Кана Галілейская: некалькі цікавых фактаў

Сёння ў Літургіі чуем урывак з Евангелля ад Яна пра першы цуд (перамяненне вады ў віно), які ўчыніў Езус на вяселлі ў Кане Галілейскай, куды быў запрошаны разам з Марыяй і вучнямі:
“Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры.
Езус сказаў: Напоўніце збаны вадою. І напоўнілі іх даверху. І кажа ім: Цяпер зачэрпніце і занясіце кіраўніку вяселля. І панеслі. Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў ваду, што стала віном, — і не ведаў, адкуль яно ўзялося, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду, — то паклікаў жаніха і кажа яму: Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль” (Ян 2, 6–10).
Запрашаю “прайсціся” па тых мясцінах, па якіх хадзіў Збаўца.
Дакладна невядома, дзе знаходзілася Кана Галілейская. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што гэта былы населены пункт Хірбет Кана ( або Канэт-Эль-Джэліл), разваліны якога знаходзяцца ў 10 км ад Назарэта. Аднак з 16 ст. прынята лічыць, што на месцы Каны Галілейскай цяпер размешчаны невялікі горад Кафр-Кана з насельніцтвам каля 23 тысяч чалавек, на адлегласці ў 7 км ад Назарэта, ля падножжа гары Табор (Фавор).


Назва населенага пункта паходзіць ад слова kanah – „трыснёг, трысціна“. Трыснёг – расліна, якая любіць вільготныя глебы, па берагах вадаёмаў стварае густыя зарасці вышынёй да 4-5 м.

Відавочна, паблізу паселішча рос трыснёг, які габрэі выкарыстоўвалі для гаспадаркі: для вырабу кошыкаў, цыновак, музычных інструментаў, а таксама сродкаў вымярэння. Напрыклад, трысняговую палку (трысціну) даўжынёй у 6 святых локцяў (каля 3,2 м) габрэі выкарыстоўвалі ў будаўніцтве для дакладных вымярэнняў, як эталон (Эзэкіэля 40:3; 41:8; Адкрыццё 11:1; 21:15-16).
Цікава, што ад гэтага слова ўтварылася грэцкае слова κανών (правіла, лінейка, стандарт) - «канон». (У Каталіцкім Касцёле канонамі называюць правілы хрысціянскай веры і жыцця, якія ўтвараюць рэлігійна-прававую сістэму для рэгулявання грамадскіх адносінаў ўнутры супольнасці хрысціян).


Касцёл Вяселля (Вянчання) ў Кафр-Кана
У горадзе Кафр-Кана з 1881 г. функцыянуе каталіцкі касцёл Вяселля (Вянчання), пабудаваны францішканамі (OFM), у крыпце якога знаходзіцца стары каменны збан. Лічыцца, што гэта адзін з шасці збаноў, ваду ў якіх Езус ператварыў у віно.

Стары каменны збан у крыпце касцёла
Побач з касцёлам знаходзіцца грэцкая праваслаўная царква святога Георгія. Згодна з праваслаўнай традыцыяй, яна збудавана на месцы дома апостала Сымона Кананіта, дзе верагодна і адбывалася вяселле. У царкве знаходзяцца 2 старажытных збана-ваданоса.

Грэцкая праваслаўная царква св. Георгія

Каменны збан з царквы св. Георгія
У часы Хрыста такія каменныя збаны, якія маглі змясціць 80-120 л вады (адна мера "метрэт" змашчала 39,5 л), выкарыстоўваліся для рытуальнага абмыцця – ачышчэння ад нячыстасці. Такое абмыццё рук перад ежай у габрэяў называецца нецілат ядаім - «падыманне рук», таму што для абмыцця трэба паднять рукі на ўзровень галавы і паліваць так, каб вада цякла ад пальцаў да локцяў. Нават існаваў спецыяльны коўш з двума ручкамі, каб не дакрануцца нячыстай рукой да чыстага.
Можна падлічыць, што Езус перамяніў у віно каля 480-720 л вады. Але тое, што адбылося, – больш, чым гастранамічны факт, больш, чым дапамога гаспадарам вясельнага піру.
«Добрае віно» з’яўляецца знакам Новага Запавету, віном месіянскага вяселля, якое распачалося служэннем Хрыста. Езус - Жаніх новай супольнасці збаўленых, Нявесты. І на гэтае вяселле запрошаны кожны хрысціянін.
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: з адкрытых Інтэрнэт-крыніцаў.