У свята Святой Сям'і 11 мужчын парафіі сталі міністрантамі
“Кожнага верніка павінна натхняць
жаданне служыць братам і сёстрам,
а ў іх – Хрысту”.
Папа Францішак,
22 красавіка 2023 года

Свята Святой Сям’і, якое адзначаецца ў нядзелю пасля Раства, - гэта выдатная нагода для таго, каб, углядаючыся ў сям’ю з Назарэта, бачыць, да чаго варта імкнуцца нашым сем’ям, бо як пісаў англійскі паэт Сэмюэл Тэйлар Колрыдж, хрысціянская сям’я – гэта “сені неба”.
Падчас галоўнай св. Імшы ў гэты дзень пробашч парафіі брат Уладзіслаў Мінько засяродзіў увагу вернікаў на прызначэнні сям’і, галоўнай мэце яе існавання, для якой яна была задумана Богам: “Бог хоча, каб кожны з нас пражываў сваё жыццё свядома: ведаў і сваю мэту, і сваё прызначэнне, і той скарб, які носіць унутры, каб разумець, што і як рабіць, каб не блукаць, а дайсці да мэты. У чым жа галоўнае прызначэнне сям'і? Хтосьці можа назваць радасць прабывання разам, іншы - нараджэнне патомства. Гэта сапраўды вельмі істотныя рэчы, але не найважнейшыя. Гэтага замала."
Калі ўважліва ўслухацца ў Божае слова сённяшняга дня, то заўважым, што ў цэнтры жыцця Святой Сям'і быў Бог. Ён быў першы, каго слухалі і каму давяралі св. Юзаф, св. Марыя і Езус. Ён падказваў, адорваў Сваёй любоўю, даваў сілы пражываць складаныя сітуацыі, каб кожны з іх споўніў сваю місію на зямлі і вярнуўся ў Нябесны Дом.

Галоўная мэта кожнай сям’і – аб'явіць любоў Святой Тройцы, паказаць Айца Нябеснага і прывесці да Яго. Кожны чалавек - гэта дзіця Бога, і Бог - яго сапраўдны айцец. “Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы з’яўляемся імі” (1 Ян 3:1). А бацькі ў сваёй узаемнай любові, калі прымаюць дар патомства, з'яўляюцца сутворцамі Бога. Няправільна думаць, што нашыя дзеці належаць нам, з'яўляюцца нашай уласнасцю. Нябесны Айцец - вось Той, да Каго варта кіраваць сэрцы і думкі і свае, і сваіх дзяцей.
Любоў – галоўнае, што бацькі могуць даць сваім дзецям. Праз любоў у сям’і мы ўзаемна адзін аднаму можам дапамагчы адкрыць Бога і Яго любоў. Сям'я - гэта месца, дзе найпрасцей зразумець, што сапраўдная любоў выяўляецца не толькі ў словах, але і ў справах, што гэта служэнне адзін аднаму. “Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, дабрыню, пакору, лагоднасць, доўгацярплівасць, церпячы адно аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы. А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці" (Клс 3:12-14). Калі кожны член сям’і – няхай гэта будзе бацька, маці, дзіця або брат і сястра – гатовы слухаць, разумець і падтрымліваць адзін аднаго, ісці на кампрамісы, праяўляць цярпенне і клопат, тады кожны можа дасведчыць такой любові, у якой прабывалі Езус, Марыя і Юзаф, а таксама глыбей зразумець і адкрыцца на любоў Бога, адзінага ў Тройцы.
У кантэксце свята Святой Сям’і асаблівая ўвага ў гэтым надаецца ролі Юзафа як абаронцы і кіраўніка сям’і. Ён быў прыкладам набожнага мужчыны, які праяўляў клопат пра сваю сям’ю, яе бяспеку і дабрабыт. Юзаф не толькі прыняў на сябе адказнасць за выхаванне Езуса, але і стаў прыкладам для пераймання для ўсіх мужчын, якія імкнуцца быць добрымі бацькамі і мужамі. Ён служыў сваёй сям’і, не зважаючы ні на што!
Нездарма кажуць, што “ўсё пачынаецца з сям’і”. І варта, каб менавіта мужчына быў прыкладам для сваіх дзетак, каб ён, як святы Юзаф, вёў іх да Бога, не зважаючы ні на якія цяжкасці і перашкоды, бо, як свярджаў сярэдневяковы паэт Себасцьян Брант:
“Ребенок учится тому,
Что видит у себя в дому:
Родители пример ему…
Коль видят нас и слышат дети,
Мы за дела свои в ответе
И за слова: легко толкнуть
Детей на нехороший путь
Держи в приличии свой дом,
Чтобы не каяться потом”.
У нашыя часы ў многіх сем'ях мужчыны аддаюць ініцыятыву евангелізацыі і катэхізацыі сваіх дзяцей жонцы, бабулям... Але першы, хто ўплывае на вобраз Бога, які будуць мець дзеці, - гэта бацька. Таму варта адважыцца стаць прыкладам веры і служэння для сваіх дзетак і для іншых мужчын.

Адзін з варыянтаў быць такім прыкладам веры і служэння - міністранцкая паслуга - з'явіўся і ў нашым касцёле. Упершыню ў гісторыі нашай парафіі святога Казіміра 29 снежня 2024 года 11 дарослых мужчын зрабілі свядомы выбар стаць міністрантамі! Так як гэта падзея асаблівая, то важна занатаваць імёны нашых герояў-першапраходцаў: Андрэй Субель, Дзмітрый Роўда, Андрэй Трыпуцька, Сяргей Дасюкевіч, Сяргей Жыхар, Аляксандр Гулевіч, Дзмітрый Капцюг, Руслан Велікароднаў, Віталь Арлоўскі, Сяргей Чура, Руслан Гайдук.

Быць міністрантам – не толькі магчымасць для мужчын актыўна ўдзельнічаць у жыцці парафіі, але і спосаб прадэманстраваць сваю адданасць хрысціянскім каштоўнасцям. Гэта сімвал іх гатоўнасці служыць іншым, як гэта рабіў Юзаф ў сваёй сям’і.

Момант прыняцця ў міністранты для кожнага з прысутных – вельмі кранальны, бо з гэтага часу ў іх жыцці пачынаецца новы этап з новымі абавязкамі. Быць міністрантам – вялікая адказнасць і гонар. Было бачна, што мужчыны адчувалі ўсю важнасць гэтага моманту: сур’ёзнасць і засяроджанасць на тварах, павольнасць у рухах… Упэўнена, што яны будуць сапраўдным прыкладам служэння і адданасці не толькі для сваіх юных калег, але і для ўсіх нашых мужчын!

Ужо сёння кожны з 11 новых міністрантаў паказаў, што КОЖНЫ мужчына можа ўнесці свой уклад у жыццё Касцёла і грамадства, прытрымліваючыся прыкладу Святога Юзафа. Як неверагодна прыгожа было назіраць за нашымі міністраніамі: з аднаго боку сядзяць сыночкі, а з другога – таты! Сэрцы жонак і матуль, ды, што казаць, і ўсіх прысутных, напоўніліся радасцю і любоўю! Які ж гэта гонар і блаславенне?!
“Гэтая падзея – толькі пачатак, калі ў вас, паважаныя мужчыны, ёсць жаданне паслугаваць, знойдзем справу для ўсіх!” – звяртаючыся да ўсіх мужчын парафіі, заахвоціў брат Уладзіслаў.
Таму не варта абмяжоўваць сваю дзейнасць у нашым касцёле толькі ўдзелам у нядзельнай святой Імшы. Калі мы ўласным жыццём сведчым пра Езуса Хрыста ў свеце, у якім жывём, мы дасканалым чынам здзяйсняем пакліканне, якім адораны кожны чалавек, – пакліканне да святасці.

Усё тое, што адбылося ў нашай парафіі святога Казіміра – відавочны знак для нас, вернікаў. Знак таго, што ў сэрцах сучасных мужчын жыве Бог. Упэўнена, што нашы новыя міністранты на працягу ўсяго жыцця будуць адважна крочыць за Езусам і паказваць прыклад усім нам. Няхай на гэтым шляху ўсіх нас суправаджае Святая Сям’я, а Святы Дух адорвае ўсімі патрэбнымі дарамі і ласкамі! Няхай прыклад Святой Сям’і з Назарэта і святло Божага слова вучаць нас памятаць пра тое, што сапраўды галоўнае ў нашых адносінах з самымі блізкімі, і ўцелаўляць любоў у канкрэтных жэстах ветлівасці, чуласці, цярплівасці і прабачэння.

Усе, хто мае жаданне і хоча паглыбіць свае літургічныя веды і далучыцца да служэння пры алтары, могуць прыйсці на заняткі, якія пачнуцца са студзеня і будуць праводзіцца кожны 2-і і 4-ы чацвер месяца а 19.00.
Вельмі заахвочваем і запрашаем! Калі з вуснаў сына ці дачушкі з гонарам гучыць: "А мой тата - міністрант!" - гэта дае надзею.
Тэкст: Таццяна Шумель
Фота: Таццяна Шумель, Алена Арлоўская, Дамініка Гулевіч