Крыху статыстыкі да тэмы святасці жыцця

Ва ўрачыстасць Звеставання Пана Касцёл успамінае не толькі момант з жыцця Панны Марыі, калі Арханёл Габрыэль прынёс ёй вестку, што яна стане маці Божага Сына, але і момант з жыцця Езуса, калі Ён з’явіўся ва ўлонні Маці. Таму не выпадкова, што гэты дзень таксама з’яўляецца ў Каталіцкім Касцёле Днём святасці жыцця. У гэтае свята праводзіцца акцыя “Духоўнае усынаўленне”, сутнасць якой у тым, што ўдзельнік бярэ на сябе абавязак штодзённа на працягу 9 месяцаў маліцца за адно ненароджанае дзіця, якому пагражае аборт, і за яго бацькоў.
Ці настолькі актуальная гэта тэма?
У інтэрнэце ў вольным доступе ёсць афіцыйныя статыстычныя дадзеныя Сусветнай Арганізацыі Аховы здароўя і Нацыянальнага статыстычнага камітэту (Белстат).
Згодна з гэтымі дадзенымі сітуацыя наступная.
Колькасць абортаў ва ўсім свеце афіцыйна 73 мільёны за год (і гэта заніжаная лічба, бо 2/3 краін не даюць свае дадзеныя). Пры гэтым 3 з 10 усіх цяжарнасцяў сканчваюцца абортам. Гэтыя лічбы становяцца яшчэ больш жахлівымі ў параўнанні. Напрыклад, гэта больш, чым колькасць усіх памерлых у свеце за год (68 мільёнаў памерла ў 2021 годзе), у тым ліку ад хваробаў, у выніку аварый, забойстваў, г.д. А ў часы 2 Сусветнай вайны, якая лічыцца самай жахлівай па колькасці ахвяраў, загінула 70-80 мільёнаў чалавек. І гэта за некалькі год. А тут за 1 год такая ж, бадай, лічба абортаў.
Беларусь за 30 апошніх год не атрымала каля 3 мільёнаў чалавек, забітых ва ўлонні маці. Гэта больш, чым насельніцтва сталіцы. Свой сумны рэкорд Беларусь паставіла ў 1990 годзе – 260 тысяч абортаў. А ў 1993 годзе абортаў было ў 2 разы больш, чым родаў. Яшчэ 10 год назад было каля 30 тыс. абортаў. Цяпер гэтая лічба значна паменшылася. Па афіцыйнай інфармацыі Белстат, абортаў у 2023 было зроблена каля 16 тысяч. Але і гэта ў 1,5 разы больш, чым насельніцтва Валожына.
Некаторыя медыкі выказваюць думку, што такое зніжэнне колькасці абортаў звязана найбольш з тым, што жанчыны пачылі шырэй выкарыстоўваць кантрацэптыўныя метады. Аднак трэба разумець, што многія сучасныя сродкі кантрацэпцыі з’яўляюцца абартыўнымі, гэта значыць, што зачацце можа адбыцца, але матка не зможа прыняць (замацаваць) эмбрыён, бо яе унутраны слой (эндаметрый) будзе мець неадпаведны, зменены характар. Таму народжанае жыццё фактычна будзе забіта. Такія характарыстыкі маюць, напрыклад, унутрыматачныя спіралі, таблеткі міні-пілі, камбініраваныя аральныя кантрацэптывы, сродкі экстранай кантрацэпцыі. Гэта значыць, што праблема не вырашаецца, а, па сутнасці, хаваецца, пераводзіцца ў зону ценю.
Жанчына, якая карыстаецца сродкамі абартыўнага характару, нават не будзе ведаць, што яна ўжо магчыма і неаднойчы ёсць маці забітых ёй дзяцей…
Можна паспрабаваць ацэначна падлічыць магчымую колькасць забітых праз кантрацэпцыю дзяцей. Фізіялогія жанчыны дазваляе ёй цяжарыць да 12 раз у год, калі эмбрыёны гінуць. Але ўявім сабе менш сумную сітуацыю, калі апладненне адбылося адзін раз на 2 гады (з улікам, што многія сучасныя такія сродкі таксама перашкаджаюць працэсу сазравання яйцаклеткі і працэсу апладнення). Колькасць жанчын фертыльнага ўзросту ў нашай краіне каля 2200 тыс. чалавек. Па розных дадзеных каля 30% усіх жанчын карыстаюцца сродкамі кантрацэпцыі абартыўнага тыпу. Значыць, за 2 гады верагодна бываюць забіты 2200000*0,3=660000 ненароджаных дзяцей, а за год адпаведна 330000.
А адна жанчына, якая можа карыстацца гэтымі сродкамі каля 30 год жыцця, можа мець “за спіной” 15 забітых дзяцей.
Гэтыя лічбы хоць і ўмоўныя, але вельмі красамоўныя. Такое скрытае знішчэнне можа аказацца больш значным, чым у выніку афіцыйна зарэгістраваных абортаў.

Каталіцкі Касцёл ставіць забойства ненароджанага дзіцяці і забойства народжанага чалавека ў адзін шэраг. Што ж з’яўляецца сучасным ворагам? Чаму не якіясьці інтэрвенты-чужынцы, а маці рашаюцца забіваць сваіх уласных дзяцей?
Можна шукаць знешнія прычыны, а можна прыгледзецца да ўласнага сэрца. Чаму яно не прымае дзіця?
Неразважлівасць ў інтымных адносінах, слабыя веды ў сферы біялогіі чалавека і спосабу дзеяння сродкаў кантрацэпцыі, нежаданне іх паглыбляць – абыякавасць, якая перашкаджае мудраму і адказнаму карыстанню целам. Між тым, Касцёл вучыць натуральным метадам планавання сям’і і будаванню адносінаў, якія дазваляюць жыць з чыстым сумленнем і трываць у Божай ласцы. Гэтыя метады вывучаюць пары пры падрыхтоўцы да сакрамэнту сужэнства.
Канцэнтраванне на фінансавых цяжкасцях (крэдыт, праблемы з працаўладкаваннем), або нежаданне губляць камфортныя умовы жыцця, або нежаданне адмовіцца ад уласных планаў на кар’ерны ўзрост могуць незаўважна прывесці да таго, што чалавек будзе ўскладаць спадзяванні не на Бога, а на фінансавае забеспячэнне, ці ставіць уласны эгаізм на першае месца. ідалы нашага часу. Зноў чалавек прыносіць чалавечыя ахвяры ідалам …

“Папа Францішак перад абліччам сучасных праблем заклікае нас падумаць, на што мы ўскладаем надзею і дзе шукаем сапраўднага шчасця.
«Адкрытасць на жыццё з адказным мацярынствам і бацькоўствам з’яўляецца праектам, які Стварыцель упісаў у сэрцы і целы мужчын і жанчын, з’яўляецца місіяй, якую Пан давярае сужонкам і іх любові» (Папа Францішак, була Spes Non Confundit, 9).
Служыць чалавечаму жыццю — значыць служыць Богу.
Мэта Дня святасці жыцця — абудзіць адчувальнасць да сэнсу і каштоўнасці чалавечага жыцця на кожным яго этапе і звярнуць увагу на неабходнасць асаблівага клопату пра яго. Варта змагацца за чалавечае жыццё, асабліва тое, якое пад пагрозай, якое безабароннае і не мае шансаў без нашага ўдзелу і падтрымкі.”
(з Пастырскага ліста Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана 2025).
Ёсць надзея на тое, што сумесныя дзеянні дзяржаўных структур і рэлігійных установаў па павышэнні нараджальнасці, пашырэнні разумення вартасці чалавечага жыцця прынясуць плён. Усё больш сем'яў карыстаюцца натуральным спосабам планавання сям'і і адкрыты на прыняцце зачатых дзяцей. У гэтым змаганні важна малітва. Спецыялісты-псіхолагі і духоўныя асобы, якія праводзяць размовы з жанчынамі перад абортам, кажуць, што калі Касцёл распачынае чарговую акцыю "Духоўнага ўсынаўлення", больш маці вырашаюць прыняць дзіця.
Дарэчы, калі не атрымалася духоўна ўсынавіць дзіця ў дзень Звеставання Пана, зрабіць гэта можна ў любы іншы час.

(Больш падрабязна пра духоўнае ўсынаўленне можна прачытаць у часопісе Ave Maria )
Тэкст: Кацярына Савянок