу Хрыста, ён павінен не валадарыць, але служыць людзям”. Гэты сэнс добра перадаюць словы-настаўленні абрада пасвячэння, якія заклікаюць святара верыць у тое, што абвяшчае, выконваць тое, чаму навучае, і жыццё сваё прыпадабняць да таямніцы крыжа Пана.
Арцыбіскуп Тадэвуш адзначыў: “Служэнне ў асобе Хрыста азначае, што святар не можа ставіць сябе ці сваю асабістую думку ў цэнтр свайго служэння. Ён павінен быць знакам, які вядзе людзей не да сябе, але да Хрыста”.

Далей Яго Эксцэленцыя звярнуў увагу на тое, што у наш час “секулярных тэндэнцый, хрысціянства без Хрыста, рэлігійнай абыякавасці” быць святаром складана. Ён пакліканы, больш чым калі-небудзь, “так выконваць сваё служэнне і місію, каб яны закранулі далёкія ад Бога сэрцы людзей нашага часу, асабліва маладых”. Калі “святароў становіцца ўсё менш, а справаў больш”, існуе небяспека ў сваёй руплівасці празмерна заглыбіцца ў шматлікія парафіяльныя справы (будоўлю, рамонты, арганізацыі канцэртаў, спартовых мерапрыемстваў), згубіцца ў мітусні, занядбаўшы малітву. Але “Касцёл – гэта боска-чалавечы арганізм”, і без глыбокага малітоўнага жыцця “святар будзе прапанаваць свету Касцёл як чыста чалавечую ўстанову, як нейкі камбінат духоўных паслуг”, а яго служэнне будзе пустым.

“Брат Сяргей, грунтуй сваё жыццё на малітве і праз малітву і вывучэнне Святога Пісання лепей пазнавай Хрыста, Які будзе натхняць цябе ў тваім служэнні, каб ты ні ў чым не меў нястачы,” – заахвоціў арцыбіскуп Тадэвуш. – “Памятай аб новай запаведзі любові, якую Езус даў нам падчас Апошняй Вячэры, калі ўстанавіў сакрамэнт пасвячэння: “Любіце адзін аднаго, як я вас палюбіў” (пар. Ян 13, 34). Будзь увасабленнем любячага і міласэрнага Айца, які не стамляецца любіць і прабачаць. Па прыкладу Асізскага бедняка скланяйся над патрабуючымі з мэтай несці ім духоўную і матэрыяльную дапамогу. Гэтым будзеш спрыяць іх уваскрашэнню з магілы граху і захаванню прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці. Смела абвяшчай праўду Евангелля, якая чыніць людзей свабоднымі (пар. Ян 8, 32). Жыві згодна з хрысціянскімі маральнымі прынцыпамі і барані іх. Верна і пабожна цэлебруй Эўхарыстыю і іншыя сакрамэнты, як бачныя знакі нябачнай Божай ласкі”.
Яго Эксцэленцыя з уласцівым яму гумарам заўважыў, што брат Сяргей мае адпаведнае сваёй місіі прозвішча – Гусар, што азначае "кавалерыйскі ваяр": “Будзь ваяром у справе будовы Божага Валадарства, абароны традыцыйных духоўных каштоўнасцяў і абвяшчэння Евангелля”.

“Сімвалічна, што ты становішся святаром у Юбілейны год надзеі. Будзь пілігрымам надзеі і дай тым, каго спаткаеш, надзею нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18). Няхай Найвышэйшы Святар – Езус Хрыстус – адорыць цябе патрэбнымі ласкамі і дарамі для плённага выканання місіі, якую распачынаеш, а заступніцтва святога Францішка суправаджае ў законным і святарскім служэнні. – пажадаў Уладыка. - Будзь Gaudium et spes - “Радасцю і надзеяй” Касцёла ў Беларусі і ордэна капуцынаў на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей”.

Пасля гаміліі быў удзелены сакрамэнт пасвячэння. Брат Сяргей склаў на рукі Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча абяцанне пашаны і паслухмянасці дыяцэзіяльнаму біскупу і свайму вышэйшаму настаяцелю. Потым ён на знак свайго поўнага аддання сябе ў службе Богу ляжаў крыжам перад алтаром, а Касцёл спяваў літанію да ўсіх святых, склікаючы ўсё Неба і просячы аб заступніцтве.

Затым адбыўся важны момант ускладання рук біскупам і ўсімі прысутнымі святарамі, далей прагучала кансэкрацыйная малітва, - і новы святар з дапамогай гвардыяна, брата Андрэя Жылевіча, апрануў арнат.


Яго Эксцэленцыя намасціў рукі брата Сяргея алеем, а потым перадаў яму келіх і патэну - сімвалы святарства. У гэтыя кранальныя моманты ці быў хтосьці з прысутных, хто б не глядзеў на брата Сяргея праз слёзы радасці?!


Падчас Эўхарыстычнай літургіі новы святар ужо ўдзельнічаў у аднаўленні ахвяры нашага адкуплення і падрыхтоўцы Пасхальнай вячэры: ад імя Езуса прамаўляў словы кансэкрацыі “Гэта Маё Цела …”, “Гэта Мая Кроў…” разам з прысутнымі святарамі, упершыню перажываючы такую еднасць з асобай Хрыста.

Пасля Эўхарыстыі новапрэзбітэр звярнуў да прысутных словы падзякі. Найперш, ён выказаў удзячнасць Пану Богу за ўласную гісторыю жыцця, за Яго прысутнасць у кожным моманце і за ласку паклікання. Потым падзякаваў за прыклад веры і любоў сваім бацькам і родным братам: “Вы з’яўляецеся самым дарагім падарункам у маім жыцці”.

Прыгожыя словы падзякі брат Сяргей скіраваў да Яго Эксцэленцыі, успомніўшы час свайго прабывання ў Маскве, дзе на вежы архікатэдры знаходзіцца герб арцыбіскупа Тадэвуша: “Калі ў нядзелю я прыходзіў на святую Імшу і глядзеў на Ваш герб, для мяне гэта было подыхам Беларусі, напамінам пра дом”. Таксама брат узгадаў, што для яго, як, напэўна, і для кожнага пілігрыма, які прыходзіў у Будслаў на адпустовую ўрачыстасць, заўсёды было важна пачуць словы Яго Эксцэленцыі “На Беларусі Бог жыве!” і адказаць “Жыве!”. “Я ўдзячны Вам за Ваш прыклад веры і служэння, за Вашу блізкасць да народа, у тым ліку і ў складаныя моманты жыцця. І я вельмі шчаслівы, што менавіта з Вашых рук прыняў гэты сакрамэнт,”- падзяліўся брат. Асаблівыя словы ўдзячнасці былі выказаны братам капуцынам: мясцовай супольнасці, кусташу, сваім аднакурснікам, а таксама ўсім прысутным святарам. Не засталіся без увагі хор, міністранцкая супольнасць, законныя сёстры, а таксама парафіяльныя групы і ўсе прысутныя: “Вы з’яўляецеся нашым багаццем. Вялікае шчасце тут служыць”.

Напрыканцы святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш падзякаваў Пану Богу за тое, што Ён, які піша гісторыю, сёння ўпісаў ў яе новага святара - капуцына Сяргея Гусара. Уладыка павіншаваў новапрэзбітэра і пажадаў яму заўсёды добра памятаць сваю першую цэлебраваную Эўхарыстыю.
“Маем новага святара!” – абвясціў Яго Эксцэленцыя і ўручыў брату Сяргею падцвярджальны дакумент, на што сабраны народ адказаў гучнымі і радаснымі апладысментамі. “Прашу не толькі пляскаць, але любіць і жалаваць!” – з гумарам заўважыў арцыбіскуп.


Пасля святой Імшы кожны мог павіншаваць новага святара, а потым пачаставацца рознымі стравамі на вуліцы каля касцёла. Асабліва цікавым быў журэк – суп на заквасцы ад брата Войцеха, які ён рупліва гатаваў некалькі дзён.

Ад імя усіх парафіянаў шчыра віншуем нашага новага святара і абяцаем сваю падтрымку справай і малітвай!
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок, Антон Савянок, брат Angelo Minacapilli OFMCap