“Добра, Пане, Ты перамог! Я іду за Табой!” Інтэрв’ю з братам Сяргеем Гусарам
“Не бойся, адгэтуль ужо
людзей лавіць будзеш”.
Лк 5:10
У актаве Уваскрасення Пана, менавіта напярэдадні свята Божай Міласэрнасці, 26 красавіка ў нашай святыні адбудзецца прэзбітэрскае пасвячэнне нашага брата Сяргея Гусара, якое ўдзеліць кс. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Шлях паклікання ў кожнага брата свой, але ён ніколі не бывае простым. Быць абраным, пачуць голас Пана і пайсці за Ім можа толькі ўнутрана мужны і адданы чалавек, якім і з’яўляецца бр. Сяргей Гусар. Прапаную пазнаёміцца з ім бліжэй і прайсці разам з ім яго шляхам паклікання.

˗ Бр.Сяргей, вы выхоўваліся ў веруючай сям’і?
˗ Калі, напрыклад, узяць гісторыю маёй мамы, то яна выхоўвалася ў веруючай сям’і. Але вельмі рана, калі ёй было 16 год, яе бацькоў не стала, і яна засталася сіратой. Пазней яна пераехала ў Слонім і выйшла замуж за майго тату. І ўжо тут, у Слоніме, нарадзіўся я. І вось такое самастойнае жыццё без бацькоў, напэўна, паспрыяла таму, што мама нават маліцца перастала. Мой тата паходзіць з больш камуністычнай сям’і, і гэта таксама дало свой адбітак на выхаванні. Ён нават пахрысціўся толькі ў 27 гадоў. Але паступова маме пачалі вяртацца малітвы. Зерне веры, закладзенае яе бацькамі, пачало даваць плады. Іконка дзесьці заўсёды ляжала пад падушкай. І, нарэшце, бацькі прыйшлі ў касцёл у 2002 годзе пасля 15 гадоў сужэнства.
Я ахрышчаны ў царкве, але Першую Святую Камунію я прыняў ужо ў касцёле, калі мне было 14 гадоў. І вось, пачынаючы з гэтага часу, я магу сказаць, што наша сям’я стала сапраўды веруючай. Вялікую ролю ў вяртанні да веры нашай сям’і адыграў айцец Вітальд Жыльветра, які ўдзяліў шлюб маім бацькам. Затым і я ўжо пайшоў служыць міністрантам. Мы разам заўсёды маліліся, што б там не адбывалася. Магу сказаць, што мама – гэта фундамент веры ў нашай сям’і. Гледзячы на яе, я бачу, што вера жывая.

˗ Вы маеце родных братоў. Раскажыце крыху пра іх.
˗ У мяне два браты. Я самы старэйшы. З братам Андрэем у мяне розніца амаль два гады. Ён цяпер маёр міліцыі ў Слоніме. Мы з ім з дзяцінства разам. Разам нас хрысцілі, разам мы прымалі Першую Святую Камунію, разам служылі міністрантамі. Самае цікавае, што ён быў больш актыўны за мяне ў рэлігійным плане. Напрыклад, у нядзелю раніцай ён рана ўставаў і разам з адным з братоў капуцынаў ехаў на вёскі служыць падчас Святой Імшы. Мяне гэта нават здзіўляла, чаму ён так робіць. І ў пілігрымку ў Будслаў ён самы першы з нас пайшоў. Потым ён пайшоў вучыцца. Жыццё закруціла. Цяпер ён ходзіць у касцёл, але ўжо не так актыўна, як раней. Другі мой брат Антоха малодшы за мяне на 17 гадоў. Антону цяпер 19 год, ён студэнт першага курса, вучыцца ў Любліне. З Антонам у мяне больш блізкія братэрскія адносіны, бо Антон больш адкрыты, чым Андрэй. З Антохай, калі ён яшчэ быў маленькі, мы шмат праводзілі часу, размаўлялі. І цяпер мы часта стэлефаноўваемся: брат дзеліцца са мной сваімі перажываннямі, раіцца.

˗ Якім хлопчыкам былі вы ў дзяцінстве? Ці мелі лепшага сябра?
˗ Я рос у двары, дзе жылі 16 сямей, і дзеці былі амаль аднаго ўзросту. І ўсё маё дзяцінства – гэта футбол, лес, вуліца. Я рос у коле сваіх аднагодкаў. Але сказаць, што з кімсьці ў мяне былі супер блізкія адносіны, не магу. Быў сябар Толік, але потым ён з’ехаў вучыцца ў Санкт-Пецярбург, і нашыя сцежкі разышліся. Я такі трошкі заўсёды закрыты, сціплы быў, не ведаю чаму. Я быў “ціхацемны”, гэта значыць – здаецца ціхі, але свае справы рабіў (смяецца).

˗ Ці старанна вучыліся ў школе? Аб якой прафесіі марылі?
˗ Наконт прафесіі, то яшчэ ў дзяцінстве я марыў стаць архітэктарам. Мне падабалася маляваць розныя формы. Вось была такая мара, але нават не ведаю, чаму.
А вучыўся я ў гімназіі з ангельскім ухілам. Вучыўся добра, вельмі хутка саабражаў. Бог надзяліў мяне такім дарам, што мне дастаткова было адзін раз паслухаць, і я ўжо мог адказваць. Ангельская мова была ў нас на дастаткова моцным узроўні з першага класа. Паралельна некалькі гадоў я яшчэ вывучаў нямецкую мову. І вось была яшчэ адна мара, каб звязаць сваё жыццё з замежнымі мовамі. І Пан Бог так пакіраваў, што гэта дзіцячая мара здзейснілася ў ордэне. Мне давялося вывучыць некалькі моваў, займацца перакладам, удзельнічаць у канферэнцыях. На сённяшні дзень валодаю ангельскай, італьянскай і польскай мовамі, крышку ўжо разумею іспанскую мову. А два гады назад мне пашанцавала пабываць яшчэ на курсах ангельскай мовы ў Англіі, дзе я цэлы месяц жыў у кляштары і хадзіў кожны дзень на заняткі ў ангельскамоўнае асяроддзе. Атрыманыя навыкі і вопыт вельмі павысілі мой узровень валодання мовай. І ўжо цяпер для мяне няма праблемы паразмаўляць на любую тэму на ангельскай мове, ды і вывучэнне наступных моў будзе давацца намнога прасцей.
˗ Ці захапляліся музыкай? Якой?
˗ Калі проста паслухаць музыку, то яшчэ можна, а вось спяваць альбо граць – гэта дакладна не пра мяне (смяецца). У падлеткавым узросце любіў слухаць ангельскі рок ці, яго яшчэ называюць, інды-рок. Тады толькі з’явіліся ў нас гурты “Green Day”, “Muse”, “The Killers”, “Linkin Park”. І нават ужо ў дарослым жыцці мне пашанцавала пабываць на канцэрце “Muse” і “Linkin Park”. Цяпер магу паслухаць любую музыку ў залежнасці ад настрою. Гэта можа быць класічная музыка, люблю паслухаць піяніна, поп-музыку, італьянскую музыку.

˗ Якую ролю ў вашым жыцці адыграў футбол?
˗ Значную частку свайго жыцця я аддаў футболу. У дзяцінстве – гэта футбольная пляцоўка (нават не адна) у лесе, за домам. Гулялі двор на двор да ночы. Мама дазвацца не магла. Тата больш разумеў наш азарт, бо сам быў футбольным трэнерам.

А вось, як я ўжо быў падлеткам, у 15 год выехаў з дому ў Мінск, бо мяне пазвалі гуляць у прафесійную футбольную каманду ў “МТЗ-РІПА”. Ужо на другім годзе прыбывання, наша каманда выйшла ў вышэйшую лігу, і, адпаведна, патрабаванні былі дастаткова высокімі. Вось гэтыя часы былі досыць цяжкія для мяне. Вельмі хутка трэба было пасталець, самастойна наладзіць быт, умець за сябе пастаяць. І тут можна было спатыкнуцца, пайсці не ў тым напрамку, але мае бацькі заклалі ўва мне фундамент правільных паводзін, прынцыпаў, жыццёвай пазіцыі. Гэтая, так званая “школа жыцця”, працягвалася чатыры гады. Менавіта з гэтым перыядам у мяне звязаны першыя глыбокія расчараванні, крыўдныя моманты, можа таму ў мяне ў гэтай сферы да канца так і не атрымалася. Па выніках кантрольных фізічных тэстаў я выйшаў на першае месца, але ў асноўны састаў так і не трапіў. І гэта было такое балючае сутыкненне з дарослым жыццём, досвед несправядлівасці. Але з другога боку, мне пашчасціла папрацаваць з такім вядомым, харызматычным футбалістам-легендай, як Эдуард Васільевіч Малафееў. Ён казаў: “Хлопцы, калі вы крутымі футбалістамі і не станеце, але футбол у жыцці вам заўжды дапаможа”. Падтрымліваў таксама вядомы трэнер (цяпер галоўны трэнер “Дынама-Брэст”) Аляксандр Вячаслававіч Бразевіч. У мяне была ўпэўненасць, што футбол – гэта маё. Мне хацелася даказаць сабе і іншым, што мяне проста не разглядзелі, не дацанілі.

Так у 19 год я вярнуўся дадому і пайшоў гуляць у каманду “Камунальнік-Слонім”, якая была ў першай лізе. Гэта ўжо была дарослая каманда, кантракт, нашмат большыя грошы. Я быў асноўным гульцом каманды, віцэ-капітанам. За гэты перыяд было праведзена больш за 120 гульняў у 1-ай і 2-ой лізе, кубак Беларусі, вышэйшая ліга. І так я працягваў займацца прафесійна футболам да 24 гадоў. І мне здавалася, я ўжо усё даказаў, што хацеў, і вось зараз будзе шчасце. А ў выніку – пустата. І вось гэта было маё асабістае адкрыццё: прыйду – і ўсё будзе, прыйшоў, а нічога няма.
˗ Вядома, што ў вас некалькі адукацый. Раскажыце падрабязней.
˗ Калі я пераехаў у 15 год у Мінск, то паступіў у ПТК пры РІПА, бо гуляючы ў футбол, трэба было працягваць вучыцца. Затым быў тэхнікум па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт у прамысловасці”. А потым я паступіў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (завочна), але ўжо па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт у будаўніцтве”. Увесь гэты час я паралельна працягваў гуляць у футбол, таму бабуля мне вельмі дапамагала практычна асвойваць спецыяльнасць, бо яна ўсё жыццё працавала бухгалтарам. Паспяхова абараніў дыпломную працу “Будаўніцтва дарог” у 2012 годзе.
І вось гэты 2012 год стаў для мяне вельмі насычаным на падзеі. Я скончыў універсітэт, скончыў гуляць у футбол і паехаў працаваць у Маскву, каб шукаць чагосьці новага. На той момант мне яшчэ “свяціла” армія, таму я вырашыў паступіць далей ужо ў Маскве ў магістратуру ў прыватны Інстыт міжнародных эканамічных сувязяў. Але ад арміі мяне гэта не ўратавала (смяецца), бо падчас маёй вучобы выйшаў закон, што замежная магістратура не дае адтэрміноўкі. І вось у гэтай сітуацыі мне дапамог футбол, бо мяне добра ведалі ў Слоніме, і паступіла прапанова ад ваенкамата пайсці служыць у рэзерв. Гэта быў такі напружаны і цікавы перыяд у жыцці. Я жыў у вялікім горадзе, сярод вялікага натоўпу, але адчуваў адзіноту. Працаваў у салоне дарагой мэблі, зарабляў добрыя грошы, паралельна вучыўся ў магістратуры і яшчэ ездзіў у Беларусь на службу. Праз два гады я атрымаў дыплом магістра эканомікі. Мяне ўжо заўважылі на працы, зрабілі адміністратарам салона прэміум-сегмента, з’явілася магчымасць зрабіць добрую кар’еру, бо бізнес імкліва развіваўся. Але пастаяннае напружанне, стрэс, адказнасць за салон, крывадушнасць людзей, адсутнасць побач родных мяне вельмі стаміла. І зноў я пачаў адчуваць нейкую пустату. Гэта было не тое, чаго я шукаў.

У 2014 годзе я вярнуўся дадому. Крыху спрабаваў працаваць у МНС у Слоніме, бо меў званне лейтэнанта пасля арміі. Затым у Мінску – зноў у мэблевым бізнесе. Але ўсё гэта не мела для мяне глыбокага сэнсу.
˗ Калі адчулі пакліканне да служэння Богу?
˗ Калі я аналізую сваё жыццё, то разумею, што куды б яно мяне не кідала, чым бы я не займаўся, Бог заўсёды быў прысутны, і менавіта так, як Яму хацелася. Ён мяне быццам бы выпрабоўваў, паказваў бессэнсоўнасць маіх мэтаў, рыхтаваў да нечага большага.
Усё пачалося ў Слоніме ад айца Вітальда. Памятаю выпадак, калі ўжо пасля таго, як я прыняў Першую Святую Камунію, мы прыйшлі ў касцёл на ружанец, а там служыў міністрантам старэйшы хлопец з маёй школы, каторы быў “зоркай”, бо і ў футбол добра гуляў, і дзяўчаты за ім бегалі. І у мяне тады ўзнікла пытанне: “Ён у касцёле? Міністрант? Чаму і мне не паспрабаваць?” І вось тут быў такі момант для мяне важны, што не бацькі, а другі аўтарытэтны чалавек стаў прыкладам. Я стаў хадзіць у касцёл, служыў міністрантам.
Потым, калі я ўжо паехаў гуляць у футбол, мне падарыў класны малітоўнік для спартсменаў ксёнз Артур Малафей са Слонімскай парафіі. Там былі ўрыўкі са Святога Пісання пра спорт, псальмы, малітвы перад гульнёй, пасля гульні. І я так працягваў маліцца, хадзіў на Святую Імшу ў Катэдру, і гэта быў мой свядомы самастойны выбар.
Далей ў Маскве была цікавая рэч. Спецыфіка маёй працы была такая, што неабходна было запрашаць, зацікаўліваць кліентаў. І ў мяне часамі з’яўляліся такія думкі: “Людзей лавіць будзеш, як святы Пётр”.

І вось пасля Масквы, калі я вярнуўся дадому, мне вельмі хацелася правесці шмат часу з бацькамі, з братамі, з бабуляй (яшчэ яна была жывая) сярод звычайных дамашніх клопатаў, бо ў мяне чамусьці было такое адчуванне, што гэта апошні свабодны перыяд майго жыцця. Не ведаю чаму, але я адчуваў, што далей будзе значная змена. Голас паклікання быў ужо дастаткова моцны, але я яшчэ да канца не верыў, бо можа не быў гатовы.
І вось у 2016 годзе (я ужо зноў працаваў у Мінску) падчас Вялікага посту я зрабіў сабе пастанову чытаць у дзень адзін раздел Святога Пісання. І ў адзін з дней, калі я прачытаў пытанне Пятра: “Што мы атрымаем, бо ўсё пакінулі і пайшлі за Табою?”, а Хрыстос яму адказаў: “Хто пойдзе за Мною, будзе мець у сто разоў болей”, мяне як быццам прабіла токам. Я зразумеў, што ўсё навокал не вартае таго, каб да яго імкнуцца. І я сказаў сам сабе: “Добра, Пане, Ты перамог! Я іду за Табой!”
Я кінуў працу ў Мінску, вярнуўся дадому на 1-2 месяцы. Зрабіў такое апошняе турнэ ў Піцер на некалькі дзён. Там як раз былі белыя ночы, таму з задавальненнем пагуляў па горадзе, схадзіў у тэатр, трапіў яшчэ раз на канцэрт гурта “Muse”. Гэта паездка атрымалася такім асабістым развітаннем са свецкім жыццём.
І вярнуўшыся з Піцера, я пайшоў у пілігрымку “Маладзечна – Будслаў” ужо канчаткова ўпэўнены ў сваім выбары, у сваім пакліканні.
˗ Як родныя прынялі ваша рашэнне: аддаць жыццё на служэнне Богу?
˗ Мама ў мяне вельмі глыбокі, мудры, напоўнены Духам Святым чалавек. Яна, калі даведалася, сказала: “Я заўсёды ведала, што так будзе”. Калі яна езділа ў Будслаў, малілася за мяне ў розных патрэбах, то нават тады разумела, што гэта ўсё не маё, што Бог мяне кліча да чагосьці большага. А з бацькам вельмі цікава атрымалася, бо мы з ім абодва такія ўпартыя, не саступім адзін аднаму, але ад яго нечакана я адчуў вельмі вялікую павагу за маё рашэнне. Старэйшы брат Андрэй падтрымаў і прызнаўся, што нават здагадваўся пра маё рашэнне. Антоха тады яшчэ да канца не разумеў мой выбар, але пазней, калі яму было ўжо 16-17 год, ён пачаў задаваць мне дастаткова глыбокія пытанні: “А як ты рашыўся? А табе там камфортна? Ці гэта тваё?” І ён гэта прымае, шануе, часамі здзіўляецца, бо для яго гэта таямніца.
˗ Чаму менавіта капуцыны?
˗ У нас у Слоніме браты капуцыны ў касцёле святога Андрэя. І, як я ўжо казаў, усё пачалося ад айца Вітальда, калі ён аднавіў веру ў нашай сям’і. Потым змяніліся браты. Прыйшлі бр. Андрэй Букштан, бр. Анатоль Ярошка і бр. Францішак Бука. І на той час шмат чаго трэба было зрабіць пры касцёле, таму браты вельмі аддана працавалі фізічна. Я спачатку дзесьці раз на тыдзень прыходзіў ім дапамагаць, потым два разы, а потым ужо і кожны дзень прыходзіў працаваць. І вось прыклад братоў, а менавіта іх праца, мудрыя казанні, сведчанні, супольная кава, само іх быццё разам было мне да спадобы. Цікава тое, што дзе я б не быў, у Мінску ці ў Маскве, мне нідзе не было так спакойна і добра, як на гэтай пашарпанай капуцынскай кухні ў Слоніме за кавай з братамі. Я разумеў, што хачу жыць у супольнасці, бліжэй пазнаць жыццё св. Францішка і братоў капуцынаў. Я сабе задаваў пытанне: “Аб чым бы я шкадаваў перад момантам смерці?” І ў мяне такі адказ: “Не паспрабаваць капуцынскага жыцця”.

˗ Дзе распачалося служэнне, і хто найбольш падтрымліваў у гэты час?
˗ Свой пастулят я распачаў у Маладзечне. Мне было 28 гадоў. Тады тут служылі добра мне вядомыя браты: бр. Андрэй Букштан, бр. Анатоль, бр. Юрый Краўчанка, таму я адчуваў сябе дастаткова камфортна. Вельмі шмат часу я праводзіў з моладдзю, мы разам працавалі, маліліся, адпачывалі. Час ляцеў хутка, адным словам – жыццё кіпела.

Затым мой пастулят, а потым навіцыят працягнуліся ў Польшчы. І тут было ўжо больш складана, бо ў першых гадах фармацыі ёсць такое правіла, каб не мець шмат сувязі з домам, каб адбылася сепарацыя ад сям’і. Моцны націск рабіўся на адносіны паміж братамі. І вось як раз тут, падчас пастуляту, я набыў двух лепшых сяброў, якія сталі для мяне сапраўднай падтрымкай. Адзін з іх – гэта бр. Дам’ян (паляк). Магутны такі хлопец, займаўся барацьбой, таксама, як і я, футболам. Але пры ўсёй знешняй суровасці, унутры ён вельмі чулы і спагадлівы чалавек. А другі мой сябар – гэта абсалютна іншы сусвет для мяне. Ён нават у пастулят прыйшоў са скейтбордам і з незвычайнай знешнасцю. Залезці сама высока, нырнуць сама глыбока – гэта ўсё пра бр. Бартэка. Мы з імі сапраўды розныя, але вельмі шмат перажылі разам і змаглі збудаваць адносіны на ўзроўні родных, якія падтрымлівалі і ратавалі падчас фармацыі. Мы заўсёды былі разам: пастулят, навіцыят, першыя шлюбы, пасля навіцыяту капуцынскія паслугі (праца ў хоспісе, у Caritas, у доме сацыяльнай дапамогі, у касцёле), затым вучоба ў семінарыі. Так мінулі пяць гадоў, і я паехаў далей у Італію яшчэ на тры гады вывучаць тэалогію, а мае браты засталіся працягваць вучобу ў Любліне. Але адлегласць і час не змянілі нашых братэрскіх адносін, і наша сяброўства трывае да гэтага дня. Увогуле, нас у Польшчы пачынала пастулят 13 чалавек, а вось да гэтага часу дайшлі мы ўтрох.
˗ А як вы звязаны са скаўтамі?
˗ У Польшчы была такая фармацыя, што раз на месяц у нас быў абавязковы выхад на цэлы дзень дзесьці ў лес, на возера, куды заўгодна. І мне гэта вельмі падабалася. Пры гэтым з намі быў бр. Бартэк, які займаўся харцэрствам (рух у Польшчы) і ведаў шмат розных тэхнік, як вязаць вузлы, як распаліць вогнішча, адным словам, як выжыць на прыродзе. Такі спосаб быцця Бартэка мяне вельмі прывабліваў. Пазней, калі ў нас з’явілася больш самастойнасці, мы працягвалі практыкаваць такія выхады паяднання з прыродай. А вось, калі я трапіў у Італію, то аказалася, што там іншая фармацыя. Мы жылі ў вялікім горадзе, мала куды выходзілі, быў толькі сад, дзе можна было трошкі папрацаваць. Мне страшна не хапала вольнага паветра, прыроды, і тады гвардыян мне прапанаваў паспрабаваць са скаўтамі. Даў нумар тэлефона адказнага святара для сувязі. Гэта рух, які распаўсюджаны па ўсім свеце, а ў Італіі гэта арганізацыя каталіцкіх скаўтаў мае назву “AGESCI”. Я атрымаў запрашэнне на спектакль у скаўцкім стылі. Адказныя групы вельмі зычліва мяне прынялі. З гэтага часу пачалося маё захапленне скаўцкімі канструкцыямі, якія мы будавалі з хлопцамі-падлеткамі. Я нават склаў скаўцкія абяцанні, якія для мяне сталі не пустым гукам. А скаўцкая кухня – гэта асобная тэма. Любая паста (макароны), прыгатаваная на вогнішчы па традыцыйных рэцэптах бабуль, нікога не пакіне абыякавым. Хачу заўважыць, што 99% італьянскіх падлеткаў умеюць смачна гатаваць, дзякуючы менавіта сваім бабулям.

Скаўцінг мне таксама дапамог у маім капуцынскім пакліканні. Некаторыя ўдзельнікі групы былі павярхоўна зацікаўлены касцёлам, а я быў сярод іх адзіны брат у хабіце, таму пачаў праводзіць катэхезы, малітвы, асабістыя глыбокія размовы. І наша сумеснае прыбыванне мела двухбаковы плён. Як чалавек дыхае лёгкімі, так вось капуцынства для мяне – гэта асноўная частка, а скаўцінг – гэта дыхальныя шляхі. Нават італьянская скаўцкая вяроўка заўсёды са мною. У мяне ёсць мара, каб тут, у нашай парафіі, таксама паўстаў скаўцкі рух.

˗ У сёлетняй пілігрымцы чакаць скаўцкага напрамку?
˗ Гэта маленькая таямніца (смяецца). У нас з бр. Уладам ёсць адна задумка, паглядзім на колькі яна будзе зрэалізавана.

˗ Што асаблівага ў служэнні ў Маладзечне?
˗ Перад усім – гэта нашыя людзі. Як у вядомай песні спяваецца: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. Вось гэта пра мяне. З досведам жыцця ў розных краінах я сапраўды магу сказаць, што нашыя людзі – гэта самае вялікае багацце. Такіх людзей, як беларусы, я нідзе не сустракаў. Наша парафія жывая, бо тут дзейнічае многа рухаў і супольнасцей, напоўненых адкрытымі, добрымі, сапраўднымі людзьмі. Мне хочацца тут разам быць, маліцца, прапаведваць. І гэта – шчасце!
Бліц-апытанне:
˗ Ваш дэвіз па жыцці?
˗ На Бога спадзявайся, але і сам старайся.
˗ Да якой стыхіі вы бы сябе аднеслі?
˗ Агонь (вогнішча, скаўты, цеплыня).
˗ Фільм альбо кніга?
˗ Кніга. (У. Караткевіч “Чорны замак Альшанскі”, “Дзікае паляванне караля Стаха”).
˗ Лепшае месца на зямлі?
˗ Дом.
˗ Світанак ці заход?
˗ Заход.
˗ Якой незвычайнай здольнасцю вам хацелася б валодаць?
˗ Тэлепартацыя
˗ Кава ці гарбата?
˗ Кава
˗ Якую самую лепшую параду вы атрымалі ў сваім жыцці?
˗ Будзь сабой!
˗ Які біблійны вобраз вам бліжэй?
˗ Марыя Магдалена (момант, калі Хрыстос называе яе па імені).
˗ Якая на ваш погляд самая вялікая праблема, з якой сёння сутыкнулася чалавецтва?
˗ Эгацэнтрызм.
Дзякуем бр. Сяргею за шчырую размову, за адкрытае сэрца. Дзякуем Пану Богу за пакліканне брата Сяргея. Жадаем яму годна несці святло праўды людзям. Просім аб малітоўнай падтрымцы для яго ў гэтыя дні прыгатавання да прыняцця святарства. Таксама ад усяго сэрца запрашаем усіх жадаючых далучыцца да перажывання гэтага важнага для яго моманту і асабіста падтрымаць яго сваёй прысутнасцю ў гэты дзень.
Размаўляла і пісала тэкст: Алёна Арлоўская
Фота з асабістага архіва бр.Сяргея і архіва касцёла св.Піо
Відэаінтэрв'ю: Віторыя Гулецкая