“Вазьмі свой крыж, ідзі за Мной…”, або Як прайшла талака ў Дубраўскім касцёле
“Як цела мёртвае без душы,
так і вера без учынкаў мёртвая”.
Як 2:26.

5 красавіка 2025 г. – важны дзень не толькі для каталіцкай супольнасці вернікаў, але і для ўсіх жыхароў Маладзечаншчыны: зроблены новы крок у валанцёрскім праекце “Адновім святыню ў Дубраве разам!"

Вялікая колькасць людзей (ад 50 да 60 чалавек па прыблізных падліках) розных прафесій, рэлігійных перакананняў і ўзростаў сабралася на добраўпарадкаванне святыні: наймалодшаму – 6, найстарэйшаму – далёка за 70! Які ж гэта цуд, калі неабыякавыя людзі з адкрытымі сэрцамі збіраюцца разам, каб чыніць дабро?!

Маладзечна, Мінск, Заслаўе, Вілейка, Талочын… І гэта толькі тыя населеныя пункты, з прадстаўнікамі якіх я паспела перакінуцца некалькімі словамі! Нікога з іх не палохала ні надвор’е, ні адлегласць: аўтамабіль, веласіпед, уласныя ножкі…


Яшчэ ўлетку гэты гмах стаяў зарослы хмызняком і кустоўем, а ўжо сёння можна ўбачыць велічныя муры касцёла, у якога з’явіўся шанец стаць не сумнымі руінамі, а месцам прыцягнення вандроўнікаў, пілігрымаў, вернікаў і ўсіх неабыякавых людзей, хто цікавіцца гісторыяй і шукае новыя маршруты для цікавых падарожжаў і прыгод.

Усё, што планавалі, было зроблена. І нават больш таго: тэрыторыя побач з касцёлам была ачышчана ад смецця і леташняга лісця, высечана кустоўе, адкапаны цэнтральны і бакавы ўваходы ў святыню, выраўнена пляцоўка па абодва бакі ад галоўнага ўваходу, прыбраны магілы пахаваных побач са святыняй… Гэта далёка не поўны пералік работ, якія былі выкананы нашымі валанцёрамі. Касцёл проста не пазнаць, а што яшчэ будзе?!.

“Усё, што мы робім – гэта толькі кропля ў акіяне. Але без гэтай кроплі акіян быў бы меншым”, – сцвярджала святая Маці Тэрэза, і гэта пацвердзілі сваёй ахвярнай працай нашы валанцёры.

Спадзяёмся, што атрымаецца рэалізаваць і ўсё, што задумана на будучае. А планаў сапраўды шмат. Так як касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дубраве ў 2024 г. унесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, то вельмі б хацелася, каб гэта святыня атрымала жыццё і развівалася. Адзін з варыянтаў – стварэнне на базе касцёла культурна-рэлігійнага цэнтра, таму што храм мае багатую і неверагодна цікавую гісторыю. Гэты факт падкрэслівае значнасць будынка не толькі як рэлігійнага, але і як гістарычнага помніка, у якім перасякаюцца лёсы выбітных асоб і цэлых эпох.


Самаахвярная праца валанцёраў у Дубраве – гэта не толькі пачатак, але і трывалы падмурак для захавання гэтага святога месца. Хочацца верыць, што ўдзел у талацэ стане прыкладам для многіх, хто хоча ўнесці свой уклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны нашай Беларусі.


Яшчэ раз выказваем падзяку ўсім за працу і самаадданасць. Разам мы змаглі зрабіць важны крок у будучыню і даказалі, што наша вера – не мёртвая!
Асаблівыя словы падзякі – кіраўніку Аляхновіцкага сельскага савета Алегу Фёдаравічу Шытыку, які ўсяляк спрыяў, каб талака адбылася і сам прымаў у ёй актыўны ўдзел!
А таксама брату Андрэю Жылевічу, які напрыканцы працы памаліўся з усімі прысутнымі ля прыступак Святыні за ўсіх, хто ў свой час служыў тут, наведваў гэты храм і шчыра ўзносіў свае малітвы да Бога. Падтрымаў і заахвоціў усіх прысутных вернікаў на далейшыя добрыя справы. Дзякуй вялікі, брат Андрэй, што Вы ніколі не бываеце ў баку ад такіх спраў, што Вы заўсёды разам са сваімі авечкамі!


“Сённяшні дзень Бог падараваў. Узрадуемся і суцешымся ў ім…”, – з такімі словамі раз’язджаліся і расходзіліся нашы дарагія валанцёры. І гэта, я ўпэўнена, не апошняя наша сустрэча ў Дубраве!

Дарэчы, надвор’е нам спрыяла: сняжок пайшоў толькі тады, калі мы заканчвалі свае працы.
Няхай за ўсё дабро ўсім добрым людзям адудзячыць Пан Бог! Дзякуй, што вы ёсць!
Тэкст: Таццяна Шумель
Фота: Таццяна Шумель, бр. Андрэй Жылевіч