"Вось я!" У свята Ахвяравання Пана Рыцары святога Францішка склалі прысягу
Які вобраз першы прыходзіць, калі чуем слова “рыцар”? Думаю, што большасць адразу ўяўляе сабе сярэднявечнага воіна ў даспехах, слаўнага, непераможнага, адважнага, шляхетнага, здольнага на подзвігі дзеля прыгожай дамы. Гэта вобраз, які ў гады свайго юнацтва захапіў св. Францішка Ассізскага. Дзеля дасягнення сваёй амбітнай мары стаць рыцарам малады Францішак купіў сабе каня, зброю, даспехі і адправіўся ваяваць. Патрэбны быў час, каб ён зразумеў, што яго бітва і яго рыцарства – іншыя.
“Бо нашая барацьба не супраць крыві і цела, але супраць панаванняў, супраць уладаў, супраць гаспадароў цемры гэтага свету, супраць нябесных духаў злосці” (Эф. 6, 12). Нашае змаганне – супраць граху.

У гэтай нябачнай бітве мае ўдзел кожны ахрышчаны. І як сапраўдны воін, павінен быць апрануты ў даспехі. Якія ж яны – сапраўдныя даспехі Бога?
Св. ап. Павел пісаў у лісце да Каласянаў: “Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць, <…>. А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці” (Клс. 3, 12-14). А ў іншым месцы, у лісце да Эфесцаў: “<…> станьце, падперазаўшы свае сцёгны праўдаю, і апрануўшыся ў панцыр справядлівасці, і абуўшы ногі ў гатовасць дабравесціць спакой. А разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога; і шлем збаўлення вазьміце, і меч духоўны, якім ёсць Божае слова. <…> маліцеся ў Духу пры кожнай нагодзе” (Эф. 6, 13-18).
Як сапраўдны рыцар, кожны хрысціянін, вобразна кажучы, павінен умець карыстацца сваёй духоўнай зброяй і экіпіроўкай і падтрымліваць іх у належным стане. А гэтаму трэба вучыцца, і найлепш – з дзяцінства.
Св. Францішак, які называў сябе герольдам (вестуном) Вялікага Караля і рыцарам выдатнай дамы Беднасці, настолькі быў прасякнуты і заглыблены ў Божае слова, настолькі яго лад жыцця адпавядаў Евангельскаму, што яго пачалі называць “другім Хрыстом”. Ён сваім жыццём споўніў словы ап. Паўла: “Бо ўсе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся” (Гал. 3, 27). “Ужо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстос” (Гал. 2, 20). Таму мы можам давяраць яго бачанню хрысціянства і наследаваць Хрыста, ідучы следам за Францішкам.

Выдатная магчымасць для дзяцей – вучыцца быць сапраўдным хрысціянінам пад апекай св. Францішка і братоў капуцынаў, яго духоўных сыноў, - з’явілася ў нашай парафіі. У нядзелю 2 лютага 29 маленькіх хрысціянаў урачыста склалі прысягу Рыцара і ўступілі ў нованароджаную супольнасць “Рыцары святога Францішка”.

Такая супольнасць – гэта не выключная з’ява нашай парафіі. “Рыцары” існуюць у многіх краінах свету, у якіх служаць францішкане. Гэта частка францішканскай сям’і. Праз гульні, цікавыя заданні, тэатральныя сцэнкі, сяброўства дзеці пранікаюцца духоўнасцю св. Францішка, фарміруюць свой светапогляд у духу братэрства з усімі людзьмі і ўсімі стварэннямі, вучацца рацыянальна карыстацца рэчамі, беражліва адносіцца да прыроды, заўважаць яе прыгажосць, быць побач з тымі, каму цяжка, несці супакой і радасць.

Прыгожым знакам з’яўляецца тое, што сваю прысягу маленькія Рыцары склалі менавіта ў свята Ахвяравання Пана, калі Касцёл успамінае дзень прысвячэння маленькага Езуса Богу, якое здзейснілі Марыя і Юзаф, калі прынеслі Яго ў Ерузалемскі храм. Гэтак і нашыя парафіяне, таты і мамы, прывялі сваіх дзетак, каб прадставіць іх Богу, падзякаваць за дар бацькоўства і папрасіць Бога прыняць іх пад Сваю апеку і весці праз жыццё.
На гэтым Божым шляху ў бацькоў ёсць адказнае заданне - даць Богу такую магчымасць. Вельмі важна ў выхаванні даручаных ім маленькіх Божых сыноў і дочак, дбаць не толькі пра матэрыяльнае забеспячэнне сваіх дзяцей і іх інтэлектуальнае развіццё, але і памятаць пра іх духоўныя патрэбы. Сярод усіх разнастайных заняткаў, школьных і пазашкольных, варта знаходзіць час для Бога.

Бр. Сяргей Гусар, які апякуецца “Рыцарамі” ў нашай парафіі, падчас гаміліі правёў цікавы эксперымент для дзяцей (але я думаю, што і дарослым ён спадабаўся). Брат прынёс некалькі знічак розных колераў і форм. Калі яны былі запалены, і дзеці, і дарослыя заўважылі, наколькі знічкі сталі падобныя паміж сабой: агонь, бачны скрозь празрыстыя сценкі, быццам высветліў іх колеры і прыпадобніў да сябе. Агонь, святло – сімвал Хрыста. Падобна і нас, такіх розных, робіць блізкімі, яднае святло нашай веры, агонь Божай прысутнасці ў нас. І заданне кожнага хрысціяніна, а таксама заданне бацькоў у адносінах да дзяцей – заўсёды падтрымліваць гэты агонь, гэтае святло.

Толькі з сэрцамі, запаленымі Божым агнём, дзеці могуць спаўняць тое, што абяцалі ў малітве-прысязе: “любіць простыя рэчы, верыць у сяброўства, выціраць слёзы бліжняму, радавацца, дапамагаючы бедным”, “жыць у братэрстве”, “сеяць надзею і радасць у сэрцы”.

Пасля прысягі маленькія “Рыцары” атрымалі таў на знак прыналежнасці да францішканскай сям’і. Жадаем нашым дзеткам заўсёды мець моцнае жаданне ісці за Хрыстом, адказваючы Яму, як адказвалі падчас св. Імшы: “Вось я”, і кожны свой дзень і свае справы давяраць Богу.


“Рыцары” запрашаюць далучацца да іх усіх жадаючых узростам ад 8 да 14 гадоў. Гэта можна зрабіць кожную суботу а 16-00 (у капліцы).

Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок