Skip to main content

“Надзея не расчаруе!” Прайшлі рэкалекцыі для супольнасці “Назарэтанскія сем’і”

| Падзеі »

Бо Мае намеры – не вашы намеры,
і вашы дарогі – не Мае дарогі, – кажа Госпад” (Іс 55:8).

2025 02 16 naz v Baranavichah 01

У  Баранавічах 14-16 лютага 2025 г. праходзілі рэкалекцыі для ўдзельнікаў супольнасці “Назарэтанскія сем’і”.

Жыццё кожнага чалавека напоўнена паўсядзённымі клопатамі і праблемамі. Для хрысціяна ўсё жыццё павінна быць прасякнута служэннем Богу. Але хіба Сам Гасподзь не раіў нам часам спыняцца і ў яго супакоі абнаўляцца, напаўняцца сіламі, пакуль мы не сустрэнемся з Ім тварам да твару? Такім момантам могуць стаць рэкалекцыі.

Рэкалекцыі (лат. “recolligo” – “збіраю”) – гэта час, які чалавек галоўным чынам прысвячае малітве, разважанням, адкрыццям чагосьці новага, цікавага, пазнавальнага.

У кожнага з нас свае спадзяванні, надзеі, а ўдзельнікі нашай супольнасці жывуць з Богам і ў Богу, і добра ведаюць, што Пан Бог падрыхтаваў для кожнага з нас найлепшы план. І вось мы, здаецца, падрыхтаваныя (бо ужо не першы раз удзельнічаем), з даверам Богу і ў Яго прысутнасці ў пятніцу вечарам дружнай кампаніяй (на вялікі жаль не ва ўсіх жадаючых атрымалася) адправіліся кожны на сваім транспарце на рэкалекцыі ў г. Баранавічы. Месцам іх правядзення быў абраны катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага.

Усе мы вельмі чакалі рэкалекцыі, бо тэма – "Надзея не расчаруе (Рым 5:5)" – важная і актуальная яшчэ і таму, што Папа Францішак абвясціў 2025 год Юбілейным годам надзеі (“Spes non confundit”).

У гэтыя некалькі дзён мы сабраліся, каб паглыбіць сваю веру, паспрабаваць зразумець, чаго хоча ад нас Бог, адкрыць, у нейкай меры, Яго па-новаму. У гэтыя доўгачаканыя імгненні паспрабавалі забыцца пра паўсядзённыя клопаты, праблемы і адпачыць душой…

2025 02 16 naz v Baranavichah 02

Падчас канферэнцыі брат Андрэй Жылевіч зазначыў, што важна, каб Бог заўсёды быў у цэнтры нашага жыцця і чым больш мы слухаем Пана, чым больш паслухмяныя Яго навуцы, тым больш шчасця, любові, міласэрнасці і міру будзе ў нашых сем'ях і грамадстве. Разважаючы над дэвізам Юбілейнага года брат Андрэй адзначыў, што наша надзея мае крыніцу ў бясконцай Божай любові: “Дзякуючы гэтай любові мы не чужыя і сталі абранымі дзецьмі Бога, адзін для аднаго – братамі і сёстрамі. Няхай юбілейныя ласкі, якія ў гэтым годзе будуць так шчодра на нас сыходзіць, зменяць нашы сэрцы да лепшага".

Няхай абавязкова так і будзе! Але як жа лёгка і хутка ў нашым паўсядзённым жыцці можна страціць адчуванне прысутнасці Госпада, сваёй абранасці Богам, магчымасці глядзець на ўсё, што адбываецца ў свеце Яго вачыма... Каб такога не здарылася важна знайсці час на сустрэчу з Богам. Якое гэта шчасце – адмовіцца ад мітусні і пражыць некалькі дзён у прысутнасці Бога, напаўняцца Яго любоўю,  нарэшце, запазычыць сілы для працягу жыцця ў добрым плённым кірунку. І варта толькі адзін раз паспрабаваць – спыніцца ўжо будзе цяжка! Ты будзеш зноў і зноў чакаць таго моманту, каб пабыць разам з Богам: толькі Бог і я…

2025 02 16 naz v Baranavichah 03

Вельмі ўразіла запрашэнне брата Андрэя да супольнай малітвы вакол алтара падчас святой Імшы (алтар тут зусім непадобны на іншыя: мае форму васьмівугольніка, што таксама мае схаваны сэнс усемагутнасці Бога). Усе мы, узяўшыся за рукі, маліліся да Пана Бога, а Ён быў над намі і разам з намі… Перадаць словамі ўсе эмоцыі і пачуцці немагчыма – гэта можна толькі перажыць…

Змястоўную і цікавую канферэнцыю правяла для нас сястра Ігнацыя Чаеўская MSF (прыемна было бачыць нашу зямлячку!).
Сястра Ігнацыя прапанавала нам паглыбіцца ў малітву. І гэта было неверагодна! “Шмат можа шчырая малітва справядлівага”, – сцвярджае апостал Якуб (Як 5,16) Малітва… Малітва і Надзея… Малітва здзяйсняе цуды!

Мы паразважалі над урыўкам пра смерць Яна Хрысціцеля з Евангелля ад Марка (Мк 6:14-29) і паглыбіліся ў яго гісторыю і аналіз.
А пасля пабылі ў цішыні разам з Богам ў капліцы, у групах падзяліліся сваімі ўласнымі перажываннямі малітвы. Калі адно сэрца дакранаецца да другога ў малітоўнай спагадзе, у абодва сэрцы ўваходзіць ласка Божая, якая творыць цуды. Бог прамаўляў да кожнага з нас і праз кожнага з нас! Ласка Пана сышла на нас!..

Як шмат яшчэ можна пісаць і гаварыць… Бог быў сярод нас у кожнай справе і ў кожную хвіліну! А вось і сведчанні, што гэта сапраўды так:

Андрэй Трыпуцька: “Как всегда невероятно классно! Дух единства, спокойствие, время как будто бы приостановилось, чтобы была возможность заглянуть во внутрь себя и поговорить с Богом на волнующие вопросы без суеты и спешки повседневных забот. Также хочу отметить важный момент дружеской атмосферы всех участников.
Конечно же большая благодарность нашим бр. Андрею и с. Игнации за конференции и направление мыслей на размышления, а также нашим организаторам реколлекций и досуга.
Дзякуй, што вы ёсць!

Таццяна Сакалоўская: “Чарговыя рэкалекцыі ў Баранавічах з Назаранамі!
Гэта тыя людзі з якімі лёгка, утульна, добра! Яны прасякнутыя Богам, ад іх ідзе неверагоднае цяпло, адчуваеш сябе ў сям’і – там, дзе ты і павінен быць! Гэта і ёсць тое самае месца, якога ты шукаў усё свае жыццё. Сумесная малітва, дзяленне ў группах, адарацыя – гэта час з Богам! Кожную хвіліну баішся не ўпусціць, каб зразумець, што Бог хоча табе сказаць. Ён робіць гэта розным чынам, толькі для гэтага патрэбна адкрыць сваё сэрца і адразу пачуеш Яго, Ён як лёгкі ветрык, зблытаць гэта нельга, бо яўна разумееш што прамаўляе да цябе Дух Святы. Ён дасць табе сілы і мудрасць, каб падзяліцца з іншымі, напоўніць сэрца любоў’ю.
Адарацыя была 1,5 гадзіны – як адна хвіліна! Бо з Панам так добра і цёпла! У гэты раз я адчула сябе дзіцем – Божым дзіцем, так блізка ля Яго была, гэта самы лепшы час, які можа быць праведзены, бо ён з Панам!
Эўхарыстыя – і мы ўсе каля алтара, ўзяўшыся за рукі, неверагодна! Калі такое было ў маім жыцці? Ніколі! Брат паднімае келіх, а ў ім маё адлюстраванне… Цудоўна, бо я так блізка каля Пана!
Шчырыя абдымкі, усмешкі, клопат адзін пра аднаго – гэта і ёсць наша вялікая, адзіная сям’я, і нават калі будуць нейкія цяжкасці, мы ўжо ведаем, што надзея не расчаруе!

Алена Каралькова: “Што даюць мне рэкалекцыі? Навошта яны мне патрэбны?
Думаю, што падчас рэкалекцый кожны чалавек з нашай супольнасці “Назарэтанскіх сем’яў” чэрпае для сябе штосьці праўдзівае і карыснае для жыцця. Хтосьці атрымлівае адказы на свае штодзённыя і хвалюючыя пытанні; хтосьці ад’язджае да дому напоўнены натхненнем Духа Святога далей жыць, працаваць, ствараць, прабачаць і любіць; хтосьці аздараўляецца ад балючых ранаў; хтосьці набліжаецца да Пана праз пазнанне праўдаў веры, адарацыю, супольную малітву і служэнне бліжняму. Кожны атрымлівае тое неабходнае, што падрыхтаваў для яго Пан.
Для мяне асабіста апошнія рэкалекцыі сталі аздараўленнем у тым куточку майго жыцця, дзе нават я і не думала. Выразна адчуваю ў гэтым клопат любячага Айца, які лепш за мяне ведае і бачыць кволае месца ўва мне. Аздараўленне пачалося падчас разважання над словамі Святога Пісання, прадоўжылася на працягу тыдня праз боль і выпрабаванне. Цудоўныя і вялікія справы Твае, Пане!
Дзякую кожнаму, хто спрычыніўся да арганізацыі гэтых рэкалекцый. Няхай Бог шчодра ўсім аддзячыць”.

Юлія Іванская: “Меня поразил формат проведения Мессы. Мы все вместе не просто приблизилась к Алтарю, а находилась рядом с Христом. Это вызывало мурашки по коже.
Держась за руки и молясь “ОТЧЕ НАШ” – мы были одним целым”.

2025 02 16 naz v Baranavichah 05

Напрыканцы мы наведалі незвычайны музей “Дарогаю Бібліі” (адкрыты па ўласнай ініцыятыве прыватнага фатографа, айца-вербіста Карнэлія Консэка SVD): пазнаёміліся са структурай Святога Пісання, убачылі копіі старажытных рукапісаў, даведалiся пра жыццё габрэйскага народа часоў Езуса Хрыста, паспрабавалі сябе ў ролі перапісчыка Бібліі і перапісалі адзін з вершаў Святога Пісання…

2025 02 16 naz v Baranavichah 12
 2025 02 16 naz v Baranavichah 06
 2025 02 16 naz v Baranavichah 07

Дзякуй усім за гэты час: за Адарацыю, за споведзь, за Святую Імшу – з дапамогай якіх мы паядналіся з Богам, за магчымасць быць побач адзін з адным (не толькі фізічна, але, у першую чаргу, – духоўна), за сумесны прагляд мастацкага фільма (мае назву "Можно только представить").

Асобныя словы ўдзячнасці нашым дарагім Віталію і Юліі Іванскім, якія ўсё спланавалі, арганізавалі і рэалізавалі. Разумеем, што гэта было вельмі няпроста, але ў вас усё цудоўна атрымалася! Дзякуй за вашу працу!

 2025 02 16 naz v Baranavichah 10

Яшчэ хочацца сказаць вялікі дзякуй брату Андрэю Жылевічу за два шыкоўныя дні, якія ён правёў разам з намі. Ён вучыў нас не паддавацца спакусам, адкрываць свае сэрцы Езусу, давяраць Яму ўсё, не падаць духам, мець надзею, знаходзіцца разам з Богам. І ў мяне, як настаўніцы, адразу паўстаў перад вачыма вобраз асадкі ці алоўка ў руках Бога, які Ён вядзе. Даверымся Богу і будзем гэтым чароўным алоўкам, які пакідае годны след у Кнізе Жыцця!

Ніколі не думала, што можна адчуць такое шчасце, радасць ад блізкасці Бога, адчуць Яго ў сваім сэрцы і ўсвядоміць, што нягледзячы ні на што, Бог любіць мяне!!!

Па дарозе дамоў мы яшчэ наведалі дзве святыні: касцёл святога Міхаіла Арханёла (наведалі капліцу вечнай Адарацыі, кантактны заапарк, зону адпачынку) у Івянцы і касцёл Святога Юрыя і Маці Божай Шкаплернай у Пяршаях…

 2025 02 16 naz v Baranavichah 11

“Як гэта хораша й міла – жыць у любові братняй…”, – менавіта з такімі думкамі я вярталася ў сваё паўсядзённае жыццё. А калі яшчэ гэта любоў Бога?! Ну, праўда ж, гэта неверагодна! Бог ёсць Любоў!

2025 02 16 naz v Baranavichah 08

Напрыканцы хочацца сказаць слова заахвоты для тых, хто ніколі не рашаўся на ўдзел у рэкалекцыях: адвагі!

Тэкст: Таццяна Шумель

Фота: Таццяна Шумель, бр. Андрэй Жылевіч