Віншуем валанцёраў парафіяльнага Caritas з Сусветным Днём Валанцёра

Штогод, 5 снежня, адзначаецца Сусветны Дзень Валанцёра. З гэтай нагоды, 30 лістапада, у Ляскоўцы у дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры святога Лукі адбылася святочная сустрэча валанцёраў Caritas з розных парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: Мінск, Лагойск, Нясвіж, Мар'іна Горка, Будслаў, Маладзечна і інш. У добрай атмасферы сустрэчы парафіяльныя суполкі падзяліліся сваім досведам валанцёрства, бягучымі праектамі і планамі на будучыню. У перакладзе з лацінскай мовы Caritas азначае міласэрную любоў да бліжняга.


У нашай парафіі парафіяльная супольнасць Caritas існуе ўжо больш за 2 гады. За гэты час да нас далучылася шмат розных людзей, аб'яднаных адной мэтай: несці Божую міласэрнасць патрабуючым.
Нягледзячы на такі "малады" ўзрост, нашая суполка здзяйсняе нямала добрых спраў.
Пры парафіі дзейнічае пункт узаемнай дапамогі, які змяшчаецца ў памяшканні касцёла (г. Маладзечна , вул. В. Гасцінец, 141) і працуе па чацвяргах з 17 да 19 гадзін.

У пунктце ўзаемнай дапамогі можна бясплатна атрымаць адзенне, абутак, сродкі асабістай гігіены і некаторыя прыстасаванні для догляду за ляжачымі і цяжкахворымі людзьмі або можна пакінуць непатрэбныя рэчы ў добрым стане, якія цягам часу знойдуць сваіх гаспадароў. Дапамогу атрымліваюць шматдзетныя сем’і, пенсіянеры, інваліды, малазабяспечаныя і ўсе, хто апынуўся ў патрэбе.
На базе нашага пункту арганізавана выдача харчовых набораў для людзей, якія маюць патрэбу. Валанцёры фарміруюць наборы вызначанага складу і колькасці на квартал і пры выдачы вядуць улік выдадзеных набораў.
У такім напрамку, як псіхалагічная дапамога, нашы валанцёры з адпаведнай адукацыяй праводзяць трэнінгі, індывідуальныя кансультацыі для людзей, якія апынуліся ў розных складаных жыццёвых абставінах.


За гэты час удзельнікі нашай суполкі ўжо больш за 15 разоў наведалі маладзечанскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Заўсёды прыходзяць да іх з рознымі пачастункамі і падарункамі, каб падзяліцца радасцю і ўсмешкамі. Дзякуючы зычлівасці нашых парафіян, на свята Вялікадня частавалі іх пірагамі і фарбавальнымі яйкамі, дарылі індывідуальныя падарункі з паштоўкамі, якія рабіла супольнасць францішканскай моладзі, а дзеці, якія ходзяць на катэхезу, напісалі ім свае шчырыя пажаданні і віншаванні.

Валанцёры з вялікай любоўю дзякуюць нашым парафіянам за іх ахвярнасць, таму стараюцца зрабіць невялікія сувеніры і павіншаваць іх са святам 8 сакавіка, днём святога Юзафа.

Выказваючы шчырую ўдзячнасць людзям сталага веку нашай парафіі, у кастрычніку гэтага года валанцёрамі было арганізавана свята “Дзень дабра і павагі”, дзе адбыўся цудоўны музычны канцэрт з вершамі, народнымі танцамі, фота-зонай, які завяршыў салодкі стол з невялічкімі смачнымі падарункамі кожнаму.

На пачатак Адвэнту ужо трэці год валанцёры праводзяць акцыю “Адкрый сваё сэрца” для сем’яў, якія выхоўваюць 2 і больш дзяцей з інваліднасцю. Для парафіян гэта выдатная магчымасць падзяліцца любоўю з дзецьмі і перадаць ім часцінку свайго сэрца.

Валанцёры заўсёды імкнуцца знайсці час, каб сустрэцца з сябрамі на колах, выехаць з імі ў кінатэатр, цырк, у кафе KFC. У верасні адбыўся першы выезд у Мінскі маладзёжны тэатр эстрады.


Нашыя таленавітыя валанцёры другі год ладзяць праект “Век жыві, век вучыся”. Гэта праект для творчых людзей і тых, хто з карысцю хоча правесці вольны час, аб нечым даведацца, цікавіцца гісторыяй.



З нядаўняга часу валанцёры пачалі наведваць пацыентаў бальніцы сястрынскага дагляду у п. Беразінскае Маладзечанскага раёна. Да іх прыязджаюць з цёплымі гутаркамі, невялікімі пачастункамі і падарункамі.

З нагоды гэтага свята віншуем нашых валанцёраў парафіяльнага Caritas і дзякуем за іх жаданне здзяйсняць добрыя ўчынкі разам, несці Божую любоў і міласэрнаць бліжнім і патрабуючым, ахвяраваць свой час, рабіць дабро на хвалу Пана.
Таксама хочацца падзякаваць усім парафіянам за палаючыя сэрцы і шчырыя ўсмешкі, за Вашую ахвярнасць і давер. Толькі усе разам мы можам рабіць дабро. Памятайце, што калі кожны робіць дабро ў межах сваіх магчымасцяў, магчымасці дабра становяцца бязмежнымі!
Запрашаем усіх ахвотных, хто мае жаданне рабіць дабро і дапамагаць людзям, стаць валанцёрам Сaritas у нашай парафіі. Для гэтага неабходна запоўніць акету валанцёра ТУТ>>>
Тэкст: Святлана Лапата, Ігар Лапата
Фота: Ірына Фаміна, Дзмітрый Мельнікаў