Skip to main content

Выходныя з Францішкам. Праз Крыж да Пасхі.

| Падзеі »
 16.03.2025Vyh Fr Baranavichi 12

У мінулыя выходныя, 14-16 сакавіка, у Катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага браты капуцыны з дапамогай свецкіх францішканаў правялі чарговыя, ужо трэція, Выходныя з Францішкам. Каля 30 чалавек з розных куткоў Беларусі сабраліся правесці час разам. Усіх яднала жаданне пражыць гэты час у святле Божага Слова, у жывой Божай Прысутнасці, заглыбіцца ў сваё сэрца ўдалечыні ад мітусні будняў.

Згодна з тэмай рэкалекцый “Праз Крыж да Пасхі”, гэты час быў прызначаны для разважання над тэмай граху, крыжа і пакаяння ў францішканскім духу.

 16.03.2025Vyh Fr Baranavichi 02

У першы дзень разам з бр. Сяргеем Гусарам засяродзіліся над тым, што такое грэх і чаму яго варта пазбаўляцца.

Не трапіць у цэль, ісці па фальшывай сцежцы, учыніць несправядлівасць, беззаконне, бунт - у розных месцах Бібліі гэтыя словы выкарыстоўваюцца для пазначэння граху. Св. Францішак называў яго слепатой, падманам, злачынствам, брыдкасцю. Як грэх нараджаецца – гэта таямніца, але ён ёсць у сэрцы кожнага чалавека і перашкаджае сапраўднаму, глыбокаму спакою, радасці, шчасцю чалавека. Каб вылечыць сваё сэрца, трэба спачатку “паставіць дыягназ” – назваць грахі “па імені” з дапамогай Святога Пісання, навучання Касцёла, шчырай малітвы. Але недарма Францішак параўноўваў грэх з праказай – невылечнай па тым часе хваробай, ад якой толькі чалавечымі намаганнямі немагчыма пазбавіцца.

І не хопіць Лібана для ахвярнага агню, ні ягоных звяроў для ўсеспалення” (Іс 40:16).

16.03.2025Vyh Fr Baranavichi 10

Патрэбны Крыж.

Вялікі цвік – гэта тое, што атрымаў кожны ўдзельнік рэкалекцый на першай канферэнцыі… А перад алтаром у капліцы ляжаў драўляны крыж у рост чалавека і малаток.

Не цвікі Цябе трымалі, а мой грэх,
І не каты крыжавалі, а мой грэх…

Калі разважаем аб тым, як іншыя забівалі цвікі ў цела Збаўцы, то да сябе гэты працэс занадта не адносім. Ну так, мой грэх таксама Езус адкупіў. Але ўсвядоміць сябе на месцы ката з малатком у руцэ?!

 16.03.2025Vyh Fr Baranavichi 19

І не хочацца забіваць гэты цвік… Успамінаецца бунт Пятра, калі ён зрэагаваў на словы Езуса аб Яго надыходзячых пакутах: “Пане, няхай абміне Цябе гэта” (Мф 16:22). Або калі не хацеў дазволіць Езусу абмыць яму ногі падчас Вячэры: «Не, не .. ніколі...!» (Ян 13:8).

Спатрэбіўся час на асабістую малітву перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, час пустыні, углядання ў сябе, каб адкрыць, назваць свае “цвікі”, усвядоміць сваю патрэбу ў Божай дапамозе, у Божай любові і міласэрнасці… і згадзіцца прыняць гэтую ласку з крыжа.

Вось, Пане, Твой крыж, дзеля якога Ты нарадзіўся, да якога прагна ішоў усё жыццё, які Ты прыняў на Свае плечы разам з грахамі: маімі, нашымі, усіх людзей, якія калі-небудзь жылі ці яшчэ будуць жыць на зямлі. Не існуе граху, якога б не пераўзышла Твая любоў, Тваё прабачэнне. У шчодрасці Сваёй любові Ты прыняў на Сябе грахі нават тых з нас, якія потым не прынялі Твой Дар.
Дазволь, Пане, адважыцца ісці за Табой, каб дзякаваць за кожную кроплю крыві, поту, слёз, за кожны Твой боль. І перапрасіць за кожны “цвік”. Пане, пакажы той “цвік”, якім яшчэ забіваю Цябе, і дай адвагу і пакору прымаць Тваю Ахвяру, Тваё прабачэнне і любоў.

Забіваю цвік. Бо іначай «… не будзеш мець удзелу са Мною» (Ян 13:8). Бо толькі ўваход у Ахвяру Хрыста можа збавіць. Колькі яшчэ “цвікоў”, Пане, буду забіваць у сваім жыцці… Канешне, цвік - гэта толькі прамаўляльны вобраз. Насамрэч трэба ісці да споведзі.

Вялікі пост – добры час, каб задаць сабе пытанне, ці праўдзівае маё пакаянне. Над гэтым пытаннем разважалі ў другі дзень з бр. Вадзімам Войцікам.

Сучасны свет, з якога выключаны Бог, нас усцяж запэўнівае, што мы павінны быць моцнымі, спадзявацца на ўласныя сілы, шукаць свайго шчасця ў спаўненні сваіх жаданняў, у матэрыяльным забеспячэнні. Нават малітву мы часта выкарыстоўваем для сябе: “Дай, Божа, мне згодна з маімі жаданнямі”. У гэтых імкненнях іншыя людзі могуць расцэньвацца як перашкода.

Хрыстос жа паказвае нам прыклад жыцця, накіраванага на спаўненне Божай волі, калі жаданне Бога Айца ёсць ўласным жаданнем і Сына. Да гэтага Езус кліча сваіх вучняў: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго” (Лк. 9:23-24). Усё Яго жыццё было скіравана на іншага чалавека і ўрэшце - на крыж: “Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх” (Мк 10:45).

Таму сапраўднае пакаянне – гэта шчырае імкненне пачуць скіраванае да мяне слова Жывога Бога, распазнаць Яго волю, выйсці з сканцэнтраванасці на сваім “я” і служыць іншаму чалавеку.  Бр. Вадзім падкрэсліў, што пакаянне праз быццё ў супольнасці мае нашмат большую вартасць, чым трыванне ў самотнасці. Асаблівую ўвагу варта звярнуць на людзей у нашым асяроддзі, якія з'яўляюцца для нас непажаданымі, быццам "пракажонымі", якія не падабаюцца, псуюць настрой, падаюцца лішнімі. Можа быць  варта пабыць з імі, ўвайсці ў дыялог, праявіць міласэрнасць.

Многія вернікі, асабліва падчас Вялікага посту, адважваюцца на розныя абмежаванні ў ежы і занятках. Сапраўды, аскеза – гэта важны аспект пакаяння, але не галоўны, бо толькі дапамагае прыбраць лішняе з жыцця - тое, што перашкаджае пачуць сябе, Бога, бліжняга, а таксама дапамагае ўбачыць прыгажосць простых, звычайных рэчаў і быць за іх удзячнымі.

 16.03.2025Vyh Fr Baranavichi 30

У св. Францішка пакаянне – шлях радасны. Яго радасць, найперш, вынікае з усведамлення таго, што ён збаўлены, што ўкрыты ў ранах Хрыста. Разважаючы крыжовую муку Збаўцы, св. Францішак не затрымліваўся толькі на сваёй грахоўнасці і пачуцці віны, у яго не было адчаю з-за сваёй нікчэмнасці, але былі слёзы ўдзячнасці і радасці: “Божа, як Ты мяне палюбіў!”

Па-другое, радасць з’яўляецца вынікам шчырага служэння іншаму чалавеку. Св. Францішак пасля сустрэчы з Укрыжаваным пачаў служыць пракажоным, да якіх перш адчуваў агіду. І тое, што было горкім, стала для яго слодыччу. У фратэрках можна было пачуць сведчанні ўдзельнікаў рэкалекцый, якія таксама мелі досвед перамянення ўласнага страху і непрымання на радасць падчас служэння бліжнім.

Варта падкрэсліць, што пакаянне - гэта не аднаразовы акт, не часовы высілак на Вялікі пост, а няспынны працэс, стыль жыцця. Толькі на гэтым шляху мы можам спазнаць сапраўдны, глыбокі спакой, глыбокую радасць прыняцця сябе, еднасці з Богам і іншым чалавекам, радасць удзелу ў Божым жыцці ўжо тут, на зямлі. Гэта шлях праз Крыж да нашай уласнай Пасхі - выйсця з граху, выйсця з свайго эгацэнтрызму. Гэта шлях прыпадабнення да Хрыста.

 16.03.2025Vyh Fr Baranavichi 36

Бр. Уладзіслаў Мінько падчас Эўхарыстыі заўважыў, што на гэтым шляху мы будзем зноў і зноў мець змаганне з сумневамі, з момантамі цемры і жаху: “Ці не завялікае абяцанне для мяне – стаць богачалавекам, такім як Хрыстос, і атрымаць у спадчыну Неба?” Складана паверыць абяцанню, а яшчэ цяжэй у ім вытрываць. Але крыж, з якога сплывае гэтае абяцанне, няхай будзе нашым якарам надзеі.

Божа, нас, якія праз хрост памерлі для граху, для ўласных жаданняў, для эгаізму, навучы праўдзіва жыць для Цябе.

 16.03.2025Vyh Fr Baranavichi 31

Ад імя ўсіх удзельнікаў рэкалекцый хочацца падзякаваць братам капуцынам за канферэнцыі і духоўнае суправаджэнне, а таксама ўсім, хто спяваў падчас адарацый і св. Імшы. Асаблівая падзяка францішканскай моладзі за апеку над самымі малодшымі удзельнікамі рэкалекцый. Дзякуй усім за адкрытасць і цеплыню.

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Надзея Мажуць, Вольга Дзямешка

І асабістыя ўражанні ўдзельнікаў:

Людміла Губко:

"Хвала Хрысту! Я была на выходных першы раз і атрымала шмат пазітыўных уражанняў. Хацелася б адзначыць цудоўную сямейную атмасферу. Хаця большасць людзей былі мне не знаёмыя, было настолькі шмат зычлівасці, што атрымлівалася размаўляць з усімі як з добрымі сябрамі.
Дзякуй арганізатарам за прадуманасць да дробязяў кожнага кроку. Былі створаны ўсе ўмовы для сапраўднай сустрэчай з Богам і з сабой.
Натхняльныя канферэнцыі і глыбокае сведчанне будуць у думках яшчэ доўгі час.
Для разважання засталіся наступныя рэчы:
* Пакаянне - гэта працэс, які трывае ўсё жыццё.
* Бога раніць не столькі наш грэх, як наш адказ ад Яго любові.
* Пачуццё віны не ад Бога.
Для мяне асабліва плённым часам былі нашы адарацыі.
Яшчэ раз дзякуй арганізатарам і ўсім удзельнікам за сумесны час!"

Надзея Мажуць:

"Супакой і дабро! Падзяка Пану Богу за час, праведзены ў супольнасці. Падзяка нашым братам капуцынам, якія свой час, сваю энэргію, свае веды аддаюць нам, свецкім людзям, і з вялікаю любоўю перадаюць свой запал і ўмацоўваюць нашу веру. Няхай наш Вялікі Айцец адорыць вас здароўем, патрэбнымі ласкамі, натхняе на новыя цікавыя сустрэчы. Просім святога Францішка і святую Клару аб апецы для вас.
Чакаем новых сустрэч!"

Дана Табачнікава:

"Паблагаславі, Божа, нашых братоў Сяргея, Вадзіма, Улада і ўсіх, хто прыехаў і падтрымаў іх і нас, за іх клопат, адданасць, фантазію ў плане правядзення сустрэчы, за іх шчырую любоў да кожнага з нас."

Іван Русак:

"Вялікі дзякуй братам, ўсім арганізатарам і ўсім, хто прыехаў, за гэтыя тры дні! Зноў усё было цудоўна!)))"