Па слядах Хрыста ў Ерузалеме: Тайная Вячэра і Гетсіманскі сад

У Вялікі чацвер Касцёл разважае над падзеямі, якія звязаны з апошнімі гадзінамі прабывання Езуса з вучнямі. Дзе яны адбываліся? Што цяпер можна там убачыць?
Пачнем нашае падарожжа ад памяшкання, у якім вучні зладзілі Апошнюю вячэру. У Евангеллях гаворыцца, што на подступах да Ерузалема Езус даручыў сваім вучням пайсці ў горад, дзе ім павінен сустрэцца «чалавек, які нясе збан вады», які прывядзе іх да дому, дзе яны знойдуць «святліцу вялікую, засланую, гатовую» (Марк 14:13-15). Больш дакладных указанняў на месцазнаходжанне Вячэрніку няма. Існуе мераванне, што Вячэра магла адбывацца ў доме Марыі, маці апостала Марка (дз. 12:12), дзе цяпер збудаваны манастыр Святога Марка сірыйскай праваслаўнай царквы Антыяхійскага патрыярхату, размешчаны непадалёк ад Віа Далароза (па якой пралягаў Крыжовы шлях Хрыста) ў армянскім квартале старога Іерузалема.

Аднак на цяперашні час, згодна з традыцыяй, найбольш распаўсюджана меркаванне, што вучні прыгатавалі пасху на другім паверсе дома, збудаванага на гары Сіён над гробам цара Давіда, па-за межамі старога Ерузалема, недалёка ад Сіёнскай брамы.


Гэты дом змяшчаўся ў прэстыжным на той час раёне, дзе жылі аўтарытэтныя габрэі. Дарэчы, і дом першасвятара Каяфы знаходіўся недалёка. Невядома дакладна, каму належаў дом з Сіёнскай Святліцай. Ёсць меркаванні, што яго гаспадар - гэта фарысей Нікадэм, член Сінедрыёна і тайны вучань Хрыста. Ён разам з Юзафам Арымафейскім пахаваў Збаўцу пасля яго ўкрыжавання.


Гэтае месца святое для хрысціян, таму што тут распачаліся ключавыя падзеі гісторыі збаўлення: абмыццё Езусам ног апосталаў, устанаўленне Эўхарыстыі і святарства.
"Калі настала гадзіна, Езус заняў месца за сталом, і Апосталы разам з Ім.
І сказаў ім: «Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець <...>».
І, узяўшы келіх, узнёс падзяку і сказаў: «Вазьміце гэта і падзяліце паміж сабою, <...>».
І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць».
Таксама ўзяў і келіх пасля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць новым запаветам у Крыві Маёй, якая за вас будзе праліта <...>»" (Лк 22, 14-20).

Трэба дадаць, што ў гэтым доме і далей адбываліся важныя падзеі. Тут пасля ўкрыжавання хаваліся вучні Хрыста і Багародзіца, тут пасля ўваскрасення ім з'явіўся Збаўца, тут яны трывалі ў малітоўным чуванні і атрымалі Святога Духа сем тыдняў пазней і тут потым збіраліся першыя хрысціяне-габрэі. А ў 51 г. адбыўся першы Апостальскі сабор.
Дом Тайнай Вячэры праіснаваў да 6 ст. Потым ён быў разбураны персамі. Будынак, які існуе цяпер, быў пастаўлены крыжакамі ў 12 ст. і выкарыстоўваўся як касцёл. Пазней, у 14 ст., ён быў перакуплены францішканскім ордэнам, а пасля туркі перарабілі яго ў мячэць. Да гэтага часу захаваліся некалькі калон і скляпенне з выявай Пасхальнага Ягняці.


Ніжні паверх будынка складаецца з некалькіх памяшканняў. Першае ад уваходу - частка былога францішканскага сярэднявечнага касцёла, далей - памяшканне для малітвы (габрэйская сінагога) і грабніца цара Давіда. Дарэчы, дагэтуль навукоўцы не высветлілі, ці сапраўды тут месца яго пахавання.

На цяперашні час Сіёнская Святліца не належыць ні адной з канфесій. Тут забаронена праводзіць набажэнствы, маліцца можна толькі шэптам. Але ўваход бясплатны і вольны.
Пасля Вячэры вучні з Езусам пайшлі праз даліну Кедрон у Гетсіманскі (з габр. "аліўныя прэсы") сад (Мц 26:36-46, Мк 14:33-42, Лк 22:40-46, Ян 18:1), які змяшчаўся на заходнім склоне Аліўнай (Элеонскай) гары.

Ён знаходзіўся на адлегласці суботняга шляху, гэта значыць, да яго было каля 1000 крокаў. Там Езус з бліжэйшымі вучнямі (Пятром, Янам і Якубам) адыйшоў памаліцца. Дагэтуль на тэрыторыі францішканскага касцёла Усіх Нацый (збудаваны 1919-1924 гг) захавалася некалькі 2000-гадовых аліўкавых дрэў, якія памятаюць крывавы пот Збаўцы і Яго словы: "Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца" (Лк 22:42), памятаюць здраду Юды і арышт Езуса.

«Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца»



"Схапіўшы, павялі Яго і прывялі ў дом першасвятара" (Лк 22:54).
Дом першасвятара Каяфы, дзе ноччу быў скліканы Сінедрыён, па адной з версій, знаходзіўся ў 75 м ад Вячэрніка. На месцы дома першасвятара цяпер находзіцца манастыр Святога Збаўцы, які належыць Армянскай царкве ў Ерузалеме. (Мачыма, ён меў агульны двор з домам Анны, былога першасвятара і цесця Каяфы, да якога спачатку адвялі Езуса). У яго ўваходзяць два царкоўных будынка, больш новы з якіх не дабудаваны. Тут можна пабачыць цямніцу, у якой трымалі Хрыста апошнія гадзіны перад світаннем. Цікава, што ў манастыры паказваюць камень ад уваходу ў магілу Хрыста, які быў перанесены сюды...

Па другой версіі, дом-палац Каяфы змяшчаўся ў 250 м ад Сіёнскай Святліцы, там, дзе цяпер змяшчаецца касцёл Святога Пятра Галіканту (з габр. "певень"), назва якога нагадвае аб евангельскім эпізодзе, калі апостал Пётр у двары Каяфы тройчы адмаўляў, што ведае Хрыста, і заплакаў, пачуўшы крык пеўня (Лк 22, 56-62).


І сказаў ім Езус: «Усе вы зняверыцеся, бо напісана: “Удару пастыра, і рассеюцца авечкі” (Мк 14:27).
А як перажываю гэты час я? У нашым касцёле зроблена прыгожая дэкарацыя Гетсіманскага саду. Асабіста я ў ёй чытаю наступнае: сярод начной цемры і змаганняў 13 чырвоных кветачак - гэта вучні і я, кожны з нас. Учора свежанькія і бодрыя, а сёння многія апусцілі галовы, быццам задрамалі. Да якой сярод іх я сёння больш падобны? Ці я чуваю з Табой, Пане?

Тэкст: Кацярына Савянок
Фота з крыніцаў Інтэрнэт