З падзякай за служэнне ў нашай парафіі бр. Андрэю Шэстакову

У нядзелю 2 студзеня падчас Святой Імшы а 18.00 мы ўсе асабліва маліліся і дзякавалі за гады служэння бр.Андрэю Шэстакову, які далучыцца да супольнасці ў Докшыцах.

Бр.Андрэй чатыры гады служыў у нашай парафіі. Гэта вельмі сціплы чалавек, які валодае разнастайнымі талентамі і праз іх праслаўляе Бога. “Не важна, што ты робіш, галоўнае – тое, што ты робіш ад сэрца, укладваеш у працу душу” – казаў бр. Андрэй падчас інтэрв’ю ў лістападзе 2023 года. І ўсе мы сапраўды з’яўляемся сведкамі вынікаў яго працы. Так пасля заканчэння Святой Імшы адбылося асвячэнне яшчэ аднаго выніку мастацкіх здольнасцей бр.Андрэя – абраза Св.Францішка, які будзе ўпрыгожваць наш касцёл.


Ад імя братоў і ўсёй парафіі пробашч бр.Уладзіслаў падзякаваў бр.Андрэю за незлічоныя рэчы, зробленыя яго рукамі, за прыклад любові да Найсвяцейшага Сакрамэнту, за прыклад сціплай прыгажосці. Да слоў падзякі далучыўся бр.Андрэй Жылевіч і прызнаўся, што сярод братоў бр.Андрэя называюць “старцам” за яго мудрасць.

Затым свае словы падзякі да бр.Андрэя скіравалі таксама рухі і супольнасці нашай парафіі. Для таленавітага чалавека чыталі вершы:
Развітанне – гэта горыч,
Развітанне – гэта стрэс,
Але ведаем дакладна:
Перавод – гэта прагрэс!
Месца новае і людзі
Будуць толькі на карысць.
Брат Андрэй патрэбен усюды,
Кліча Бог яго кудысць…
Дзякуем Вам за служэнне,
Плённа быў праведзен час.
Мы жадаем Вам натхнення
І патрэбных Божых ласк!
(Алёна Арлоўская)

Дапаможа ўсім, хто хоча –
У Вас вельмі добрыя вочы.
Цудоўны сталяр,
Сапраўдны мастак,
І вялікі весяльчак.
Вы адкрыты на людзей –
Мы Вас любім, брат Андрэй!
Развітвацца не хочацца –
Чакайце нас у Докшыцах.
З такімі хоць на дзявяты вал –
Вам сем футаў, Адмірал!
Сачыніў Вам лічна
Ваш пакорны мічман.
(Алег Шумель)

Бр. Андрэй казаў: “Мне прыносіць радасць тое, што я магу служыць Таму, Каго люблю і Каму прысвяціў сваё жыццё.”
Вось такі ён, наш брат Андрэй. Да наступнай сустрэчы!
Інтэрв'ю з бр. Андрэем можна пачытаць тут.
Тэкст: Алёна Арлоўская
Фота: Дамініка Гулевіч, бр. Андрэй Жылевіч