Наша тэатральная група “Пілігрымы надзеі” на сцэне Палаца культуры

“Пілігрымы надзеі” – менавіта пад такім дэвізам з 24 снежня 2024 года распачаўся Юбілейны 2025 год. Так і вернікі нашай парафіі пад кіраўніцтвам сястры Кацярыны Грынчык здейснілі яшчэ адзін крок да адраджэння надзеі. 18 студзеня ў малой зале Палаца культуры нашага горада адбыўся паказ п’есы-казкі “Драўляны Рыцар” у выкананні тэатральнай группы касцёла.

Гледачы рознага ўзросту разам з ксяндзом прэлатам Эдмундам Даўгіловічам-Навіцкім з захапленнем сачылі за выдатнай і пранікнёнай працай артыстаў. Цікавы сюжэт, светлавыя эфекты, добра падабраныя музычныя кампазіцыі і запальныя танцы, яркія вобразы і прыгожыя касцюмы герояў – усё гэта гарманічна злучылася разам. І як вынік, тая ж поўная зала гасцей, але ўжо стоячы, апладзіравала некалькі хвілін пасля заканчэння спектакля. Слёзы на вачах артыстаў і гледачоў сведчаць аб тым, что адбывалася нешта большае, чым толькі паказ. Нешта, што не толькі захапляла вока чалавека, але і асвяціла духоўную сферу жыцця прысутных.

Цёплыя словы ўдзячнасці і падарункі, сумеснае фатаграфаванне і запрашэнне да новых паказаў, але ўжо на сцэне вялікай залы Палаца культуры, падкрэсліваюць раскрыццё талентаў і адданасць нашых любімых парафіянаў гэтай справе евангелізацыі. Сапраўды яны годна нясуць назву сваёй тэатральнай групы “Пілігрымы надзеі”. І не толькі нясуць, але запальваюць гэтую надзею ў сэрцах людзей. Няхай еднасць, якая нарадзілася паміж людзьмі падчас паказу, ніколі не згасае разам з надзеяй!


Тэкст: Алена Каралькова
Фота: Вадзім і Алена Каральковы