Skip to main content

Уваход Езуса ў Ерузалем. Пальмовая нядзеля.

| Падзеі »

“А калі яны адвязвалі асляня,
гаспадары яго запыталі іх:
Навошта адвязваеце асляня?
Яны адказалі: Яно патрэбна Пану”.
Лк 19, 28–40

13.04.2025 verbnaja13
 13.04.2025 verbnaja102

У Пальмовую няделю 13 красавіка, калі Касцёл успамінаў уваход Хрыста ў Ерузалем, святыя Імшы а 10 і 12 гадзіне ў нашым касцёле распачыналіся незвычайна. Пасля асвячэння вербаў, якое адбывалася на вуліцы каля капліцы, упершыню ў працэсіі да касцёла ішоў сапраўдны вослік! А дакладней, асліца Маша. Пад спевы “Гасанна Сыну Давіда” праз жывы калідор вернікаў з галінкамі яна павінна была везці на сабе міністранта ў вобразе Хрыста. Але штосьці ёй перашкодзіла гэта зрабіць, таму яны проста ішлі побач.

 

 

 

 

Брат Уладзіслаў падчас казання запрасіў вернікаў звярнуць увагу на два вобразы. Першы вобраз – гэта як раз асёл. Шмат разоў восліка можна сустрэць ў розных месцах і Старога, і Новага Запавету, дзе яны заўсёды маюць для выканання важныя місіі. Брат узгадаў пра асліцу мудраца Валаама (Лічбаў 22), якая везла гаспадара праклясці Ізраэль напярэдадні ўваходу ў зямлю Абяцаную і якой Пан Бог адкрыў вусны, каб яна папярэдзіла, што Валаам парушае Божую волю. Асёл быў таксама ў стаенцы падчас нараджэння Хрыста. На асляняці Езус урачыста ўвайшоў у Ерузалем напярэдадні сваёй мукі. І не выпадкова, што менавіта гэтая жывёла, вослік, праз усю гісторыю аказваецца ў гушчы падзей. Вослік – гэта не толькі жывёла службы, але таксама гэта сімвал простага чалавека, які сам па сабе добры, хоча служыць, але …трохі ўпёрты, лянівы.

13.04.2025 verbnaja108

Прыгледзьцеся сёння да нашай асліцы, як яна будзе ўпірацца, ідучы да касцёла, як трэба будзе яе трошкі падагнаць, - заахвоціў пробашч. – Яна нагадвае кожнага з нас, але не толькі ў дачыненні да касцёла”.

13.04.2025 verbnaja11

Брат Уладзіслаў узгадаў момант з кнігі Быцця, калі Якуб (Ізраэль) прарочыць сваім сынам. Пра аднаго з іх ён кажа: “Ісахар — асёл касцісты, што ляжыць паміж загарадаў. І ўбачыў ён супачынак, што добры, і зямлю, што прыемная, і нахіліў плечы свае насіць цяжары і стаў слугою паднявольным” (Быц 49, 14-15). Па словах пробашча, многія ў гэтым тэксце могуць убачыць сябе. Нямала працуем, яшчэ больш перажываем, як забяспечыць сям’ю, як усё паспець зрабіць. І не адзін з нас дзесьці расчараваны сваім жыццём, сабой. Хочацца жыць інакш, рабіць штосьці іншае, але неяк сябе не ўмеем накіраваць, справіцца са сваімі слабасцямі, не ўмеем збудаваць такіх адносінаў, якіх бы хацелі. І ідучы па лініі найменшага адпору, вучымся неяк з гэтым усім жыць, робім “ну як атрымаецца” і прывыкаем да гэтага стылю жыцця, а для адпачынку знаходзім сабе якую-небудзь “палянку з травой”, каб паляжаць, і тут часта трапляем ў грахоўныя залежнасці. З аднаго боку і не хочацца ляжаць, бо ведаем, што можам зрабіць большыя рэчы, і сэрца прагне жыць па-новаму, але ўжо прывыклі жыць менавіта так і баімся пакінуць гэтую “палянку”.

13.04.2025 verbnaja21

Логіка вельмі падобная ў жыцці асла і ў жыцці чалавека.

А што робіць Езус? Ён кажа: «Адвяжыце і прывядзіце. А калі нехта спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце?”, адкажыце яму так: “Яно патрэбна Пану”» (Лк 19, 30-31).

«Можа сёння Езус звяртаецца да цябе: “Я адвязваю цябе. Пакінь сваю “палянку”, паслухай, што Я табе кажу ў глыбіні твайго сэрца, чаго ты найбольш хочаш. Вазьмі Мяне на свае плечы, нават калі табе цяпер і не хочацца, і цяжка.” Аслу можа таксама не хацелася везці Езуса, але гэтае падарожжа аказалася самым прыгожым у яго жыцці! – заўважыў брат Уладзіслаў. – Я ўпэўнены, што сярод нас ёсць людзі, для якіх гэтая нядзеля, гэты Вялікі тыдзень стануць асаблівымі, бо яны зразумеюць, што могуць дыхаць па-новаму, жыць па-новаму і насіць гэты салодкі цяжар – Езуса Хрыста, гэта значыць, яны захочуць паспрабаваць жыць Ягонымі запаведзямі, Яго словам і даведацца, ці сапраўды гэта будзе свабода».

13.04.2025 verbnaja25

Другі вобраз, да якога заахвоціў прыгледзецца святар – гэта Езус. Што было ў сэрцы Хрыста, калі Ён ехаў праз натоўп людзей, якія цяпер Яго віталі як караля, і ведаў, што хутка ў многіх вуснах “Гасанна!” заменіцца на “Укрыжуй!”? Той, які бачыў павярхоўнасць і нетрываласць людзей, але які любіў іх нават на крыжы, - чаго б Ён хацеў?

Езу, я такі, які ёсць, Цябе запрашаю. Ты, які ведаеш маё сэрца, увайдзі ў маё жыццё, у маю сям’ю, у мой горад, навядзі там парадак.

* * *

Пасля Імшы можна было пакарміць восліка і пакатацца, чым з радасцю скарысталіся дзеці і некаторыя дарослыя :)  

13.04.2025 verbnaja02
 13.04.2025 verbnaja120

Мне падумалася, што сёлета атрымалася даволі праўдзівая працэсія з вослікам і Хрыстом:  і мы не умеем утрымаць у сабе Хрыста, як той вослік. Часта наракаем, не давяраем, не разумеем, не прымаем. А Ён цярпліва крочыць побач...

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Эрык Савянок, Таццяна Шумель, Людміла Губко

Відэа: Эрык Савянок