Брама касцёла: сімвал веры і адзінства. Ад касцёльнай брамы да нябеснай
Уваходзьце ў браму Ягоную з праслаўленнем,
у двары Ягоныя – з пахвалою. Слаўце Яго,
дабраслаўляйце імя Ягонае.
Псалтыр 99:4
Брамы… Легендарныя і нікім з тых, хто жыве ў наш час, не бачаныя, выдуманыя і рэальныя, сведкі трыўмфаў і паражэнняў, цудам захаваныя, арыгінальныя і проста ўнікальныя. Урэшце, Святыя. Якіх толькі брамаў няма ў Беларусі?!
Калісьці ад брамы пачыналіся ўсе дарогі. Праз яе праходзілі гандляры, вандроўцы, воіны, пілігрымы – кожны са сваімі турботамі і перажываннямі, марамі і спадзяваннямі, надзеямі і імкненнямі…

А ля касцёльнай брамы заўсёды адчувалася нешта асаблівае, трапяткое і ўзвышанае. Праходзячы праз яе, людзі нібы адыходзілі ад усяго паўсядзённага і мітуслівага. Брама адкрывала шлях ад звычайных клопатаў да таго, што вышэй і важней – да Веры, Надзеі, Любові. Так вароты станавіліся брамай у іншае вымярэнне, якое злучала зямное і нябеснае.


А што ж такое брама? Ці ўсе чулі і ведаюць значэнне гэтага слова, якое ў цяперашні час не вельмі ўжо і часта ўжываецца?
Брама (славянская паходжанне, ад польскага – brama) – вароты, праём у сцяне, уезд у збудаванне або ў горад. З чэшскай мовы, дзе слова “брама” азначала “шырокі праход”, “уезд у горад” і інш., яно перайшло ў польскую ў значэнні “вароты”, “вялікія вароты”, “уезд у вялікае збудаванне” і інш., а затым у старажытнарускую мову ў сэнсе “праём у сцяне”, “вароты”. Выкарыстоўваецца ў сучаснай беларускай, чэшскай, польскай, украінскай мовах, але ў рускай з’яўляецца састарэлым, акрамя спецыяльна-архітэктурнага ўжывання.
У храмавай архітэктуры слова “брама” ўжываецца ў дачыненні да мастацка аформленых варотаў у храм або манастыр.


Яшчэ адно значэнне: брама (лац.: porta, англ.: gate, ням.: Tor) – шчыльныя, на дзве палавіны, крытыя зверху вароты, якія закрываюць галоўны ўваход на тэрыторыю двара, горада, завода або ў асобны будынак.

Брама – гэта не толькі архітэктурная канструкцыя, але і важны элемент рэлігійнага жыцця. Яна сімвалізуе нешта большае, чым проста ўваход. Гэта магутнае ўяўленне пераходу, трансфармацыі і магчымасці выбару. Няхай гэта будзе ўваход у горад, храм або сама Нябесная брама. Гэты вобраз быў важны для вернікаў на працягу многіх стагоддзяў.

У Бібліі слова “брама” сустракаецца 24 разы.
З самага пачатку кнігі Быцця бачна, што брама адыгрывае важную ролю ў гісторыі чалавецтва. Вароты Эдэма былі зачыненыя пасля выгнання Адама і Евы, што азначала страту доступу ў рай.

Пазней вакол гарадоў сталі ўзводзіць вароты як сімвал моцы і абароны. Горад Іерыхон і Іерусалім былі вядомыя сваімі магутнымі сценамі і варотамі.

У Новым Запавеце брама зноў становіцца цэнтрам увагі, паколькі Езус гаворыць пра вузкую браму, якая вядзе ў жыццё, супрацьпастаўляючы яе шырокаму і лёгкаму шляху: “Уваходзьце праз вузкую браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць да згубы, і многія ўваходзяць праз яе! А вузкая брама і вузкая дарога вядуць у жыццё, але нямногія знаходзяць яе” (Мацвея 7:13 -14).
На працягу ўсёй Бібліі вароты служаць напамінам пра магчымасць выбару і неабходнасці давяраць Богу ва ўсіх жыццёвых пераменах.
Таксама ў Бібліі вароты часта паказваюцца як значныя сімвалы ўлады і магутнасці:
- “Ён меў вялікую і высокую сцяну, меў дванаццаць брамаў, і пры брамах дванаццаць Анёлаў, і напісаныя імёны; гэта – імёны дванаццаці плямёнаў сыноў Ізраілевых” (Адкрыццё 21:12);
- “І Я кажу табе, што ты – Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго” (Мацвея 16:18).

Пра брамы, якія апісаны ў Бібліі можна распавядаць шмат. Вось кароткае падсумаванне:
1. Якое значэнне брамы ў Бібліі?
У Бібліі вароты сімвалізуюць уваход ці спосаб увайсці ў новае месца або вымярэнне.
2. Што ўяўляюць вароты з пункту гледжання веры?
Вароты сімвалізуюць веру і давер Богу, паколькі менавіта праз Яго мы можам увайсці ў новае духоўнае царства.
3. Якое значэнне вузкай брамы ў Бібліі?
Вузкія брамы ўвасабляюць цяжкі жыццёвы шлях, шлях, які патрабуе ахвяр, настойлівасці і цярпення.
4. Якое значэнне нябесных варот у Бібліі?
Нябесныя вароты згадваюцца ў сне Якуба, сімвалізуючы шлях да вечнага жыцця і прысутнасць Бога.
5. Якое значэнне адкрытых варот у Бібліі?
Адкрытыя вароты ўяўляюць сабой магчымасць, паколькі Бог адкрывае нам дзверы для даследавання новых шляхоў і магчымасцяў у жыцці.
Такім чынам, брама ўяўляе сабой важны сімвал у Бібліі, ад новых пачынанняў да духоўнай абароны. Яна нагадвае нам пра веру і давер да Бога, а таксама аб стойкасці на цяжкіх жыццёвых шляхах.
Брама была і ёсць сімвалам уваходу, пачаткам любога шляху, абяцаннем новых адкрыццяў і прыгод…


У сэрцы нашага горада Маладзечна, сярод утульнасці і спакою, узвысіўся касцёл, які стаў не толькі архітэктурнай жамчужынай, але і цэнтрам духоўнага жыцця для многіх жыхароў горада і раёна. У вернікаў парафіі святога Казіміра і яе гасцей 3 кастрычніка 2024 года з’явіўся яшчэ адзін сімвал Божай абароны – новая цэнтральная брама. Устаноўка галоўнай уваходнай брамы – знакавая падзея, значная не толькі з пункту гледжання эстэтыкі, але і ў кантэксце духоўнасці і супольнасці вернікаў.
З’яўленне гэтых варот у касцёле ўсе мы чакалі вельмі даўно. Але чаканне таго каштавала. Сказаць, што задума ўдалася, – нічога не сказаць. Калі цяпер падыйдзеш да нашага касцёла святога айца Піо і ўбачыш вароты, то дакладна, не зможаш ужо больш адвесці вачэй… Што гэта – рукатворны цуд? Твор мастацтва? Выкаваная з металу песня? Палёт чалавечай фантазіі і кавальскага майстэрства? Усё менавіта так, усё праўда – і разам з тым усё гэта не перадае таго захаплення ад сузірання гэтага тварэння сумеснай працы аўтара праекта Марыі Тарлецкай і каваля Аляксандра Штабніцкага. Словам, гэта трэба бачыць – і, упэўнена, што сярод тых, хто пабачыць, абыякавых не застанецца.
Святыя вароты сталі арганічным дадаткам да будынка касцёла, ствараючы адзіную велічную кампазіцыю. Яны сустракаюць і вітаюць усіх, хто прыходзіць да гэтага святога месца, задаюць асаблівы настрой, падрыхтоўваючы чалавека да малітвы і яднання з Усявышнім.
Гэтыя вароты як быццам кажуць: “Сардэчна запрашаем у Дом Божы, пакіньце тут усе трывогі і мітусню знешняга свету, тут вас чакае супакой і дабро”.

Дарэчы выраз “супакой і дабро”, змешчаны і на нашай браме, – “Pax et Bonum” – гэта дэвіз, які абавязаны сваім існаваннем святому Францішку.

Выраз сугучны з лацінскім тэкстам фрагмента кнігі прарока Ісаі (52, 7): “Якія прыгожыя ногі тых, што дабравесцяць і абвяшчаюць мір” і грунтуецца на фразе апостала Паўла з “Паслання да Рымлянаў”: “І як будуць абвяшчаць, калі не будуць пасланыя? Як напісана: “Якія прыгожыя ногі тых, хто абвяшчае дабро” (Рым. 10:15).
Гэты выраз уяўляе сабой у скарочанай форме праграму ордэна францішканаў: усім сваім жыццём прапаведаваць Евангелле, аснову якога складаюць дзве галоўныя каштоўнасці – супакой і дабро.
А пры чым тут францішкане? – могуць спытацца госці нашага касцёла. А пры тым, што менавіта ў гэтай парафіі ад самага пачатку яе заснавання (7 сакавіка 2002 г.) служаць браты францішкане з Ордэна Братоў Меншых Капуцынаў. У цяперашні час гэта – бр. Уладзіслаў Мінько (пробашч), бр. Андрэй Зуй, бр. Андрэй Жылевіч, бр. Сяргей Гусар, бр. Войцех Врублеўскі.
А яшчэ святы Францішак з’яўляецца і апекуном многіх францішканскіх супольнасцяў (ФОС, ФМТаў і Рыцары святога Францішка), якія дзейнічаюць і актыўна развівацца ў нашым касцёле.
Браму таксама ўпрыгожвае герб францішканаў. На гербе мы бачым дзве скрыжаваныя рукі на фоне крыжа, адна без адзення – рука Езуса на крыжы падчас распяцця, другая ў манаскім адзенні – рука святога Францішка Асізскага, які заснаваў гэты манаскі ордэн у 1208-м годзе.

Гэты знак выяўляе ідэю і мэту францішканскай духоўнасці – прыпадобіцца Хрысту. Гэтае прыпадабненне з’яўляецца працэсам, які павінен працягвацца ўсё жыццё.
Агульная кампазіцыя брамы нагадвае арку і паўтарае контуры касцёла. Брама складаецца з цэнтральнага ўваходу і прымыкаючых да яе невялікіх брамак. У цэнтральнай частцы размешчаны крыж – самы старажытны сімвал чалавецтва – знак выратавання праз пакуты, а смерць на крыжы – ахвяра за выратаванне людзей і таксама перадумова ўваскрасення. Крыж – найвялікшы сімвал любові, бо на ім знаходзіцца наша Збаўленне. Згодна са старажытнай хрысціянскай традыцыяй, мы аддаём пашану крыжу праз паклон або простае прыпыненне і ўзіранне з падзякай у гэты знак збаўлення на працягу хаця б секунды.
Аркі брамы апраўленыя багатым архітэктурным дэкорам. Брама мае сіметрычную пабудову і злучае таксама сіметрычна ўтвораныя часткі.

Велічны касцёл узвышаецца над брамай, вянчаючы сабой усю кампазіцыю. Разам яны ствараюць гарманічны архітэктурны ансамбль, у якім кожны элемент важны і дапаўняе іншы. Брама служыць урачыстым уваходам, запрашэннем увайсці ў гэты святы свет, а касцёл у сваю чаргу вянчае і асвячае ўсю прастору.
Ад касцельнай брамы да нябеснай –
гэты шлях між брамамі дзвюма.
Хай жа стане ў Тваё Імя
праспяванай урачыстай песняй.
Хай жа будзе ў гэтай песні злітным,
паяднаным на ўсё жыццё
нашае дыханне-пачуццё
з радаснымі словамі малітвы.
Каб адчуць у цішыні глыбокай,
што па нотах сонечных сыграў.
Рэха ўсіх тваіх будзённых спраў
стане хай мелодыяй высокай.
Перажыўшы ўсе зямныя драмы,
перамогшы стомленасць і зло,
лёгка як упасці на святло,
што зыходзіць ад нябеснай брамы. (Мар’ян Дукса)
У нашым непаўторным касцёле святога айца Піо з’явілася яшчэ адна “изюминка”, якая, несумненна, будзе прыцягваць сюды людзей, якія ідуць дарогай Хрыста!
Няхай жа для тых, хто ўпершыню прыйдзе ў наш касцёл, гэтая брама стане сімвалам нечага большага, чым проста пераход. Няхай гэта будзе акт адданасці, першы крок да зносін з Богам, першы крок да новага жыцця. А для ўсіх астатніх – сведчаннем таго, што ўсе мы разам і ідзём па дарозе з Богам!
Сцежкаю думкі, дарогай хады,
Ветрам дыхання жывога
Вечныя нашы й зямныя гады
Рушаць да Пана Бога.
Крыжам аслонены, свенціцца лёс
Радасцю райскага рання.
Ў моры адчаю
Светлы Хрыстос –
Зорка выратавання. (Рыгор Барадулін)
Тэкст, фота: Таццяна Шумель