Святы Пасхальны Трыдуум, 17-20 красавіка 2025

Дні Трыдуума, для кагосьці доўгачаканыя, а для кагосьці неўзабаве надыйшоўшыя, сёлета прыйшліся на 17-19 красавіка.
Касцёл вучыць, што ў гэтыя святыя дні Езус – Крыніца жыцця - тут і цяпер далучае нас да сваёй перамогі над смерцю.
Вялікі Чацвер
Эўхарыстыя, святарства і запавет братняй любові – гэта тры скарбы Прысутнасці Езуса, якія Ён нам пакідае ў Вялікі Чацвер. Сёння Ён сядае з намі за адзін стол.


Асаблівасцю Літургіі Вялікага Чацвярга з'яўляецца урачысты гучны перазвон усіх званоў касцёла падчас гімну “Хвала на вышынях Богу”, а потым музыка і званы змаўкаюць аж да Вігіліі.

“У нашу літургію ўвайшоў госць, – адзначыў бр. Уладзіслаў падчас казання. – Гэты госць – цішыня. Менавіта ў цішы Бог хоча аб’явіць самае глыбокае тым, хто захоча сапраўды ўвайсці ў яе”.
Адзін з цэнтральных таямнічых знакаў літургіі ў Вялікі Чацвер – гэта абмыццё ног 12 мужчынам, якое здзяйсняе святар на ўспамін таго, як Хрыстос абмываў ногі апосталам.
“Езус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя і што Ён выйшаў ад Бога і да Бога ідзе, устаў з-за стала, скінуў верхнюю вопратку і, узяўшы палатно, падперазаўся. Потым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням, і выціраць палатном, якім быў падперазаны” (Ян, 13:3-5).
“А навошта Бог зацеяў усё гэта: нарадзіўся, жыў такі працяглы час сярод людзей, а потым перажыў падзеі Вялікага тыдня? - задаў нечаканае пытанне бр. Уладзіслаў. - І чаму Езус перад тым, як абмыць ногі вучням, успамінае найперш пра Айца?”
Ян Евангеліст падкрэслівае, што Езус ўсё робіць для Айца, для Яго любові. Сваімі чынамі, у простых рэчах Збаўца хоча адкрыць таямніцу ўзаемаадносінаў сярод Асобаў Святой Тройцы, паказаць, як там у Іх і як яно павінна быць сярод нас. Абмываючы ногі вучням, Езус прынізіўся да ўзроўню слугі (такую паслугу звычайна ў юдэяў рабілі нявольнікі) і гэтым паказаў, што ПРЫНЦЫП жыцця ўнутры Трыадзінага Бога - гэта служыць.
Калі хочаш паказаць чалавеку, што ён для цябе каштоўны, любімы, – паслужы яму. Да сэрца прамаўляюць учынкі. Калі мне хтосьці служыць, я разумею, што я каштоўны для таго чалавека.
Езус сваёй паслугай хоча сказаць сваім вучням: “Я вам так учыніў, каб вы ведалі, што вы для мяне каштоўныя. Гэтак мыйце ногі адзін другому”. Дух службы, клопату – гэта тое, па чым пазнаюць вучняў Хрыста.
Я адчуваю сваю вартасць і тады, калі я прымаю паслугу, і тады, калі я сам служу. Па-сапраўднаму, з любові, служыць можа толькі той, хто разумее сваю вартасць, хто разумее, што яго любяць. Таму спачатку трэба любоў прыняць.

Ёсць дзве перашкоды для прыняцця любові.
Першая – гэта адчуванне сваёй нявартасці, падобна, як з боку Пятра: “Не, ніколі не абмыеш мне ног” (Ян 13:8). Гэта зразумелае для нас стаўленне, бо і мы часта баімся прыняць паслугу з боку іншага чалавека. Сапраўды, любоў цяжэй прыняць, чым даць. Так, мы мала любім, мала служым, але яшчэ менш мы просім і прымаем. Бо калі просім, то вымушаны адкрываць свае патрэбы і недахопы, прыніжаць сваю годнасць. Мы часта пазбягаем глыбокіх адносінаў, бо не гатовы паказаць другому чалавеку свае заганы, бо расчараваны сабой. Нам здаецца, што спачатку мы лепш выправімся, станем больш дасканалымі, тады будзем гатовы быць любімымі і любіць. Але гэтак немагчыма. Гэтак і Езус кажа Пятру, што калі той цяпер, такі які ёсць, не дазволіць абмыць сабе ногі, то нічога не зразумее і не будзе мець удзелу ў справе збаўлення.
«Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною» (Ян 13:8)
Будзе момант у нашым жыцці, калі мы будзем пакліканы камусьці служыць, “мыць ногі”. Але цяпер Езус запрашае перажыць момант, калі Ён кажа: “Дазволь Мне памыць табе ногі”.
“Найлепш было б, каб я сёння абмыў ногі кожнаму і кожнай з вас, але мы абмежаваныя ў часе, – сказаў пробашч. - Калі хтосьці захоча гэта перажыць, прыйдзіце ў сакрыстыю і скажыце: «Брат, памыйце, калі ласка, мне ногі». Я з радасцю гэта зраблю”.
“Варта зразумець, - заахвоціў святар, - што падчас абмыцця ног, а таксама падчас Камуніі Езус прыніжаецца да кожнага з нас, каб прытуліць, каб увайсці ў нашае жыццё, каб кожны адчуў, што яму служыць сам Бог, адчуў сябе каштоўным у Яго вачах. Бог хоча паказаць, якая ёсць любоў Айца і Сына, і запрашае ў гэтую любоў кожнага з нас. Ён гэтага хоча. Не дазваляйма сваім слабасцям, комплексам, расчараванню адхіліць ад сябе гэтае жаданне Бога, нават калі здаецца, што гэта недапушчальна. Не трэба адкідаць… Важна прыняць сябе такім, які ёсць, і дазволіць сабе прыняць клопат іншага чалавека і клопат Бога. Нашыя слабасці і недасканаласці даюць нам магчымасць зразумець, што нас сапраўды любяць”.

Другая прычына, чаму мы не прымаем Божай любові, – гэта страх болю, цярпення. Але любоў не бывае без крыжа.
Пасля гаміліі 12 адважных мужчын сталі ўдзельнікамі прыгожага, прамаўляльнага і вельмі кранальнага знаку Касцёла: пробашч абмыў і пацалаваў ногі кожнага з іх…


Паколькі Трыдуум – гэта адзіная святая Імша, пасля Літургіі Вялікага Чацвярга святар не ўдзяляў благаславення. Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў сімвалічную Гетсіманію. Адарацыя Езуса ў цямніцы трывала да 21 гадзіны.


Вялікая Пятніца
Падчас літургіі ў Вялікую Пятніцу не здзяйсняецца Эўхарыстыя, галоўнае месца займае адарацыя св Крыжа. Мука Езуса - гэта акт Першасвятара, які складае з Сябе ахвяру Айцу на алтары Крыжа.
На пачатку літургіі мы не робім знаку крыжа, няма спеваў, усе трываюць у цішыні і глыбокай задуме, святар кладзецца на падлогу крыжам.

Падчас літургіі слова чытаецца Мука Пана з Евангелля паводле Яна.


“Прыгожы і таямнічы момант, калі пасля слоў, што Езус сканаў, мы ўленчваем і заховаем цішыню, - заўважыў бр. Сяргей у пачатку гаміліі і запрасіў падумаць, чаму пасля смерці Езуса на Галгоце Марыя і Ян, якія там стаяць, захоўваюць цішыню, не галосяць. У гэтым маўклівым іх трыванні можна зразумець іх веру ў тое, што менавіта дзеля гэтага моманту Езус і прыйшоў на зямлю, што гэта Яго жаданне, і што ўсё ідзе згодна з Божым планам.

Бр. Сяргей заўважыў, што ў малітве, якую святар чытае ў канфесіянале над вернікам пасля вызнання ім грахоў, ёсць словы: “Бог <…> няхай дасць табе прабачэнне і СПАКОЙ”.
“Прабачэнне і спакой – гэта плён таго, што здзейсніў для нас Хрыстос сваёй Ахвярай, - падкрэсліў брат. - Таму мы з моладдзю вырашылі ў гэтым годзе зрабіць дэкарацыю для Гетсіманіі нетрадыцына. Смерць, грэх, бруд, дысгармонія, непрыгажосць – гэта тое, то робіць з намі грэх. Мы хацелі, каб углядаючыся ў гэты вір бясформенных плямаў, можна было зразумець, што гэта выраз майго і твайго грэху, які стаў прычынай цярпенняў Хрыста. Моц Збаўцы ў тым, што Ён уваходзіць у гэты вір са сваім прабачэннем і спакоем (Ён у табернаулюме – у цэнтры спакою), бярэ ўсё на сябе і ставіць на свае месцы”.

Брат Сяргей звярнуў увагу, што на габрэйскую мову слова “спакой” перакладаецца як “шалом”.
“Шалом,” - казаў будаўнік, гледзячы на роўна і моцна збудаваную сцяну. Гэтак ён выражаў сваю задаволенасць і спакой сумлення за якасць сваёй працы.
У лацінскай мове ёсць слова “pax” (спакой). Людзі прамаўлялі яго, паціскаючы адзін другому рукі пасля таго, як аддавалі свае даўгі. Гэта слова выражала пачуццё, што яны больш нічога не абавязаны.
“За тое, што мы з вамі завінілі Богу, Езус заплаціў, калі вісеў на крыжы. Ён думаў тады пра цябе і пра мяне. Таму што мае вялікую, бямерную любоў да нас. Гэтыя чырвоныя кветкі сімвалізуюць кроў – цану, якую Хрыстос заплаціў, каб мы маглі жыць у спакоі. Заданне кожнага з нас, – ПАВЕРЫЦЬ, што ўсё гэта Езус зрабіў для мяне, для цябе,” – падагульніў брат і заахвоціў падчас адарацыі Крыжа ўзгадаць свае выбары, правільныя і неправільныя, якія прывялі нас сюды, у касцёл, і падзякаваць Богу за гісторыю свайго жыцця, за тое, што мы тут.
Далей адбылося ўрачыстае адсланенне фіялетавага покрыва з крыжа і потым кожны вернік мог ушанаваць крыж падчас яго адарацыі.


Пасля Літургіі Вялікай Пятніцы да поўначы трывала начное чуванне, падрыхтаванае моладдю ФМ Таў і свецкімі францішканамі (ФОС). Сярод спеваў і малітваў, дзякуючы Марыі Туровіч, была магчымасць разважаць над таямніцай Крыжа, гледзячы на укрыжаванне з-пад рукі мастака Сальвадора Далі - пад цікавым вуглом і ў іншай перспектыве.

«Хрыстос», Сальвадор Далі, 1950-1952 гг.
Карціна ўражвае нязвыкласцю ракурса. З аднаго боку, вымушае падымаць вочы да неба. Ты ўжо быццам назіраеш з вышыні Айца, які глядзіць на Сына. З другога боку, перспектыва крыжа стралой накіравана зверху ўніз, што ўвасабляе ахвяру, накіраваную ад Бога да чалавецтва.
Фігура Хрыста, упісаная ў трохкутнік, становіцца адлюстраваннем выявы Святой Тройцы, якая ўвасабляе паўнату Боскай натуры. Ракурс, зваротная перспектыва крыжа даюць адчуць, што ёсць Той, Хто звыш. Неабсяжны, недасягальны для чалавечага разумення, Ён - над усёй прасторай карціны. Так і ў жыцці. Бог незаўважальны, але вечна прысутны.
Хрыстос на карціне такі рэалістычны, такі блізкі і амаль што асязальны, быццам паказвае "паглядзі, Я такі ж як і ты".
Божа, Ты стварыў мяне на Свой вобраз і падабенства. Праз гэта меў намер зрабіць мяне бліжэй да Сябе. Дапамажы мне памятаць пра гэты дар, не абясцэньваць яго і Твой намер для мяне.
На карціне не ўбачыш цвікоў: не цвікі трымаюць Хрыста, а ахвярная любоў. Любоў - гэта проста слова, пакуль хтосьці не напоўніць яго сэнсам. Сваёй смерцю Хрыстос ўдыхнуў ў яго жыцце.
Пейзаж на карціне дае адчуванне цішыні і спакою. Лодка, рыбакі на беразе - гэта намёк на пропаведзь ля Галілейскага мора, а таксама сімвал прасветленага жыцця, да якога кожны запрошаны.
Гледзячы на гэты крыж нявольна задаешся пытаннем - які ў яго памер? Даўжыня, вузкая форма, нябачны верх крыжа ствараюць пачуццё бясконцасці. Так і любоў Хрыста не з'яўляецца чымсьці вычарпальным. Хрыстос быццам пытаецца: "Ці верыш, што я магу даць табе больш?"
Укрыжаваны Хрыстос і складзеная тканіна ў верхняй частцы крыжа недвухсэнсоўна даюць адсылку на сакрамэнт Эўхарыстыі, дзе крыж - гэта стол, на якім хлеб і віно пераўвасабляюцца, становяцца жывым Хрыстом, які кожнага асабіста запрашае на супольную гасціну. Вось яна - любоў, якая пакідае пасля сябе вечны след.
Божа, дапамажы мне сярод мітусні маёй штодзённасці памятаць пра Цябе, напаўняцца спакоем Тваёй прысутнасці і з удзячнасцю прымаць дар Тваёй любові.
Вялікая Субота
Праз усю Вялікую Суботу можна было прыйсці памаліцца ў цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам – Езусам у сімвалічнай грабніцы.
А 23 гадзіне распачалася самая галоўная Эўхарыстыя літургічнага года – Пасхальная Вігілія. У перакладзе з лацінскай мовы “вігілія” азначае “чуванне”. Вернікі сабраліся, каб разам чакаць змертвыхпаўстання Хрыста.
Пасхальная Віілія - гэта не толькі самая галоўная, але яшчэ і самая цікавая, дынамічная і змястоўная літургія.
Імша распачалася Літургіяй Святла, падчас якой адбываецца новы агонь, а таксама Пасхал - вялікая свечка, якая з’яўляецца сімвалам Хрыста і, адначасова, вогненага слупа, якім Бог накіроўваў Ізраэль падчас выйсця з Егіпта і вандравання праз пустыню. І гэта невыпадкова: тады Бог вывеў габрэяў з рабства Егіпецкага, а цяпер Бог выводзіць чалавека з рабства граху, з цемры да святла. Таму літургія распачынаецца ў цемры, а потым яе напаўняе новае святло, якое сімвалізуе ўзыход Сапраўднага Сонца – Езуса Хрыста, Яго змёртвыхпаўстанне.


“Святло Хрыстова!” – “Дзякуем Пану Богу!”
Далей бр. Уладзіслаў праспяваў старажытны, з 3 ст., гімн Экзультэт (ад першага слова лацінскага тэксту Exultet iam angelica turba caelorum – Узрадуйцеся ўжо, хоры анёлаў у небе), або Абвяшчэнне Пасхі.

Потым у літургіі слова прагучалі 9 ўрыўкаў са Старога і Новага Запавету, пачынаючы ад стварэння свету. Гэта гісторыя нястомнай Божай любові да чалавека, якому ўсцяж складана прыняць і паверыць у гэтую любоў…

Затым з цішыні нарадзіўся радасны перазвон, загучаў гімн “Хвала на вышынях Богу” - і ў літургію вярнулася музыка.

Гамілію брат Уладзіслаў заснаваў на трох словах: абнаўленне, акварыум і пчала.

Абнаўленне у Духу Святым – гэта тое, што перажывае Касцёл ў Пасхальны Трыдуум. Раніцай у чацвер на Імшы Хрызма святары аднаўляюць свае святарскія абяцанні, а на Імшы Вячэры Пана ў знаку абмыцця ног аднаўляецца запавет любові, кансэкруецца новы хлеб. У пятніцу адбываецца абнаўленне вобразу крыжа, які быў пару тыдняў завешаны, каб мы змаглі наноў яго ўбачыць і прыкласці да свайго сэрца. У Вігілію адбываецца благаслаўленне новага агню і вады, а ў Літургіі Хросту перажываем абнаўленне і мы, каб “і нам хадзіць ў абноўленым жыцці” (Рым 6:4). Бог забірае нашу смерць і абнаўляе нашае жыццё, аднаўляе ўсё, што было страчана – свабоду, годнасць, супакой, адносіны, дае сілу прабачыць або папрасіць прабачэння. Бог любіць абнаўляць: удых - выдых, лета - зіма, ноч – дзень. Гэта закон, які Ён уклаў у свет. Бога не пужае заблытаная гісторыя нашага жыцця, таму што Ён здольны абнавіць усё. І не толькі ў сённяшні, безумоўна вельмі асаблівы, дзень, але кожную нядзелю, якая з’яўляецца малой Пасхай. Нядзельны дзень менавіта і дадзены для абнаўлення.
Калі я маю ў сабе Божае жыццё і ім дзялюся, тады вакол менш цемры, менш зла, менш нянавісці, менш вайны. Падобна, як рассвятляе цемру святло Пасхала: гэты новы агонь распаўсюджваецца, калі мы дзелімся ім. Але спачатку мы яго павінны атрымаць...

“Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся!” (Мц 12:49-50)

“Мой акварыум, які я даўно не чысціў, – гэта добры вобраз кожнага з нас, - працягнуў свае разважанні брат Уладзіслаў. - Кардынал Рысь неяк сказаў, што кожны з нас – гэта сасуд з хрысцільнай вадой. Мы складаемся на 60-70% з вады, і яна ў нас, ахрышчаных, ужо святая. Але часта мы не выкарыстоўваем яе, каб благаслаўляць, аздараўляць, уваскрашаць іншых словам, чынам, думкай, прабачэннем. Таму гэтая вада застойваецца, акварыум пачынае зарастаць. І сёння Касцёл хоча пачысціць наш акварыум, даліць у яго свежай хрысцільнай вады, каб жыццё ў нас абудзілася і мы змаглі жыць хоть троху інакш, быць сябрамі. Дарэчы, сябар – гэта той, хто ведае песню твайго сэрца, і можа нагадаць яе табе, калі ты забыўся. Хрыстос, як найлепшы Сябар, сёння хоча нагадаць табе, кім ты ёсць, які ты вялікі ў Яго вачах”.

Далей брат узгадаў пра пчалу: “У спеве Экзультэт акрамя словаў праслаўлення гэтай вялікай ночы, якую перажываем, таксама гучыць праслаўленне звычайнай пчолкі, якая проста збірала мёд і не ведала, што яе працу Бог выкарыстаў для таго, каб мы маглі зрабіць Пасхал і абнавіць сваё жыццё. Калі паглядзець на гісторыю свайго жыцця, то кожнага з нас можна параўнаць з такой пчолкай, якая працуе і не ведае, што праз яе змаганне, прабачэнне, пакаянне, спробы даверыцца Богу Ён пляце гісторыю, якая кагосьці прывядзе да збаўлення, хоць бы і праз некаторы час”.
Пробашч звярнуў увагу на адну асаблівасць пчалы: як бы далёка ад улля яна не адляцела, ўсё роўна знойдзе дарогу дадому. “Касцёл – гэта мой дом, мая маці. Тут я магу абнавіць сваё жыццё, успомніць, кім я ёсць. Няхай гэты вобраз пчолкі, якая ведае дарогу дадому, застаецца з намі”, - пажадаў брат.
Пасля гаміліі адбылася Літургія Хросту, падчас якой кожны, з той цемрай, якая ў ім ёсць, мог стаць перад Богам і аднавіць свае абяцанні Святога Хросту, адрачыся Сатаны і сказаць Богу: “Пане, я веру …”


Пасля Камуніі вернікі прайшліся вакол касцёла ў Рэзурэкцыйнай працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Назва гэтай урачыстай працэсіі паходзіць ад лацінскага слова resurrectio — уваскрасенне. Яна праслаўляе выхад Уваскрослага Хрыста з магілы.
Надвор’е ў гэтым годзе было вельмі спрыяльнае. Такой цёплай ночы ў красавіку на Велікодныя святы, напэўна, яшчэ не было. Уся прырода ажыла, быццам наўмысна хацела паказаць праўдзівасць слоў, якія пачулі ў гэтыя святыя дні.

Хрыстос уваскрос! Аллелюя!
Тэкст: Кацярына Савянок, Марыя Туровіч
Фота, відэа: Эрык Савянок