Skip to main content

Юдэйская пустыня – месца саракадзённага посту Езуса.

| Падзеі »
 11.03.2025Galil pustyn 01

І быў Ён у пустыні сорак дзён, а сатана выпрабоўваў Яго;
і быў Ён са звярамі, і анёлы служылі Яму.
Мк. 1:13

Пра 40-дзённы пост Хрыста і спакусы распавядаюць усе евангелісты, акрамя Яна. У Мацвея (Мц 4:1-11) і Лукі (Лк 4:1-13) апісанні супадаюць ва усіх дэталях, а Марк узгадвае пра гэты час адным сказам (Мк. 1:13).

Цікава ўявіць сабе гэтыя мясціны. Найперш трэба сказаць, што ў Ізраэлі некалькі пустынь, яны займаюць 60% тэрыторыі краіны. Калі паглядзець, дзе адбываўся хрост Езуса, а было гэта ў 5 км ад вусця ракі Ярдан, месца яе ўпадзення ў Мёртвае мора, каля паўночнай часткі Юдэйскай пустыні (або Іесімон – з габр. “пустыня”), то становіцца зразумелым, што менавіта ў гэтай пустыні Езус найхутчэй і правёў 40 дзён.

 11.03.2025Galil pustyn 02
 11.03.2025Galil pustyn 04

Само месца хросту - Каср эль Эхуд (з габр. Замак габрэяў) каля Ерыхона - карыстаецца вялікай папулярнасцю ў паломнікаў і турыстаў. Гэтае ж месца лічыцца месцам, дзе Ізраільцяне перасеклі раку Ярдан, а прарок Ільля ўзнёсся на нябёсы. Рака Ярдан у гэтым месцы мае шырыню каля 10 м. Яе левы бераг належыць Ярданіі, а правы – Ізраілю. Доўгі час гэтая тэрыторыя была замініраваная і недаступная для падарожнікаў. Але ў 2011 годзе яе размініравалі. Цяпер з абодвух бакоў да месца хросту прыязджае шмат турыстаў. На сённяшні дзень тут выяўлены рэшткі некалькіх храмаў, збудаваных з V па XIII стагоддзе. Непадалёк, на Ярданскім беразе пабудаваны некалькі храмаў розных канфесій.

 11.03.2025Galil pustyn 06

Каср эль Эхуд, р. Ярдан

Адсюль пасля хросту Езус скіраваўся ў пустыню, у яе паўночную частку, у якой знаходзіцца Ерыхон.

Юдэйская пустыня працягнулася паміж Юдэйскімі гарамі і Мёртвым морам і мае даўжыню 95 км і шырыню каля 24 км. Гэта вапняковая пустыня. Большую частку года мясцовасць нагадвае марсіянскія пейзажы з пячорамі, камяністымі цяснінамі і высокімі скаламі і паўстае погляду падарожнікаў рознымі адценнямі шэрага, карычневага, жоўтага і бэжавага колераў. На працягу ўсяго 24 кіламетраў перапад вышынь складае каля 1 200 метраў.

 11.03.2025Galil pustyn 10

Ружовым колерам пазначана тэрыторыя Юдэйскай пустыні

У цяперашні час Юдэйская пустыня населена ў асноўным бедуінамі (араб. “badawі” - “жыхар пустыні”,”качэўнік"). Гэтак называюць качавое насельніцтва пустыні Бліжняга Усходу, незалежна ад іх рэлігійнай прыналежнасці. У некаторых месцах у ёй пражываюць таксама габрэйскія пасяленцы. Вялікія сем'і бедуінаў у Юдэйскай пустыні і дагэтуль жывуць у традыцыйных намётах з грубай, але трывалай вярблюджай або казінай воўны, вандруючы з месца на месца. Каля іх жылля акрамя аслоў і вярблюдаў можна ўбачыць сучасныя легкавыя аўтамабілі, а ўнутры шатроў нярэдкімі бываюць халадзільнікі і тэлевізары — прыкметы набліжэння іх жыцця да сучаснай цывілізацыі. Аднак умовы для жыцця ў пустыні застаюцца такімі ж суровымі.

 11.03.2025Galil pustyn 09

У летнія дні тэмпература тут можа павышацца да + 40° - +50°С. Летам удзень гарачыя скалы гудуць пад нагамі, як быццам пад імі велізарная распаленая печ. Аднак ноччу, асабліва на досвітку, у гэтай пустыні бывае нават халаднавата, а ў зімовыя дні тэмпература даходзіць да 0°С.

Горы адмежавалі гэтую тэрыторыю ад заходніх вятроў, якія прыносяць ападкі. Таму дажджу тут выпадае 50-200 мм за год, што ў 3-6 разоў менш, чым у іншых, больш вільготных, рэгіёнах краіны. Сезон дажджу – зімовыя месяцы. У гэты час па шматлікіх цяснінах імкліва бягуць бурныя патокі вады.

Вясна - кароткі час вільгаці і прахалоды - адзіны перыяд, калі пустыня ажывае, пакрываецца расліннасцю, квітнее рознымі колерамі і ператвараецца ў пашу для хатняй жывёлы.  Але ўжо ў маі ўся гэта прыгажосць высыхае ад спякоты. Расліннасць сустракаецца толькі ў рэчышчах зімовых ручаёў і аазісах - месцах, дзе б’юць крыніцы. У Юдэйскай пустыні шмат ражковых і фісташкавах дрэў, а таксама глогу (боярышника).

 11.03.2025Galil pustyn 05

Як ні дзіўна, на гэтых гарачых камянях, прыстасаваліся жыць шматлікія жывёлы. У норках хаваюцца мелкія грызуны ды яшчаркі, а па крутых склонах спраўна ўзбіраюцца нубійскія горныя казлы - самыя маленькія з усіх горных казлоў, даўжынёй каля метра. Дагэтуль можна сутыкнуцца з паўтараметровым пустынным варанам, амаль метровым шыпахвостам. Бліжэй да аазісаў можна ўбачыць скалістых (капскіх) даманаў – грызуноў памерам да 50 см, знешне падобных да зайцаў, але з кароткімі вушамі, з капытападобнымі кіпцюрамі на пальцах і прысоскамі на ступнях. Ёсць і птушкі: курапаткі, перапёлкі, воран, іншыя.
Можа, аднак, адбыцца і сустрэча з небяспечнымі жывёламі: леапардам (па некаторых звестках у 2010 г. пустыня страціла апошняга леапарда), ваўком, шакалам, гіенай, змеямі (гадзюкай, напрыклад). У часы Хрыста тут можна было натрапіць таксама на сірыйскага мядзведзя (папуляцыя знікла ў ХІХ ст.), льва (знік у ХІІІ ст.), гепарда (папуляцыя знішчана ў мінулым стагоддзі).

 11.03.2025Galil pustyn 07

І цяпер, і ў былыя часы пустыню нельга назваць бяспечным месцам, і не толькі з-за прыродных умоў. Ва ўсе часы ў шматлікіх пячорах часцяком сустракаліся людзі з цёмнымі намерамі.

Юдэйская пустыня вядомая тым, што ў ёй, у аазісе Эйн Гэдзі, ад несправядлівага пераследу Саўла хаваўся будучы цар Давід (1Вал.24:1-16).

 11.03.2025Galil pustyn 08

Аазісе Эйн Гэдзі

Таксама сюды ў старазапаветныя часы штогод адводзілі "казла адпушчэння", на якога ўскладалі ўсе грахі габрэйскага народа. Яго скідалі з гары Азазэль ( або інакш Джабэль Мунттар) у 10-12 км ад Ерузалема.

 11.03.2025Galil pustyn 14

Від на Ерузалем з гары Азазэль

Але гэта і месца, дзе жыў і маліўся Ян Хрысціцель.

І вось сюды, у гэтыя небяспечныя суровыя мясціны, накіраваўся Збаўца, каб падрыхтавацца да выканання сваёй місіі. Ёсць нават дакладнае месца,  якое, згодна з традыцыяй, Езус потым сам паказаў святым апосталам. Здаўна ім лічыцца 380-метровая гара Каранталь, якая таксама мае назвы гара Спакусы і Саракадзённая гара, і размяшчаецца на захад ад Ерыхона (цяпер на ўскрайку горада) на адлегласці каля 10 км ад ракі Ярдан.

 11.03.2025Galil pustyn 11

Далёка ў пыстыню Езус не заходзіў. Гэтае месца было дастаткова бязлюдным. Дарэчы, менавіта аб гэтай частцы пустыні Езус казаў, калі распавядаў у прыпавесці пра добрага Самараніна і чалавека, трапіўшага ў рукі разбойнікаў па дарозе з Ерузалема ў Ерыхон (Лк 10:29-37).

 11.03.2025Galil pustyn 12

Гара Спакусы

Варта адзначыць, што час, у які Збаўца перажываў пост, – гэта час вясновы. Таму верагодна, што пустыня была апранута ў сваё лепшае ўбранне, як быццам спаўняючы словы прароцтва Ісаі: “Хай цешацца пустыня і бездарожжа, хай радуецца стэп і хай цвіце, як лілея! Хай квітнее і скача, поўная радасці і хвалы. Слава Лібана ёй дадзена, гожасць Кармэля і Сарона; яны ўбачаць славу Госпада, велічнасць Бога нашага” (Іс 35:1-2). Гэтыя словы таксама сімвалізуюць адраджэнне чалавецтва, новае жыццё ў Хрысце.

У першыя вякі хрысціянства бязлюднасць, наяўнасць крыніц вады і шматлікіх натуральных пячор паслужылі таму, што ў Юдэйскай пустыні сталі сяліцца, пераймаючы Госпада, пустэльнікі, якія шукалі глыбейшага пазнання сябе і Бога і духоўнай еднасці з Ім. Галоўная крыніца спакус крыецца ўнутры, у самым сэрцы чалавека. Таму для манахаў, якія жылі ў пустыні, сэрца было сапраўдным полем нябачнай бітвы. Суровыя, аскетычныя ўмовы пустыні дазвалялі пазбавіцца цяжару гэтага свету, яго жаданняў і адчуць прагненне Бога, даверыць сябе Яго клопату, зразумець вартасць духоўнай ежы. 

Канешне, пустэльнікі не маглі абмінуць увагай гару Спакусы, дзе адбылася вялікая духоўная бітва. Яшчэ ў ІV ст. тут быў заснаваны манастыр Спакусы, або Каранталь. Цяпер гэта грэчаскі праваслаўны мужчынскі манастыр. Усе ўнутраныя памяшканні манастыра высечаныя ў скале. Храм манастыра двух’ярусны. Другі паверх уладкаваны ў пячоры Першай Спакусы. Пад алтаром знаходзіцца камень, на якім, згодна з традыцыяй, маліўся Езус на працягу посту.

 11.03.2025Galil pustyn 13

У перыяд росквіту палесцінскага манаства, каля V ст., гара ўяўляла сабой “падабенства вялікага вулля, у якім аматары бязмоўя не пераставалі з небяспекай уласнага жыцця выпрацоўваць духоўны мёд, практыкуючыся ў святым чуванні і няспыннай малітве” (Архимандрит Леонид (Кавелин). Старый Иерусалим и его окрестности. Из записок инока-паломника). У цяперашні час па некаторых звестках там жыве 1 манах.

 11.03.2025Galil pustyn 15

Агулам, па ўсёй пустыні існавала больш, чым 40 манастыроў, ад большасці засталіся разваліны, а некаторыя існуюць дагэтуль.

 

На біблійнай мове пустыня (габр. мідбар) - антыпод жыцця, яе спёка сімвалізуе духоўную смагу.

Божа! … Цябе я шукаю на світанні, Цябе прагне душа мая, па Табе тужыць цела маё ў зямлі засохлай, спрагнёнай і бязводнай, … “ (Пс. 62:2)

Духоўны подзвіг святых хрысціянскіх падзвіжнікаў, якія здабылі ласку Святога Духа, робіць пустыню сімвалам пладаноснай зямлі.

Веснавы час Вялікага посту і нас кліча на “пустыню”, кожнага на сваю. Каб прыгледзецца да сваіх кволых, засохлых “раслінаў” уласных цнотаў, незрэалізаваных здольнасцяў, узаемаадносінаў  і дазволіць Езусу напітаць іх “вадой” Святога Духа. Каб сустрэцца "з драпежнымі жывёламі" нашых страхаў, ганарлівасці і непаслухмянасці і дазволіць Езусу дапамагчы атрымаць над імі перамогу. Якая яна - мая смага? Які ён - мой адказ?

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: з адкрытых крыніцаў Інтэрнэт