Skip to main content

Новыя міністранты алтара ў парафіі

| Падзеі »
24.11.2024 Ministranty05

У нядзелю 24 лістапада  прысутныя  на св. Імшы а 10 гадзіне сталі сведкамі ўрачыстага пасвячэння трох юнакоў - Міхаіла Роўда, Канстанціна Каваленкі і Антона Савянка - у міністранты алтара. Вельмі прамаўляльна, што гэты хвалюючы крок у іх жыцці  быў зроблены ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса  Хрыста, Валадара Сусвету. Міністрант (з лацінскага "ministrare") азначае "служыць", "дапамагаць". Міністранты імкнуцца служыць Богу, дапамагаючы пры алтары.   Гэтае сваё ўласнае трывалае жаданне хлапцы неаднойчы падцвярджалі на працягу некалькіх год. І вось у гэты асаблівы для іх дзень яны, склаўшы абяцанне выконваць паслугу міністранта алтара "пабожна, рупліва і радасна на Божую хвалу і для дабра парафіяльнай супольнасці", атрымалі на знак прыналежнасці да гэтай ступені паслугі чырвоныя сутаны. 

   

Каб зразумець, які шлях за плячыма маладых людзей, нагадаем, што міністранты маюць некалькі ступеняў:
• кандыдат,
• міністрант-хараліст,
• міністрант святла,
• міністрант алтара,
• міністрант кнігі.

Кандыдаты ў міністранты - гэта хлапцы, якія выявілі жаданне пэўным чынам служыць Госпаду: быць у літургічнай службе алтара. На працягу года ці некалькіх яны вучаць асновы разумення Літургіі і служэння: назвы літургічных рэчаў, адзення, перыяды літургічнага году, асноўныя святы і г.д.; вучацца шанаваць Літургію, пачынаюць разумець, з чаго яна складаецца. І практыкуюцца, вядома, таксама. Па сканчэнні навучальнага курса кандыдаты здаюць іспыт, па выніках якога іх могуць прыняць на першую ступень міністранцкага служэння: у міністранты-харалісты. Ім выдадуць уласныя комжы, якія яны будуць насіць на набажэнствах і за якімі будуць абавязаны даглядаць.

Міністранты-харалісты - першая ступень міністранцкага служэння. Назва ступені пайшла ад тых часоў, калі хор у касцёле складаўся з хлапцоў і размяшчаўся блізка алтара. Цяпер, вядома, міністранцкага хору ў нас няма, але прастора для служэння ў хлопцаў ёсць. Яны падаюць знакі званкамі, гонгам, служаць міністрантамі алтара (падаюць віно, ваду, радзей келіх). Старэйшыя хлапцы могуць быць дапушчаныя да служэння з кадзілам.

Курс міністрантаў-харалістаў падводзіць іх да ступені міністранта святла, таму на працягу вучэбнага курса хлопцы засяроджваюцца на сімволіцы святла ў Бібліі, у Літургіі, вучацца ў тэорыі і на практыцы служэнню са свечкамі-акаліткамі, з патэнай падчас Камуніі, а таксама больш паглыблена вывучаюць Літургію. Пасля здачы іспыту іх могуць прыняць у міністранты святла. Ад таго моманту ім будзе дазволена насіць палярынку - накідку на плечы паверх комжы.

Асноўная задача міністрантаў святла падчас Літургіі - акцэнтаваць увагу вернікаў на пэўнае месца на прэзбітэрыі пры дапамозе свечак-акалітак. Напрыклад, падчас чытання Евангелля міністранты святла стаяць па абодва бакі ад амбоны, з якой непасрэдна чытаецца Слова, паказваючы такім чынам, дзе ў дадзены момант адбываецца галоўнае дзеянне.

Міністранты святла таксама праходзяць падрыхтоўчы курс. Падчас заняткаў яны падрабязна вывучаюць структуру Эўхарыстычнай Літургіі, вучацца называць і разумець розныя яе часткі, малітвы. Пасля здачы іспыту іх прымаюць на ступень міністрантаў алтара, што выражаецца ў дазволе насіць пад комжу чырвоныя сутаны.

Міністранты алтара могуць выконваць усе асноўныя міністранцкія служэнні, але найчасцей іх задача - арганізаваць маладзейшых хлапцоў, раздаць функцыі, прасачыць за іх выкананнем. Звычайна міністранты алтара з'яўляюцца адказнымі за міністранцкія групкі (дзяжурствы ў буднія дні міністранты маюць менавіта па групках), сочаць за дысцыплінай, наведваннем дзяжурстваў і г.д.

24.11.2024 Ministranty12

Для міністрантаў алтара існуе курс на міністранта кнігі. На гэтым курсе юнакі падрабязна вывучаюць Імшал - кнігу, у якой знаходзяцца ўсе тэксты, неабходныя для правядзення Святой Імшы,  таксама іншыя літургічныя кнігі, вучацца дапамагаць святарам і дыяканам падчас удзялення сакрамэнтаў Хросту, шлюбу і г.д., яшчэ больш паглыбляюцца ў структуру Літургіі і значэнне яе складнікаў. Па заканчэнні курса яны здаюць іспыт, па выніках якога могуць быць прынятыя на ступень міністранта кнігі. На знак адрознення яны атрымліваюць крыж, які будуць насіць паўзверх комжы.

Далей хлопцы могуць прайсці навучанне на лектара. Лектар з'яўляецца афіцыйна акрэсленай паслугай у Касцёле, таму лектарам можна стаць толькі з дазволу біскупа. Лектар – гэта асаблівая паслуга падчас Літургіі, якая цалкам накіраваная на чытанне і ўшанаванне Божага Слова. Падчас навучання хлапцы паглыбляюць веды адносна гісторыі і сэнсу Святога Пісання, таксама вучацца аратарскаму майстэрству, каб выразна і з пашанай чытаць Божае Слова.

Віншуем нашых дарагіх міністрантаў і жадаем ім, якія так блізка алтара, так блізка Езуса Хрыста, усведамляць тую вялікую ласку, якую маюць. Няхай Пан Бог, які так шчодра адорвае Сваімі ласкамі, дапаможа ім несці Божае святло па жыцці.

Тэкст: Цімафей Савянок, Кацярына Савянок

Фота, відэа: Эрык Савянок