Skip to main content

Вандруем па Святынях. Касцёл у в. Палачаны

| Падзеі »

Малюся за цябе, Беларусь,
За тваіх дачок і сыноў,
Каб была паміж намі любоў,
Я малюся да Бога і прашу:
Хай прыйдзе да цябе
Божае Слова, хай сыйдзе на цябе
Божая радасць, і ўвайдзе ў нашыя сэрцы
Да Бога любоў і да брата
Хрыстова любоў.
І хоць цяжкія дні існуюць,
І шмат злога ёсць між людзмі,
Божа, край наш, прашу, не пакінь,
Захавай ад няшчасця і граху.
Кс. С. Бараўнёў

 17.02.2025 palachany 01

Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе” (Яна 2:19). Яго ўлада, – аднаўляць разбуранае і ўваскрашаць мёртвае, г. зн. ўлада Самога Бога. Два светы ёсць у чалавека: адзін – які нас стварыў, другі – які мы ад года да года ствараем па меры нашых сілаў.

Што канкрэтна кожны з нас можа зрабіць? Што кожны пакіне на нашай зямлі, залежыць перш за ўсё ад самога чалавека, ад яго душы. Вядома, што кожны чалавек пакідае непаўторны шматгранны ўзор сваіх слядоў, нараджае ў гэтым свеце непаўторны найбагацейшы спектр прычынна-выніковых ланцужкоў, пляце ўнікальныя дзіўныя карункі свайго існавання на зямлі і ў Сусвеце.

Усё пакінуць след павінна,
Бо, як пачаўся белы свет,
Прамень, пясчынка і расіна
Нязменна пакідаюць след. (П.Броўка)

Але сэнс жыцця чалавека перш за ўсё ў тым, каб пакінуць пасля сябе ў свеце добры, годны і багаты след сваёй душы, свайго ўнутранага духоўнага сусвету, сваіх учынкаў і спраў.

Аднойчы вялiкi празаiк i паэт Уладзiмiр Караткевiч сказаў: “Не кожнаму ўдаецца пакiнуць след на Зямлi. Але сваю адмецiну, незалежна ад таго, чым чалавек займаецца, павiнен пакiнуць кожны”. Павiнен! Не кожнаму, аднак, i гэта ўдаецца. А вось вернікам з Палачанаў гэта ўдалося. Бо яны заўсёды жылі і жывуць згодна з прынцыпамі: “Усё, што ні робіце, ад душы рабіце, як Богу, а не людзям” (Каласянам 3:23) і “Не хлебам адным будзе жыць чалавек” (Мацвея 4:4).

Паглыбімся ў гісторыю касцёла ў Палачанах і людзей, якія з ім звязаны, паглядзім, які след на Зямлі пакінуў кожны з іх!
Упершыню ў гістарычных дакументах Палачаны згадваюцца ў 1434 годзе: вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч “дае і даруе на вечныя часы” сяло Палачаны памешчыку Судзімонтавічу. Пазней Палачаны ўсё часцей згадваюцца ў розных купчых граматах, яны пераходзілі ад аднаго ўладальніка да іншага. На працягу стагоддзяў Палачанамі валодалі: Кішкі, Глябовічы, Коцелы, Сулістроўскія і іншыя.

Багатая гісторыя населенага пункта, што не скажаш, на жаль, пра гісторыю каталіцкага касцёла. Невядома, хто і калі пабудаваў першы касцёл у Палачанах. У гістарычных дакументах (Сінод Сапегі) існаванне самастойнай рыма-каталіцкай парафіі ў Палачанах згадваецца толькі адзін раз – у 1669 г. Яе абслугоўвалі айцы дамінікане.

Каля 1720 г. касцёл у Палачанах пераходзіць у ранг філіяльнага пры парафіі Груздава – Аборак і ўваходзіць у Радашковіцкі дэканат.

Новае жыццё для Святыні настала ў 1738 г., калі Антоні Сулістроўскі, маршалак Ашмянскага павета, дзедзіч Палачанаў, і яго жонка Тэрэза з роду Юдзіцкіх на свае сродкі адрэстаўравалі касцёл і адрадзілі парафію.

Храм звычайна ўзводзіўся на ўзвышаным “чырвоным” месцы і служыў асновай усяго будаўнічага праекта і заўсёды займаў выключна важнае месца ў жыцці веруючага чалавека. Для стварэння і ўпрыгожвання яго аддавалася ўсё самае лепшае: лепшыя сілы, таленты, ахвяраваліся найбольшыя сродкі. Таму і касцёл у Палачанах быў размешчаны на самым высокім і прыгожым месцы.

У другой палове XVIII ст. касцёл уяўляў сабой драўлянае, пакрытае гонтаю збудаванне, якое завяршалася “дзвюма вежачкамі з абодвух бакоў фасада з капуламі і трэцяю капулкаю над прэзбітэрыем (прастора паміж малітоўнай залай і алтаром – аўт.) ды крыжам над фасадам”. Уваход у касцёл пазначаўся “ганкам з балясінамі”. Прэзбітэрый фланкавалі дзве сакрыстыі паабапал пяціграннай апсіды (паўкруглы, радзей шматвугольны, выступ у сцяне хрысціянскіх царкоўных будынкаў – аўт.). Інтэр’ер святыні ўпрыгожвалі тры алтары – вялікі алтар з абразом Найсвяцейшай Марыі Панны з Дзіцяткам на руках і яшчэ “два бакавыя алтарыкі пры ім”.

У 1765 г. парафія стала грэка-каталіцкай (уніяцкай), аднак у рыма-каталіцкай структуры святыня заставалася ў рангу філіяльнай.

У 1839 г. была скасавана грэка-каталіцкая царкоўная унія, падпісаная ў 1596 г. у Берасці. Вернікі-ўніяты былі пераведзены ў праваслаўе. У другой палове XIX ст. драўляная святыня ў Палачанах перастала існаваць. Пасля ўспыхнуўшага паўстання 1863 г. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага і яго падаўлення на землях тагачаснай Беларусі зноў усталёўваецца праваслаўная вера. За ўдзел у паўстанні каталіцкіх святароў касцёлы зачыняліся або ператвараліся ў праваслаўныя цэрквы. Так узніклі праваслаўныя святыні ў вёсках Гарадзілава, Лебедзева, Маркава і іншых населеных пунктах. На месцы касцёла ў Палачанах у 1866 годзе была ўзведзена каменная праваслаўная царква.

 17.02.2025 palachany 02

Царква Раства Прасвятой Багародзіцы

Мясцовыя католікі сталі наведваць касцёл у Аборку, які ў 1947 г. быў закрыты, у 1949 г. прыстасаваны пад калгасны склад, а потым ( у пачатку 1980-х гг.) – знішчаны.

Адзінай дзеючай святыняй у гэты час для католікаў заставаўся старажытны каменны крыж, устаноўлены за паўтара кіламетра на поўнач ад вёскі Палачаны, справа ад дарогі на Лебедзева, амаль пасярод дарогі ад развілкі на Яхімоўшчыну да вёскі Зоранька. Здаўна гэты крыж шанаваўся ў мясцовага насельніцтва як цудадзейны і, як напісана ў архіўных матэрыялах, “не было ў наваколлі чалавека, які б прайшоў міма крыжа, не ўкленчыўшы каля яго ці не паклаўшы ахвяраванне”. Рабілі так не толькі католікі і праваслаўныя, але і тыя, хто лічыў сябе атэістам.

 17.02.2025 palachany 03

Камень-крыж

У пашпарце аб’екта ўказаны яго “ўзрост” – позняе сярэдневякоўе. Крыж, высечаны з валуна ружовага колеру, мае вышыню каля 1,2 м. На фасаднай плоскасці ўверсе значацца літары “P” і “S”, на папярочнай перакладзіне, даўжыня якой амаль 1 м, і ніжэй – надпіс, які цяжка разабраць. Зверху крыжа – прамавугольнае паглыбленне памерам 4,2 на 2 сантыметры глыбінёй 7 сантыметраў якое, відаць, засталося ад металічнага крыжыка.

Згодна з кнігай “Памяць”, пісьмовае ўпамінанне аб ім было ў кнізе Ф.В. Пакроўскага “Археалагічная карта Віленскай губерні” (Вільна, 1893 г.): “В волости есть камень, имеющий вид креста, но без всяких надписей; находится он теперь на третьем месте; первоначально же он лежал около дер. Кобылки. В народе существует вера в целебную силу этого камня: местные больные, в надежде получить исцеление, обыкновенно приходят сюда и кладут на камень разные подаяния”.

 17.02.2025 palachany 04

Пакланенне каменю працягваецца і ў цяперашні час

Людзі верылі, што ён надае сілу перажыць войны і эпідэміі, бароніць ад хвароб і няшчасцяў. Таму шанавалі святыню як жывую істоту. У бязбожныя часы вернікі, застаўшыся без храмаў і святыняў, прыходзячы да крыжа, прасілі Бога наставіць на розум тых, хто не ведаў, што тварыў...

Мясцовымі краязнаўцамі запісаны розныя гісторыі паходжання каменнага крыжа. Наколькі гэтыя факты адпавядаюць рэчаіснасці, дакладна сказаць немагчыма.

Адна з версій была занатавана ў ілюстраваным краязнаўчым штомесячніку “Зямля” (№ 12, 1933 г.): “У канцы мая або ў дзень Святога Пятра і Паўла людзі ідуць як на адпуст, несучы прынашэнні. Набожныя на каленях абыходзяць камень, пакідаючы ў якасці падзякі: садавіну, хлеб і грошы, якія затым ідуць да торбаў жабракоў. Мясцовае насельніцтва распавядае, што на палях Палачан быў плоскі камень, яго абыходзілі, не шкадуючы праклёнаў. Аднойчы араты знайшоў на камені пару яблыкаў, з’еў іх – адразу перастаў бачыць. На крык сляпога сышліся людзі і праводзілі яго дадому.

На наступны дзень аслепшы прасіў, каб яго прывялі да гэтага каменя – там, калі ён памаліўся (чаго ён не рабіў шмат гадоў), зрок вярнуўся...

Камень выкапалі і паставілі вертыкальна на скрыжаванні дарог паміж Яхімоўшчынай, Палачанамі і Кабылкамі. Ксёндз пробашч, жадаючы надаць каталіцкі характар, загадаў убіць жалезны крыжык. Дзіўны гэты валун з ружовага граніту, хутчэй нагадвае тулава чалавека, чым крыж…”.

Але вернемся да гісторыі нашага храма. Пайшлі чуткі, што ў Аборку хутка закрыюць касцёл. Яго хацелі разабраць і перанесці ў Палачаны пад клуб. Іван Францавіч Стужынскі з двума веруючымі паехалі ў Міністэрства культуры ва ўпраўленне па рэлігіі і рэзкавата там пагутарылі. Не паспеў Іван Францавіч вярнуцца, як выклікалі на працу і нават не слухаючы яго адказаў, напісалі, што не адпавядае пасадзе, і звольнілі. А касцёл закрылі. Праўда, не разабралі, прыстасавалі пад калгасны склад…

 17.02.2025 palachany 05

Марыя Францаўна і Іван Францавіч Стужынскія

Калі аднавіць касцёл у Аборку было ўжо немагчыма, вернікі стараліся захаваць святое начынне касцёла. Калі арыштавалі і пасадзілі ў турму апошняга пробашча ксяндза Пятра Пупіна, Валенты Адамавіч Шафаловіч на кані вывез з касцёла крыжы, альбы, арнаты, падсвечнікі, ліхтары і перадаў у касцёл у вёсцы Лебедзева. Сям’я Стужынскіх узяла на захоўванне ліхтары, працэсуальны і алтарны крыжы (сёння яны служаць касцёлу ў Палачанах). Пасля закрыцця касцёла сем абразоў былі перададзеныя вернікамі ў іншыя святыні Беларусі. Так, шэраг абразоў трапілі тады ў Кальварыйскі касцёл у Мінску, а абраз св. Роха – у касцёл у Лебедзеве.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды вернікам з Божай дапамогай удалося аднавіць парафію і пабудаваць новы касцёл. 25 сакавіка 1996 года па благаславенні ксяндза Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага ў Палачанах была створана парафія святога Роха, а праз чатыры гады – рэлігійны камітэт, які ўзначаліў Р.І. Стужынскі.

Спачатку вернікі маліліся на могілках, а ксяндзы прыязджалі сюды з Краснага, Лебедзева, Маладзечна: ксяндзы Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі і Гжэгаж Гуральскі з Маладзечна, Пётр Пятрага з Краснага і Пётр Байгер з Лебедзева.

У 2000 г. вернікам перадалі драўляны стары будынак калгаснай канторы ў цэнтры вёскі, які часова быў прыстасаваны пад касцёл і асвечаны пад тытулам святога Роха.

 17.02.2025 palachany 06

Стары будынак калгаснай канторы, у якім першапачаткова адбываліся набажэнствы

 17.02.2025 palachany 07

Унутраны выгляд часовай святыні

Да 2005 г. парафіяй апекаваліся ксяндзы з Краснага, Маладзечна і Лебедзева. Першым сталым пробашчам палачанскай парафіі ў лютым 2005 г. быў прызначаны ксёндз Сяргей Бараўнёў. У гэтым годзе былі пастаўлены і асвечаны крыжы ў в. Груздава, дзе адбываецца фэст у гонар святых Пятра і Паўла; у в. Яхімоўшчына – у гонар св. Яна Хрысціцеля; у в. Вязавец – св. Антонія; у в. Літва – Маці Божай Нястомнай Дапамогі і ў іншых вёсках.

Па ініцыятыве святара і пад яго кіраўніцтвам з вялікім уздымам людзі збіралі грошы, звярталіся па благаславенне да вышэйшых духоўных улад, каб рэканструяваць будынак святыні. Першапачаткова хацелі абкласці яго цэглай, але аказалася, што сцены струхлелі. Давялося будаваць усё нанова. Ксёндз Сяргей паабяцаў вернікам, што неўзабаве паўстане новы касцёл і ўрачыстасць св. Роха яны будуць святкаваць у новай святыні. Мясцовы калгас выдзеліў каталіцкай супольнасці зямлю пад пабудову новага касцёла. Многія парафіяне не паверылі, але такі быў уздым, такое жаданне працаваць, што намаганнямі вернікаў і шчодрых ахвярадаўцаў касцёл узвялі за 3 месяцы (з мая да жніўня). Дапамагала ва ўсім шчырым парафіянам і святару вера ў Бога, якая, вядзе па жыцці, падказвае правільныя рашэнні, дае сілы. Першапачаткова праект касцёла зрабіў архітэктар з Маладзечна Тадэвуш Акуневіч, але ад праекта адмовіліся, так як новы касцёл па планах быў дастаткова вялікім па памерах і ў вернікаў не было сродкаў, каб распачаць такую будову: не вядома, на які час яна б расцягнулася. Таму ўзвядзенне касцёла вялося групаю будаўнікоў па праекце і пад кіраўніцтвам мясцовага парафіяніна Рамуальда Іванавіча Стужынскага.

 17.02.2025 palachany 08

Праект будовы касцёла, зроблены Р.І. Стужынскім

Вопыт у яго немалы: быў брыгадзірам на аднаўленні згарэўшага касцёла ў Альковічах на Вілейшчыне (адрамантаваў вежы і выканаў усе ўнутраныя працы, а таксама маляваныя абразы), дабудоўваў вежу ў барысаўскім храме; у вілейскім, маладзечанскім і хоўхлаўскіх касцёлах стварыў галоўныя алтары, у куранецкай царкве – іканастас.

Насуперак усім цяжкасцям святыня была пабудавана і менавіта ў ёй ва Урачыстасць святога Роха, 16 жніўня 2006 года, ксёндз Сяргей Бараўнёў, дзякуючы Божай ласцы, правёў першую Імшу. Божае слова, Божая радасць і Хрыстова любоў назаўсёды ўвайшлі ў сэрцы парафіян і гасцей палачанскай святыні.

…Касцёл сучасны збудавалі ад царквы праз хату
І ходзяць жыхары адзін да аднаго на свята,
Нягледзячы на рознае веравызнанне,
Вось добры прыклад мірнага суіснавання.
Святкуюць разам і плячо ў плячо працуюць.
Спакой і мір на Беларусі, як нідзе шануюць.
Куды б ты ні з’ехаў і дзе б ні згадзіўся,
Лепш месца няма, чым дзе ты нарадзіўся.
Глыбей гэта робіцца ў нас пачуццё,
Бліжэй чым да скону сыходзіць жыццё! (Ірына Яцукевіч)

Усё наваколле сабралася на фэст у Палачаны. Ганаровае месца ў новым храме заняў абраз Святога Роха, у які Рамуальд Іванавіч Стужынскі ўклаў усю сваю душу, увесь свой талент… З юнацтва Рамуальд Іванавіч выношваў мару стварыць абраз Святога Роха. Ездзіў ён у Дзяржаўны мастацкі музей, рабіў запыты ў архівы – безвынікова. Вярнуць абраз не атрымалася. Тады па копіях і апісаннях ён вырашыў яго стварыць сам, захаваўшы параметры, колеравую гаму.

 17.02.2025 palachany 09

Копія абраза святога Роха, створаная Р.І. Стужынскім

Цікавую гісторыю мае гэты знакаміты абраз святога Роха у багатай сярэбранай аправе. Першапачаткова ён знаходзіўся ў касцёле в. Аборак, пасля закрыцця якога, мясцовыя жанчыны занеслі абраз ў вёску Лебедзева. Менавіта адтуль у 1966 г., пасля закрыцця святыні, абраз трапіў у фонды абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне, а затым і ў Нацыянальны мастацкі музей Мінска (падчас т. зв. “музейных экспедыцый”), дзе ў сховішчах ён і быў знойдзены студэнткай-практыканкай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Віялетай Хвяцковіч і ксяндзом Сяргеем Бараўнёвым.
Супрацоўнікі музея абяцалі, што ў 2015 годзе чарга дойдзе і да абраза св. Роха, але…

 17.02.2025 palachany10

Цудадзейны абраз св. Роха зараз знаходзіцца ў сховішчы Нацыянальнага мастацкага музея ў г. Мінску

Хацелася б яшчэ спыніцца на некаторых абразах з аборкаўскага касцёла, шанаваных мясцовымі вернікамі. Адзін з іх – абраз Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – знаходзіцца ў прыватнай калекцыі.

 17.02.2025 palachany 12

Абраз Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі,
які знаходзіцца ў прыватнай калекцыі

Ванда Іванаўна Харук доўгі час захоўвала абраз Маці Божай Вастрабрамскай, які зараз знаходзіцца ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа, размешчаным на Кальварыйскіх могілках у Мінску.

 17.02.2025 palachany 13

Абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Касцёл Узвышэння Святога Крыжа (Кальварыя, Мінск).

Як вялікае свята у касцёле ў Палачанах быў адзначаны дзень 1 мая 2007 г., калі біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоній Дзям’янка кансэкраваў (асвяціў) касцёл у гонар святога Роха, заступніка ў розных захворваннях і эпідэміях. Ва ўрачыстасці кансэкрацыі касцёла бралі ўдзел святары з суседніх парафій на чале з дэканам Маладзечанскага дэканату ксяндзом прэлатам Эдмундам Даўгіловічам-Навіцкім. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі мясцовых і раённых уладаў. На ўрачыстасць сабралася шмат вернікаў, многія з якіх прыехалі здалёк, каб атрымаць поўны адпуст.

 17.02.2025 palachany 14 1

Моманты з урачыстасці

Каля касцёла была пабудавана і 16 жніўня 2008 г. асвечана капліца Маці Божай Фацімскай – знак удзячнасці Маці Божай за новы касцёл (асвячаў ксёндз арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч).

 17.02.2025 palachany 17

Ксёндз Сяргей Бараўнёў падчас асвячэння капліцы Маці Божай Фацімскай

Каля касцёла было заўсёды вельмі прыгожа і ўтульна, шмат кветак і цікавых сучасных кампазіцый. Гэта справа рук сям’і Шафаловічаў. Валенты Адамавіч абкошваў траву вакол касцёла, а яго жонка Ніна Сцяпанаўна была галоўным садаводам. Вясною ў 6 гадзін раніцы яе ўжо можна было бачыць на прыкасцёльных клумбах. Па вопыт ездзіла ў свой час ажно ў Мосар да святой памяці ксяндза Юзафа Булькі. У цяперашні час тэрыторыю ля касцёла даглядаюць дзеці і ўнукі Рамуальда Іванавіча Стужынскага.

 17.02.2025 palachany 18

Вось так цяпер выглядае прыкасцёльная тэрыторыя

Жыхарам Палачан вельмі пашанцавала са сваім пробашчам кс. Сяргеем Бараўнёвым. Яго актыўнасць не мела межаў. Дзякуючы яму, парафіяне аб’ездзілі ў пілігрымках шмат цікавых месцаў Беларусі. У 2011 г. многія з іх сталі сведкамі сапраўднага цуду, які адбыўся 27 чэрвеня каля крыжа, на месцы, прысвечаным Маці Божай Нястомнай Дапамогі, паміж вёскамі Беразінскае і Літва. Ксёндз Сяргей асвячаў тады крыж і цэлебраваў тут святую Імшу. Неўзабаве пачалася бура, наўкола былі паразмываныя дарогі, у вёсках пазрывала дахі з дамоў, а каля Маладзечна паваліла лес. “Шкоды было вельмі шмат, а вакол нас хмары хадзілі, хадзілі, ды і прайшлі міма, – успамінала Яніна Казіміраўна Ельяшэвіч. – Больш за тое, з’явілася вясёлка і многія парафіяне ўбачылі на небе вока!

У нядзелю, 15 верасня 2019 г., у касцёле былі асвечаны тры алтары, усталяваныя пасля капітальнага рамонту святыні. Асвячэнне здзейсніў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Галоўны алтар прысвечаны Унебаўзяццю Найсвяцейшай Панны Марыі, два бакавыя – святому Роху і Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

 17.02.2025 palachany 19

Момант з урачыстасці 15 верасня 2019 г.

У галоўным алтары касцёла ў Палачанах знаходзіцца копія абраза Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, створаная мастачкай з Мінска Валерыяй Праказавай.

 17.02.2025 palachany 20

Абраз, які знаходзіцца ў галоўным алтары касцёла ў цяперашні час

 17.02.2025 palachany 21

Галоўны алтар прысвечаны Унебаўзяццю Найсвяцейшай Панны Марыі

 17.02.2025 palachany 22

Бакавы алтар прысвечаны святому Роху (справа)

 17.02.2025 palachany 23

Бакавы алтар прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса (злева)

 17.02.2025 palachany 24

Мясцовыя парафіяне і госці падчас свята

Час ляціць… Мы жывём, каб пакінуць наш добры след на зямлі, у Сусвеце, у нашай роднай мясцовасці... І вось ужо адроджана старажытная парафія ў Палачанах і адбудаваны новы касцёл, крыж з ружовага валуна па-ранейшаму стаіць каля дарогі. Па-ранейшаму каля яго ляжаць яблыкі, цукеркі – сведкі людскіх малітваў. Па-ранейшаму ён упрыгожаны і каталіцкімі комжамі, і вышыванымі праваслаўнымі ручнікамі. Калі шанаванне працягваецца і цяпер, сваю задачу пасланец мінулых стагоддзяў выканаў. А для нашых сучаснікаў незвычайны помнік з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння, а таксама сімвалам любові да роднай зямлі.

Па-ранейшаму вернікі з Палачанаў імкнуцца стаць не пясчынкай гісторыі, а яе чалавечнымі і маральнымі творцамі, стваральнікамі. Ім ёсць чым ганарыцца: пасля сябе яны пакінуць годны след!

Ва ўсім, што створана дагэтуль,
Твой творчы розум і рука –
След трактарыста,
след паэта,
Канструктара, будаўніка… (П. Броўка)

А нам варта захаваць памяць пра гэтых людзей, шчырых вернікаў і рупліўцаў на ніве Пана. Вось толькі некаторыя з іх: Валенты Адамавіч і Ніна Сцяпанаўна Шафаловічы, Рамуальд Іванавіч Стужынскі і яго сям’я, Люцыя Браніславаўна Даржынкевіч, Ванда Іванаўна Харук, Яніна Казіміраўна Ельяшэвіч, Яніна Антонаўна Пупкевіч і многія іншыя.

 17.02.2025 palachany 27

Валенты Адамавіч і Ніна Сцяпанаўна Шафаловічы

 17.02.2025 palachany 28

Рамуальд Іванавіч Стужынскі

 17.02.2025 palachany 29

Люцыя Браніславаўна Даржынкевіч

 17.02.2025 palachany 30

Яніна Казіміраўна Ельяшэвіч

 17.02.2025 palachany 31

Яніна Антонаўна Пупкевіч

 17.02.2025 palachany 32

Ванда Іванаўна Харук

Я ўпэўнена, што парафію і касцёл у Палачанах яшчэ чакае шмат цудоўных дзён і, хоць часам бываюць выпрабаванні, трэба верыць у лепшае! Хочацца ўзгадаць кранальныя словы неверагоднага чалавека і святара – ксяндза Сяргея Бараўнёва:

...І хоць цяжкія дні існуюць,
І шмат злога ёсць між людзьмі,
Божа, край наш, прашу, не пакінь,
Захавай ад няшчасця і граху...”.

І Бог ніколі не пакіне палачанскую зямлю!

Тэкст: Таццяна Шумель

Фота: Таццяна Шумель і з архіва парафіян