Skip to main content

Другія "Выходныя з Францішкам" прайшлі ў Ляскоўцы

| Падзеі »
13.12.2024 VyhodnFrLaskouka06

Чарговыя, ужо другія, “Выходныя з Францішкам” прайшлі 13-15 снежня. Гэтым разам удзельнікаў рэкалекцый прымаў цэнтр Caritas у Ляскоўцы. Правесці час са св. Францішкам сабраліся каля 40 чалавек з розных месцаў краіны (Астравец, Гудагай, Полацк, Менск, Жодзіна, Копішча, Узда, Смалявічы, Докшыцы, Маладзечна, Гарадок), у тым ліку некалькі сем’яў з дзецьмі. Браты капуцыны Уладзіслаў Мінько, Сяргей Гусар, Вадзім Войцік і уршулянка с. Марыя Мінютка сваімі канферэнцыямі і працай у групах накіроўвалі думкі ўдзельнікаў, каб яны маглі глыбей асэнсаваць, зразумець і перажыць радасць чакання Збаўцы праз прыклад таго, як перажываў гэты перыяд св. Францішак Асізскі.

 13.12.2024 VyhodnFrLaskouka17

У першы дзень удзельнікі рэкалекцый даведаліся аб тым, як паўстала першая ў свеце батлейка, што кіравала Францішкам, калі ён заахвочваў жыхароў Грэччо зрабіць жывую батлейку з сапраўднымі жывёламі, з сапраўдным карытам, і чаму для яго было так важна здзейсніць там Эўхарыстыю.

 13.12.2024 VyhodnFrLaskouka01

Падчас Адарацыі асаблівая ўвага была звернута на карыта, якое было змешчана каля алтара. Гэта “працоўнае” карыта, з якога нядаўна карміліся куры, не выглядала прывабным. Каб зразумець сувязь паміж карытам, св. Францішкам і Адвэнтам, варта ўспомніць момант з жыцця гэтага святога, калі ён пачаў апекавацца пракажонымі. Ён убачыў не толькі праказу цела, але і праказу сэрца, якой з’яўляецца грэх. У гэтым бачанні мы ўсе - пракажоныя. Нячыстае карыта – гэта вобраз кожнага з нас.

Прыходзіць Той, які нас хоча ачысціць, аднавіць, уратаваць. Словы надзеі, што Ён блізка, асабліва выразна гучаць у літургіі трэцяй нядзелі Адвэнту, Нядзелі радасці: “Радуйся,… Трыумфуй,… Не бойся! … Няхай жа не слабнуць рукі твае! Пан Бог твой сярод цябе, Магутны, Ён збавіць! Будзе вельмі радавацца табе, узрушаны ў любові сваёй,…” (Саф 3, 14–18а)

Бог сыходзіць з Неба, нараджаецца ў стайні, пакладзены ў нячыстае карыта, каб апынуцца там, дзе Яго найбольш чакаюць і патрабуюць. Якая невымоўна нязручная любоў!

Усемагутны Бог з’яўляецца ва ўлонні жанчыны і прыходзіць у наш свет маленькім бездапаможным дзіцяткам, якое патрабуе любові і апекі, каб апынуцца на руках чалавека. Які здзіўляючы давер Бога чалавеку…

Як адказаць узаемнасцю на гэты Божы давер, на гэтую любоў? “Што мы павінны рабіць?” (Лк 3, 10)

На апошняй канферэнцыі с. Марыя падзялілася досведам свайго жыцця: “Не існуе такога ідэальнага месца і такой супольнасці, дзе нам ніхто не будзе перашкаджаць быць добрымі хрысціянамі”. Любоў заўсёды вымагае, яна нязручная. Хтосьці будзе патрабаваць тваёй дапамогі ў нязручны момант і ў спосаб, які вымагае тваіх высілкаў. Хтосьці будзе раздражняць. Заўсёды знойдуцца тыя, якія для нас будуць, як пракажоныя. Калі будзем прымаць Божую волю адносна сябе, калі разам з Хрыстом будзем выходзіць да іншага чалавека, калі будзем прымаць маленькія крыжыкі сваёй паўсядзённасці – гэтага будзе дастаткова. І гэта будзе адказ на давер і любоў Таго, каго не спынілі нязручныя ўмовы і Крыж. Магчыма, нават, што ўслед за св. Францішкам зможам сказаць: “Тое, што было агідным, стала для мяне слодыччу”.

Я адчуваю радасць тады, калі дапамагаю,” - падзяліўся найменшы ўдзельнік рэкалекцый.

 13.12.2024 VyhodnFrLaskouka25
 13.12.2024 VyhodnFrLaskouka23

Цэнтральным момантам рэкалекцыйнага часу стала супольная падрыхтоўка і перажыванне Эўхарыстыі, калі кожны ўдзельнік мог убачыць, што ён патрэбны і варты, і адчуць прыгажосць супольнай справы. Тое, што людзі рабілі асобна адзін ад аднаго, у выніку склалася ў настолькі з’яднаную і зладжаную паслядоўнасць слоў і дзеянняў падчас літургіі, што не пакідала ўражанне, быццам усё накіроўвала адна Рука.

 13.12.2024 VyhodnFrLaskouka42
 13.12.2024 VyhodnFrLaskouka46

Від карыта ля алтара, ў якім цяпер ляжалі кветкі і Евангелле, быў сугучны словам св. ап. Паўла: “Радуйцеся заўсёды ў Пану; ... Пан блізка. Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і мальбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя просьбы Богу”. (Флп 4, 4–7)

 13.12.2024 VyhodnFrLaskouka39

Вялікі дзякуй Пану Богу за магчымасць быць на рэкалекцыях, братам капуцынам і сястры Марыі - за глыбокія канферэнцыі, аніматарам з Францішканскага ордэна свецкіх і моладзі ФМ Таў - за руплівасць у служэнні і заняткі з дзеткамі, усім удзельнікам рэкалекцый - за супольна пражыты час, шчырасць, адкрытыя сэрцы і сведчанні.

Немагчыма абмінуць увагай тое карыта, якое паспелі палюбіць і перажывалі за яго далейшы лёс. Браты абяцалі, што яно працягне сваё евангелізацыйнае служэнне на моладзевых рэкалекцыях.

 13.12.2024 VyhodnFrLaskouka58

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Крысціна Любко, Юлія Паляшчук, Надзея Мажуць, бр. Уладзіслаў Мінько, Іван Русак, Марына Невяровіч