Разам да Бога. Святая Імша з удзелам бацькоў і дзяцей, якія рыхтуюцца да Першай святой Камуніі

У нядзелю Хросту Пана ў нашай парафіі адбылася Святая Імша з удзелам бацькоў і дзяцей, якія рыхтуюцца да Першай святой Камуніі. Ужо другі раз сем’і збіраюцца разам. Гэта добрая магчымасць падрыхтоўкі для ўсіх прысутных да таго радаснага дня, калі дзеткі адкрыюць свае сэрцы Пану Езусу і злучацца з Ім. Падчас гаміліі брат Уладзіслаў расказаў пра частку Святой Імшы – літургію слова, калі адбываецца асаблівы дыялог паміж Богам і вернікамі. Таксама пачулі, якія існуюць варыянты вызнання веры і наколькі важныя пры гэтым свядомасць чалавека і яго воля.


Кожная сям’я атрымала картку, на якой запісалі даты хросту бацькоў і дзяцей. Пасля вызнання веры, якое адбывалася менавіта так, як і падчас хросту, было асвячэнне вадой праз знак крыжа, які здзейснілі і маленькія вернікі, і дарослыя. На картках была пастаўлена пячатка нашай парафіі.

Ад сябе асабіста і сужонка хачу дадаць, што настрой адчуваўся святочны. Штосьці ціхае і лагоднае напаўняла касцёл і людзей. Картка з датамі хросту у нашым доме ўжо заняла сваё ганаровае месца, толькі чакае прыгожай рамкі. А мы ж з вялікім нецярпеннем чакаем наступную сумесную Святую Імшу і Першую Камунію нашых дзяцей.

Хрост – гэта вера бацькоў,
Хрост – да чалавека любоў,
Хрост – прывядзе да Хрыста,
Хрост – гэта святасць мая,
Хрост – гэта свята для ўсіх,
Хрост – крок у вечнае з Ім.
Хрост – гэта разам сям’я,
Хрост – мама, тата і я,
Хрост – нараджэнне дзіця,
Хрост – праслаўленне Айца,
Хрост – ён не мае канца,
Хрост – гэта вечнасць штодня.
Тэкст, фота: Алена Каралькова