Skip to main content

Аб чым могуць распавесці вуліцы Назарэта

| Падзеі »
 26.01.2025nazaret01

У нядзелю Божага Слова мы чулі ўрывак з Евангелля ад Лукі, паводле якога Езус пасля выпрабаванняў 40-дзённага посту “вярнуўся ў моцы Духа ў Галілею. І разышліся чуткі пра Яго па ўсёй ваколіцы. А Ён навучаў у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі” (Лк. 4, 14-15).

Адным з першых гарадоў, якія наведаў Езус, быў яго родны горад, адкуль пачалася гісторыя Яго зямнога жыцця. Тут жыў Юзаф, тут жыла Марыя, тут яна атрымала Вестку ад Арханёла Габрыэля, тут ва ўлонні Дзевы адбыўся цуд уцелаўлення Слова, тут жыла Святая Сям’я пасля вяртання з Егіпту.

Якім быў Назарэт, які ён цяпер, што засталося з тых часоў?

 26.01.2025nazaret02

Назва горада па-габрэйску гучыць як ‎ Нацра́т. Назарэт – грэцкі і лацінскі варыянт гучання (греч. Ναζαρέτ, лат. Nazareth). Паколькі дзяцінства і юнацтва Хрыста прайшлі тут, Яго называлі «назаранінам» або па-габрэйсу «ха-ноцры» («жыхар горада Нацрат»).

 26.01.2025nazaret04

Магчыма, назва горада перакладаецца як “абаронены”, “ахоўны”, бо горад знаходзіцца на склонах гары, якая абараняе ад ветру і стварае ўмовы ўмеранага клімату, спрыяльныя для вырошчвання фруктаў. Ёсць версія, згодна з якой назва горада паходзіць ад габрэйскага слова “нецер” – галіна. Гэта не агульнаўжывальнае слова для абазначэння галінаў, але яно успрымалася як месіянскі тытул, заснаваны на словах прарока Ісаі: “Выйдзе парастак з пня Есэевага, і атожылак з кораня ягонага” (Іс 11, 1).

 26.01.2025nazaret06

Сучасны Назарэт – гэта горад з насельніцтвам больш за 77 тысяч чалавек.

У часы Хрыста тут жыло, па розных звестках, 500 - 2000 чалавек. Гэта было самае габрэйскае месца Галілеі, якая з усіх бакоў была акружана язычнікамі.

 26.01.2025nazaret07

Гістарычны (ніжні) Назарэт

Недалёка ад Назарэта праходзілі галоўныя дарогі краіны: адна вяла пілігрымаў на юг у Ерузалем, які знаходзіўся ў 112,6 км; другая, Прыморская, вяла караваны з Егіпта ў Дамаск; трэцяя, Усходняя, вяла да ўсходніх межаў імперыі, па ёй хадзілі рымскія легіёны і караваны з Аравіі. Таму няправільна думаць, што Езус вырас у глушы. Прыкладна ў 24 км на ўсход ад Назарэта знаходзілася Галілейскае мора, а ў 32 км на захад – Міжземнае мора. Да гары Табор 9 км.

 26.01.2025nazaret12

Від на гару Табор з Галілейскіх гор, з боку Назарэта.

Асноўнымі заняткамі жыхароў горада былі сельская гаспадарка, рамесніцтва і гандаль. Горад размяшчаўся на вапняковых гарах, таму многае, у тым ліку і посуд, выраблялі з каменя. Да таго ж, каменны посуд лічыўся габрэямі рытуальна чыстым, у адрозненні ад рымскай керамікі.

 26.01.2025nazaret09

Каменны посуд

 26.01.2025nazaret08 1

Падобна на тое, што ў такіх кар’ерах-майстэрнях выраблялі каменны посуд.

У біблійныя часы на ўскрайку Назарэта (цяпер гэта ўжо сярэдзіна горада) знаходзілася крыніца-калодзеж, да якой прыходзілі жанчыны са збанамі па ваду.

 26.01.2025nazaret10

Да 20 стагоддзя каменнымі або глінянымі ваданосамі-збанамі жанчыны насілі ваду ці на галаве, ці на плячах.

Да гэтай крыніцы прыходзіла са сваім збаном і Дзева Марыя. Тут яна, згодна з праваслаўнай традыцыяй, пачула першыя словы Арханёла Габрыэля. У апакрыфічным евангеллі ад Якуба, якое не ўваходзіць у біблійны канон, напісана, што да Дзевы Марыі Арханёл звярнуўся 2 разы. Першы раз каля калодзежа ён прамовіў: “Радуйся, поўная ласкі. Госпад з табой. Благаслаўлёная Ты між жанчынамі.” Дзяўчына спужалася голасу і вярнулася дадому. І ўжо дома да яе прыйшоў Арханёл з другой часткай Весткі.

На месцы крыніцы, якая існуе да гэтага часу, збудавана грэцкая праваслаўная царква Звеставання, або Арханёла Габрыэля і святой крыніцы.

 26.01.2025nazaret17

А на адлегласці каля паўкіламетра, на месцы жылля Найсвяцейшай Панны Марыі і Юзафа пабудавана каталіцкая базіліка Звеставання. У ёй знаходзіцца Грот Звеставання – месца, дзе Арханёл Габрыэль абвесціў Дзеве Марыі, што Яна будзе маці Божага Сына, і пачуў яе згоду. Тут адбыўся цуд уцелаўлення Бога ва ўлонні Дзевы. Аб гэтым сведчыць надпіс на змешчаным у гэтым месцы алтары: "Verbum caro factum est" (“Тут Слова стала целам”).

 26.01.2025nazaret15

Дом Святой Сям’і размешчаны ў ніжнім касцёле. Вось так апісвае памяшканні жылля ў сваіх нататках манах Парфеній (Пётр Агееў), які ў 19 ст. пілігрымаваў па Святой Зямлі («Сказание о странствии и путешествии по России, Молдавии, Турции и Святой Земле пострижника Святыя Горы Афонския инока Парфения». Ч. III. М., 1856):

"…Позади престола есть дверь; внутри показывают и прочие комнаты дома Иосифова; там есть кухня -- где Божия Матерь готовила пищу. Еще есть комната -- где была колыбель Иисуса Христа. Но все сии комнаты от времени обветшали, и их, видится, никогда не поправляли; а сделан весь дом из дикого камня, и стоит среди великой и прекрасной церкви. Поверх дома сделан главный престол."

Першая царква (візантыйская) была пабудаваная тут у 4 ст. і ўяўляла сабой алтар у Гроце Звеставання. Яна была разбурана пасля заваявання мусульманамі ў 7 ст. Другі храм, ужо касцёл, быў збудаваны ў часы крыжакоў пасля адваявання Назарэта ў 12 ст. У 13 ст. ён перайшоў пад апеку манахаў францішканаў, якіх мусульманскія ўлады некалькі разоў то выганялі, руйнуючы касцёл, то дазвалялі вярнуцца. Урэшце з 17 ст. манахам было дазволена вярнуцца канчаткова. Касцёл некалькі разоў перабудоўвалі, пакуль у 1969 годзе ён не прыняў сучасны від найбуйнейшай на Бліжнім Усходзе базілікі.

Зусім недалёка ад базілікі (трэба толькі мінуць сад) у францішканскім манастырскім комплексе на рэштах былых больш старых цэркваў збудаваны ў 1914 г. касцёл св. Юзафа. Традыцыйна лічаць, што касцёл збудаваны на месцы майстэрні Юзафа, якая знаходзіцца ў крыпце касцёла.

 26.01.2025nazaret14

Праз 5 хвілін шпацыру можна трапіць на месца, дзе ў часы Хрыста размяшчалася сінагога (з грэц. –“сход”). Тут Ён вучыўся і ўзносіў малітвы да Бога. У 12 ст. крыжакамі на месцы сінагогі (а па іншых звестках – паблізу) быў пабудаваны касцёл, якім да 18 ст. апекаваліся францішкане, а потым храм быў перададзены мелькійскай грэка-каталіцкай Царкве (адной са шматлікіх галінаў сірыйскай Царквы). Выгляд старажытнай часткі храма (ніжняе фота) адпавядае выгляду сінагогі часоў Хрыста.

 26.01.2025nazaret18

Шпацыруючы па вуліцах старой часткі горада, адкінуўшы сучасную раскошу, можна ўявіць сябе ў часах, калі тут можна было сустрэць хлопчыка Езуса, які гуляў з дзецьмі, або разважаў над тым, што бачыў вакол, над словамі Пісання, пачутымі ў сінагозе, або спяшаўся споўніць даручэнне бацькоў. Гэтымі ж шляхамі хадзіў дарослы Езус, і тут, у гэтай сінагозе, многія гады па суботах маліўся. 

У сінагозе не было святароў і ахвярнікаў: прыносіць ахвяры можна было толькі ў Ерузалемскім храме, там служылі і ўсе святары. Па тагачасных правілах у сінагогах збіраліся ў суботні дзень, каб слухаць і разважаць Божае слова - Тору. Тора (габр. "закон") - у вузкім сэнсе  Пяцікніжжа Маісея, але часцей пад ёй разумеюць ўвесь Стары Запавет. Са старажытных часоў тэксты кніг Старога Запавету запісвалі на кожаным скрутку ад рукі вертыкальнымі стаўбцамі. Адзін скрутак мог мець даўжыню палатна 60 м. Звычайна на сходзе хтосьці з прысутных мужчын чытаў урывак з Торы і потым каментаваў яго. Чыталі стоячы, а каментавалі седзячы.

 26.01.2025nazaret16

У адну з субот Езус апошні раз наведаў мясцовы сход і аб’явіў тым, каго з дзяцінства ведаў, што Бог намасціў Яго быць Месіяй.

 sinagoga

“Калі прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, увайшоў паводле свайго звычаю ў шабат у сінагогу і падняўся, каб чытаць. Яму падалі кнігу прарока Ісаі. Разгарнуўшы кнігу, Ён трапіў на месца, дзе было напісана:
«Дух Пана на Мне,
бо Ён намасціў Мяне
абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным
і сляпым вяртаць зрок,
каб выпусціць спакутаваных на свабоду,
каб абвясціць год ласкі Пана».
Згарнуўшы кнігу, Ён аддаў яе слугу і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі».
(Лк. 4, 16-21)

Складана было прыняць словы прарока Ісаі (Ис 61:1-2) тым, хто 30 год ведаў Езуса як сына плотніка Юзафа. Далей у Евангеллі ад Лукі чытаем, што многія засумняваліся. Бачачы такі недавер, Езус сказаў, што “ніводнага прарока не прымаюць на бацькаўшчыне яго” (Лк. 4, 24), і моцна ўзлаваў прававерных габрэяў словамі пахвалы ў адрас язычнікаў, якія ў часы прарокаў аказаліся больш годнымі, каб стаць сведкамі цудаў (аўдавелая жанчына ў Сарэпце Сідонскай у часы Іллі, сірыец Нааман у часы Елісея). Разгневаныя жыхары Назарэта “устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на край гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго. Але Ён, прайшоўшы паміж імі, адышоў” (Лк 4, 29-30).

 26.01.2025nazaret13

З гэтым здарэннем найчасцей звязваюць гару, якая знаходзіцца прыкладна ў 2 км на юг ад цэнтра старога Назарэта, - гару Звяржэння (габр. Har Hakfitsa – “гара Скачка” (рус. Прыжка)).

Блукаючы ў думках па вуліцах і ваколіцах гістарычнага Назарэта, уяўляючы сябе ў сінагозе на тым апошнім сходзе, мімаволі думаецца, як бы я ўспрыняла словы Хрыста. Успамінаецца сваё ўласнае жыццё і свае “назарэты”, калі не распазнана было Божае слова.

Вось тут не дацанілі маё слова, а тут не дацаніла чыёсьці слова я, аднеслася з недаверам, не паспрабавала распазнаць, ці праўдзівае слова. Ці я веру, што Бог можа звяртацца да мяне праз  тых, каго, здаецца, даўно і добра ведаю? Можа Ён ужо не адзін год надакучліва стукае праз каго-небудзь Сваім словам у дзверы майго сэрца, майго розуму, каб дапамагчы вырашыць якіясьці складаныя сітуацыі, а я не хачу зрабіць над сабой высілак, каб разабрацца і прыняць - і гэтым адкідаю Бога...

Калі прыходжу да святыні або чытаю Біблію дома – ці сапраўды я хачу пачуць скіраванае да мяне слова Бога, каб потым згодна з ім пераманяць сваё жыццё? Ці давяраю Слову?

Назарэт, які выгнаў Хрыста, цяпер - самы хрысціянскі горад Ізраэля. Гістарычны Назарэт населены арабамі, з якіх каля 30% хрысціяне розных канфесій. І гэта адзіны горад краіны, дзе нядзеля – выходны дзень. 

Няхай гэты віртуальны шпацыр накіруе нашыя сэрцы на тое, каб уважліва ўслухоўвацца ў Слова. Няхай яно будзе компасам на паўсядзённых дарогах нашага жыцця. І як добра, што не трэба далёка ехаць, каб спаткаць Бога. Слова, якое стала целам, заўсёды чакае нас у нашай бліжэйшай святыні і ў Святым Пісанні.

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: з адкрытых Інтэрнэт-крыніцаў