Урачыстасць святога Казіміра. Асвячэнне брамы.

У аўторак 4 сакавіка ва ўспамін святога Казіміра з нагоды парафіяльнай урачыстасці нашу святыню наведаў Яго Эксцэленцыя біскуп Андрэй Зноска, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, які цэлебраваў урачыстую Святую Імшу. У святкаванні Эўхарыстыі таксама прынялі ўдзел паважаныя госці – ксёндз канонік прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, дэкан Маладзечанскі, ксёндз канонік Антоні Казлоўскі, дэкан Смаргонскі, пробашч парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішневе, ксёндз канонік Юрый Бараўнёў з Радашковіч, ксёндз Павел Шылак з Краснага, ксёндз Андрэй Фёдараў з суседняй Маладзечанскай парафіі св. Юзафа.

Літургія распачалася з малітвы на вуліцы каля новай касцёльнай брамы. Біскуп Андрэй паблагаславіў вароты, "каб усе, хто праз іх згодна з Божай воляй будзе праходзіць, верна ішлі за голасам Хрыста, які абвяшчае: “Я - брама вечнага жыцця”, каб знайшлі пашы жыцця і былі збаўлены, каб умацоўваліся ў веры, памнажаліся ў колькасці і святасці для збудаваня Нябеснага Ерузалема".

“Адкрыйце брамы, што некранутыя ўсталі,
вечныя брамы, бо Ідзе Цар славы...”
Пасля благаслаўлення, пад гэтыя словы спеву ўсе ўвайшлі ў касцёл, дзе распачалася цэлебрацыя ўрачыстай Святой Імшы.

Ва ўступным слове Яго Эксцэленцыя перадаў словы прывітання Арцыбіскупа Юзэфа Станеўскага, таксама з вялікай цеплынёй успомніў час велікапосных рэкалекцый, якія ён праводзіў у нашай парафіі год таму, калі яшчэ не быў біскупам, але нагадаў, што вернікі сабраліся тут, у святыні, не толькі для таго, каб пабачыцца адны з другімі і прывітаць біскупа, а найперш для сустрэчы з Богам: “У гэтым месцы толькі Яму паклон, толькі Яму слава”.
“Усемагутны Божа, служыць Табе - гэта значыць валадарыць” – так гучала адна з малітваў падчас літургіі. Гэтыя словы добра дапасуюцца да асобы святога Казіміра, асаблiвасцi характару i моманты жыцця якога вельмi яскрава раскрыў падчас казання Яго Эксцэленцыя.

Біскуп Андрэй у сваіх расповедах спачатку правёў прысутных на галоўную плошчу Вільні, потым вернікі ўявілі сябе ў катэдральным касцёле, белым з калонамі, а потым трапілі ў капліцу з чорнага мармуру па правым боку катэдры, дзе ў сутарэннях разам з пахаванымі там вялікімі князямі літоўскімі і каралямі на самым пачэсным месцы, высока, размешчаны рэлікварый св. Казіміра. “Але не так важна, што мы цяпер не там, бо Казімір знаходзіцца ўжо ў такім месцы, дзе прастора не з’яўляецца перашкодай. Дастаткова толькі ўспомніць яго імя - і ён гатовы заносіць нашыя малітвы да Бога.” - заспакоіў Яго Эксцэленцыя.
Не так шмат год доўжылася жыццё святога. У 26 год ён памёр ад туберкулёзу (сухотаў). Чым жа ён быў настолькі адметны, што застаўся ў памяці людзей і Касцёла?

У апісанні асобы святога біскуп Андрэй быў шчодры на нечаканыя, але простыя і зразумелыя параўнанні. Распавядаючы пра незвычайную асаблівасць каралевіча Казіміра не прымаць на сябе бруд граху, біскуп успомніў момант з дзяцінства, калі ўпершыню ўбачыў не звыклыя льняныя абрусы, якія можна лёгка запэцкаць, а бялюткі незвычайны абрус з асаблівага, дзіўнага на той час матэрыялу, які не ўпітваў ваду і бруд. Св. Казімір жыў у часы, калі вакол было шмат бруду. А ён быў такі, што на сябе яго не прымаў, быццам грэх не прыставаў да яго, як да таго дзіўнага абруса. Гэта праяўлялася ў яго ўчынках.

Фота абраза ў гродненскім касцёле езуітаў (з прастораў інтэрнэт)
У Гродне ёсць рэдкі абраз з выявай св. Казіміра на кані, са сцягам, з рыцарамі. На ім адлюстраваны той час жыцця каралевіча, калі ён згодна з правам ехаў прыняць венгерскі трон, а мясцовая шляхта ўжо выбрала іншага кандыдата. Калі Казімір убачыў венгерскае войска і зразумеў, што бітвы не абмінуць, ён адвярнуў каня, аж той стаў на дыбкі. “Такой цаной мне трон не патрэбны,”- сказаў ён. Праз кроў, насілле, смерць каралевіч не хацеў улады. Гэтым учынкам ён паказаў перамогу над уладалюбствам, ганарлівасцю гэтага свету, паказаў, што вартасць чалавечага жыцця, вартасць быцця дзіцём Божым вышэй за зямную уладу.

А на большасці абразоў мы можам бачыць св. Казіміра з лілеяй, сімвалам чысціні, на знак таго, што ён пераадолеў пажадлівасць цела. “Каралевіч мог толькі пальчыкам паманіць – і зляцеліся б. Але ад яго спакуса - як гарох ад сцяны, – адзначыў біскуп. - Сярод каралеўскага двара, поўнага распусты, фрывольнасці, ён змог захаваць чысціню дзеля Валадарства Нябеснага. Як многім з нас навучыцца пераадольваць спакусы, ставіць духоўнае, чыстае на першае месца ў змаганні з самім сабой?”

“Каб Казімір толькі захацеў, - працягнуў Яго Эксцэленцыя, - перад ім слалі бы дываны, ставілі б найлепшыя кленчнікі ў касцёле, ён слухаў бы казанні найлепшых казнадзеяў, а Імшу б цэлебравалі адны кардыналы ды біскупы. Але ён памятаў, што толькі Богу аднаму будеш паклон аддаваць, што перад Богам трэба зняць карону”. І на многіх абразах ён намаляваны ў прыцемках, укленчыўшы на прыступках перад дзвярыма касцёла. Ён часта прыходзіў у святыню вельмі рана, апярэджваючы брамніка, і не дазваляў, каб таго раней прызначанага часу турбавалі.

“Заступнік вашай парафіі. Чалавек, якіх не знойдзеш, – падсумаваў біскуп. - Чаму ён такі? Такімі стаць уласнымі сіламі немагчыма. У гісторыі касцёла Бог часам выбірае такіх людзей, праз якіх Ён хоча да нас дакрычацца. Іх жыццёвае заданне – быць білбордам Божым, агромністым плакатам з вялікімі літарамі. Такія ставяць каля дарогі, каб здалёк было відаць, каб літары білі ў вочы, каб той, хто едзе на вялікай хуткасці, паспеў прачытаць. Часам Бог выбірае людзей, жыццё якіх піша вялікімі літарамі, каб мы не маглі не прачытаць гэтыя літары”. Мы такімі не станем. Але можам задумацца, што і ён жа таксама чалавек, і народзіцца ў нас жаданне шукаць у сябе дзесьці глыбока такога светлага, Божага чалавека, пачнем імкнуцца адмываць, адбельваць свой “абрус”. Яго Эксцэленцыя пажадаў кожнаму з прысутных, каб гэтая дзівосная зорка, якой з’яўляецца св. Казімір, чалавек чысціні, свабодны ад жадання ўлады, ад зямной пыхі, ад распусты, свяціла над намі і навучыла, што, спадзеючыся на Бога, аддаючы Богу сваё жыццё, змагаючыся і перамагаючы сябе, гэта магчыма і рэальна - валадарыць над спакусамі і грахоўнымі схільнасцямі і выбіраць чысціню.
Пасля гаміліі адбылася працэсія з дарамі, якую падрыхтавалі прадстаўнікі францішканскай сям’і нашай парафіі (Францішканскага Ордэна Свецкіх, Рыцараў св. Францішка і моладзі ФМ Таў). Прынесеныя да алтара лілея, валасяніца, пярсцёнак, ружанец, хлеб, віно і вада сімвалічна адлюстроўваюць жыццё і цноты святога Казіміра і нашае жаданне іх наследаваць.

Лілея, сімвал чысціні і цнатлівасці, – выраз нашага жадання навучыцца любіць так чыста, як гэта рабіў Божы Сын і ўсе тыя, хто палюбіў Яго шчырым сэрцам.

Валасяніца, сімвал пакут і цярпення, - выраз нашага адрачэння ад сябе, ад сваёй пыхі і пажадлівасці, каб маглі годна прымаць жыццёвыя цяжкасці і смутак на шляху да праведнасці.

Ружанец – выраз любові да Марыі і нашай вернасці ў малітве.

Пярсцёнак, сімвал улады, - выраз нашага прагнення цаніць годнасць Божага дзіцяці вышэй за зямную уладу і даброты гэтага свету.


Хлеб, віно і вада, якія падчас цэлебрацыі становяцца Целам і Крывёй Хрыста, - выраз нашага спадзявання на Бога ў нашых справах, жадання быць Яму вернымі.

Напрыканцы святой Імшы біскуп удзяліў сваё пастырскае благаслаўленне. У заключным слове ён асабліва падзякаваў старэйшым, заслужаным людзям, якія збераглі для нас веру, а таксама выказаў падзяку заслужанаму святару – ксяндзу прэлату Эдмунду, Маладзечанскаму дэкану.
У сваім слове ксёндз прэлат успомніў спачылага кардынала Казіміра Свёнтка і заклікаў да малітвы за яго, а таксама звярнуўся да прысутных з заахвотай быць носьбітамі сапраўднай веры, прыкладам еднасці, цярплівасці, прабачэння і любові па прыкладу святога Казіміра.

Пробашч парафіі, бр. Уладзіслаў Мінько, падзякаваў Уладыку за прысутнасць і адзначыў, што па яго ўласным адчуванні (і па словах многіх вернікаў), словы, якія прамаўляе падчас казання Яго Эксцэленцыя, прыносяць у сэрца адлігу, святло, і нараджаюць надзею. Прагучалі падзякі ўсім прысутным святарам, Сёстрам Місіянеркам Святой Сям’і і ўсім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы і аздабленні ўрачыстасці. Прыгожыя словы былі звернуты да ўсіх парафіянаў: “Бог становіца прысутным дзякуючы кожнаму з вас. Асмелюся сказаць, што вы заслугоўваеце такога вялікага заступніка. Хай ён будзе для вас натхненнем, а вы - яго радасцю”.

Ад імя ўсіх вернікаў нашай парафіі прагучала шчырая падзяка бікупу за яго адчувальную добразычлівасць, за звернутае слова, а таксама за благаслаўленне касцёльнай брамы.

Пасля заканчэння святой Імшы ўсе вернікі, нягледзячы на холад і моцны вецер, скіраваліся на касцёльны двор да палаткі, якая ўтульна свяцілася ліхтарыкамі і прыцягвала да сябе. Там ўсіх чакалі падрыхтаваныя францішканскай сям’ёй пачастункі і вырабы рознага кшталту: кашулі, кубкі, магніцікі, цацкі і іншыя рэчы. Вабілі сваёй прыгажосцю і цацкі-сувеніры, зробленыя рукамі людзей з інваліднасцю - наведвальнікаў дзённага аддзялення Маладзечанскага РЦСОН.
Такія “Казюкі” традыцыйна праводзяцца ў гонар св. Казіміра ў Вільні, Гродне, Лідзе і іншых месцах. У нашай парафіі гэта быў першы вопыт. І, мяркуючы па ўсмешках на тварах i чарзе, можна думаць, што ён удаўся.
Святы Казімір, маліся за нас.
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок