Skip to main content

Людзі, якія служаць касцёлу сваім талентам: Лізавета Чырвонцава

| Падзеі »

"... усё рабіце на славу Божую"
(1 Кар. 10:31)

 11.02.2025Liz Chyrvoncava11

Вернікі, якія здаўна наведваюць наш касцёл, неаднойчы бачылі ажурныя святочныя ўпрыгожванні інтэр’еру касцёла – дэкарацыі ў стылі выцінанкі з вялізнымі выявамі Анёлаў, зоркі, голуба, Найсвяцейшага Сакрамэнта, Пасхі.

11.02.2025Liz Chyrvoncava18
 11.02.2025Liz Chyrvoncava12

Можа не ўсе задумваліся, адкуль яны бяруцца. Аднак у кожнай такой дэкарацыі ёсць аўтар.

 11.02.2025Liz Chyrvoncava05

Чалавекам, які шмат часу і творчых высілкаў прысвячае з’яўленню гэтых прыгожых работ, з’яўляецца наша парафіянка Лізавета Чырвонцава, мастачка, выкладчыца цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, народны майстар Рэспублікі Беларусь, удзельніца шматлікіх выставаў, у тым ліку персанальных. Асноўным напрамкам яе творчасці з’яўляецца выцінанка. Многія дэкарацыі да розных імпрэз у нашым касцёле - гэта таксама праца Лізаветы. І нават аздабленне найбольш важнага месца ў святыні, яе сэрца – табернакулюма – зроблена нашай мастачкай.

 11.02.2025Liz Chyrvoncava17
11.02.2025Liz Chyrvoncava16

Аздабленне табернакулюма касцёла арнаментальнымі выцінанкамі з сімвалічнымі выявамі,
зробленае народным майстрам Лізаветай Чырвонцавай.

 

Лізавета згадзілася распавесці нам пра выцінанку, а таксама крышачку пра сябе і сваю творчасць.

- Напэўна, большасць ведае, што выцінанка (яшчэ называюць “выразанка”, “выстрыганка”) – гэта старажытнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва выразання з паперы. Я чытала, што слова “выцінанка” ўтварылася ад слова “выцінаць”, якое азначае “старанна выводзіць узор", "займацца чымсьці карпатлівым, што патрабуе вялікай увагі і стараннасці”. Сапраўды, працаваць з такім далікатным матэрыялам, як папера, трэба вельмі акуратна. У некаторых крыніцах пішуць, што гэты від мастацтва нарадзіўся разам са з’яўленнем паперы ў Кітаі. Лізавета, калі яно з’явілася ў нас?

- Выразанне з паперы на тэрыторыі Беларусі вядома з канца ХVI ст. На тэрыторыі Беларусі першая папера была замежнай вытворчасці, і толькі ў 60-х гадах ХVI ст. з’яўляецца першая паперня ў Нясвіжы. У 18 ст. паперу выраблялі каля 30 фабрык. Магчыма, першымі папяровымі ўзорамі былі кустодыі (аздобы для аховы васковых і сургучных пячатак на дакументах).

11.02.2025Liz Chyrvoncava14

З альбома-каталога "Украінська витинанка",
Кіеў "Народні джерла", 2015

З 16 ст. ў Еўропе стала распаўсюджвацца ў асяроддзі шляхты сілуэтная выразка (чорна-белыя рэалістычныя выявы людзей, прыродныя матывы, бытавыя сцэны). Народная выцінанка адрознівалася ад сілуэтнай тэхнікай выканання. Узоры выразаліся на паперы, якая была складзена адмысловымі спосабамі. З даступнасцю паперы ў сялянскім асяроддзі з’яўляецца ўтылітарная выцінанка. Ёй аздаблялі вокны (фіранкі), сцены, мэблю, чырвоны кут, элементы святочных убораў (галаўныя ўборы, калядная зорка). У першай палове ХХ ст. выцінанка перажывае караткачасовы росквіт. У ваенныя часы амаль знікае, канец 40ых-50ыя вяртаецца ў даволі бедны пасляваенны беларускі інтэр’ер, на працягу некалькі дзесяцігодзяў існуе, як утылітарнае ўпрыгожванне мэблі і вокнаў. Толькі з канца 80-х вяртаецца цікаўнасць да выцінанкі ў новым сучасным рэчышчы, але з выразным традыцыйным напрамкам. Даследчыцкая дзейнасць па выяўленню, аднаўленні па памяці традыцыйных узораў, носьбітаў гэтага віду народнай творчасці спрыяла цікавасці да гэтага віду выкладчыкаў, прафесійных мастакоў і навуковых даследчыкаў.

- Што можна сказаць пра цяперашні стан гэтага віда мастацтва ў нашай краіне?

- Для сучаснай беларускай выцінанкі ўласціва не рэгіянальная з’ява, а ўсвядомленае адраджэнне традыцыі яркімі майстрамі, носьбітамі гэтага мастацтва. Па ўсёй Беларусі выдатныя майстры, педагогі і выкладчыкі сваёй працай і прыкладам падымаюць зацікаўленасць традыцыйным беларускім выразаннем з паперы і развіваюць гэты від мастацкай творчасці. Выцінанка добра прыжылася ў школах і садках, ва ўстановах пазашкольнай адукацыі, як від мастацтва, што не патрабуе спецыфічных матэрыялаў і інструментаў. Значны ўклад у папулярызацыю і развіццё сучаснай выцінанкі належыць і маладзечанскім майстрам выцінанкі.

- Усе мы ў дзяцінстве спрабавалі выразаць прыгожыя сняжынкі. Але каб тоненькія, дакладныя, роўныя і паўсюль аднолькавыя дзірачкі зрабіць – гэтак, мне здаецца, далёка не ў кожнай руцэ нажніцы зробяць. Дарэчы, выцінанка выконваецца толькі нажніцамі?

- Не. На Беларусі выразаюць як нажніцамі, так і нажом. Навагрудская выцінанка наогул называецца "выбіванка", бо яны выкарыстоўваюць заточаную стамеску і малаток і ёй выбіваюць ажурны дэкор.

11.02.2025Liz Chyrvoncava21

Прыклад выбіванкі (з адкрытых крыніцаў Інтэрнэт)

- Нядаўна ў рамках праекта парафіяльнага Карытас “Век жыві, век вучыся” Вы распавядалі, што існуе Маладзечанская школа выцінанкі. Як яна была створана?

 11.02.2025Liz Chyrvoncava22

- Стваральнікам Маладзечанскай школы выцінанкі з’яўляецца Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава (1937-2014 г.ж.) (мама Лізаветы – аўт.). У 1985 годзе яна пачала працаваць у Дзіцячай мастацкай школе г. Маладзечна (ДМШ) настаўнікам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (ДПМ). Выразанне выцінанак вельмі спадабалася вучням. Вікторыя Мікітаўна распрацавала рабочую праграму па выцінанцы для малодшых і старэйшых класаў мастацкай школы.

11.02.2025Liz Chyrvoncava13

Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава

У 1995 годзе пры Маладзечанскім музычным каледжы імя М.К.Агінскага было адкрыта аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якое ўзначаліць запрасілі Вікторыю Мікітаўну. Яе багаты творчы і педагагічны вопыт выкладчыка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дазволіў стварыць вучэбную праграму па прадмету “Работа ў матэрыяле” і методыку выкладання выцінанкі. Вучэбная праграма ўдасканальвалася выкладчыкамі аддзялення, вялася даследніцкая праца над вывучэннем беларускага арнаменту, сімвалізму выяў і тэхнічных прыёмаў выцінанкі.

- А ў чым асаблівасць Маладзечанскай школы выцінанкі?

- Маладзечанская школа выцінанкі як сукупнасць прыемаў, стылістыкі і тэматыкі сфарміравалася на аснове двух напрамках: аўтэнтычнага і прафесійнага. Так як папера мае нетрывалую структуру і існавала самае большае на працягу года, то рэканструкцыю (узнаўленне) прыходзілася праводзіць абапіраючыся на асабістыя дзіцячыя ўражанні і размовы з носьбітамі традыцыі. Другі напрамак – ускладненне і насычэнне кампазіцый прыёмамі прафесійнай кніжнай графікі.

- Якія майстры сёння працуюць у гэтым кірунку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва?

- Сёння працягваюць творчыя здабыткі Вікторыі Чырвонцавай і з’яўляюцца асноўнымі носьбітамі традыцыі выкладчыкі цыклавой каміссіі ДПМ “Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К.Агінскага” – Чырвонцава Л.Л., Чырвонцава Н.Л., Валковіч-Борыс Л.М., народныя майстры РБ – Сухая Н.А., Каўрус Ю.В. настаўнікі дзіцячай мастацкай школы мастацтваў г.Маладзечна.
Былыя навучэнцы аддзялення раз’язджаюцца па сваіх рэгіёнах і працягваюць традыцыі школы. Многія з іх працуюць настаўнікамі дзіцячых школ мастацтваў, метадыстамі раённых цэнтраў рамёстваў, метадычных цэнтраў народнай творчасці. Некаторыя, працягнуўшы навучанне ў мастацкіх ВУЗах краіны, выкарыстоўваюць вобразы выцінанкі ў сваіх работах па дызайну адзення, інтэр’ера, паліграфіі, керамічных вырабах. Майстры Маладзечанскай школы выцінанкі заўсёды знаходзяцца ў творчым пошуку, але не губляюць і свае асноўныя кампазіцыйныя прынцыпы, прытрымліваюцца традыцыйных беларускіх вобразаў і сімвалаў. Майстры Маладзечанскай школы выцінанкі ілюструюць кнігі, метадычныя дапаможнікі, яны не раз станавіліся лаўрэатамі, дыпламантамі, стыпендыятамі конкурсаў розных узроўняў.
Кожны год праводзяцца форумы, семінары, майстар-класы на аддзяленні ДПМ з удзелам майстроў выцінанкі з усёй рэспублікі, а таксама тых, хто цікавіцца гэтым відам народнай творчасці.

- Я бачыла паштоўкі і шоперы з выявамі ў стылі выцінанкі.

- Так. Выцінанка накірунку Маладзечанскай школы сапраўды выкарыстоўваецца для выдання паштовак, кніг, прынтоў і вышыўкі на вопратацы, стварэння ландшафтнай аздобы, інтэр’ерных элементаў, афармлення мерапрыемстваў, служыць асновай графіці.
Працы майстроў Маладзечанскай школы выцінанкі замаўляюць для аздаблення інтэр’еру і выкарыстоўваюць у карпаратыўнай паліграфічнай прадукцыі розныя арганізацыі і кампаніі. Шматлікія госці горада наведваюць УА “Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага”, дзе знаходзіцца мастацкая галерэя дыпломных работ цыклавой камісіі ДПМ, знаёмяцца з мноствам выцінанак, якія аздабляюць інтэр’еры каледжа.
Дарэчы, нашым жыхарам горада можа гэта і не бачна, але госці горада заўважаюць, што выцінанка настолькі ўвайшла ў жыццё нашых гараджан, што стала адметнай рысай, ідэнтыфікатарам мясцовай культуры горада: няма ні воднай навучальнай ці адміністрацыйнай установы ці жылога дома ў Маладзечне, дзе не ўбачыш на зімовыя святы ўпрыгожванні з выцінанак. Традыцыя аздаблення інтэр’ераў і вокнаў на святы з кожным годам усё больш распаўсюджваецца ў гарадскім асяродку.
Больш за тое, Маладзечанская выцінанка ўжо выходзіць за межы краіны і ўплывае на мастацтва суседніх Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны.

- А на ўзроўні ўсяго свету?

- У 2021 годзе мастацтва выцінанкі атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі. 4 снежня 2024 года міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА падчас 19-й сесіі (г. Асунсьён, Парагвай) прыняў рашэнне аб уключэнні элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны "Выцінанка - традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі" ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

- Паблукалі ў думках па вуліцах горада, зазірнулі ў суседнія краіны, а цяпер вернемся дадому. Хочацца яшчэ запытацца пра Вашае асабістае жыццё і творчасць. З якога ўзросту Вы займаецеся выцінанкай?

- Займаюся выцінанкай з самага дзяцінства, пераняла майстэрства ад сваёй маці Вікторыі Чырвонцавай.

- Адкуль Вы бярэце натхненне? Якія тэмы для мастацкага ўвасаблення Вам найбольш блізкія?

- Для мяне натхненне - гэта ідэя, якая ўзнікае пасля разважанняў аб розных праявах жыцця, аб тым, што навокал і ўнутры мяне. Гэта могуць быць як добрыя рэчы, так і адмоўныя, але менавіта тыя, пра якія хочацца выказацца праз мастацкі вобраз. Найбольш цікавяць тэмы звязаныя з духоўнай культурай Беларусі, фальклорам і сімвалізмам.

- Менавіта ў касцёле я пазнаёмілася з Вашай творчасцю. Як Вы завязаны з касцёлам? Калі і чаму Вы пачалі штосьці рабіць для касцёла?

- Пошукі веры былі для мяне складаныя і супярэчлівыя, бо, нажаль, у мяне не было прыклада глыбока веруючага чалавека ў дзяцінстве. У касцёл я прыйшла ахрысціць старэйшую дачку 25 год таму і зразумела, што менавіта ў ім адчуваю і разумею Божае слова.
З будаўніцтвам касцёла св.Піо вельмі хацелася аздабляць амаль пусты інтэр'ер храма, асабліва на святы. Мае прапановы па аздабленню касцёла выцінанкамі знайшлі падтрымку ў тагачаснага пробашча, Анатоля Ярошкі, і братоў. Так з'явіліся розныя дэкарацыі на свята і аздабленне табернакулюма.

11.02.2025Liz Chyrvoncava19

- Я ведаю, што ў Вас ёсць 2 сястры.

- Сапраўды. Наталля - таксама выкладчыца мастацкіх дысцыплін на цыклавой камісіі УА "Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага". Яе ў парафіі некаторыя ведаюць, як удзельніцу этнаграфічнага клуба “Кола”, і па занятках у праекце “Век жыві, век вучыся”, дзе яна разам з іншымі “колаўцамі” знаёміць з традыцыйнымі народнымі танцамі.
Наша сярэдняя сястра, Кацярына, - медык, але вельмі таленавіты, творчы чалавек, як і яе дзеткі.

11.02.2025Liz Chyrvoncava06

Наталля Чырвонцава (фота з сайта zviazda.by)

- А Вашыя дзеткі пайшлі па творчай дарозе?

- У нас з Наталляй дзеці атрымаліся з дынастыі мастакоў з усіх бакоў, і па кудзелі, і па мячы.
Мая старэйшая дачка, Сафія, скончыла Маладзечанскі музычны каледж імя М.К. Агінскага ЦК “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” і Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў. Дарэчы, у якасці дыпломнай работы ў каледжы яна захацела зрабіць абраз св. Францішка Асізскага, які да нядаўняга часу можна было ўбачыць у нашым касцёле. Кампазіцыя абраза насычана сімволікай, звязанай з гісторыяй жыцця Святога і хрысціянскімі ўяўленнямі аб сакральных вобразах і колерах. Пасля абароны дыплома абраз быў перададзены касцёлу.
Малодшая, Стэфанія, - таксама мастак. У гэтым годзе скончыць каледж.

11.02.2025Liz Chyrvoncava15

Абраз Святога Францішка Асізскага.
Дыпломная работа Сафіі Падкарытавай. Адна з самых вялікіх беларускіх выцінанак.

- Дзякуй, Лізавета, за размову, вельмі пазнавальную і шчырую. Няхай Пан Бог натхняе Вас на новыя творчыя праекты. Спадзяёмся, што яшчэ не раз пабачым Вашу творчасць таксама і тут, у касцёле.

Калі хтосьці адчувае ў сабе творчы запал, можна наведаць заняткі, звязаныя з рознымі відамі мастацтва, якія Лізавета праводзіць у касцёле ў рамках праекта парафіяльнага Карытас “Век жыві, век вучыся".

 11.02.2025Liz Chyrvoncava23

 

Таксама можна пацікавіцца работамі і дзейнасцю сп. Лізаветы на яе сайце https://vytinanka.by/ і старонцы ў Інстаграм.

Пытанні задавала: Савянок Кацярына

Фота: з асабістага архіва Лізаветы Чырвонцавай і парафіяльнага архіва