Skip to main content

Вандроўка-пілігрымка па святынях Беларускага Паазер’я

| Падзеі »

Прыйдзіце да Мяне,
усе спрацаваныя і абцяжараныя,
і Я супакою вас”.
Мц 11:28.

 23.11.2024 VandroukaMosar01

Наша беларуская зямля славіцца не толькі сваімі прыроднымі і культурнымі багаццямі. Ёсць у нашай краіне і свае святыні, пакланіцца якім штогод прыязджаюць тысячы пілігрымаў з розных куточкаў свету. Камусьці можа здацца незразумелым і дзіўным тое, што прымушае людзей адпраўляцца ў далёкую дарогу, але ў многіх нашых парафіян касцёла св. Піо адказ адназначны – сустрэча са святасцю, новыя знаёмствы і эмоцыі. Бо ўсе добра ведаюць, Святыня – месца сустрэчы чалавека з Богам. А калі гэта не адна Святыня?!

23 лістапада 2024 г. адбылася чарговая, ужо трэцяя, вандроўка-пілігрымка па цудоўнейшых мясцінах паўночнай часткі Міншчыны і поўдня Віцебшчыны: Касцяневічы – Даўгінава – Докшыцы – Порплішча – Глыбокае – Удзела – Мосар.

Ужо з самага пачатку пілігрымка напоўніла нас адчуваннем спакою і прымірэння. Прадчуванне, што наведаем шмат прыгожых і старажытных храмаў, кожны з якіх мае сваю ўнікальную гісторыю і атмасферу, надавала сілаў і ўзнімала настрой.

Дарогі нашы, ой, дарогі!..”

Першым пунктам нашай вандроўкі стала вёска Касцяневічы, дзе мы спачатку наведалі дом-музей з экспазіцыяй, прысвечанай ксяндзу дэкану Станіславу Жуку, а пасля – касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (сяр. XVIII ст.), дзе святар правёў апошнія 37 гадоў свайго жыцця (з 1946 па 1983 год), служачы Богу і людзям. Неверагодныя эмоцыі і ўражанні пакінуў гэты храм…

 23.11.2024 VandroukaMosar12
 23.11.2024 VandroukaMosar14
 23.11.2024 VandroukaMosar07

Далей наш шлях ляжаў па Даўгінаўскім гасцінцы да даўнейшага мястэчка з аднайменнай назвай – Даўгінава.

Бяжыць пад коламі гасцінец,
Бягуць прысадзіны назад.
Вакол бясконца свет-дзядзінец,
Палеткі, вёскі, лес, як сад…” (Я. Купала)

Касцёл Святога Станіслава - помнік архітэктуры позняга класіцызму, пабудаваны ў 1853 годзе на месцы драўлянага храма.

 23.11.2024 VandroukaMosar15
 23.11.2024 VandroukaMosar03

Пілігрымы даведаліся пра гісторыю мястэчка і святыні, пачулі аповед пра тое, як ксёндз Каласанцій Львовіч, якога згадаў у сваёй паэме “Дзяды” Адам Міцкевіч, за залатую табакерку, падораную Тамашом Занам, і грошы вернікаў, пабудаваў мураваны касцёл. Ён узвёў па-сапраўднаму моцную святыню, у прамым і пераносным сэнсе, і перадаў яе ў надзейныя рукі нашчадкаў.

Міншчына развіталася з намі сваімі прыгожымі краявідамі і храмамі, а далей нас чакала гасцінная віцебская зямля.

І першым горадам, які наведалі на Віцебшчыне, стаў горад Докшыцы. Свой шлях мы скіравалі ў кляштар Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў і касцёл Найсвяцейшай Тройцы: сустрэліся з нашым былым пробашчам – шаноўным братам Ігарам Колзунам і прынялі ўдзел ва ўрачыстай святой Імшы, якую ўзначаліў брат Андрэй Жылевіч.

 23.11.2024 VandroukaMosar17
 23.11.2024 VandroukaMosar08

Брат Андрэй у прамоўленай гаміліі засяродзіў увагу на тым, што “асноўнай мэтай нашых вандровак з’яўляецца пазнанне гісторыі, пазнанне таго, што было перад намі, пазнанне сапраўднага Бога пры дапамозе сясцёр, братоў, людзей, якія знаходзяцца побач”.

 23.11.2024 VandroukaMosar11

Святар таксама звярнуў увагу на тое, што кожная святыня з’яўляецца для кагосьці роднай і блізкай, і гэты чалавек успамінае яе і наведвае яе з трапятаннем у сэрцы. Але ж усё гэта – наша агульная гісторыя, гэта ўсё тыя ці іншыя знакі, якія паказваюць нам на штосьці большае, штосьці неверагоднае і гэтым кімсьці з’яўляецца Бог, бо “Бог жа не ёсць Богам мёртвых, але жывых, бо ўсе для Яго жывуць” (Лк 20:38). І Бог нас любіць. “І сёння мы прыходзім у гэтую святыню разам для таго, каб сустрэцца з Богам, Які прамаўляў тысячы гадоў назад, Які ішоў да людзей, прапаведваў і абвяшчаў Евангелле… І сёння мы ў гэтай святыні – сведкі прысутнасці Бога і можам пазнаваць Хрыста на прыкладзе гісторыі святынь нашай Бацькаўшчыны. Таму няхай гэтая магчымасць умацоўвае нашу веру і пашырае гістарычныя веды пра касцёлы і асоб, якія на працягу свайго жыцця былі сведкамі Бога жывога. Вучыцеся спяшацца рабіць дабро для Божага Валадарства!” – заахвоціў усіх прысутных брат Андрэй.

 23.11.2024 VandroukaMosar09
 23.11.2024 VandroukaMosar13

Перажыванне Імшы – вельмі важны момант пілігрымкі, які ўзрушвае сэрцы кожнага прысутнага на ёй, застаўляе задумацца пра Вечнае.

А нам прыйшоў час паклапаціцца і пра зямныя патрэбы чалавека, бо пасля Імшы ўсіх пілігрымаў чакаў смачны гарачы абед і найсмачнейшы дэсерт, прыгатаваныя клапатлівымі сёстрамі Адараторкамі Крыві Хрыста ў іх кляштары. Мы вельмі ўдзячны сёстрам за цёплы прыём і гасціннасць, шчырыя ўсмешкі і добрыя словы!

Далей мы накіраваліся ў вёску Порплішча Докшыцкага раёна. У самым цэнтры населенага пункта адна каля адной размясціліся дзве галоўныя славутасці: драўляны касцёл Панны Марыі Каралевы міжваеннай пабудовы і драўляная Спаса-Праабражэнская царква (XVII ст.). Цікава, што першы будынак царквы быў пабудаваны на драўляных цвіках. Мясцовыя жыхары называюць храм “пізанскай вежай”, бо за гады існавання будынак прасеў, а таму барабан і купал царквы крыху нахіліліся. Адчуванне, што пабывалі і ў Старажытнай Русі, і ў Фларэнцыі адначасова!..

 23.11.2024 VandroukaMosar18
 23.11.2024 VandroukaMosar19

Далей наш маршрут ляжаў у “вішнёвую” сталіцу – горад Глыбокае, які мае багатую і цікавую гісторыю. Але, перш за ўсё, вобраз горада ствараюць два велічныя храмы, размешчаныя на галоўнай плошчы горада. Адзін з іх – праваслаўны кафедральны сабор Раства Багародзіцы.

 23.11.2024 VandroukaMosar20
 23.11.2024 VandroukaMosar21
 23.11.2024 VandroukaMosar22

Эмоцый і пачуццяў ад яго наведвання шмат, бо нам яшчэ пашанцавала спачатку спусціцца ў падзямелле і ўбачыць сляды гісторыі XVII стагоддзя, а пасля – узняцца на вежу, дзе з вышыні птушынага палёту атрымаць асалоду ад цудоўных краявідаў Глыбокага з мноствам азёр. Пасля, палюбаваўшыся скульптурнай кампазіцыяй “Ісус і самаранка”, скіраваліся да Троіцкага касцёла, які быў пабудаваны ў 1782 годзе і істотна перабудаваны ў 1908 годзе. Гэты касцёл мае досыць вялікія памеры, прыгожы і запамінальны выгляд і выдатна ўпісваецца ў навакольны ландшафт. Не менш прывабны касцёл і ўнутры. Асабліва зацікавіў ўсіх пілігрымаў цудадзейны абраз “Маці Божай Падхорнай”, вядомы ці то з канца XVII, ці то з першай паловы XVIII ст. Першаўзорам яго з’яўляецца абраз Багародзіцы, што знаходзіцца ў базіліцы Маці Божай Большай (Santa Maria Maggiore) у Рыме. Кожны, хто пажадаў, узнёс свае просьбы-падзякі да Найсвяцейшай Матулечкі.

 23.11.2024 VandroukaMosar05

Святая Ікона, ўсё бачыш, усё чуеш:
І кожную думку, і ўдых...
Ужо шмат стагоддзяў, як маці, ратуеш
Дзяцей неразумных сваіх.
Ахоўніца наша, Заступніца наша,
Прасі свайго Сына за нас!
Каб шчырае веры агонь змрочным часам
Ў душы Беларусі не згас! (В. Драбышэўская)

Палюбаваўшыся прыгажосцю храмаў Глыбокага, адправіліся ў вёску Удзела Глыбоцкага раёна, асноўнай славутасцю якой з’яўляецца кляштар францысканцаў. Цэнтральнае месца ў архітэктурным ансамблі кляштара займае касцёл Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі, вакол якога раскінуўся выдатны сад і добраўпарадкаваная тэрыторыя. У адным з гаспадарчых карпусоў мы ўбачылі ўнікальную па маштабе і прыгажосці дзеючую беларускую батлейку – лялечнае прадстаўленне на рэлігійную тэму. Раласці пілігрымаў не было межаў: нам таксама выпаў шанец убачыць спектакль пра аб’яўленне Божай Маці ў Лурдзе (Францыя) ў 1858 годзе і пра нараджэнне Ісуса Хрыста!

 23.11.2024 VandroukaMosar06

Апошнім пунктам нашай вандроўкі быў Мосар. Гэтую мясцовасць па праву называюць і “беларускай Швейцарыяй”, і “беларускім Версалем” з-за незвычайна прыгожай прыроды і незвычайнага для беларускіх вёсак узроўню добраўпарадкавання. Тут мы наведалі касцёл Святой Ганны – унікальны помнік класіцызму апошняй чвэрці XVIII ст., шырока вядомы ў Беларусі і за яе межамі, і дакладную копію работы Мікеланджэла – статую “Аплакванне Хрыста” (“П’ета”). Пазнаёміліся з гісторыяй і сучаснасцю мосарскай парафіі святой Ганны, дзе доўгі час быў пробашчам ксёндз Йозас Булька.

 23.11.2024 VandroukaMosar10

Вандроўка на гэты раз скончылася, але кожны з храмаў стаў не толькі месцам пакланення, але і крыніцай натхнення. Мы слухалі гісторыі пра святых і святароў, звязаныя з кожнай святыняй, даведаліся пра значэнне гэтых месцаў у гісторыі нашай краіны. Архітэктурныя дэталі, цудоўныя роспісы і іконы – усё гэта стварала неверагодную духоўную аўру, пагружаючы нас у глыбіні веры і традыцый.

Вельмі прыемна было правесці час на прыродзе, гуляючы вакол храмаў, атрымліваючы асалоду ад цішыні і супакаенне. Падчас пілігрымкі была магчымасць не толькі паглыбіцца ў духоўныя практыкі, удзельнічаючы ў святой Імшы і малітвах, але і пагутарыць, пабыць у адной кампаніі з аднадумцамі. Мы абменьваліся ўражаннямі і вопытам, і гэта стварала дзіўнае пачуццё адзінства і падтрымкі. Адным словам, гэта быў час, калі можна адчуць сілу і значнасць парафіяльнай супольнасці.

Спадзяюся, вандроўка-пілігрымка пакінула ў сэрцы кожнага яе ўдзельніка пэўны след. І кожны цяпер можа ўпэўнена сказаць:

Я xaчy пpaйcцi пa зямлi,
Kaб мнe людзi cэpцa aдкpылi,
Cлёзы шчacця i мaзaлi
Пa-бpaтэpcкy ca мнoй пaдзялiлi,
Kaб мнe poўнyю чacткy дaлi
Cвaёй нoшы нялёгкaй пpaнecцi
I cвae гaлacы ўплялi
У мae няxiтpыя пecнi…” (Г. Бураўкін)

Сардэчныя словы падзякі выказваем нашаму паважанаму брату Андрэю Жылевічу за арганізацыю пілігрымкі і яе духоўнае суправаджэнне. Брат Андрэй, Ваш клопат пра кожнага ўдзельніка і глыбокія веды зрабілі гэту вандроўку сапраўды незабыўнай. Дзякуй за Вашу падтрымку, адкрытасць і натхненне, якія дапамаглі ўмацаваць нашу веру і з’ядналі нас як супольнасць!

Дзякуй вялікі ўсім пілігрымам за іх неабыякавасць і любоў да роднай гісторыі і Святынь, за аптымізм, вытрымку і імкненне да святасці!

Рэкамендую і запрашаю ўсіх, хто шукае глыбіню і сэнс, здзейсніць у наступны раз паломніцтва па храмах разам з намі: “Ідзіце і ўбачыце…” (Ян 1:39), што “Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім” (1 Ян 4:16). Гэта можа стаць паваротным момантам у вашым жыцці!

Тэкст: Таццяна Шумель

 Фота: Таццяна Шумель, бр. Андрэй Жылевіч