Skip to main content

Па слядах Хрыста ў Ерузалеме: уздоўж па Віа Далароза...

| Падзеі »
 Via Dolorosa 09

І вось Езус асуджаны на смерць...

Вдоль по Виа Долороса, на Голгофу по пути,
К месту казни толпы жаждали пройти.
И солдаты расчищали дорогу скорби, грусти и тоски.

Віа Далароза (лац. Via Dolorosa, літар. "Шлях смутку") - вуліца ў старой частцы Ерузалема даўжынёй каля 650 метраў, па якой, паводле хрысціянскай традыцыі, пралягаў шлях Езуса Хрыста да месца ўкрыжавання. На Віа Далароза, ад Ільвіных варот Старога горада ў мусульманскім квартале да храма Гроба Пана, знаходзяцца дзевяць з чатырнаццаці прыпынкаў Крыжовага шляху Хрыста. Апошнія пяць прыпынкаў знаходзяцца ўжо на самой тэрыторыі храма.

Складана сказаць, ці сапраўды па тых жа камянях ішоў Збаўца. Бо яшчэ ў I ст. Ерузалем быў вельмі моцна разбураны, а потым ў 135 годзе рымскі імператар Адрыян збудаваў на руінах горада рымскую калонію - горад Элія Капіталіна. Горадабудаўнічая канцэпцыя таго, што сёння называецца «Старым горадам», сфармавалася ў выніку менавіта гэтага будаўніцтва.

Аднак хаця б віртуальна пабываць там, дзе жыў і цярпеў Збаўца, - магчымасць па-новаму адчуць тыя падзеі, на якіх фундуецца наша вера.

Першае згадванне гэтага маршруту Крыжовага шляху было дадзена ў канцы XIII ст. дамініканскім місіянерам Рыкальда да Мантэкрочэ. Шлях быў намечаны францішканамі ў XIV ст. ўздоўж рэшткаў дэкумануса - рымскай дарогі II ст.: ад крэпасці Антонія, дзе, паводле падання, Понцій Пілат здзейсніў суд над Езусам, да храма Гроба Пана, спачатку з 8, а затым з 14 стацыямі (ад лац.: statio — месцазнаходжанне). Прынятыя цяпер у Каталіцкім Касцёле 14 стацый, паслядоўнасць і іх змест, склаліся ў другой палове XVII ст. і афіцыйна замацаваны ў 1731 годзе рымскім папам Кліментам XII. Месцы стаянняў прызнаюцца таксама праваслаўнай царквой, за выключэннем першага, другога, дзясятага і трынаццатага стаянняў, якія некалькі адрозніваюцца ад іх месцазнаходжання паводле каталіцкай традыцыі. Трэба адзначыць, што сярод даследчыкаў існуюць меркаванні, што Езуса вялі на ўкрыжаванне не ад крэпасці Антонія, а ад башні Давіда (каля палаца Ірада) праз Яфскую браму (або браму Давіда).

 shema3
 DavidTower

Башня Давіда

Сёння Віа Далароза праходзіць па ажыўленых вулачках старога горада ў цені старажытных каменных сцен. Хрысціянскія паломнікі ідуць па Крыжовым шляху, здзяйсняючы малітву на кожнай з 14 станцый. Некаторыя рэлігійныя групы праходзяць па Віа Долороза, несучы па чарзе цяжкі драўляны крыж. Кожную пятніцу а 15 гадзіне францішкане Кустодыі Святой Зямлі ладзяць шэсце Крыжовага шляху па Віа Далароза да храма Гроба Пана. Самая маштабная падзея на Віа Далароза прыпадае на Вялікі тыдзень, калі па Крыжовым шляху ідуць тысячы паломнікаў.

 Plan via crucis Jerusalem

Он молчал и был спокоен, хоть устал и изнемог.
Так молчать в смиреньи полном мог лишь Бог…
Не клеймил Он палачей,
Но с любовию смотрел Он на людей.

Вдоль по Виа Долороса, по страдания пути,
Шёл Мессия, словно Агнец, нас спасти.
Но Он выбрал ту дорогу, чтоб открыть нам Небеса.
Шёл Христос по Долороса за меня
И за тебя…

(З песні «Via Dolorosa», Linda Andrews, аўтар перакладу невядомы)

1 стацыя - Езус асуджаны на смерць. Маршрут Крыжовага шляху ў каталіцкай традыцыі пачынаецца ад медрэсэ Эль-Амарыя (мусульманская школа), ад месца, дзе калісьці стаяла Рымская крэпасць Антонія і была прэторыя Пілата.

 Al Umariya school
 800px The Antonia Fortress

Гэтак магла выглядаць крэпасць Антонія

 Pretorijatemnitsa Spasitelja

У такой цямніцы  Езус, мачыма, чакаў прысуду

Ад крэпасці засталіся толькі каменныя пліты Літастрота, якія таксама можна ўбачыць ў памяшканнях пад суседнімі будынкамі: каталіцкай базілікай Ecce Homo кляштара Сясцёр Сіёна, а таксама францішканскім кляштарам Маці Божай Сіёнскай (з капліцай Асуджэння і базілікай Бічавання).

 1 st esse

Базіліка Ecce Homo. Названы ў гонар прамовы Понція Пілата Ecce Homo,
якая, як традыцыйна лічыцца, прамоўлена на тратуары пад касцёлам.

 1 asuzhd3

 Капліца Асуджэння

Літастрот (грэч. Λιθόστρωτον) — гэта каменны памост, на якім, паводле Евангелля ад Яна, Понцій Пілат судзіў Езуса (Ян. 19:13). Таксама лічыцца, што на ім Хрыстос пацярпеў ад рымскіх салдат, калі Яго апраналі ў баграніцу і здзекваліся. Памост быў знойдзены ў 1857 годзе. Датуецца II стагоддзем ад н.э. і лічыцца плошчай (маставой) часоў імператара Адрыяна. Пры гэтым, магчыма, пліты існуючага памосту былі выкарыстаныя з больш ранняга памосту. Памост мае памеры каля 1500 кв м і складаецца з метровых каменных пліт.

 Ecce Homo litostrotos

У капліцы Асуджэння на каменных плітах можна бачыць высечаныя кругі для гульні ў косці, якія, магчыма, былі зробленыя рымскімі жаўнерамі.

 litostr

Недалёка размешчаны мужчынскі кляштар Вязніцы Хрыстовай у Прэторыі, які належыць да Ерузалемскай праваслаўнай царквы. Ён знаходзіцца на другім прыпынку Крыжовага шляху на Віа Далароза. Манастыр пабудаваны на месцы, дзе, як мяркуецца, знаходзілася вязніца, куды пасля суда Пілата быў заключаны Хрыстос.

2 стацыя - Езус бярэ крыж. Базіліка Бічавання францішканскага кляштара, згодна з традыцыяй, збудавана на месцы бічавання Хрыста. На столі над алтаром у гэтай капліцы зроблена выява ў выглядзе цярновага вянку.

 2 bichav

Пад сценамі касцёла расце цёрн (цярноўнік, сліва калючая) - невялікі калючы хмызняк, від роду Сліва. Гэта расліна вышынёй 3,5 - 4,5 м. З галінаў такой расліны рымскія жаўнеры зрабілі Езусу вянок на галаву.

 tern

Побач, на вуліцы паміж суседнімі дамамі, расцягнулася арка Esse Homo. Па некаторых меркаваннях, менавіта каля яе Понцій Пілат перадаў Езуса першасвятарам, сказаўшы: "Вось Чалавек". На гэтым месцы на Хрыста надзелі баграніцу і паклалі на Яго крыж, які ён панёс на Галготу. (Баграніца, або Пурпур, або парфіра - урачыстае верхняе адзенне, мантыя цароў пурпурнага або чырвонага колеру).

 arkaEsse
 2 3

Вуліца паміж 2 і 3 стацыямі

3 стацыя - Езус падае першы раз. На месцы першага падзення знаходзіцца капліца, якая адносіцца да армянскага каталіцкага патрыярхата.

 3 st Armenian Catholic church2

4 стацыя - Езус сустракае сваю Маці. Адразу побач, пазначана месца 4 стацыі. На месцы, дзе, як мяркуецца, адбылася сустрэча Езуса з Маці Божай па дарозе да Галготы, пабудаваны армяна-каталіцкі касцёл Маці Божай Балеснай.

 4
 4 esus sustr mati

5 стацыя - Сымон Кірэнеец дапамагае Езусу несці крыж. На месцы, дзе, як мяркуецца, Сымон Кірынеянін пачаў дапамагаць несці крыж Езусу Хрысту, пабудавана капэла Сымона Кірынеяніна належыць ордэну францішканаў. Згодна з паданнем, тут ёсць месца з адбіткам рукі Хрыста.

 5 simon
 5 simon 2

6 стацыя - Вераніка выцірае твар Езусу. На месцы, якое пазначана як 6 прыпынак крыжовага шляху, ёсць умураваны ў сцяну слуп. Існуюць розныя версіі яго паходжання. Магчыма, гэта рэшта дома, у якім жыла Вераніка, або слуп сімвалізуе месца, дзе Вераніка выцерла твар Езусу, або гэта слуп ад кляштара і царквы, якая стаяла на гэтым самым месцы, пабудаваная па загаду св. Алены, маці імператара Канстанціна, у 3-4 ст. Побач ёсць уваход у грэка-каталіцкую капліца Святога Аблічча, або Святой Веранікі. Яна змяшчаецца ніжэй узроўня бруку.

 6 veronika

7 стацыя - Езус падае другі раз. Тут можна бачыць вялікую рымскую калону ў сцяне францішканскай капліцы. У гэтым месцы Віа Далароза пасля доўгага ўздыму паварочвае да Галготы. Капліца называецца Вароты асуджэння, бо ў гэтым месцы Езус праз вароты выйшаў за межы старога горада.

 7 varota

8 стацыя - Езус суцяшае плачучых жанчын.

 8

9 стацыя - Езус падае трэці раз. Месца трэцяга падзення Езуса адзначана Рымскай калонай ля ўваходу ў Копцкі манастыр Святога Антонія. Гэты манастыр знаходзіцца ля апсіды Храма Гроба Пана (апсіда - паўкруглы або гранёны выступ у сцяне).

 9

10 стацыя- з Езуса здымаюць адзенне. У куце ля ўваходу ў Храм Гроба Пана знаходзіцца капліца Зняцця вопраткі. Да яе вядзе высокая лесвіца.

 10
 lesvica na galg

Лесвіца на Галготу

11 стацыя - Езуса прыбіваюць да крыжа. Гэта месца ўжо знаходзіцца ўнутры Храма Гроба Пана, на Галгоце, побач з месцам, дзе Езус быў укрыжаваны.

 11

12 стацыя - Езус памірае на крыжы. На месцы, дзе жаўнеры ўсталявалі крыж, цяпер змешчаны грэцкі алтар. У цэнтры алтара знаходзіцца адтуліна, дзе быў усталяваны крыж, а справа на адным з камянёў можна бачыць велізарную расколіну, якая магла ўтварыцца падчас землятрусу, калі Хрыстос памёр на крыжы.

 12 Top of Golgotha mount

13 стацыя - Езуса здымаюць з крыжа. Камень Памазання, на які пасля зняцця з крыжа Езуса паклалі і абцерлі Яго цела алеем Юсіф з Арымафеі і Багародзіца. Сцвярджаюць, што з тых часоў гэты камень заўсёды вільготны. Камень знаходзіцца ля падножжа Галготы непасрэдна перад уваходам у Храм Гроба Пана.

 13

14 стацыя - Езуса кладуць у грабніцу. Гэта месца знаходзіцца ўнутры капліцы Кувукліі (з грэц. "пакой, спальня, апачывальня"), якая стаіць пад галоўным купалам Храма Гроба Пана . У гэтым месцы Езус быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень.

 kuvuklia

У храме ёсць алтар з'яўлення Хрыста Марыі Магдалене.

 ziaulenne maryi magdalene

Сёння даволі складана сабе ўявіць  гэтыя святыя месцы пад адкрытым небам...

 shema golg

Першая хрысціяне ўшаноўвалі месца ўкрыжавання, пахавання і ўваскрасення Хрыста. Пасля разбурэння Ерузалема ў 1 ст. і збудаванні на яго руінах рымскай Эліі Капіталіны, на месцы пахавання Збаўцы рымляне паставілі язычніцкі храм Венеры. Першая хрысціянская царква на месцы пахавання і ўваскрасення Хрыста была збудавана па загаду св. Алены ў 225-235 гг. У 7 ст. храм быў разбураны персамі, у 12 ст. наноў збудаваны крыжакамі і потым некалькі разоў рэканструяваўся.

 hram gboba

Сучасны храм Гроба Пана- гэта архітэктурны комплекс, які ўключае Галготу з месцам укрыжавання, ратонду (збудаванне з купалам, пад якім непасрэдна размешчана Кувуклія), Кафалікон (саборны храм Ерузалемскай царквы), падземны храм здабыцця Жыватворчага Крыжа, храм святой роўнаапостальнай Алены і некалькі прыдзелаў. На тэрыторыі Храма Гроба Пана размешчана некалькі манастыроў, шэраг дапаможных памяшканняў, галерэй. Храм падзелены паміж шасцю канфесіямі хрысціянскай Царквы: грэка-праваслаўнай, каталіцкай, армянскай, копцкай, сірыйскай і эфіопскай, кожнай з якіх вылучаныя свае прыдзелы і гадзіны для малітваў. Так, царква Францішканаў і алтар цвікоў належаць каталіцкаму ордэну Св. Францішка, храм роўнаапостальнай Алены і прыдзел «тры Марыі» — Армянскай апостальскай царкве, магіла св.Іосіфа Арымафейскага, алтар на заходняй частцы Кувукліі — копцкай царкве, Галгота, Кафалікон - Ерузалемскай Праваслаўнай Царкве. Кувуклія знаходзіцца ў сумесным карыстанні розных канфесій. Літургію ля Гроба Пана адзін за адным служаць праваслаўныя (а 1 гадзіне ночы), армяне (а 4 гадзіне раніцы), затым каталікі (з 6 па 9 гадзіну раніцы).

Каб не было ніякіх непаразуменняў паміж рознымі канфесіямі, ключы ад храма з 1192 г. захоўваюцца ў арабска-мусульманскай сям'і Джауда Аль Гадзія, прычым права адчыняць і замыкаць дзверы належыць іншай мусульманскай сям'і - Нусайба. Гэтыя правы на працягу стагоддзяў перадаюцца ў абедзвюх сем'ях ад бацькі да сына.

 kluch

Сёння нас чакае Ноч, у якую Езус паўстае з мёртвых.

"... і быў мёртвы, і вось жывы на векі вечныя; і маю ключы смерці і адхлані" (Адкр. 1:18)

Цікава, які ключ ад майго сэрца? Ці мае яго Пан Бог? Ці давяраю я Яму настолькі, каб дазволіць увайсці згодна з Яго пажаданнем, тады і так, як Ён палічыць патрэбным? Ці чакаю Яго, ці жадаю Яго прыйсця? Той, Які мае ключы ад Неба і ад смерці, не мае ключа ад майго сэрца, пакуль я не аддам Яму.

Пане, будзь гаспадаром у маім сэрцы.

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота з крыніцаў Інтэрнэт