"Выходныя з Францішкам" прайшлі ў Навагрудку
У Навагрудку 11-13 кастрычніка адбыліся рэкалекцыі “Выходныя з Францішкам”, якія праводзілі браты капуцыны з парафіі св.Казіміра ў Маладзечне (брат Уладзіслаў Мінько і брат Сяргей Гусар) і парафіі св.Валянціна ў Смалявічах (брат Вадзім Войцік) пры дапамозе валанцёраў з моладзевай супольнасці ФМ Таў.
У рэкалекцыях прынялі ўдзел больш за 40 чалавек з розных мясцін Беларусі: Маладзечна, Мінску, Смалявіч, Астраўца, Баранавіч, Гродна. Сярод іх былі прадстаўнікі Францішканскага Ордэна Свецкіх і людзі, якія толькі пачынаюць сваё знаёмства з францішканскай духоўнасцю.
Падобныя рэкалекцыі для дарослых адбываліся ўпершыню, і дакладная іх праграма не была вядома ўдзельнікам, што, дарэчы, з’яўляецца адметнай рысай капуцынаў - нечаканасць.
Рэкалекцыі пачаліся з вечара знаёмстваў, супольнай малітвы і адарацыі ў капліцы рэкалекцыйнага дому да позняй ночы.
У наступныя два дні да праграмы дадаліся канферэнцыі братоў Сяргея і Вадзіма і сястры Марыі Емельянчык OP з Баранавіч, якія дазволілі дакрануцца да жыццёвага шляху, выпрабаванняў, духоўных пошукаў святога Францішка Асізскага, яго ролі ў хрысціянстве, а таксама далі магчымасць убачыць актуальнасць і каштоўнасць яго духоўнай спадчыны для асабістага духоўнага жыцця чалавека.
Асабліва многім удзельнікам запомнілася праца ў групах, якой папярэднічала так званая “пустыня” - час, калі кожны ў цішыні і адзіноце мог сустрэцца з Богам і сабою, разважаючы над прапанаванымі пытаннямі.
Капліца змясціла ўсіх сабраных на вячэрнюю суботнюю літургію, а
касцел св. Міхала Арханёла - на нядзельную. Святыя Імшы ўзначальваў брат Уладзіслаў. Кожны меў магчымасць прыступіць і да сакрамэнту споведзі.
Дзякуючы сумесным намаганням і рэпетыцыям, пад кіраўніцтвам брата Вадзіма атрымалася развучыць некаторыя малітоўныя кампазіцыі і аказаць музычнае суправаджэнне ўрачыстай Імшы.
Акрамя духоўнай часткі, праграма рэкалекцый уключала і вольны час, забаўляльныя мерапрыемствы: інтэлектуальную гульню на эрудыцыю ў тэмах рэлігійных і не толькі, экскурсію па касцёлу св. Міхала Арханёла, па Навагрудку, якая дазволіла дакрануцца да гісторыі аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі.
Рэкалекцыйны час быў вельмі насычаным, каштоўным і стаў добрай нагодай для паглыблення веры, знаёмстваў людзей розных узростаў, для адкрыцця на іншага чалавека і проста прысутнасці ў жыцці адзін аднаго.
Тэкст: Вольга Дзямешка
Фота: Крысціна Любко