Людзі, якія вядуць да святасці: брат Уладзіслаў Мінько
“Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады,
ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня,
ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай,
якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым”.
Рым 8, 38-39
У промнях восеньскага сонца ззяе наш велічны касцёл святога айца Піо ў Маладзечне. Цішыню парушае толькі меладычны звон званоў, заклікаючы вернікаў да малітвы. Сярод іх – брат Уладзіслаў, чыя шчырая вера служыць яскравым прыкладам для ўсіх, хто прыходзіць у гэты дом Божы. Яго добрыя справы і мудрыя павучанні натхняюць людзей рухацца па шляху духоўнай дасканаласці і святасці.
А што мы ведаем пра святасць? Каго мы лічам святым? Ці можа быць звычайны чалавек святым? Хто можа ў гэтым дапамагчы?
Некаторыя людзі памылкова лічаць святасць чымсьці надзвычайным, даступным толькі для абраных, забываючыся, што кожны без выключэння чалавек можа яе дасягнуць, калі будзе нястомна супрацоўнічаць з Божай ласкай.
На Другім Ватыканскім Саборы гучалі словы, што кожны чалавек пакліканы да святога жыцця: “усе ў Касцёле, незалежна ад таго, адносяцца яны да іерархіі ці з’яўляюцца аб’ектам яе пастырскай апекі, пакліканы да святасці, згодна са словамі Апостала: “Бо воля Божая – гэта вашае асвячэнне” (1 Тэс 4, 3)» (Lumen gentium 39).
Ёсць такія людзі, якія прыкладам свайго жыцця і служэння Богу дапамагаюць рухацца да святасці нам, простым вернікам. І гэта не гучныя словы. Адзін з іх – наш брат Уладзіслаў.
Брат Уладзіслаў Мінько – адзін з самых маладых братоў Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў. Паходзіць з парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску. Падрыхтоўку да святарства распачаў у Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Ломжы (Польшча). Затым уступіў у Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў і завяршыў навучанне ў Вышэйшай Духоўнай Семінарыі ў Любліне. Служыў дыяканам у Докшыцах (Віцебская дыяцэзія) і ў Маладзечне. З 28 лістапада 2021 г. распачаў сваё святарскае служэнне ў якасці вікарыя ў нашай парафіі св. Казіміра ў г. Маладзечна, а 20 кастрычніка 2024 прыняў пасаду пробашча нашай парафіі.
Гэта кароткая анкетная інфармацыя, але да нашага брата Улада такія звесткі не пасуюць, бо ён дастаткова адкрыты, шчыры і глыбокі Чалавек і Святар. Давайце бліжэй пазнаёмімся з братам Уладзіславам.
- Адкуль Вы родам? Дзе і як прайшло Ваша дзяцінства?
- Нарадзіўся я ў г. Менску. Маё дзяцінства прайшло ў Фрунзенскім раёне, часамі ўрываўся і ў іншыя (як звычайна, жартуе брат). Летам быў у вёсцы Запольцы Стаўбцоўскага раёна (парафія Рубяжэвічы). На мапе гэту вёсачку зараз цяжка знайсці, там побач, за пяць кіламетраў, знаходзіцца вядомая мясцовасць – Сула.
Гэта родная вёсачка бабулі і дзядулі брата Улада. На жаль яны памерлі вельмі рана, таму ў вёсцы быў проста дом, у які прыязджаў маленькі Уладзь разам са сваёй матуляй – Браніславай Якаўлеўнай, калі тая была ў адпачынку. Адпачынак у мамы заканчваўся, яна ехала ў Мінск, а хлопчык – у суседнюю вёску да цёці, дзе было нашмат весялей, бо там былі дзеці.
Бабуля і дзядуля бр. Уладзіслава, каля 1930 г.
Летам вёска ажывае. Зразумела, што яна жыве і ў іншыя поры года, але менавіта летам, калі на канікулы прыязджаюць дзеці, студэнты, яна напаўняецца вясёлым гоманам і смехам, з ранку да вечара кіпіць жыццё, назіраецца пастаянны рух. Самае дзіўнае, што жыццё ў вёсцы кіпіць так, як і горадзе, але з той розніцай, што у горадзе часта нічога не можаш паспець, а на вёсцы – наадварот, нават знойдзецца час для адпачынку. Дзіўна, не так?
Асноўны занятак у вёсцы, па словах брата Улада, – таптанне сена. Але вядома ж, гэта жарт, бо не толькі гэтым займаюцца дзеці ў вёсцы. Цэлы дзень на вуліцы: рака, лес, рыбалка, сена, веласіпед, гульні… Дзякуючы таму, што наўкол прырода і не заўсёды ёсць усе даброты цывілізацыі, дзецям прыходзіцца самім прыдумваць сабе заняткі і гульні. Басейны змяняюцца на празрыстую раку, стасункі праз сацыяльныя сеткі – на жывыя гутаркі і знаёмствы, камп’ютарныя гульні – на гульні на свежым паветры, прагляд тэлеперадач – на жывое назіранне за жыццём і прыродай навокал. Рамантыка! Менавіта такую рамантыку зведаў і Уладзіслаў Мінько. Хто ведае, можа тут і ёсць пачатак усяго, што здзейснілася ў жыцці хлопца?!
- Цікава, а якім дзіцём быў Улад: паслухмяным ці гарэзам?
- Не ведаю, не бачыў (смяецца. Брат Улад усе пытанні пераводзіць на жарт.) Гэта ўсё адноснае, залежыць з чым параўноўваць. Мне здавалася, што гарэзам, але зараз гляджу з цяперашніх пазіцый, то думаю, што паслухмяным быў – усяго было ў меру. Я не “выкідваў” чагосьці таго, што перакрочвала пэўныя межы. Любіў заўсёды неяк правакаваць, ісці супраць нейкай сістэмы, здзіўляць, звяртаць на сябе ўвагу.
- Павага да бацькоў у гэты час заставалася ці і ім даставалася?
- Мой першы бунт быў тады, калі я стаў да мамы звяртацца на “ты”. Справа ў тым, што ў нашай сям’і склалася традыцыя звяртацца да бацькоў на “вы”. Калі я пайшоў у школу і пачуў, што ніхто да бацькоў так не звяртаецца, падумаў, што мяне падманулі. Вядома ж, я атрымаў за гэта. Доўга яшчэ трывала спрэчка паміж намі, але я вырашыў саступіць і зноў звяртаўся да бацькоў на “вы”. Да цяперашняга часу гэта традыцыя трывае. Толькі калі хачу пажартаваць, то магу і па-іншаму звярнуцца (смяецца). Зараз мне гэта не перашкаджае. Я не лічу, што такое павінна быць усюды, але нейкі момант таямніцы ў гэтым прысутнічае. Добра, калі існуе пэўная сямейная традыцыя. Наша ж сямейная традыцыя на мне і заканчваецца, бо мае стрыечныя браты і сёстры і іх дзеці яе ўжо не прытрымліваюцца.
- Брат Улад, ці лёгка Вам давалася вучоба?
- Вучоба давалася лёгка, вельмі лёгка. Пачаў па-сапраўднаму вучыцца ў ліцэі (Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – аўт.). У мяне цяпер праблемы з разуменнем нашай моладзі, школьнікаў, калі яны кажуць, што не могуць прыйсці ў касцёл, бо дамашнія заданні трэба рабіць… У мяне ніколі такіх праблем не ўзнікала. Заўсёды знаходзіў час на футбол, на нейкія забавы, сустрэчы. А вучоба, калі час застанецца (усміхаецца). Але, напэўна, усё ж такі была адказнасць – я ведаў, што трэба штосьці зрабіць. Бывала, што забываўся, але мая мама мне ў нулёўцы (быў час, калі вучні спачатку ішлі ў падрыхтоўчы клас, т.зв. нулявы – аўт.) спачатку дапамагала, а потым сказала: “Хочаш быць дворнікам – будзь!” І мне хацелася даказаць, што я не зусім дрэнны вучань. А пачынаючы з ліцэя (я вельмі ўдзячны гэтай установе, якая змяніла маё жыццё), я сустрэў добрых настаўнікаў (мне заўсёды шанцавала з імі і ў школе) і сапраўдныя вартасці. У ліцэі было асяроддзе, дзе людзі былі ў пошуку і хочаш – не хочаш, ты ўліваешся ў гэта. Там я пачаў паглыбляць свае веды, пачаў шмат чытаць, бо мне стала цікава.
- Любімы/нелюбімы прадмет у школе?
- Любімы той, які лепш даецца. А я не магу сказаць, які прадмет мне лепш даваўся. Быў “дылетантам шырокага профіля!” Да дзявятага класа мне падабалася геаграфія. Любіў разглядаць палітычную мапу свету. Заўсёды любіў фізкультуру, хоць і быў у спецыяльнай медыцынскай групе, здаваў нарматывы. Вельмі класны ў нас быў настаўнік працы, таму на гэтых уроках мне таксама падабалася. Алгебру любіў, геаметрыю – не, бо пакуль дойдзеш да рашэння, калі ўжо і рашаць (усміхаецца)?! З дзясятага класа, калі я пачаў вучыцца ў ліцэі на гісторыка-грамадазнаўчым кірунку, – адназначна гісторыя стала маім любімым прадметам, бо геаграфічнага кірунку не было, а што бліжэй да геаграфіі – гісторыя. Мне падабалася гістарычная геаграфія: я любіў маляваць расстаноўку сярэднявечных войскаў падчас розных войнаў.
Нелюбімы – англійская мова. Цяпер я шкадую, што так было. Не тое, што яна мне не давалася, проста было нейкае псіхалагічнае непрыняцце. Магчыма, што я не спачатку ўсё “злавіў”, а пасля меў вельмі, вельмі строгіх настаўніц. Таму ўрокі англійскай мовы я проста хацеў перажыць.
Сям’я – гэта тое месца, дзе закладваюцца асновы рэлігіі і духоўна-маральных каштоўнасцяў. Менавіта ў сямейным коле дзіця атрымлівае першыя ўяўленні пра Бога, веру і рэлігійныя традыцыі. Так было і ў сям’і Улада. Мама – Браніслава Якаўлеўна – стала першым настаўнікам і дарадчыкам у пытаннях веры для свайго сына. Яна прывівала яму асновы рэлігійнага светапогляду, далучала да малітвы, тлумачыла сэнс касцёльных абрадаў і святаў. Сваім прыкладам паказвала, што Божая любоў робіць чалавека цярплівым, добрым, вытрыманым і міласэрным.
- Як у Вашай сям’і адносіліся да рэлігіі і веры? Хто займаўся Вашым рэлігійным выхаваннем?
- Адносіліся станоўча. Той рэгіён, адкуль родам мая матуля і тата таксама – каталіцкі рэгіён. Мама і тата – каталікі. Людзі традыцыйныя, якія вельмі ганарацца тым, што каталікі. Я рос з мамай (з татам яны разышліся, калі мне быў год), таму больш пра яе буду расказваць. Хоць цяпер ведаю, што тата наведвае кожную нядзелю касцёл, шмат чытае рэлігійнай літаратуры. Мама можа менш чытае, але сочыць за ўсім на каталіцкіх Yotube-каналах. Яна з самага пачатку ведала, што трэба сына давесці да касцёла, да Камуніі. Я спачатку год хадзіў на падрыхтоўку ў Чырвоны касцёл (касцёл святых Сымона і Алены ў Мінску – аўт.), але маме там было неяк шумна і цяжка маліцца. А яшчэ там часта змяняліся катэхеткі, таму мама вырашыла пайсці ў больш спакойны касцёл, дзе можна пасядзець, пачакаць, памаліцца – у катэдру (Архiкатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі – аўт.), якая стала для мяне месцам сілы ў жыцці: тут я прыняў Першую святую Камунію, адсюль ездзіў у першыя дзіцячыя лагеры, тут мяне паклікалі быць міністрантам. І так да дванаццаці год я хадзіў у касцёл рэгулярна, а пасля перастаў. Не хадзіў у касцёл да сямнаццаці год.
Калі быў міністрантам, вельмі хваляваўся і мне часта станавілася вельмі дрэнна. З аднаго боку я адчуваў, што гэта крута, што я павінен служыць, гэта абавязак, а з другога боку, – гэта вялікая адказнасць. Адзі раз я захварэў і ўзрадаваўся: “У касцёл можна не ісці! Адзін тыдзень без стрэсу”. Мама на мяне ў той час не ціснула. Я раз прапусціў, другі, а потым у мяне з’явіўся канал “Еўраспорт” – я вельмі любіў спачатку глядзець спорт, а потым практыкаваць. Я глядзеў гонкі, футбол, потым ішоў гуляць… Часу на касцёл не знаходзіў. Раз на год я хадзіў да споведзі, як правіла перад Божым Нараджэннем. Наступныя гадоў пяць – шэсць я вельмі рэдка заходзіў у касцёл, але не выракаўся, не бачыў праблему.
- А што вярнула назад да касцёла?
- Сябры. Так цікава, што ў нас было ў класе ў ліцэі 21 чалавек: 8 хлопцаў і з іх 6 – каталікі, 2 – праваслаўныя. Два хлопцы-каталікі, якія сур’ёзна ў касцёл хадзілі, былі ў пошуку, і я да іх далучыўся. Трое нас пайшло ў семінарыю: адзін пасля 3 год пакінуў вучобу, а другі – брат Вадзім Войцік (усміхаецца).
Усе ў нас у класе шукалі пэўнага сэнсу жыцця: хтосьці цікавіўся масонамі, хтосьці моцна ўваходзіў у гісторыю, беларускасць, хтосьці японскую культуру вывучаў. Наш клас цікавіўся рознымі тэмамі. Мы ж шукалі нечага свайго і так атаясамілі сябе з касцёлам. Я нават не хадзіў яшчэ ў нядзелю ў касцёл, але пачаў хадзіць на сустрэчы. Першае, што зацікавіла – гэта лацінская Імша ў катэдры. А яшчэ мяне моцна “зачапіў” Крыжовы шлях. Быў вельмі прыгожы спеў і дзяўчаты прыгожыя (усміхаецца). Сустрэчы моладзі...
Потым адзін з хлопцаў (Андрэй з Іўя) захацеў пайсці на хор. Вельмі ён хваляваўся, таму запрасіў і мяне разам з ім пайсці. Я пайшоў. І ўжо я хаджу на хор, на рэпетыцыі і стала неяк нязручна мне не хадзіць у нядзелю на Імшу. Так паціху я вярнуўся да касцёла. Але кульмінацыйным момантам вяртання была пілігрымка з Ракава ў Будслаў, дзе мяне ўзяў вялікі жаль за гэтыя страчаныя гады па-за касцёлам, як быццам быў на чужыне… Ад такога адчування наварочваліся слёзы…
Выбар далейшага шляху ў жыцці – справа сур’ёзная. Кім толькі не марыў стаць у дзяцінстве Уладзік?! І гоншчыкам, і футбалістам, а ў апошнія гады перад паступленнем – спартыўным журналістам… Але ў Бога на кожнага з нас свае планы.
- Як і калі Вы адчулі пакліканне да манаскага жыцця, да таго, што хочаце стаць святаром?
- Вельмі добра сказалі, што “хочаце”. Я сабе тады ўяўляў, што пакліканне – гэта так, як у Марыі. Нават ужо крыху пачытаўшы, ходзячы ў касцёл кожны дзень. Першы раз я пачаў пра гэта думаць у пілігрымцы. Быў там у Ракаве на практыцы клерык Раман Суша, які спытаў у мяне: “Улад, ці не думаў ты пра семінарыю? У цябе ўсе задаткі ёсць”. Я тады разгубіўся (усміхаецца). І мяне гэта пытанне выбіла з каляі, бо я адчуваў сябе вінаватым, што столькі гадоў прапусціў. Я адчуваў сябе нейкім брудным, не дастойным тут быць… Але потым гэтыя думкі выйшлі ў мяне з галавы.
А потым наступная падзея – паездка ў Івянец на сустрэчу моладзі. Там быў арганізаваны круглы стол, дзе былі прапанаваны розныя тэмы, але я чамусьці выбраў гэту тэму “Пакліканне”. Не ведаю чаму, але не зусім свядома пэўная логіка ўжо пайшла. Пазней я сабе рашыў, што мяне вельмі моцна кранае, калі будзе пакліканне – я пайду. А я яго ўяўляў сабе так: павінен прыйсці анёл і сказаць: “Усё, давай, ідзі за мной!”. Але не было такога. Я памятаю, ужо загарэўся, пачаў чытаць. І першая кніга, якая мяне вельмі ўразіла – “Путь” Хосэмарыя Эскрыва – вельмі класная кніга, проста агонь, а другая – “Евангелле”. І мне гэта так спадабалася, захацелася, каб усе людзі гэта ведалі. Тут жа на ўсе мае пытанні адказ?! Тады для мяне гэта было самым прыгожым, што я калісьці мог чуць...
Я прыйшоў на Адарацыю і думаю: “Пакліч мяне! Чаму Ты не клічаш мяне?..” Але нічога не было, мае чаканні не спраўдзіліся. Цяпер калі я пра гэта думаю, мне здаецца, што маё пакліканне – гэта маё прагненне. Я меў традыцыю маліцца ружанцам перад сном. Калі да трох ночы пачытаў штосьці, потым станавіўся, маліўся, бывала і выключаўся. У адзін момант падумаў: “А можа гэта жаданне і ёсць пакліканне?” Я адчуў супакой і прыліў адрэналіна. Цяпер магу сказаць, што пайшоў таму, што вельмі моцна захацеў, хоць і былі сумненні. Я чалавек, які заўсёды сумняецца, не ўпэўнены ў сабе… Я кінуў універсітэт (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, факультэт філасофіі і сацыяльных навук, спецыяльнасць інфармацыя і камунікацыя – аўт.) пасля першага курса і пайшоў у семінарыю.
Бацькі заўсёды па-рознаму адносяцца да выбару сваіх дзяцей, а калі гэта выбар стаць святаром? Не ўсе могуць прыняць такі выбар свайго дзіцяці. Зразумела і мама Уладзіслава адчула цэлую палітру эмоцый. Радасць і гонар за выбар сына змагаліся з горыччу растання і трывогай за яго будучыню. Гледзячы на сына, Браніслава Якаўлеўна бачыла перад сабой сур'ёзнага юнака, поўнага рашучасці прысвяціць сябе служэнню Богу. Яна ведала, што Улад валодае асаблівай чысцінёй душы і мудрасцю не па гадах, і, што гэта яго свядомы і глыбока выпакутаваны выбар, да якога ён ішоў доўга і няпроста. Магчыма, менавіта таму Гасподзь выбраў яго для такога высокага служэння.
- Як мама аднеслася да Вашага выбару?
- У мяне добрая чуйка, што маме рэзка гаварыць не трэба. Я прывык дзяліцца. Часамі думаў услых: “Можа мне ў семінарыю пайсці?” Такія фразы даляталі да мамы, але яна ўсур’ёз не ўспрымала. Мама вельмі шануе святароў. Што гэта добрая справа, яна ніколі не сумнявалася. Напэўна больш за ўсё яна баялася, што я кідаю ўніверсітэт і іду ў невядомасць. А кожныя бацькі хочуць, каб іх дзеці атрымалі адукацыю: “Закончыш універсітэт – рабі, што хочаш!” Але, гэта не пра мяне: я не магу там сядзець і чакаць тры гады… І гэта было цяжка прыняць, што я паступіў на бюджэт, вучыўся там. Але прыняла. Я пайшоў у дыяцэзіяльную семінарыю. Біскуп Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў мяне ў Ломжу (Польшча).
- А як потым Вы перайшлі да манаскага жыцця і чаму капуцыны?
- Калі коратка адказаць, то таксама захацеў. Капуцынаў я пазнаў яшчэ на першым курсе ўніверсітэта, дзякуючы Вадзіму (бр. Вадзім Войцік – аўт.). Ён думаў пра канвентуальных францішканаў, але хацеў дзе-небудзь пабыць у кляштары і паглядзець, як яны жывуць. Да канвентуальных нешта не атрымалася трапіць, і ён падумаў, што капуцыны – гэта нешта блізкае і можна да іх паехаць. Неяк дамовіўся і запрасіў, каб яму было весялей, за кампанію і мяне.
Мы паехалі ў Докшыцы. Цікавая гісторыя нашага даезду. Спачатку брат Алег Шэнда давёз нас з Уручча да Смалявічаў, потым брат Андрэй Шэстакоў нейкімі лясамі вёз нас у Докшыцы. Там былі пастуланты і мне таксама даручылі справу – пачысціць бульбу. Першы раз у жыцці, як беларучка, гэта рабіў… (усміхаецца). Прыгод і ўражанняў было вельмі шмат. Як мы вярталіся з перасадкамі, у Маладзечне ледзь не пераблыталі цягнікі. Было весела. Тады я занадта не адрозніваў ордэны і слухаў брата Вадзіма, які ўсяго Францішка прачытаў і шмат ведаў. А будучы ў семінарыі я хадзіў яшчэ да марыянаў. А трыста метраў ад семінарыі ў Ломжы знаходзіцца кляштар капуцынаў, даволі вядомы, увесь горад яго абажае. І на той час там быў пастулат капуцынаў. Беларускія капуцыны, якія, напрыклад, год пражылі ў Докшыцах, потым ішлі сюды. Мне спадабаўся той касцёлік: маленькі, утульны. Я прыходзіў туды ў 15.00 на Вяночак, бо ў семінарыі ў нас быў выхад з 14.00 да 16.00.
Неяк убачыў тут тых хлопцаў, пастулантаў, якія былі ў Докшыцах. А ў мяне быў голад па Беларусі, па беларускай мове (я адзін беларус быў у семінарыі), і я пачаў прыходзіць да іх на каву. А на наступны год сюды прыехаў Вадзім, на трэці год – Павел Кузьміч.
І было так, што я адчуваў нейкі іншы клімат, я сам пачаў цікавіцца Францішкам, пачаў чытаць і мне вельмі спадабаўся гэты святы, мне спадабаўся стыль жыцця францішканаў – такі просты, ён кантраставаў з тым, што было ў семінарыі. Я вельмі добра ўспамінаю семінарыю і адносіны там, але, адчуваў, што штосьці не так: не тая талерка ці што…
Ужо потым я заўважыў, што больш маю кантакт з манахамі. Заўважыў, што нешта ў законнікаў ёсць такое, што мяне вабіць. Я адчуў прагненне супольнасці, мне гэтага не хапала. Дзіўна, я адзін рос у сям’і… Я пачаў усур’ёз пра гэта думаць. Пасля другога курса хацеў пайсці ў ордэн, да мар’янаў толькі, потым тое ж самае пасля трэцяга, чацвертага. І так сталася, чым больш я стаў гэтага шукаць, тым больш на дарозе мне сустракаліся капуцыны.
Улад паехаў на рэкалекцыі для бяздомных, а там – капуцыны. Калі прыходзіў да капуцынаў, то заўсёды меў адчуванне дому. Але праблема была ў тым, што ён не меў ні з кім кантакту з Беларусі. Вагаўся хлопец вельмі доўга, доўга не мог зрабіць выбар. Пасля 3 курса рашыў, што пара ўжо нешта рашаць, і з такой інтэнцыяй пайшоў у пілігрымку ў Будслаў. Гэта была самая цяжкая для яго пілігрымка: і маральна, і па здароўю… Урачыстасць заканчваецца, а нічога не вырашылася. Хлопец спадзяваўся на цуд, думаў можа пазней што здарыцца. Перад дарогай дадому вырашыў зайсці ў дом святароў папіць вады. І ўжо на выхадзе хтосьці кранае яго за плячо і пытае: “О, а ты хто такі?” Гэта быў брат Сяргей Мацюшонак.
“Гэта быў капуцын, які дадаў мяне ў сябры на Фэйсбуку, я яму мог задаваць пытанні, ён быў са мной побач”, – успамінае брат Улад.
І ў хлопца ўзнікла дылема: марыяне ці капуцыны? Сярод марыянаў Уладзіслава вабіла асоба святароў, якіх ён ведаў, яго блізкіх сяброў, але не хапала яму, як гісторыку, нечага больш гістарычнага. А вось асоба Францішка яму вельмі спадабалася. Пазнаўшы маладых капуцынаў, ён зразумеў, што капуцыны – гэта тое, што трэба.
- Я прыехаў на Вялікдзень у Маладзечна, пабыў тут пасля пару дзён. Потым пайшоў у пілігрымку з капуцынамі (у 2016 г. – аўт.), каб прыглядзецца яшчэ больш. Пілігрымка мне не спадабалася, я прывык да больш доўгіх і глыбокіх пілігрымак. Але не гэтага я шукаў. У глыбіні душы я сабе сказаў, што калі не паспрабую, то гэтага сабе не дарую. Потым я павёз групу на Сусветныя дні моладзі ў Кракаў і думаю: “Вярнуся – перайду!” Аднак вярнуўшыся, не мог знайсці ў сабе сілы, каб прыняць гэтае рашэнне.
І быў адзін такі дзень, калі я адчуў пінок і чатыры разы за дзень пачуў зварот да сябе ў розных знаках: “Давай!” Гэта дадало мне сілы ўстаць з канапы і пайсці на Залатую горку, дзе браты тады былі на Імшы і сказаць брату Алегу, што я ўсё ж такі рашыўся. Мне было вельмі цяжка. Я адчуваў, што я сваім рашэннем сябе перагнаў, не адчуваў, што раблю, я проста ішоў, можа за тым, што гэта маё такое жыццёвае правіла: лепш рызыкнуць, чым не рызыкаваць. Былі моманты ў маім жыцці, калі я не зрабіў і вельмі моцна шкадаваў. Таму я раю ўсім, не баяцца і спрабаваць.
- Брат Улад, Вам трэба было перавучвацца ці залічылі гады вучобы ў дыяцэзіяльнай семінарыі?
- Не ведалі надта, што са мной рабіць (усміхаецца). Пастулат не хацелі даваць, бо 300 м ад семінарыі, дзе я вучыўся. Я прабыў увесь кастрычнік у Маладзечне, у пастулаце: капаў траншэі, паліў галіны. Потым паехаў на год у навіцыят у Новым Месце над Піліцай, потым пайшоў у Люблін – у постнавіцыят. А калі трэба было ісці ў семінарыю, то не ведалі, што са мной рабіць: ці ў Італію адправіць, тэалогію вучыць, як цяпер браты гэта робяць, ці з першага курса мне пачаць (і такія думкі былі), ці залічыць чацверты і ўжо на пяты пайсці… Выбралі апошні варыянт. Розніца ў тым, што я належаў да Варшаўскага ўніверсітэта, а тут – Люблінскі. Паміж гэтымі ўніверсітэтамі былі вялікія розніцы ў праграмах. У мяне быў такі тыдзень, што за пяць дзён мне трэба было залічыць дванаццаць экзаменаў і быў такі дзень, што трэба было здаць адразу чатыры.
Вечныя манаскія абеты, Докшыцы, 2020 г.
Пасвячэнне дыяканату, в. Копішча, 2020 г.
Нашага Улада ўсё жыццё суправаджаюць сумневы. Я лічу, што сумневы – прыкмета інтэлекту. У мяне выклікаюць недавер людзі, якія на 100% упэўненыя ў чым-небудзь. Няма нічога горш, чым чалавек, які лічыць, што ён спазнаў ісціну і думаць далей адмаўляецца.
Папа Францішак падчас Апостальскага падарожжа на Кіпр і ў Грэцыю ў снежні 2021 г. гаварыў: “Сумневы з’яўляюцца “вітамінамі веры”, дапамагаюць зрабіць яе больш моцнай і сталай, выйсці ў шлях і штодзённа крочыць па жыцці разам з Хрыстом, ведучы дыялог з Богам, сумленнем і іншымі”.
- Я чалавек, які люблю сумневы, сумняюся і гэтага не саромеюся. Яны дапамагаюць мне шукаць. Самыя дрэнныя рэчы са мной здараліся, калі я ні на секунду не сумняваўся. Мне лёгка разумець людзей, якія сумняюцца і баюся тых, хто не сумняецца. Мне блізкі дух сумневаў і нястомнага пошуку. Мне здаецца, што Францішак такі заўсёды і быў. І гэтым мне Францішак блізкі: чалавек, які нёс спакой, меў неспакойны дух ў такім добрым значэнні.
- Якім было Ваша самае значнае духоўнае або рэлігійнае перажыванне на працягу Вашай вучобы?
- Яркіх момантаў было вельмі шмат. Я не ведаю, што разумець пад словам “яркі”. Я цяпер адкрываю, што яркія моманты з часам мяняюцца. Падзей было многа. Я быў на досведзе евангелізацыі, дзе людзі не мелі грошай, ежы, хадзілі, прапаведавалі Евангелле. Я бачыў цуды, якія там Бог рабіў, аздараўленні. І думаў, калі прыеду ў Беларусь, я буду гэтым сведчаннем дзяліцца. А потым прыехаў у Беларусь, месяц прайшоў, а я ледзь веру не страціў (усміхаецца). То бок, яркіх – баюся. Цяпер гляджу на ціхія Божыя цуды.
Бог у маім жыцці дзейнічае праз людзей і натхняе мяне. Самы вялікі цуд для мяне – гэта людзі. Яны мне паказалі, што Бог ёсць любоў. Мая вера – гэта твары (смяецца). Магчыма тое, што я рос адзін, паўплывала на тое, што я “галодны” да людзей.
Пасвячэнне прэзбітэрату, Маладзечна, 2021 г.
Прыміцыйная св. Імша, в. Мінск, касцёл Маці Божай Будслаўскай
(мікрараён Каменная Горка), 2021 г.
Так склалася, што і людзі акружаюць брата Улада ўвесь час, ён прыцягвае іх да сябе як магніт. Многія знаходзяць у яго асобе не толькі духоўнага настаўніка, але і роднага чалавека, да якога можна прыйсці за падтрымкай і суцяшэннем. Сэрца святара, напоўненае любоўю і спачуваннем, становіцца светачам, які вядзе сваіх авечак па дарозе веры, надзеі і міласэрнасці.
- Уступны кантакт я маю добры, вельмі рады людзям – я людзелюб, людзефіл (усміхаецца). Я вельмі люблю людзей, я вельмі натхняюся людзьмі і людзі гэта адчуваюць. Яны ведаюць, што я гатовы прабачыць ім. Нават часамі занадта, можа не надта шануючы сябе. Але далей, калі настае момант пабудовы чагосьці глыбокага, я бачу, што маю з гэтым прабмемы. Мне вельмі цяжка падтрымліваць адлегласці, цяжка званіць… Я бачу, што над гэтым трэба працаваць, вучыцца быць верным у адносінах. Для мяне гэта няпройдзены свет. Здаецца, дарослы мужчына, але ў пэўных рэчах я, як немаўля, вучуся асноўным рэчам, пэўнай адказнасці. Магчыма Бог і прывёў мяне ў Ордэн, каб я гэтаму вучыўся.
Мая здольнасць кантакту з людзьмі, людзьмі незнаёмымі –прапарцыянальна складанасці потым усё гэта падтрымаць. Я калісьці думаў, які мой самы галоўны дар і талент, чаму вакол мяне так многа таленавітых людзей: мастакоў, музыкаў, прамоўцаў, арганізатараў? Я не знаходжу ў сабе такога ярка выражанага – дылетант шырокага профілю (усміхаецца). Напэўна самы вялікі дар – таленавітыя людзі вакол мяне. Навошта Бог адорвае мяне такімі людзьмі, сябрамі? Можа гэта мой харызмат?
Першым месцам служэння нашага брата Уладзіслава сталі Докшыцы. На працягу аднаго года ён там быў дыяканам, а потым прыехаў да нас у Маладзечна.
- Брат Уладзіслаў, а ці адчувалі Вы страх, няўпэўненасць на сваіх першых Імшах?
- Так, заўсёды. Брат Андрэй Шэстакоў сказаў мне, што я на Імшах больш упэўнены, чым у жыцці. На Імшы я заўсёды трошкі хвалююся, але гэта мая такая асаблівасць. Я ўпэўнены ў годнасці і сэнсоўнасці святарства, святой Імшы. Мне намнога лягчэй за гэта стаяць, прапаведаваць Хрыста, чым напрыклад, у паўсядзённым жыцці пастаяць за сябе, за свае думкі.
Страху я не маю. Часта я расчароўваюся, бо самыя добрыя думкі прыходзяць тады, калі ты ўжо скончыў пропаведзь. У Маладзечне я не адчуваю страху, адчуваю вялікую асалоду на святой Імшы, у прапаведванні – не ўсюды так. Мне не заўсёды так лёгка гаварыць, бо я вельмі залежны ад слухачоў, ад людзей, якія побач. У Маладзечне я сустрэў зычлівасць, разуменне, гатоўнасць успрымаць незразумелыя, дзіўныя рэчы. Гэта вельмі акрыляе. Найцяжэй мне, напэўна, на вялікіх урачыстасцях або на тых урачыстасцях, якія для мяне вельмі блізкія: Божае Цела, Вялікая пятніца, Пасха. Штосьці, што мае глыбіню, якую не магу выказаць словамі. Калі хочаш вельмі многа сказаць, то гэта сама цяжэй сказаць. А калі звычайны дзень і звычайнае дзяленне Божым словам, то я адчуваю сябе, як рыба ў вадзе, мне гэта падабаецца ў служэнні святара.
Брат Уладзіслаў валодае рэдкім дарам – уменнем гаварыць проста і даходліва аб самым патаемным, аб вечных духоўных ісцінах. Яго пропаведзі – не сухія маралі, а жывыя, натхняльныя навучанні, народжаныя з глыбокага асабістага вопыту і тонкага разумення чалавечай прыроды. Святар нібы адкрывае перад вернікамі вокны ў іх уласныя душы, дапамагаючы ім убачыць сябе і свае ўчынкі ў новым свеце. Кожны знаходзіць у яго словах нешта сугучнае сабе – няхай гэта будзе малады чалавек, які шукае арыенціры ў жыцці, або пажылая жанчына, якая адчувае боль страты. Брат Улад умее знайсці індывідуальны падыход да кожнага, чуйна улоўліваючы трывогі і спадзяванні сваёй паствы. Для гэтага святара няма нічога важней, чым дапамагчы нам здабыць праўдзівы шлях да Бога і да саміх сябе.
- Хто або што можа Вас натхніць пры падрыхтоўцы да прапаведвання Божага слова?
- Мяне натхняюць людзі, якіх я бачу. Калі я бачу, што хтосьці суперажывае сур’ёзна і нечага шукае, шукае гэтага слова, яно яго зачапіла, то мне ўдвая лягчэй. Мяне натхняе чалавек, які слухае. Я вельмі хачу падзяліцца тым, чым Бог дзеліцца з намі цяпер. Вельмі часта, як бы гэта дзіўна не гучала, гэта слова фармуе мяне. Тое, што я кажу, я сам гэтым карыстаюся.
Мне здаецца, што я з большым піетэтам рыхтаваўся, калі быў дыяканам (усміхаецца). Калі многа абавязкаў, цяжка прыкладвацца да слова, адчуваеш, што робіш гэта павярхоўней. Найчасцей я дзялюся тым, што разважаў сам, то бок паколькі ў мяне многа сумневаў, то я і так пасумняваўся, і так, а потым знайшоў, як па-простаму гэта сабе патлумачыць і потым патлумачыць камусьці. Гэта неяк натуральна адбываецца. Стараюся не гаварыць таго, чаго не разумею, неяк сабе не ўлажыў. Ліць ваду мне надта цяжка. А з другога боку, у мяне быў вельмі добры настаўнік Гамілета, які даў вельмі простае правіла, як будаваць слова, і, калі неяк зусім цяжка, то я выкарыстоўваю гэту схему. Карыстаюся дапамогай, чытаю каментары, ёсць нейкія любімыя каналы, дзе думкі чэрпаю. Як правіла, слухаю, пакуль мяне штосьці не зачэпіць, чым бы я хацеў падзяліцца.
Натхняюць людзі, якіх я люблю, якія галодныя. Я ведаю, што яны патрабуюць слова. Цяжка, калі бачу, што не патрабуюць. Вельмі цяжка, калі людзі не слухаюць. Я гаварыў на пропаведзі, што я вельмі раўнівы, калі бачу, што хтосьці глядзіць у другі бок, ці нешта шэпча – мяне адразу замыкае. Хоць адзін чалавек калі слухае, нармальна. Але Маладзечна – гэта проста выдатнае месца, дзе можна гаварыць.
- Што Вы лічыце найбольш важным у служэнні ў касцёле і чаму?
- Мне б хацелася людзям (не кажу пра нашых парафіян, а наогул у Беларусі, свеце), якія ходзяць у стэрэатыпах пра хрысціянства, пра царкву, пра павярхоўнае разуменне, падзяліцца тым, што калісьці я чуў, перажыў гэты агонь Евангелля, што яно настолькі прыгожае, настолькі актуальнае, настолькі яно дае сэнс, сілу і прысутнасць. Жыццё перажываецца праз розныя клопаты, ісці ў гэтае жыццё трэба прыгожа. Прыгожа – не кажу, лёгка. Для мяне слова “прыгожа” – важнае. Мне вельмі баліць, калі хрысціянства ўспрымаецца як нейкая магія, як нейкія абрады і традыцыі. Вельмі баліць, калі робіцца яркасць касцёла, а не даецца сутнасць. Баюся, каб не сплыла наша вера, бо яна надта глыбокая і прыгожая.
- Чую, што многія ў цяперашні час не надта задаволены тым, што касцёл пераўтвараецца ў сцэну, месца канцэртаў і тэатральных прадстаўленняў, і лічаць, што касцёл – месца сустрэчы з Богам і дом Божы - не для гэтага. Вы пра такую яркасць гаворыце?
- Яркасць – гэта месца пэўных файных перажыванняў. Са мной многія могуць паспрачацца. Я не лічу Касцёл з вялікай літары, а можа нават і сам касцёл з маленькай, як будынак, месцам настолькі сакральным, паўсюль герметычным ці стэрыльным, дзе няма месца гарызантальным адносінам, а толькі вертыкальныя з Богам. Я проста ўяўляю як гэта было ў апосталаў, у першых хрысціянаў, усё ж такі мы на іх арыентуемся. Яны збіраліся дома, у цэнтры быў Хрыстос, але не думаю, што там усё было распісана, што рабіць і дзе знаходзіцца, баяцца чагосьці. Яны размаўлялі адзін з адным ведалі жыццё адзін другога, дзяліліся сваімі болямі і радасцямі. Я хачу, каб касцёл быў такім месцам жыцця, нармальнага рэальнага жыцця, не чымсьці незвычайным. З другога боку, усё ж такі ў цэнтры Хрыстос – і гэта няпроста ўтрымаць. Ты практыкуеш будаваць гарызантальныя адносіны, а мы ў Беларусі ў гэтым пытанні маем вялікі голад, надта яны ў нас слабыя. Чалавеку прасцей з Богам сустрэцца, адкрыцца на Бога, якога не бачыў, чым на брата, які знаходзіцца побач. У нас няма цяпер, на жаль, гэтай культуры будавання сувязяў супольнасці. Вельмі важна будаваць іх і праз сустрэчы, і праз гарбаткі, і праз танцы, і праз вандроўкі – праз што заўгодна. Таму я толькі "за" ўсім сэрцам. Але без Таго, Хто знаходзіцца ў цэнтры, усё гэта становіцца павярхоўным і не трывалым. Знайсці гэты баланс вельмі цяжка. Я хацеў бы, каб мы пра гэта размаўлялі, размаўлялі з Хрыстом. Рэч у тым, каб прапаведавалася Евангелле, а ўсё астатняе – нармальны адказ.
- Мне падаецца, што ў нашай парафіі ўсё не так дрэнна. Шмат супольнасцяў, актыўнасцяў…
- Пакуль усе ці хаця б палова парафіян не будуць у якой-небудзь супольнасці, то гэта – анамалія. Прыходзіць у касцёл ананімна – гэта не нармальны стан на шляху да Хрыста. Гэта раўназначна, што без сакрамантаў быць, ці без слова Божага. Гэта як трохколавы ровар, у якім калі убраць адно кола, то ён не паедзе.
Але духоўнае жыццё брата Уладзіслава не абмяжоўваецца толькі касцёльнымі сценамі. Ён з’яўляецца вялікім прыхільнікам футбола і з радасцю арганізуе спартыўныя матчы і паездкі на турніры для хлопцаў, лічачы, што цялесныя практыкаванні дапамагаюць гарманічна развіваць і дух. Больш за тое, брат Уладзіслаў праяўляе сябе і на тэатральнай сцэне, удзельнічаючы ў пастаноўках, што толькі падкрэслівае яго шматграннасць і ўменне спалучаць святасць з зямнымі радасцямі.
- Як у Вас атрымліваецца ўсё паспяваць? Што для Вас з’яўляецца самым лепшым адпачынкам?
- Я нічога не паспяваю (усміхаецца), калі атрымаецца, скажу. Тэарэтычна – ведаю і другім бы раду даў, самаму мне цяжка апошні час неяк адпачыць правільна. Адпачынак – гэта сур’ёзная праца. Каб адпачыць, трэба пастарацца. Гэта не так, што ўзяў лёг і ўсё, так не атрымліваецца.
Трохі ратуюся футболам. Для мяне гэта магчымасць, каб думкі сталі на месца.
Сустрэчы з людзьмі, сябрамі, дзе ты можаш быць сабой.
Турнір у Беразінскім, бр. Улад з камандай мікрараёна Сухарава (Менск)
XX Юбілейны турнір па міні-футболе
“Памяці святога Яна Паўла ІІ”, наша каманда ў Слоніме
- Вядома, людзі глядзяць на вас, як на святара, а сябры – па-іншаму.
- Мне вельмі не падабаецца, калі чалавек у жыцці адзін, а калі выходзіць да алтара ці да амбоны на прэзбітэрый – зусім іншы. Стараюся, каб так не было. Нават стараюся гаварыць так, як цяпер гавару з вамі. Мне падабаецца такі стыль. Я заўсёды хацеў такім быць. Але, канечне ж, панаракаць, выдыхнуць, падзяліцца сваімі боязямі, страхамі ты можаш толькі з сябрамі. Яны не спужаюцца. І гэта таксама ў нейкім сэнсе адпачынак. Я вельмі чэрпаю зычлівасць людзей. Магу проста сустрэцца з кімсьці на вуліцы, паразмаўляць і адчуваю, што стомленасць проста як рукою зняло.
- Крыніца Вашай сілы і натхнення – гэта… ?
- Адораныя людзі напаўняюць мяне сваёй прысутнасцю, увагай, зычлівасцю, любоўю, здольнасцямі, прыгажосцю. Усё прыгожае мяне ажыўляе. Ёсць месцы, дзе я заўсёды буду моцным. Якім бы разбітым туды я не прыехаў, я заўсёды выходжу як нанова народжаным.
Месцы сілы – Будслаў, мінская катэдра. Вёска мая – па-рознаму: там прырода прыгожая, там даволі адзінока, але там прыгожа і моцна. Імша ў Маладзечне: пасля Імшы заўсёды адчуваю сілу. А таксама вельмі дапамагае споведзь: падабаецца мне спавядацца, я рэальна адчуваю як аздараўляюся. Найбольшая святарская радасць, калі падчас споведзі, а бываюць споведзі, якія і дзве, і тры гадзіны трываюць, ты стамляешся, ужо і слухаць цяжка, а потым прыйдзе хто-небудзь, такая душа, якая так моцна патрабуе Божай міласэрнасці, душа якая прагне Бога – і ўся стомленасць праходзіць, ты ажыўляешся. У гэты момант адчуваеш, як моцна радуецца Езус, мне самому хочацца пайсці і абняць чалавека. Здаецца, што гэта радасць не толькі мая, што ўсё неба радуецца. Гэта можа ў нейкім сэнсе досвед містычны, але я адчуваю прыгажосць душы, якая шчыра прыходзіць да Бога. Але такое бывае не вельмі часта. Прыемна адчуваць, што ты ўдзельнічаў у гісторыі чалавецтва (усміхаецца).
Музыка… Музыка мне дапамагае. Я, на жаль, ні на адным музычным інструменце добра іграць не ўмею, але вельмі ўражлівы да музыкі. Бывае, што песня бессэнсоўная, папсовая – адна нота, але гэта так прыгожа, і яе я буду слухаць. Любімых песен у мяне шмат, слухаю пад настрой і ў залежнасці ад пары года.
Брат Уладзіслаў Мінько з’яўляецца сапраўдным натхняльнікам і арганізатарам штогадовых пілігрымак у Будслаў. Пад чулым кіраўніцтвам брата гэтыя духоўныя падарожжы праходзяць у асаблівай атмасферы глыбокай павагі і малітоўнага яднання. Святар старанна прадумвае кожны этап шляху, каб зрабіць яго максімальна насычаным і натхняльным для ўсіх нас. Ён перакананы, што шлях да святыні павінен быць не проста доўгім пераходам, але і ўнутраным вандраваннем, напоўненым разважаннямі, пакаяннем і малітвай.
І калі шматлікая працэсія пілігрымаў ступае на дарогу ў Будслаў, наперадзе яе нязменна крочыць сам брат Уладзіслаў. Сваім прыкладам ён натхняе людзей, падтрымлівае іх на працягу ўсяго шляху, уліваючы ў сэрцы веру і надзею. А калі, нарэшце, паказваюцца вежы будслаўскай святыні, у вачах пілігрымаў загараецца святло надзеі. Для кожнага ўдзельніка такой пілігрымкі гэта становіцца не проста паломніцкім шпацырам, але сапраўдным падарожжам да свайго духоўнага "я", да вытокаў веры. І ва ўсім гэтым неацэнная роля брата Улада – святара, які вядзе сваю паству да святасці і ачышчэння душы.
- Брат Улад, а якое гэта адчуванне – быць арганізатарам і кіраўніком пілігрымкі? Што Вас матывуе перад і падчас пілігрымкі?
- Я люблю пілігрымку і для мяне яна вельмі многа значыць. Калі мне прапанавалі ўзначаліць пілігрымку, то я з сарамлівасці гаварыў, што не спраўлюся, але быў вельмі рады гэтаму.
Калі я паступіў да капуцынаў, то з 2017 г. па 2020 г. хадзіў у Будслаў, а ў 2021 г. не быў у пілігрымцы – гэта было самае цяжкае, мне было балюча, сэрца імкнулася ў Будслаў. Канечне, у якасці арганізатара ідзецца інакш, хочацца каб людзі добра перажылі гэту пілігрымку. Я вельмі перажываю за гэта, хачу каб пілігрымка стала чымсьці важным, каб адкрыць, які Бог прыгожы, убачыць, што Касцёл жывы, каб адкрыць Марыю ў Будславе – гэта неяк хочацца перадаць, і для мяне гэта важна. Як бы галоўная мэта такая. Арганізатарам я ніколі сябе не адчуваў, мне лягчэй не думаць, а выконваць. Гэта цікава. Першы раз было страшна, потым – прыкольна. Ёсць людзі, якія падтрымліваюць і дапамагаюць – гэта і брат Андрэй Жылевіч, які вадзіў туды пілігрымку, і Дамініка Гулевіч, якая мае арганізатарскі дар і стрыжань. А наогул, я не арганізаваў, я проста папрасіў патрэбных людзей (усміхаецца). Быць арганізатарам – быць рухавіком. Але гэта агульная справа людзей і з кожным годам такіх людзей становіцца больш. Я хачу, каб у пілігрымцы быў касцяк свецкіх людзей, таму што браты мяняюцца, а пілігрымка “Маладзечна – Будслаў”, людзі – ёсць заўсёды.
Для мяне гэта і выклік пэўны. Я вельмі цешуся, мне падабаецца. Хоць я думаю, што пілігрымка павінна ісці далей, магчыма яшчэ разок правяду і (я усё роўна буду хадзіць у пілігрымкі, калі здароўе дазволіць) буду ў другой якасці. Вельмі хочацца проста ісці і маліцца. Так я яшчэ не спрабаваў. Малады быў, ішоў і спяваў, маліўся разам з усімі. А цяпер хочацца ісці і маліцца ў маленькай супольнасці. Мару ў Санцьяга-дэ-Кампастэла (знаходзіцца на самай поўначы Іспаніі, з’яўляецца адным з самых буйных цэнтраў паломніцтваў у хрысціянскім свеце – аўт.) схадзіць. Хочацца ў больш духоўным ключы перажываць, а не ў арганізатарскім, бо хочацца засяродзіцца.
- Якім чынам Вы дапамагаеце новым парафіянам знаходзіць сваё месца ў каталіцкай суполцы?
- А я дапамагаю (усміхаецца)? Тут трэба дзеянне Бога, я магу не мець нейкіх ідэй, а потым Бог мне паказвае чалавека, як пазл з мазайкі нейкі: “Вось гэта пакладзі сюды!” І сапраўды – усё складваецца.
Я спрабую паказаць, што гэта дом, дзе іх чакае Бог, што тут можна нармальна размаўляць. Паказаць перадусім чалавечнасцю: зарадам бадзёрасці, энергіі, пазітыва. Паказаць, што яны патрэбныя і, што ім самім гэта патрэбна. Але ўсё атрымліваецца спантанна. Усё індывідуальна. Бог неаднаразова прыводзіў праз мяне людзей у касцёл. Напрыклад, калі я хадзіў па Калядзе.
Быць святаром – гэта пакліканне, цяжкая праца і высокая адказнасць. Гэта бесперапыннае служэнне Богу і людзям, якое патрабуе ад чалавека поўнай самааддачы і самаадрачэння.
- Што б Вы на дадзены момант пажадалі тым маладым людзям, якія ў сваім сэрцы адчуваюць пакліканне да святарскага і манаскага жыцця?
- Па-першае, пачаць слухаць сябе. А, па-другое, што для мяне было цяжка – не баяцца рызыкаваць. Я ганаруся тым, што Бог правёў мяне праз жыццё і праз розныя досведы і ў пэўным моманце я зразумеў каштоўнасць рызыкі. Варта спрабаваць і не баяцца памыліцца. Нічога ніхто не прайграе, свет не разваліцца, бо кожны мае права на памылку, і Бог – гэта першы, Хто яго дае. Бог дае свабоду чалавеку, бо без свабоды няма любові. Калі я люблю кагосьці, я даю права на памылку. Памыляцца – самае прыгожае, што можна ў жыцці рабіць. Самая вялікая памылка – гэта баяцца памыліцца.
Чытанне кніг – гэта магутны інструмент для інтэлектуальнага, духоўнага і асобаснага росту. Яно спрыяе пашырэнню кругагляду, развіццю мыслення, узбагачэнню эмацыйнай сферы і захаванню культурнай спадчыны. У нашага брата Улада любімых кніг шмат.
- Ваша любімая хрысціянская і свецкая кнігі, якія б вы параілі пачытаць?
- Ад моманту, калі я пайшоў у семінарыю, я толкам перастаў чытаць. Да гэтага чытаў вельмі шмат. Там у мяне адбілі гэтае жаданне (усміхаецца). Я любіў чытаць ноччу, узахлёб, а ў семінарыі трэба было свет гасіць, уставаць рана…
Хрысціяская добрая кніга – Хосэмарыя Эскрыва “Путь”.
Наогул, шмат добрых кніг. У дзяцінстве зачытваўся «Приключениями Шерлока Холмса и доктора Ватсона» Артура Конан Дойла.
У цяперашні час мне падабаецца чытаць мітрапаліта Антонія Суражскага. Адкрываеш любую кнігу – і гэта настолькі прыгожа і жыццёва, што проста ўражвае. Гэтыя кнігі я магу браць не гледзячы – як бальзам на сэрца, як бы дзіўна не гучала.
“Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Карткевіча – гэта класіка, без яе ніяк! З беларускай літаратуры – гэта мая любімая кніга.
З рускай літаратуры мне падабалася “Преступление и наказание” Ф. Дастаеўскага, а яшчэ “Мастер и Маргарита” Міхаіла Булгакава.
“12 правілаў жыцця” Джордана Петэрсана таксама добрая кніга.
Апошняя кніга, якая мяне натхніла, многім будзе наогул нецікавая – “Автабіяграфія” Алекса Фергюсона, шматгадовага трэнера “Манчэсцер Юнайтэд” – маёй любімай футбольнай каманды. Мяне вельмі кранула яго жыццё, яго характар, жыццёвыя прынцыпы. Ён, магчыма, адказвае на мой голад айца, мужчыны са стрыжнем, які так верыў у сваіх футбалістаў (па навыках яны былі сярэднякамі). Пакуль ён быў трэнерам, яны былі чэмпіёнамі. Як толькі ён пайшоў з пасады трэнера, каманда ў тым жа складзе на наступны год заняла толькі восьмае месца. Яго жыццёвы дэвіз – “Пасля выпрабаванняў – саладзей” («После испытаний – слаще»). Ён казаў, калі я прайграваў, то гэта азначала толькі адно – трэба штосьці мяняць.
- Калі б у Вас была магчымасць вярнуцца назад у мінулае, ці хацелася б там што змяніць? Калі так, то што?
- Я нават не шкадую за тыя пяць год, якія не наведваў касцёл, бо цяпер мне не было б чым дзяліцца. Я б не ведаў, як гэта быць без касцёла. Ды і шлях мог бы быць зусім іншы. Бог з усіх гэтых рэчаў праз пэўны час здольны зрабіць нешта прыгожае. Што са мной і адбылося. З глабальнага мне нічога мяняць не хочацца. Па дробязях – магчыма.
- Ідэальны святар – ён які?
- Гэта Хрыстос. Але ў кожным чалавеку Ён багаты ў праяўленнях. Гэта жывы чалавек са сваёй гісторыяй, сваімі недахопамі і надзеямі, які шукае Хрыста.
- Брат Уладзіслаў, заканчваючы размову, хацелася б спытаць пра Вашы далейшыя планы і мары. Вядома, калі хочаш насмяшыць Бога, раскажы пра свае планы, але ўсё ж такі.
- Самае галоўнае, што я павінен цяпер рабіць (я адчуваю патрэбу ў гэтым) – дапамагчы ажыўленню Францішсканскага Ордэна Свецкіх, каб адкрыць вартасці Францішка, якія лічу вельмі актуальнымі на сённяшні дзень, каб паказаць іх людзям, іх патэнцыял і прыгажосць. І справа выходных з Францішкам (размова адбывалася напярэдадні уік-энда з Францішкам – аўт.), якія мы ладзілі (не ведаю, што з яе будзе, вельмі перажываю, адчуваю, што гэта вельмі спантанна, мала падрыхтавана) – прастора, дзе мы, браты, маглі б дзяліцца каштоўнасцямі францішканскай духоўнасці і паказаць тое, чым мы жывём. Гэта стыль, які мне вельмі блізкі і дарагі, але які людзі рэдка бачаць у касцёле, а мне здаецца, ён бы вельмі дапамог увогуле ўсяму касцёлу Беларусі ў пошуку супольнасці, прастаты, засяроджанасці на крыжы – і балючым, і ўваскрослым. Я бы хацеў гэта папулярызаваць. Бачу ў гэтым натхненне.
Другая мара, каб у Маладзечне заіснавала вечная адарацыя Найсвяцейшага сакрамэнту.
Яшчэ адна мара – стварыць канал, дзе зможам разважаць слова Божае з аўтарытэтнымі людзьмі над актуальнымі праблемамі чалавека. Мне не хапае ў касцёле свядомасці, што хрысціянская рэлігія – гэта не нейкая дрэнна зразумелая містыка, а тое, што выплывае з натуры чалавека, што ёсць ласка, ёсць нармальнае жыццё чалавека, яго будаванне адносінаў, яго пазнанне самога сябе. Хацеў бы паказаць сапраўднае хрысціянства.
Жадаю ўсім бунтавацца, шукаць, рызыкаваць і не жыць на аўтапілоце!
Як маяк у бурным моры, брат Уладзіслаў асвятляе шлях да Бога для кожнага з нас. Яго жыццё і справы служаць яркім прыкладам таго, што святасць не супярэчыць зямным радасцям, а наадварот, гарманічна іх спалучае. Кожны, хто сустракаецца з гэтым неверагодным Чалавекам і Святаром, выносіць з сабой часціцу яго святла, якое будзе саграваць сэрцы на доўгія гады. Бо брат Уладзіслаў – гэта той, хто ўвасабляе ў сабе праўдзівы шлях да Усявышняга. Нездарма ўслед за святым апосталам Паўлам брат Улад паўтарае: “Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым” (Рым 8, 38-39).
Пасля гутаркі з братам Уладзіславам сыходзіш з касцёла са светлым пачуццём на душы. Яго словы глыбока пранікаюць у сэрца, натхняючы на духоўныя пошукі і добрыя справы. Здаецца, быццам сама святасць гэтага месца напаўняе цябе ласкай і супакаеннем.
Словы святароў, сяброў і парафіян пра брата Уладзіслава Мінько
Сястра Марыя Емельянчык ОР (Баранавічы):
"Для мяне брат Уладзіслаў – мой другі “родны” брат, якога мне падараваў Бог. Ён добры, шчыры, інтэлегентны, энергічны, чалавек з добрым пачуццём гумару. А таксама святар, які шукае Бога і шукае, як тых, хто пагубіўся, так і тых, хто не бачыць, што недзе там губляецца."
Брат Сяргей Гусар OFMCap (парафія св. Казіміра, Маладзечна):
"З братам Уладам я пазнаёміўся яшчэ ў 2017 годзе, калі мы як пастулянты прыехалі ў кляштар, дзе праходзіў навіцыят. Знаходзячыся на фармацыі ў Польшчы, на само пачутае слова, што ў кляштары можна будзе ўбачыць брата з Беларусі, на сэрцы станавілася цяплей. Сустрэў я тады не проста брата з Беларусі, а брата Улада: як заўсёды вельмі жыццярадаснага, энергічнага, з бязлічнай колькасцю жартаў і неспадзяванак. Каб закончыць навіцыят паводле кананічнага права, брат Улад застаўся з намі яшчэ на тры месяцы, паказваючы і робячы інструктаж: як функцыянуе кляштар, як даглядаць за хворымі, дзе будзе адбывацца паслуга і шмат іншых важных рэчаў. Ужо тады ў вочы мне кінуліся бадзёрасць і цеплыня, з якімі брат Улад ставіўся да нас. Пазней, падчас розных размоў і дзяленняў, я адкрыў, якое ён мае вялікае і прыгожае сэрца.
Вельмі важным пунктам у нашым сяброўстве стаў спорт. Падчас знаходжання разам у навіцыяце ці ў семінарыі, не праходзіла амаль тыдня, каб мы не гулялі ў футбол. Вельмі добрай якасцю для футбаліста, ды і не толькі, для мужчыны агульна, з’яўляецца зацятасць на барацьбу. Брат Улад – вельмі непрыемны сапернік, бо прыходзілася вельмі пастарацца, каб абысьці яго, але калі ён гуляе з табой у адной камандзе, то мы былі настроеныя на поспех. Асабліва памятаю адну гульню супраць братоў капуцынаў з Кракаўскай правінцыі. Дзякуючы сваёй зараджаннасці на барацьбу, брат Улад забіў гол, які прынёс нам канчатковую перамогу з лікам 5:2.
У жыцці братоў капуцынаў вельмі важнымі з’яўляюцца адносіны. Сам факт, што ёсць побач брат, з якім можна паразмаўляць па душах, падзяліцца, паскардзіцца альбо параіцца – гэта, як скарб. Жартуючы, магу сказаць, што адчуваю сябе старым дзядулям побач з ім, гледзячы на яго энтузіазм і запал. Я вельмі рады, што цяпер мы будзем жыць у адной супольнасці.
Хацеў бы пажадаць брату Уладу культываваць у сабе ўсе тыя таленты, якія яму даў Бог, працаваць над сабой там, дзе ёсць над чым працаваць і ніколі не губляць сваёй жыццярадаснасці і энергіі!"
Бр. Вадзім Войцік OFMCap (парафія св. Валянціна, Смалявічы):
"Брат Улад – чалавек з вялікім і адкрытым сэрцам, што ўмее шчыра спагадаць і прымаць кожнага такім, якім ёсць. Глыбокая годнасць і чуласць праменяць з яго вачэй, а яго іскрыстая ўсмешка і спакой заўсёды здольныя падбадзёрыць, дадаць сіл у цяжкую хвіліну.
Цудоўна мець такога вернага (semper fidelis) сябра, які, паводле Святога Пісання, “любіць ва ўсякі час” (Прып 17:17). Менавіта такім сябрам-скарбам і з’яўляецца брат Улад – заўсёды ўважлівы, мудры і далікатны.
Як святар ён з руплівасцю служыць Богу і людзям, ахвярна і творча ажыццяўляючы сваю паслугу.
Пан Бог адарыў яго шматлікімі талентамі і здольнасцямі, якія ён выдатна выкарыстоўвае для Божай хвалы і на карысць Яго народу. На самай справе, я думаю, што не так ужо і часта можна сустрэць асобу настолькі яркую, крэатыўную ды жыццярадасную, як брат Улад. Таму для мяне гэта бясцэнны дар – ісці па жыцці з такім чалавекам, сябрам і святаром."
Ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB (парафія святога Міхала Арханёла, Смаргонь):
"Улад – для мяне дарагі сябра і брат! Я яго вельмі шаную і люблю. Улад вельмі чулы чалавек, ён заўсёды гатовы суперажываць з табою калі сапраўды цяжка! Я вельмі люблю яго жыццёвы аптымізм, які адразу паднімае настрой. Яму магу даверыцца і ведаю, што ён ніколі гэта не выкарыстае супраць мяне. З ім размаўляю “без тармазоў”, бо ведаю, што ён мяне прымае такім, якім я ёсць. Цаню ў ім адвагу і жаданне, калі нават штосьці не атрымоўваецца, распачаць усё аднова. Ён мае вялікае і добрае сэрца і не шкадуе яго для ўсіх. Улад на 100 адсоткаў сапраўдны і не носіць “маскі”, – а гэта скарб у сяброўстве!"
Францішканскі Ордэн Свецкіх:
"Гэтыя тры гады, якія наша супольнасць пражыла з бр. Уладзіславам як духоўным кіраўніком, паказалі яго значную ролю ў аднаўленні і ажыўленні ФОС. Праз сваю неабыякавасць, шчырасць, любоў да бліжніх і святога Францішка ён натхняе нас да пазнання і фармавання сябе, сваіх адносінаў з бліжнім і Хрыстом. У ім бачым і адчуваем францішканскую духоўнасць, якая запальвае да адкрыцця гэтай духоўнасці ў сабе і дзялення ёй з іншымі.
Ён адкрыты на патрэбы братоў і сясцёр, прыкладае шмат намаганняў для нашага духоўнага і братэрскага ўзрастання, падтрымлівае і натхняе на розныя ініцыятывы. Мае глыбокія веды ў Святым Пісанні і дар проста казаць пра складаныя рэчы.
Дзякуючы, паміж іншым, асабістым якасцям бр. Уладзіслава і яго руплівасці, штотыднёвым біблійным сустрэчам, якія ён запрапанаваў, у нашай супольнасці колькасць братоў і сясцёр значна павялічылася.
Добры і мудры, з пачуццём гумару, ён умее з шацункам падысці да кожнага, змягчыць любую вострую сітуацыю. Брат Улад вельмi шчыры i шчодра дзелiцца сваiмi пачуццямi, мае сэрца, поўнае любовi да ўсiх людзей.
У яго прыгожая ўсмешка і востры розум, а гумар, шчырасць, адкрытасць, адвага, маладосць і энергія існуюць у гарманічным спалучэнні з мудрасцю, стрыманасцю, нечакана глыбокай духоўнай сталасцю. У прысутнасці брата Улада “зараджаюцца батарэйкі”, хочацца быць, марыць, ствараць. Вучымся ў яго мудрасці, адкрытасці, шчырасці, даверу і самае галоўнае – ЛЮБОВІ! Любові да Бога і бліжняга. Любім і шануем. “Дзякуй шчыранькі!”
Ксенія Трот ад імя Францішканскай Моладзі Таў:
"Брат Улад – абраны Богам! “Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў” (Ян 15:16).
Дзякуючы яму, я пазнала іншы бок святарства, што ксёндз можа быць не толькі недасяжнай духоўнай асобай, але і братам, сябрам, бацькам, настаўнікам. Ён блізкі да парафіянаў, заўсёды падтрымае, выслухае, натхніць, падкажа.
У супольнасці ФМ Таў ён грае асаблівую і важную ролю. Дапаможа з арганізацыяй сустрэч, фармацыйных спатканняў, мерапрыемстваў, знойдзе падыход да кожнага, падкажа, як зрабіць лепш, уцягне ў авантуру і не пакіне. Ён розны і ў прыгажосці гэтай разнастайнасці незамяняльны.
Вельмі ўдзячная Богу, што ў маім жыцці ёсць такі цудоўны чалавек!"
Прайшло ўжо тры гады як брат Уладзіслаў служыць у нашай парафіі і ўжо можна з упэўненасцю сказаць, што ён пасланы нам Богам! І пасланы не проста так, а каб праз сваё вялікае сэрца і любоў весці кожнага з нас да святасці, весці да Бога!
Нас всех друг другу посылает Бог.
На горе иль на радость – неизвестно,
Пока не проживём цикличный срок,
Пока мы не ответим свой урок
И не сдадим экзамен жизни честно.
Мы все друг другу до смерти нужны,
Хоть не всегда полезность очевидна,
Не так уж наши должности важны,
И не всегда друг к другу мы нежны –
Бывает и досадно, и обидно...
Нас манит даль непройденных дорог,
А друг в дороге – радость и подмога.
И не сочтём высокопарным слог:
НАС ВСЕХ ДРУГ К ДРУГУ ПОСЫЛАЕТ БОГ!
И слава Богу – нас у Бога много. (Б. Пастэрнак)
Жадаем брату Уладзіславу і надалей чуць голас Пана Бога ва ўсіх штодзённых справах. Няхай Дух Святы кіруе яго словамі і ўчынкамі, каб як мага больш людзей сустрэлі Хрыста ў сваім жыцці і пазналі Яго. Шчыра жадаем духоўных і фізічных сілаў, здароўя, Божага благаслаўлення і ўсіх патрэбных ласкаў.
Тэкст і апрацоўка: Таццяна Шумель
Фота з асабістага архіва бр. Уладзіслава Мінько,
кс. Артура Ляшнеўскага, бр. Сяргея Гусара
і парафіяльнага архіва