Нашыя парафіяне наведалі Маці Божую ў Барунах
Не так даўно, 12 кастрычніка 2024 г. была здзейснена каранацыя абраза Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных біскупскімі каронамі. Нашы парафіяне прысутнічалі падчас такой вялікай падзеі. Узрушаныя, яшчэ ў аўтобусе дамовіліся ў бліжэйшы час зладзіць пілігрымку да Маці Божай Барунскай, каб у цішы памаліцца каля цудадзейнага абраза, падзякаваць за атрыманыя ласкі і прынесці свае просьбы. Таму 7 лістапада вернікі парафіі св. Казіміра, 20 чалавек, вырушылі ў Баруны. Кожны ехаў са сваёй інтэнцыяй.
У нашых інтэнцыях была адпраўлена святая Імша, якую цэлебраваў пробашч парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах кс. Павел Паўлюкевіч. Падчас казання кс. Павел узгадаў, якую вялікую падзею перажыў касцёл ў Барунах 12 кастрычніка, і падкрэсліў, што не выпадкова было прынята рашэнне ўкаранаваць абраз Маці Божай спецыяльнымі каронамі. Узгадваючы больш чым 300-гадовую гісторыю абраза, касцёла і кляштара базыліянаў, святар заўважыў, што касцёл у Барунах заўсёды выкарыстоўваўся для малітвы, хоць некаторы час быў праваслаўнай царквой. Мясцовыя парафіяне лічаць, што ў гэтым праявілася цудоўнае заступніцтва Марыі. Кс. Павел падкрэсліў, што абраз Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных цудатворны: шмат цудаў, шмат ласкаў людзі атрымліваюць праз малітвы перад абразом Марыі з Дзіцяткам Езусам.
Па дарозе дадому заехалі на Крэўскія могілкі і ў актаве малітвы за памерлых разам памаліліся "Анёл Панскі..." У каго былі ў руках знічы, запальвалі іх і ставілі каля тых магілак, якія, праўдападобна, даўно ніхто не наведваў. Яшчэ раз нагадалі сабе, што мы тут на зямлі ўсяго толькі госці...
Удзячныя Пану Богу і Марыі за ласку пілігрымкі, з сэрцамі, поўнымі радасці, вярнуліся ў Маладзечна. Кожная пілігрымка - гэта скарб, сустрэча з Езусам і Марыяй, пазнанне гісторыі і культуры роднага краю, а яшчэ - новыя знаёмствы з людзьмі, прагнучымі Бога.
Хвала нашаму Богу і Яго Матулечцы Марыі!
Тэкст і фота: Надзея Мажуць