Новы міністрант алтара ў літургічнай службе парафіі

У нядзелю 30 сакавіка падчас Імшы а 10 гадзіне літургічная служба парафіі атрымала яшчэ аднаго міністранта алтара: пасля паспяховага завяршэння адпаведнага курсу заняткаў да гэтага стану быў прыняты Мікіта Хамякоў. Сваё жаданне сумленна служыць пры алтары Мікіта пацвердзіў складзеным перад усёй супольнасцю касцёла абяцаннем. На знак прыняцця новай міністранцкай ступені служэння Мікіта атрымаў чырвоную сутану.

Міністранты алтара могуць выконваць усе асноўныя міністранцкія служэнні, але найчасцей іх задача - арганізаваць маладзейшых хлапцоў, раздаць функцыі і прасачыць за іх выкананнем. Звычайна міністранты алтара з'яўляюцца адказнымі за міністранцкія групкі (дзяжурствы ў буднія дні міністранты маюць менавіта па групках), сочаць за дысцыплінай, наведваннем дзяжурстваў і г.д.

Таксама міністранты павінны як мага больш годна прадстаўляць Касцёл па-за набажэнствамі, падчас спаўнення хатніх, школьных абавязкаў і іншых.
Віншуем Мікіту з новым этапам на шляху міністранцкага паклікання і жадаем больш глыбока і поўна адкрываць таямніцы Эўхарыстыі.
Тэкст: Цімафей Савянок
Фота: Таццяна Шумель, Дамініка Гулевіч