Skip to main content

Жыццё Сясцёр Місіянерак Святой Сям'і і асабістае пакліканне с. Аляксандры Рыбалтоўскай

| Падзеі »
 29.01.2025 MSF01 1

Сёння важны дзень для сясцёр, якія служаць у нашай парафіі, таму што 29 студзеня Касцёл успамінае  Баляславу Лямэнт, заснавальніцу Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і (MSF). Сёстры ўжо больш за 20 гадоў выконваюць розныя паслугі пры касцёле св. Піо. З нагоды свята мы вырашылі даведацца, як ім тут жывецца, і задалі некалькі пытанняў с. Аляксандры Рыбалтоўскай.

- Сястра, раскажыце, калі ласка, пра вашу манаскую супольнасць.

- Першая супольнасць сясцёр з’явілася ў Магілёве, у 1905 годзе. Маці Баляслава хацела, каб сёстры былі апосталкамі адзінства сярод тых, да каго яны пасланыя. Мы сёння з вамі бачым, колькі няшчасця і болю прыносяць розныя падзелы: падзелы ў нашых сем’ях, на працы, сярод хрысціян.  Баляслава таксама бачыла і вельмі моцна перажыла і зрабіла сваімі словы Езуса: "Каб усе былі адно". Сёння нашыя сёстры нясуць у  Беларусі наступнае служэнне: рыхтуюць дзяцей, моладзь і дарослых да прыняцця святых сакрамэнтаў, дапамагаюць святарам у закрыстыі, кормяць галодных, прыходзяць на дапомогу тым, хто знаходзіцца ў матэрыяльнай або духоўнай нястачы.

 29.01.2025 MSF02

- Што асаблівага ёсць у духоўнасці вашай манаскай супольнасці? Якія галоўныя аспекты яе духоўнага жыцця?

- Для кожнай сястры благаслаўлёная Баляслава вызначыла мэтай  служэнне справе адзінства Царквы Хрыстовай. Але крыніца любой апостальскай дзейнасці – гэта сэрца, напоўненае жывой верай. "Паколькі вера - гэта аснова духоўнага жыцця і апостальскай дзейнасці, нам трэба жыць у веры, у веры моцнай, светлай і жывой», - казала заснавальніца. І яшчэ: “Каб адказаць на заклік Госпада, сястра павінна мець у душы жывую веру". Таму перш за ўсё, наша супольнасць, як і любая іншая манаская сям’я, з’яўляецца супольнасцю веры і бярэ свой пачатак не ад чалавечых задум і планаў, але народжаная ад Бога. У духоўны падмурак супольнасці закладзена вера благаслаўлёнай Баляславы, ачышчаная агнём выпрабаванняў. Вера чыстая, моцная, непахісная, мужная - вера жывая. Таму яе заклік і павучанні на тэму веры нясуць у сабе каштоўнасць духоўнай спадчыны. Такая вера не грунтуецца толькі на прызнанні велічы і святасці Бога. Жывая вера пазнаецца па пладах, бо “вера без спраў мёртвая” (Як. 2, 20).

 29.01.2025 MSF03

- А як такую веру здабыць?

- Такая вера ўмацоўваецца ў дыялогу з Богам, голас якога чутны ў сумленні чалавека. Вера дапамагае ўбачыць самога сябе і навакольную рэчаіснасць вачыма Самога Бога, яна адкрывае Божае жыццё ў нас. Вера - гэта даверлівае і поўнае даручэнне свайго існавання і сваёй дзейнасці Езусу, Яго бясконцай сіле і мудрасці, Яго бязмежнай любові. Гэта з'яднанне сваёй асобы з асобай Хрыста - адзінага Пана і адзінай Любові.
Такое глыбокае пазнанне Езуса не здзяйсняецца праз інтэлект, але выліваецца Духам Святым у сэрца чалавека (пар Рым 5, 5). Заснавальніца заклікае кожную сястру: “Трэба нам глыбей пагрузіцца ў Сэрца Езуса, каб спазнаць Яго, паўнату Яго прыгажосці і ўсю неспасцігальнасць Яго любові". І ў іншым месцы яна кажа: "Кожная сястра павінна настолькі любіць Езуса і Яго Боскае Сэрца, настолькі быць злучаная з Ім, каб магла раздаваць Яго ўсім вакол. Маліцеся і прасіце Езуса, схаванага ў Эўхарыстыі, аб тым, каб Ён запаліў сваёй любоўю нашыя сэрцы, каб дараваў нам здольнасць прыцягваць і запальваць любоўю да Яго сэрцы людзей".

- Як бачыла ваша заснавальніца штодзённае жыццё сясцёр?

- Штодзённае жыццё кансэкраванай асобы, згодна з думкай благаслаўлёнай Баляславы, павінна быць напоўнена такім духам і такімі пладамі веры, якімі жыла Святая Сям’я.

Калі мы гаворым пра сузіранне Езуса, то, несумненна, трэба глядзець на Яго так, як глядзела Марыя, якая ўсе словы і падзеі жыцця Сына “захоўвала ў сэрцы сваім” (Лк 2, 51). А таксама так, як глядзеў на Яго святы Юзаф, клапатліва абараняючы і ахоўваючы Сына Божага. Гэта сузіранне Езуса, цэнтральнай фігуры Святой Сям'і, як Збавіцеля і Бога, Які жыве сярод людзей, а таксама разважанне над Яго словамі і Яго жыццём, з'яўляецца самым галоўным, штодзённым і нястомным заданнем у духоўным жыцці ўсёй манаскай супольнасці ў цэлым і кожнай сястры ў прыватнасці.
Можна зацытаваць словы маці Баляславы, якія яна пісала сваім духоўным дочкам: “Усіх вас я даручаю заступніцтву і апецы Святой Сям'і, з якой вы заўсёды будзьце духоўна адзіныя, пераймаючы яе ў паўсядзённым жыцці".

 BL. B. LAMENT 1a po retusz

Благаслаўлёная Баляслава Лямэнт, 1862- 1946 гг. 
Была беатыфікаваная Янам Паўлам ІІ 5 чэрвеня 1991 г. у Беластоку.

Каб праўдзіва прытрымлівацца прыкладу жыцця святой Сям'і, неабходны поўны давер Божаму Провіду і адданасць Божай волі.

"Памятайце пра тое, што самі па сабе мы не здольныя зрабіць нічога годнага Бога і годнага нябеснай узнагароды, таму няхай заўсёды і ўсюды нам спадарожнічае пакора, а з ёй вера ў дапамогу Божую, – заахвочвала маці Баляслава. - Палюбіце ўсё тое, чаго ад нас патрабуюць нашыя абеты, бо яны выказваюць Божую волю ў адносінах да нас. Будзьце верныя, руплівыя і спадзявайцеся на Божую дапамогу, робячы ўсё з любові для большай славы Божай".

І сама заснавальніца першая давала ў гэтым прыклад. Яна засталася ў памяці сясцёр чалавекам жывой веры і малітвы, паслухмянасці Божай волі і клопату аб выратаванні душаў.

- Многія словы благаслаўлёнай Баляславы можна аднесці да ўласнага духоўнага жыцця таксама і свецкаму верніку… А ў адносінах да матэрыяльнага боку жыцця? Мы ведаем, што сёстры перыядычна мяняюць месцы служэння. У цяперашні час мясцовую супольнасць у Маладзечне складаюць 3 сястры: Вы, с. Кацярына і с. Бернадэта. Што з’яўляецца абавязкамі кожнай з сясцёр у парафіі?

- Ужо шмат сясцёр служылі ў парафіі св. Казіміра, і іх заданнямі былі і ёсць дапамога ў закрыстыі, упрыгожванне касцёла, заняткі для дзяцей і падрыхтоўка да сакрамэнтаў.

У цяперашні час працай ў закрыстыі займаецца с. Бернадэта. Часам здаецца, што гэта праца не апостальская, непрыкметная, але гэта не зусім так. Часта людзі, якія прыходзяць запісаць інтэнцыю, патрабуюць увагі, дапамогі, парады, бо не ўсе разумеюць касцёльныя законы і традыцыі. Для ўсіх трэба знайсці час і патрэбныя словы. І ў сястры гэта добра атрымліваецца. Таксама сястра глядзіць за чысцінёй літургічных рэчаў і рыхтуе патрэбнае да св. Імшы.

(І як казалі святары, літургічнае адзенне заўсёды чыстае і прыемна пахне 😊- аўт.).

 29.01.2025 MSF06

С. Кацярына, акрамя падрыхтоўкі дзяцей і моладзі да сакрамэнтаў, сустракаецца з жадаючымі, каб разважаць над Божым Словам, а таксама праводзіць заняткі для дарослых, на якія сястра рыхтуе тэмы і тлумачыць усё, аб чым людзі хочуць даведацца. Пярлінай у працы сястры з’яўляецца тэатральная група “ Пілігрымы надзеі ”, якая пад кіраўніцтвам сястры паказала ўжо шмат выступленняў і з кожным разам радуе нас усё больш.

(Таксама с. Кацярына вельмі добра гуляе ў шахматы і настольны тэніс і піша навуковую працу – аўт.).

 29.01.2025 MSF05

Я таксама займаюся з дзецьмі ў парафіі, але не ў вялікім аб’ёме, бо даязджаю ў іншую парафію, у Віцебскай дыяцэзіі. Яшчэ адна мая паслуга ў тым, што я часткова раблю кампазіцыі з кветак і ўпрыгожваю касцёл.

(Мы ўсе добра ведаем, якія прыгожыя кампазіцыі з кветак умее рабіць с. Аляксандра! А яшчэ яна ўмее рыхтаваць пераможцаў біблійных конкурсаў ;) - аўт.).

 29.01.2025 MSF10
29.01.2025 MSF07

- Заўсёды нам, свецкім, цікава пачуць ад манаскай асобы гісторыю аб тым, як нарадзілася жаданне пакінуць родных, сяброў, перспектывы свецкага жыцця і пайсці ў невядомае, для многіх дзіўнае і незразумелае духоўнае жыццё-служэнне. Як Вы адкрылі для сябе гэты шлях і адкуль узялася адвага яго распачаць?

- Мая асабістая гісторыя паклікання распачалася нашмат раней, чым я калісьці думала, бо Бог прамаўляў да мяне праз людзей, праз мае пачуцці (расчараванні, радасці, сумнівы), праз розныя падзеі. І думаю, што мой прэдыкат (дадатковае імя манаскай асобы, якое адлюстроўвае галоўныя аспекты асабістага духоўнага жыцця – аўт.) - с. Аляксандра ад Божага Провіду, які я абрала ў манаскім жыцці, сапраўды паступова адкрываўся і дагэтуль адкрываецца ў маім жыцці.

 29.01.2025 MSF08

С. Аляксандра ў дзяцінстве.

Нарадзілася я ў Баранавічах, у каталіцкай сям’і. Бацькі, як і шмат у каго, хто нарадзіўся ў 80-я гады, не вельмі гарнуліся да хрысціянскага жыцця. Бабуля, якая разам з дзядуляй жыла ў Ішкалдзі, вельмі перажывала, каб я не засталася без Бога ў душы, і настойліва прыпамінала, што трэба прыняць Камунію. У 9 гадоў мяне прывезлі летам у Ішкалдзь, каб аддаць на заняткі, якія трывалі ў тых часах і ўмовах месяц. Гэта быў апошні год, калі святары не мелі дазволу рыхтаваць дзяцей, і наша група збіралася ў вялікім сараі старэйшай пані, якая шмат гадоў была мясцовай катэхеткай. Я прыняла камунію і на цэлы год развіталася з касцёлам (як гэта робяць шмат нашых камунійных дзяцей). На наступнае лета я паехала ў вёску і нават сама мела жаданне паспавядацца. І падчас споведзі мяне святар пачаў пытацца, што такое сакрамэнт Пакаяння і Эўхарыстыі. Канешне, я нічога не змагла адказаць. Ён папрасіў мяне яшчэ раз хадзіць на падрыхтоўку і тады толькі прыходзіць да споведзі. Мяне гэта настолькі абразіла, што са мной ніхто не мог дамовіцца, каб я пайшла ў касцёл.

 29.01.2025 MSF11

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў в. Ішкалдзь, Крошынскі с/с, у 36 км ад Баранавічаў.

 29.01.2025 MSF04

Гэлена і Баляслаў - бабуля і дзядуля с. Аляксандры.

- Але цяпер Вы ў касцёле, значыць штосьці потым перамянілася?

- Калі мне было ўжо 13 гадоў, Бог падараваў мне вельмі добрых сяброў, кампанію зусім не касцёльную. І адзін мой сябра аднойчы спытаў: “Ці ты чытала Біблію”. Я сказала, што гэта нецікавая кніга, на што ён мне адказаў: “У такім выпадку ты ніколі не будзеш мудрай”. Мае амбіцыі былі закрануты, і я пачала распытвацца, дзе ў Баранавічах ёсць касцел. Божы Провід так пакіраваў, што ў маім мікрараёне пачалі будаваць касцёл айцы-вербісты. Яны таксама запрашалі дзяцей і моладзь на заняткі, і першымі вучаніцамі сталіся тры дзяўчыны, адной з якіх была я. Больш касцёл я не пакідала. Як і цяпер у гэтай парафіі, таксама і ў нас было насычанае хрысціянскае жыццё: мы збіраліся на сустрэчы, праводзілі дзіцячы “Легіён”, разважалі над Бібліяй, хадзілі ў паломніцтва, прыходзілі на будоўлю касцёла і кляштара для сясцёр. Я пачала дапамагаць сёстрам развозіць абедаў для бедных. Патроху і мае бацькі прыгарнуліся да касцёла. Яны ўзялі шлюб, мама прыняла сакрамэнт канфірмацыі.

- Напэўна, тады ўжо былі думкі пра кляштар?

- Не, з’явіліся крыху пазней, калі ўжо падыходзіў час жыццёвага выбару. Аднойчы адна з маіх аднакласніц, якая хадзіла ў касцёл, сказала: “Я пайду ў кляштар”. І толькі тады ў мяне з’явілася думка, што такі варыянт паклікання таксама можна разглядаць. Канешне, у будучым пайшла ў кляштар я, а не яна. (усміхаецца – аўт.) Яшчэ больш сур’езных разважанняў наконт паклікання далі мне рэкалекцыі, якія вяла с. Паўла.

- І Вы адразу рашыліся?

- Перш, чым пайсці ў кляштар, Бог даў мне права выбару. Спачатку я паступіла ў БДУ на філалагічны факультэт рускай мовы і літаратуры (які не скончыла), пачала сябраваць з хлопцам, і мы нават думалі аб заручынах. Але яго сям’я адразу сказала, што мне трэба будзе выбраць: касцёл або сям’я. А з яго боку я бачыла абразлівае стаўленне да маёй веры. Тады да мяне прыйшла думка, што калі ён цяпер жартуе з Бога, то калісьці пасмяецца і з мяне. На гэтым адносіны нашыя скончыліся. У вольны ад вучобы час я любіла прыходзіць на малітву ў каплічку Маці Божай Будслаўскай, дзе праходзіла вечная адарацыя. Напэўна там, падчас ціхай малітвы, я пачала разумець, што Бог хоча ад мяне іншага. Прыйшла да сясцёр параіцца і паглядзець, як яны жывуць, і адчула такі ўнутраны супакой, што зразумела: гэта маё месца.

 29.01.2025 MSF09

Вечныя абяцанні с. Аляксандры.

- Як прынялі Вашае рашэнне бацькі?

- Вельмі цяжка і балюча, бо планы на маё жыцце былі іншымі, але з упэўненасцю магу сказаць, што зараз яны цешацца і падтрымліваюць мяне, а мама шмат сясцёр называе “мае дачушкі”.

 29.01.2025 MSF batki

Мама Ірына і тата Казімір. (На святкаванні 50-гадовага юбілею сумеснага жыцця бацькоў).

- Колькі год налічвае Вашае манаскае жыццё? Ці Вашыя чаканні споўніліся?

- Ужо 25 год, як я ў кляштары. Гэта жыццё напоўнена рознымі момантамі, рознымі падзеямі і людзьмі. І думаю, што калі ты кожны дзень выбіраеш Хрыста, то гэта Ён дзейнічае Сваёй моцай, любоўю і радасцю, і што маё пакліканне - гэта Яго справа, а не мая.

- Шчыра дзякуем за размову, с. Аляксандра. Няхай Бог у Сваім Провідзе далей адкрывае перад Вамі шлях Вашага паклікання і Сваю волю.

Даражэнькія сёстры, хочацца ад імя парафіі падзякаваць усім вам за вашае служэнне, усмешку, патрэбнае слова, лагоднасць і пяшчоту. Няхай Пан Бог штодня вас ўмацоўвае і шчодра напаўняе Сваім Духам, каб Вы заўсёды былі Ягонымі светачамі. Няхай вашыя шляхі заўсёды будуць роўнымі, сэрцы поўнымі Божай любові, радасці і супакою. Няхай Пан Бог учыніць, каб вы на шляху свайго паклікання былі шчаслівымі.
Мы вас любім!

Пытанні задавала: Кацярына Савянок

Фота: з асабістага архіва с. Аляксандры і з архіва парафіі