Адвэнтавыя рэкалекцыі ў парафіі правёў бр. Сяргей Гусар

На сёлетніх адвэнтавых рэкалекцыях у нашай парафіі, якія праводзіў 20-22 снежня наш дыякан брат Сяргей Гусар, рэкалекцыяніст засяродзіўся на тэме “Як лепш слухаць бліжняга, сябе, Бога?”
Галоўным урыўкам для разважання брат Сяргей абраў урывак з Евангелля паводле Марка, раздзел 12, вершы 28-30: “<…>«Якая запаведзь першая з усіх?» Езус адказаў: «Першая такая: “Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй”. Другая: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”».<…>”.
“Слухай, Ізраэль!” – старажытная габрэйская малітва, якую кожны прававерны габрэй адмаўляў штодня раніцай і ўвечары. Гэтымі словамі пачынаюцца запаведзі. Слова “слухай” габрэі разумеюць як “ажыццяўляй, прымай блізка да сэрца”. Таму для гэтых рэкалекцый бр. Сяргей прапанаваў чытаць гэты ўрывак у такім выглядзе: “Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны; слухай Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй. … Слухай бліжняга твайго, як самога сябе”.
У многіх іншых месцах Бібліі знаходзім словы аб тым, як важна ўмець слухаць.
“<…>няхай кожны чалавек слухае з ахвотай, але не будзе ахвочы да размоў, не будзе ахвочы да гневу” (Якуба 1:19).
“Мудры сын слухае настаўленне бацькі, а насмешнік не слухае дакарання“ (Прытчы 13:1).

Як лепш слухаць бліжняга.
Бр. Сяргей звярнуў увагу на тое, што ёсць розныя узроўні слухання. Самы нізкі ўзровень, калі слухаць– не значыць чуць. Напрыклад, чалавек слухае песні і адначасова займаецца іншымі справамі. Інфармацыя, якая прыходзіць праз спевы, амаль не ўспрымацца. Іншы узровень слухання – успрымаць інфармацыю, але не суперажываць. Напрыклад, чалавек пачуў просьбу аб невялікай паслузе і зрабіў. Але ёсць сапраўднае слуханне, калі адзін чалавек другога можа менавіта пачуць, услухацца, ужыцца ў яго сітуацыю. Само слова “пачуць” паказвае на сувязь з пачуццямі. Пачуць значыць прыняць да сэрца. Такое слуханне дапамагае зразумець другую асобу.
Прыкладам такога пільнага слухання на ўзроўні спачування, на ўзроўні сэрца для нас ёсць Хрыстос. У многіх месцах Евангелля можна прачытаць, што Ён умеў пачуць і зразумець нават без слоў.
Брат прапанаваў парады для лепшага слухання іншага чалавека:
Слухай усім целам. Як ні дзіўна, але даследванні ў сферы камунікацыі выявілі, што непасрэдна праз словы чалавек атрымлівае толькі 10% інфармацыі, 30% - праз інтанацыю, 60% - праз паставу цела, міміку, жэсты, г.д. Таму да слухання вушамі найлепш далучыць яшчэ “слуханне” вачыма - патрэбны візуальны кантакт.
Таксама важна выключаць адцягваючыя фактары – не глядзець падчас размовы ў гаджэты, на гадзіннік, або пераключаць увагу на іншыя справы. Увага павінна быць сканцэнтравана на тым, што кажуць. Не трэба адводзіць размову ў бок.
З іншага боку, праз свае ўласныя жэсты, міміку, паставу цела я, хачу таго ці не, транслюю іншаму чалавеку сваё асабістае стаўленне да яго і яго сітуацыі, сваё жаданне або не жаданне яго пачуць, зразумець. Таму важна час ад часу паказваць праз жэсты, міміку або кароткія каментары, сваю ўвагу і зацікаўленасць.
Дачакайся паўзы. Варта не перабіваць расповед, а пачакаць натуральную паўзу, каб удакладніць ці папрасіць паўтарыць. Пакуль не пачуеш усё, не рабі паспешных высноў і не думай пра адказ.
Фармуй карцінку, спрабуйце адчуць эмоцыі, якія перажывае суразмоўца. Візуалізацыя аповеду дапамае лепшаму зразуменню, суперажыванню.
“У нашых размовах варта практыкаваць такое эмпатычнае слуханне. Эмпатыя – гэта спачуванне, суперажыванне”, - падкрэсліў рэкалекцыяніст. Калі не пачуеш чалавека, не зможаш увайсці ў сітуацыю і дапамагчы.
Тут можна затрымацца і падумаць, як я слухаю, і ацаніць па шкале ад 1 да 10 сваё ўменне слухаць бліжняга.
Заахвочваем паслухаць рэкалекцыйную навуку з першага дня рэкалекцый брата Сяргея:

Як лепш слухаць сябе.
У кожнага з нас час ад часу ўзнікае патрэба разабрацца ў сабе, каб зразумець хто я, для чаго існую, што магу, куды іду і ці ў тым напрамку, чаго баюся, што люблю, што мяне раніць, што раздражняе, ці я шчаслівы і г.д.
Чалавек складзены з цела, псіхікі і духа. Усе гэтыя ўзроўні патрабуюць быць выслуханымі. Пачуцці, якія ўзнікаюць у чалавека – гэта сігналы яго істоты, па якіх ён можа зразумець сябе. Іх не трэба баяцца. Пачуцці (радасць, гнеў, страх, боль, інш.) хоць і бываюць прыемныя і непрыемныя, але самі па сабе яшчэ не добрыя і не дрэнныя.
Што адчуваю? Што ўва мне вызвала такія пачуцці? Як мне рэагаваць? Куды гэта можа прывесці? – гэтыя пытанні могуць дапамагчы зразумець сябе і больш свядома пражываць сітуацыі, выбіраць адпаведны кірунак. Але каб атрымаць сапраўды праўдзівы адказ, патрэбна Божае святло. Каб лепш пачуць сябе, услухацца з увагай, пажадана знаходзіць час пабыць сам на сам з сабой перад Богам. Ён – Той, хто гатовы ўважліва слухаць 24/7 і падказваць таму, хто з дзіцячым даверам адкрывае Яму ўсё, што мае ў сэрцы. Наш Бог вельмі ўражлівы на тое, што адбываецца ў нас унутры.
У гэтым моманце можна запытацца самога сябе, наколькі я ўмею слухаць сябе, наколькі я адчуваю патрэбу ў Богу ў сваёй штодзённасці (па шкале ад 1 да 10).

Як лепш слухаць Бога.
“Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына” (Габ. 2:1-2)
Здзіўляльна тое, што Бог хоча з намі кантактаваць, жадае прыняць нас як сваіх улюбёных дзяцей і нават дзеля гэтага ўцелавіўся і аддаў Сваё жыццё. У гэта складана паверыць чалавеку, які не меў досведу дзеяння Божай ласкі. Але каб сустрэць Бога, пачуць Яго, варта адважыцца і зрабіць першы крок – дазволіць сабе паверыць і адкрыць сваё сэрца (гэта значыць, пажадаць). Бо адзінае, што не дазваляе Богу дзейнічаць у нашым жыцці і сэрцы – наша ўласная воля, нашае нежаданне.
Калі жаданне слухаць Бога ёсць, то варта паклапаціцца пра найлепшыя для гэтага ўмовы: самотнасць і пустыню.
“<…> увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы, маліся да Айца твайго” (Мф. 6:6)
Важна дома знаходзіць хаця б хвілін 10 на такую малітву ў цішыні, сам на сам з Богам, каб запрасіць Духа Святога ў свой дзень, у сям’ю, на працу, ва ўзаемаадносіны. І потым узірацца ў тое, што будзе адбывацца ў думках. Калі чалавек з адкрытым сэрцам запрашае Бог, Ён сапраўды прыходзіць.
Для францішканаў узорам такога слухання Бога з’яўляецца святы Францішак. Ён жыў у гарыстай мясцовасці, дзе шмат пячор, і ў іх прахалоду і цішыню любіў прыходзіць, каб няспынна пытацца ў Бога, як авалодаць Нябесным Скарбам. Браты казалі, што выходзіў адтуль напоўнены новым незвычайным духам.
Другое практыкаванне, якое можна падгледзець у св. Францішка, - гэта адарацыя св. Крыжа, сузіранне, угляданне ў Крыж, слуханне сябе і Бога перад Крыжам. Такую малітву можна практыкаваць дома.
У часы Францішка ў касцёльчыку Сан Дам’яна быў крыж, але не захоўваўся Найсвяцейшы Сакрамэнт. У нас жа ёсць магчымасць адарацыі непасрэдна Бога, прысутнага ў Найсвяцейшай Гостыі. Варта знаходзіць час на такую малітву.
У перыяд Божага нараджэння таксама ёсць магчымасць прыйсці да батлейкі, каб услухацца ў таямніцу Божага нараджэння.
Магчыма, што падчас адарацыі першыя хвілін 10 у галаве будуць лётаць думкі – адгалоскі падзей, нядаўніх размоў. Калі іх адпусціць, даць ім час, і трываць пры моцным жаданні Сустрэчы, потым пачынаюць з’яўляцца словы, думкі іншага кшталту. І тут трэба быць уражлівым на гэтыя імпульсы, заўважыць іх.

Трэці спосаб слухання Бога – гэта чытанне Божага слова - Бібліі. У нашай парафіі існуюць некалькі груп, якія практыкуюць слуханне Бога праз Lectio Divina (з лат. – Боскае чытанне) – старадаўні, з 6 ст., метад малітоўнага разважання над Божым словам, які складаецца з некалькіх этапаў. Спачатку выбраны ўрывак чытаецца некалькі разоў аж пакуль якоесьці слова (або некалькі) не прыцягне да сябе асаблівую ўвагу, “зачэпіць”. Далей ідзе разважанне, услухоўванне ў сябе, каб зразумець, чаму менавіта гэтае слова кранула. І потым малітва, размова з Богам, каб зразумець, як у маім жыцці здзейсніць тое, што для сябе адкрыў, даць слову “стаць целам”.
Асаблівым часам ласкі, унікальнай магчымасцю сустрэць Бога, пачуць Яго і нават Яго дакрануцца фізічна з’яўляецца Эўхарыстыя, Святая Імша. Тут Бог прысутны ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, у Божым Слове, у асобе святара, у літургічным сходзе (у кожным з нас).
Тут можна задаць сабе пытанне, наколькі моцна я хачу пачуць Бога і ажыццяўляць пачутае, наколькі рупліва рыхтуюся да Сустрэчы (па шкале ад 1 да 10). Ці я сапраўды даю магчымасць Богу прыйсці і дзейнічаць ува мне?
Каб даведацца больш, захвочваем паслухаць рэкалекцыйную навуку з апошняга дня рэкалекцый брата Сяргея:
Шчыра дзякуем бр. Сяргею за грунтоўны матэрыял. Тэма слухання ўсцяж актуальная, і варта час ад часу да яе вяртацца.
Тэкст, фота: Кацярына Савянок