Тэатральная група прадставіла містэрыйную пастаноўку "Крыжовага шляху" у шэрагу парафій

У перыяд Вялікага посту наша тэатральная група "Пілігрымы надзеі" пад кіраўніцтвам сястры Кацярыны Грынчык прадставіла містэрыйнаю пастанову "Крыжовага шляху" у шэрагу парафій: Найсвяцейшага Сэрца Езуса (Лебедзева), Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (Мінск, архікатэдра), Святой Троіцы (Докшыцы, Віцебская дыяцэзія), Найсвяцейшага Імя Марыі (Парафіянава, Віцебская дыяцэзія).

Гэтая пастанова стала сапраўдным духоўным падарожжам для саміх акцёраў і ўсіх хто прыйшоў паглядзець.


Драматычная гісторыя ўвяла вернікаў у глыбокае разважанне над крыжовымі мукамі нашага Збаўцы. Акцёры намагаліся перадаць не толькі фізічны боль, але і духоўныя пакуты, якія перажываў Езус. Яго катаванні, здзекі і адзінота былі паказаны так рэалістычна, што многія парафіяне не маглі стрымаць слёз. Кожны момант, кожны позірк і кожная сляза акцёраў нагадвалі аб важнасці ахвяры, якую зрабіў Езус для ўсяго чалавецтва.

У гэтых хвілінах людзі адчувалі, як іх сэрцы напаўняюцца спачуваннем і пакорай. І азіраючыся на сваё жыццё, перапрашалі за ўчыненыя грахі, дзякавалі за вялікую любоў Бога і выпрошвалі ласку вытрываласці ў добрым.


Пасля заканчэння пастаноўкі, у касцёле панавала цішыня. Узрушаныя і натхнёныя парафіяне рыхтаваліся да поўнага ўдзелу ў святой Імшы.

Гэта была не проста інсцэніроўка, а сапраўдная духоўная перазагрузка, якая дапамагла ўсім зноў узгадаць праўду пра важнасць веры і любові ў нашым жыцці. "Крыжовы шлях" стаў шляхам да асэнсавання нашых уласных крыжоў, якія мы нясем у жыцці.
Тэкст: Ірына Фаміна
Фота: бр. Андрэй Жылевіч