Парафіяльныя рэкалекцыі з а. Аляксандрам Жарнасекам MIC. "Дела сердечные", або Як не падмануць самога сябе

З пятніцы па нядзелю, 21-23 сакавіка, вернікі нашай парафіі мелі цудоўную магчымасць перажыць святы час Велікапосных рэкалекцый з айцом марыянінам Аляксандрам Жарнасекам, шматгадовым капеланам 12-й калоніі ў Оршы, які цяпер з'яляецца пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы (Віцебская дыяцэзія). А. Аляксандр - вядомы прапаведнік, рэкалекцыяніст, а таксама пісьменнік.

Тэма, у якую меў намер заглыбіць прысутных а. Аляксандр, датычыла сэрца, або, як назваў ён сам, "Дела сердечные". Адметныя рысы прапаведвання а. Аляксандра - гумар і прамалінейнасць, шматлікія прыклады, цытаты (біблійныя і не толькі) і ўласныя сведчанні, уменне сказаць простымі словамі пра складанае. Заахвочваем скарыстацца магчымасцю і паслухаць.
Дзень 1. "Што такое сэрца?"
Напачатку рэкалекцыяніст падкрэсліў, што гаворка пойдзе не пра агульнапрынятае свецкае, "папсовае" разуменне сэрца як сукупнасці павярхоўных, пераменлівых пачуццяў і эмоцый, якія не з'яўляюцца нашым выбарам. А будзем разважаць пра сэрца ў духоўным, біблійным разуменні - пра тое, што можна атаясаміць з нашым "я", нашай глыбейшай сутнасцю, звязанай непасрэдна з нашымі выбарамі. Тут схавана наша "духоўная ДНК", ідэя, задума Бога аб нашай асобе (для чаго я існую і якім у ідэале магу быць). Але там схаваны таксама і грэх. І гэтае сэрца настолькі скрыта пад пластамі павярхоўнасці, што вельмі часта застаецца непазнаным ні самім чалавекам, ні блізкімі. Сэрца чалавека ведае толькі Бог, і толькі Ён мае магчымасць паказваць, адкрываць чалавеку, кім той ёсць (і добрае, і дрэннае). Бог гэта робіць праз выпрабаванні, праз крытычныя сітуацыі.
Калі чалавек не мае жадання пазнаваць сябе, то Бог насуперак яго волі не будзе яму нічога адкрываць. Бог прамаўляе толькі ў тым сэрцы, якое хоча пазнаваць сябе і Бога. І нават калі даведваешся пра дрэннае ў сабе - гэта добра, бо тады маеш магчымасць у гэтым пакаяцца і выправіцца.
(казанне пачынаецца ад 01:04:10)
Дзень 2. "Чаму важна пазнаваць сэрца?"
Ад адказу на пытанні "што мной кіруе?", "якія маю чаканні?", "на каго або на што я спадзяюся?" залежаць мае жыццёвыя выбары. Калі я змагу стаць перад сабой у праўдзе, назваць намеры, якія маю, адпаведнымі імёнамі, то выбары мае будуць свядомыя, праўдзівыя, уласцівыя маёй асобе і будуць адпавядаць Божым задумам пра мяне.
У сэрцы чалавека ёсць таксама скрытыя намеры, "падводныя цячэнні", якія могуць павесці не тым шляхам. Таму варта навучыцца іх заўважаць і правяраць, каб не даць сабе сябе падмануць. У відэа можна пачуць прыклады распазнання такіх няшчырых ўласных намераў у розных сферах адносінаў (мужчына-жанчына, духоўнае жыццё і служэнне).
(казанне пачынаецца ад 00:13:32)
Дзень 3. "Якія найлепшыя ўмовы для пазнання сэрца?"
1) Цішыня - не штучна створаная на пяць хвілін, а якая вынікае з уласнага жадання і імкення стварыць умовы для прабывання ў цішыні працяглы час (варта прыбраць перашкоды, напрыклад, у выглядзе гаджэтаў, а магчыма нават і залішніх шматлікіх духоўных канферэнцый і набажэнстваў).
2) Жаданне пазнаць праўду.
3) Мужнасць прыняць сваю індывідуальнасць, Божую ідэю пра сябе, узяць адказнасць за сябе, за свой грэх.
(казанне пачынаецца ад 00:19:09)
Момант пазнання сэрца - гэта выхад з камфорту, прыгода і рызыка. Па словах а. Аляксандра, калі Бог пачынае "займацца" чалавекам, у яго жыцці пачынаецца "шарпаніна і калатня". Але гэта прыгожая і адзіная магчымасць адчуць Божы клопат, зразумець сябе і споўніць Божую волю адносна свайго жыцця.

У нядзелю пасля апошняй Імшы заключным акордам ад імя вернікаў парафіі прагучала шчырая падзяка айцу Аляксандру як "майстру сардэчных спраў", а потым таксама асабістыя словы падзякі ў сакрыстыі, дзе, між іншым, можна было падпісаць на памяць кнігу "Памілаваныя" яго аўтарства :)

Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: бр. Андрэй Жылевіч
Асабістыя перажыванні і словы падзякі:
Рыма Махала:
"Отец Александр для меня - проводник к духовному оздоровлению, к Богу. Отзывчивый и добрый, чуткий и простой. Прямолинейность - его конёк).
Тема «сердца» для меня очень трепетная, важная. Мне кажется, актуальная для всех поколений и во все времена. Получила много пищи для размышлений, теперь нужно только остаться в тишине, наедине с Богом…"
Людміла Бельская:
"Жыццё - бясконцы шлях пазнання: кім ёсць Бог і кім ёсць я?
Мы ўсе, і моладзь, і людзі сталага ўзросту, крочым гэтай дарогай пазнання. Для мяне вельмі важным момантам з'яўляюцца рэкалекцыі, калі адбываецца пераацэнка каштоўнасцей, таму што мы глыбей зазірае сабе ў сэрца.
У часе гэтых рэкалекцый я змагла часткова прыняць сябе такой, якая я ёсць: са сваімі страхамі, няўпэўненасцю, канфармізмам.
Штурмуюць вяршыні мужныя людзі,
Зазіраючы ў бездань у чорнай журбе.
Але найбольшай мужнасцю будзе,
Нібы ў бездань, у сэрца глянуць сабе."
Ганна-Марыя Гараніна:
"Шмат важных рэчаў прагучала падчас рэкалекцый, але найбольш закранулі дзве думкі: духоўнае жыццё адбываецца не тады, калі ўсё ідэальна, але тады, калі ёсць нейкія складанасці, выпрабаванні; каб пазнаваць Бога, трэба пазнаваць сябе, заўважаць памкненні свайго сэрца і ў шчырасці ды праўдзе называць іх "па імені", нават калі гэта непрыемна. Бо, не бачачы таго, што маеш у сабе, не будзеш ведаць і што з гэтым можна зрабіць...
Дзякуй Богу і людзям за гэты плённы час."
Таццяна Шумель:
"Тры дні рэкалекцый праляцелі як адно імгненне... Да нас у парафію святога Казіміра ў Маладзечне 21-23 сакавіка завітаў неверагодны айцец Аляксандр Жарнасек з Росіцы! Як жа я марыла паслухаць яго яшчэ раз пасля яго першых рэкалекцый! Мары споўніліся! На гэты раз а. Аляксандр прапанаваў для разважання цікавую тэму "Сэрца". Як ён сам пажартаваў: "Будзем гаварыць мы тры дні пра "дела сердечные"". І гэта былі вельмі глыбокія трохдзённыя разважанні, якія дазволілі лепш зразумець важнасць эмацыйнага і духоўнага аспекту нашага жыцця. Кожная думка а. Аляксандра рэзаніравала з унутраным светам і давала магчымасць спыніцца і пераасэнсаваць сваё стаўленне да навакольнага свету, да сябе і да Бога. Спыніцца і паглядзець на сваё сэрца...
Паважаны айцец, вашыя словы пра каханне, спагаду, пазнанне свайго сэрца, хвіліны цішыні і ўнутраны свет сталі для мяне сапраўднай крыніцай натхнення.
Рэкалекцыі былі напоўнены цеплынёй і спакоем, што дазволіла паглыбіцца ў свае думкі і пачуцці, у сваё сэрца. Асабліва цаню Вашу здольнасць, а. Аляксандр, ствараць атмасферу даверу і адкрытасці. Дзякую за Ваш час, працу і цярплівасць, якія Вы ўклалі ў падрыхтоўку і правядзенне гэтых святых дзён. Спадзяюся, што гэта не апошняя сустрэча, і чакаю новых духоўных пошукаў пад Вашым кіраўніцтвам.
Асобная падзяка нашым дарагім братам за магчымасць удзелу ў неверагодных рэкалекцыях!"