Традыцыйная батлейка ў касцёле св. а. Піо
"Радуйся, ой радуйся, земля, Сын Божы нарадзіўся"

У нядзелю 29 снежня пасля св. Імшы а 12.00 вернікі нашай парафіі віталі ўдзельнікаў этнаграфічнага клуба "Кола", якія прынеслі сапраўдную ўласнаручна зробленую традыцыйную батлейку ў два паверхі і паказалі спектакль. Артысты, апранутыя ў традыцыйныя строі, якія бытавалі на Маладзечаншчыне і Вілейшчыне, распавялі вершаваную гісторыю 19-пачатку 20 ст., якую знайшлі ў томе "Народны тэатр" кніжнай серыі "Беларуская народная творчасць". Расповед суправаджалі блок-флейта і рэстаўраваныя стогадовыя цымбалы.
Паблізу ад батлейкі сабраліся дзеткі і ўважліва сачылі за падзеямі. Самым адважным пасля спектакля дазволілі памацаць батлейку, патрымаць лялек і нават пайграць на музычных інструментах.

Батлейка - старадаўні лялькавы тэатр, нешта падобнае да яго існавала яшчэ ў антычным свеце, як адзначаў гісторык Герадот (5 ст. да н.э.) У Вялікім Княстве Літоўскім гэта з'ява існавала з 16 ст. у асяроддзі католікаў і уніятаў. Назва ж паходзіць ад горада Віфлеем (Betleem).

Скрынка Батлейкі выраблялася з дошак у выглядзе хаткі, касцела, палаца, куфара. Яна магла мець адзін ці два ярусы, якія сімвалічна утваралі "нябёсы" і " зямлю". Наверсе распавядалі гісторыю Божага Нараджэння. Удзельнікі - Анёл, Марыя, Язэп, немаўлятка Езус, пастухі, тры каралі. Ўнізе паказвалі драму "Цар Ірад". Удзельнікі - чорт, бязбожны цар Ірад, Рахіль з немаўляткам, бравы ваяка, Смерць.


Лялькі маглі быць рознага выгляду, але найчасцей выразаліся з дрэва і мацаваліся на драўляным ці металічным шпяні. Яны рухаліся па сцэне ў спецыяльных проразях у падлозе. Тэхнічна дасканалай лялькай быў цар Ірад: рукі маглі рухацца на шарнірах, а галава выштурхоўвалася спецыяльным стрыжнем, калі Смерць сцінала яе касою. Батлейшчык кіраваў персанажамі за нябачнай часткай скрыні.
Узнёслае і трагічнае дзеянне змянялася камічным. Трэцяя частка спектаклю - інтэрмедыі на побытавыя тэмы, дзе смяяліся над рознымі хібамі чалавечай натуры.


Узельнікі этнаграфічнага клуба вырашылі адрадзіць старадаўнюю традыцыю. Саму скрыню Батлейкі рабіў Зміцер Давыдаў, лялькі - Наталля Чырвонцава, Канстанцыя Герасіменка, Яўгенія Стэцэнка. Тэкст чыталі Ігар і Анастасія Узловы, якія прыбылі з далёкага Зеленаграда, каб паўдзельнічаць у прадстаўленні. Музычнае суправаджэнне - Кацярына Гіль (цымбалы) і Дзіяна Шпілеўская (блок-флейта).
Пасля спектакля ўсе разам спявалі даўнішнія калядныя песні.
Містэрыя Батлейкі гаворыць аб вечных каштоўнасцях: даверы Богу, выбары паміж дабром і злом, аб непазбежным пакаранні злачынства - таму прываблівае і натхняе сучаснага гледача.

Дзякуем удзельнікам этнаграфічнага клуба "Кола" за спектакль, за магчымасць дакрануцца да нашай спадчыны, зазірнуць у мінулае. Больш даведацца пра іх дзейнасць можна на старонцы ў Інстаграм. Хочацца падзякаваць клубу "Кола", што да нас завітвае не першы раз. Яго ўдзельнікі праводзяць заняткі па традыцыйным танцам у рамках праекта "Век жыві, век вучыся", а таксама радуюць нас сваёй творчасцю на розных святкаваннях. Жадаем натхнення і новых праектаў.
Тэкст: Наталля Чырвонцава
Фота, відэа: бр. Андрэй Жылевіч, Лізавета Чырвонцава, Ірына Фаміна