Адпустовая ўрачыстасць у гонар св. а. Піо з удзелам Яго Эксцэленцыі Тадэвуша Кандрусевіча
У панядзелак, 23 верасня, у дзень успаміну св. а. Піо з П’етрэльчыны, тытул якога носіць наша святыня, а 18 гадзіне адбылася ўрачыстая святая Імша, у якой прынялі ўдзел кс. віцэ-дэкан Уладзімір Русак, кс. канонік Сяргей Бараўнёў, кс. Павел Эйсмант, кс. Юрый Бараўнёў. Адпустовую Імшу ўзначаліў Яго Эксцэленцыя Тадэвуш Кандрусевіч.
Бр. Андрэй Жылевіч ад імя братоў капуцынаў і вернікаў парафіі выказаў радасць вітаць арцыбіскупа Тадэвуша ў нашым касцёле як пастыра і як сведку веры і сапраўднага хрысціянскага жыцця. Бр. Андрэй адзначыў, што ў хуткім часе, 20 кастрычніка, Яго Эксцэленцыя будзе адзначаць 35-гадовы юбілей біскупскай кансэкрацыі, якую атрымаў з рук св. Яна Паўла ІІ і дадаў: “Можна сказаць, што сёння мы распачынаем святкаванне ў гонар св. А. Піо разам з Вашым юбілеем і дзякуем Богу за Вас.”
Яго Эксцэленцыя падчас гаміліі звярнуў да шматлікіх сабраных сваё пастырскае слова, у якім нагадаў пра асаблівыя дары, удзеленыя Богам айцу Піо, чалавеку-легендзе і, верагодна, найбольш папулярнаму з сучасных святых. Дзякуючы дадзенай яму Божай ласцы, ён чыніў такое, што супрацьстаіць законам фізікі: ён мог быць адначасова ў розных месцах (дар білакацыі) і мог завісаць у паветры (дар левітацыі). Ён таксама меў дар бачыць сэрцы людзей, іх грахі і дар прадказваць будучыя падзеі. Так, яшчэ ў 1947 годзе, за 30 год да самой падзеі, ён прадказаў маладому святару Каралю Вайтыле, што ён стане Папам. Святога Піо называюць вязнем канфесіяналу, бо ён мог спавядаць па 19 гадзін у дзень. Таксама яго называюць чалавекам адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
У гэтым годзе 20 верасня споўнілася 106 год з моманту, калі а. Піо атрымаў дар стыгматаў. На працягу 50 год жыцця, да самай смерці, ён наследаваў Хрыста ў крыжовых пакутах праз раны ў сваім целе. Гэта сведчыць аб глыбокай еднасці святога са Збаўцам, аб вялікай яго любові да Хрыста. Арцыбіскуп Тадэвуш падкрэсліў, што сваім жыццём гэты капуцын увасобіў словы св. Апостала Паўла: “… для мяне жыццё – гэта Хрыстус” (Флп 1,21), “… я вырашыў не ведаць нічога …, апроч Езуса Хрыста, і то ўкрыжаванага” (1 Кар 2,2).
Ксёндз арцыбіскуп падкрэсліў ролю сям’і ў духоўным жыцці а. Піо і фармаванні яго паклікання. Ён узгадаў, што Франчэска Фарджонэ, будучы святы, нарадзіўся ў беднай, шматдзетнай і вельмі пабожнай сям’і. Яны мелі звычай, калі толькі дазвалялі магчымасці, штодзённа прымаць удзел у святой Імшы, часта спавядацца, часта прымаць Святую Камунію, а вечарам збіраліся на супольную малітву ружанца. Выхаваны ў такіх умовах, ён вельмі любіў Бога і Касцёл, таму вырашыў прысвяціць сябе служэнню Богу ў харызме св. Францішка ў ордэне братоў капуцынаў. Айца Піо, якога, дарэчы, бацькі і назвалі ў гонар св. Францішка, можна лічыць духоўным сынам гэтага вялікага святога.
Яго Эксцэленцыя падзяліўся сваімі ўражаннямі ад наведвання кляштара ў Сан-Джаванні-Ратонда, дзе а. Піо правёў найбольшую частку свайго жыцця: “Сапраўды адчуваецца малітоўны дух - спадчына яго малітвы і цярпенняў, яго ахвяры. З гэтага месца чалавек выходзіць іншым, адноўленым.”
“Да гэтага аднаўлення нашага сэрца павінен імкнуцца кожны з нас, - сцвердзіў арцыпастыр і заахвоціў прысутных разгледзець намеры, з якімі кожны прыйшоў сёння на св. Імшу. - Ці не толькі, каб паглядзець на свята і біскупа? Гэтага не дастаткова. Мая вера тады сапраўдная, калі галоўная мэта майго ўдзелу ў святой Імшы - паглядзець на сваё сэрца, пачуць, што Бог хоча ад мяне, і жыць гэтым словам і быць потым сведкам свайго хрысціянства.”
Углядаючыся ў графік жыцця айца Піо, яго даволі суровы рэжым, Яго Эксцэленцыя заўважыў прысутным, што нягледзячы на абавязкі святога як законніка і святара - штодня святая Імша, душпастырства і споведзь, духоўныя разважанні, брэвіярый – гэты капуцын знаходзіў магчымасць шмат часу праводзіць перад Найсвяцейшымі Дарамі, адмаўляць святы ружанец і шмат іншых малітваў, кожны тыдзень спавядацца.
Сучасны чалавек, верагодна, скажа, што такое не для яго, бо ён не мае столькі часу. “Хуткія цягнікі, хуткія самалёты, інтэрнэт ператварыў вялікія прасторы Зямлі ў маленькую вёску, дзе ўсе аб ўсім імгненна даведваюцца. Здаецца, гэта павінна нам дапамагаць у жыцці, а мы кажам, што няма часу. Мы на ўсё маем час, але не маем часу памаліцца, прыйсці на нядзельную святую Імшу, на споведзь, на Адарацыю... Гэтую “літанію” духоўных паталогій сучаснага чалавека можна працягваць бясконца. Яна выкрывае тыя хібы, з якімі мы жывём. Мы не маем часу, каб пачуць Бога. А Ён прамаўляе да нас. Яго слова заўсёды дзейснае, яно можа змяніць лёс чалавека,” – зазначыў душпастыр.
Як прыклад таго, што пачутае і ўспрынятае Божае слова можа перамяняць жыццё, Яго Эксцэленцыя узгадаў галілейскіх рыбакоў, якія пачулі ад Езуса заклік ісці за Ім: “Яны простыя людзі, якія дасканала ведалі, як лавіць рыбу. А стаць тымі, хто будзе будаваць Касцёл, абвяшчаць Евангелле збаўлення, дзейнічаць ад імя Езуса Хрыста – напэўна, такое ніводнаму з іх і ў галаву не прыходзіла. Але Бог гэта ўчыніў! Учыніў праз Сваё слова і даў ім неабходную ласку. Калі Бог кагосьці кліча, то і дае яму адпаведную ласку. Нажаль, сучасны чалавек не мае на гэта часу...”
Душпастыр прыгадаў вельмі прыгожыя словы, якія сказаў Папа Францішак: “Заглядай ў Біблію так часта, як ты заглядаеш у смартфон.” Сапраўды, куды мы найбольш заглядаем сёння? “Раніцай прачнуліся – смартфон, ідзем на працу – смартфон, на працы перапынак – смартфон, селі ў транспарт – смартфон, – акрэсліў умовы сучаснага жыцця Яго Эксцэленцыя. – А Біблія? А іншыя рэлігійныя кнігі? А Бог прамаўляе да нас...”
Падчас гаміліі арцыпастыр таксама звярнуў увагу на такую памылковую паставу хрысціян, калі яны моляцца аб навяртанні грэшнікаў, але забываюць, што і самі таксама грэшнікі і павінны маліцца аб ўласным навяртанні. Св. апостал Ян кажа, што “калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды” (1 Ян 1,8).
Услед за айцом Піо, які гэтак тлумачыў сваім духоўным дзецям неабходнасць частай споведзі, Яго Эксцэленцыя падкрэсліў, што нават у зачыненым нежылым памяшканні праз тыдзень на паліраваным стале асядае столькі пылу, што можна пісаць пальцам. Падобна і з сэрцам хоць бы і самага пабожнага чалавека. Больш за тое, малы грэх можа перайсці ў вялікі, лёгкі – у смяротны, і мы нават гэтага можам не заўважыць. На гэта душпастыр распавёў гісторыю, як бацька ідучы з сынам па лесе загадаў сыну паспрабаваць вырваць маленькае дрэўца. Той вырваў. Потым вырваў большае дрэўца. Але было яшчэ большае, якое вырваць ужо не атрымалася. “Падобна і з грахом, - падсумаваў душпастыр. – Тое, што мы ахрышчаны, не азначае, што мы без грахоў. Трэба гэта прызнаць. Трэба стаць перад люстэркам Божага закону”. І ўзгадаў, як быў у Рыме праз месяц пасля выбрання Папы Францішка, дзе падчас агульнай аўдыенцыі Папа сказаў такія словы: “Ты, законнік, - грэшнік; ты, святар, - грэшнік; ты, біскуп, - грэшнік; ты, кардынал, - грэшнік і я, Папа, - грэшнік...”
“Трэба памятаць, што д’ябал ніколі не адпускае нас і ўвесь час прыдумвае новыя спосабы спакусіць чалавека”, – папярэдзіў арцыбіскуп і распавёў цікавую гісторыю пра тое, як галоўны д’ябал збіраўся адправіць на зямлю аднаго з некалькіх кандыдатаў, каб спакушаць людзей. Большасць кандыдатаў прапанавалі казаць, што няма ні Бога, ні граху, ні Неба, ні пекла, што гэта выдумка святароў, што жыццё толькі адно і трэба ад яго браць усё магчымае. Але знайшоўся самы вынаходлівы кандыдат, які сказаў: “Я буду згаджацца, што ёсць Бог, ёсць Неба, ёсць пекла, што трэба навяртацца, але … заўтра”. Заўтра азначае ніколі. “Заўтра павінна распачынацца сёння!” - сцвердзіў Яго Эксцэленцыя.
Напрыканцы прамовы арцыбіскуп Тадэвуш нагадаў, што кожны з нас пакліканы да святасці і заахвоціў уявіць сабе, што вось цяпер сюды ў касцёл прыйшоў а. Піо, якому дадзена бачыць сэрцы, і глядзіць на кожнага з нас. “Якімі ён нас бачыць? Якія намеры маем? – спытаў арцыпастыр і на завяршэнне гаміліі прамовіў словы малітвы, - Дарагі наш апякуне, стань сёння перад намі, стань перад нашым народам і скажы, якой духоўнай хваробай мы хварэем, які грэх у нас, каб мы яго вызналі і ачысціліся з яго і змаглі будаваць на гэтай зямлі цывілізацыю любові, цывілізацыю жыцця. І потым у вечнасці ўвайшлі ў радасць Неба і занялі там месца побач з табой, нашым апекуном. Амэн.”
Пасля святой Імшы прадстаўнікі моладзі ад імя парафіі падзякавалі Яго Эксцэленцыі і склалі віншаванні з нагоды 35-годдзя біскупскай кансэкрацыі: “Выказваем вялікую ўдзячнасць за цёплую усмешку, поўную дабрыні і любові, за ўсмешку, якая адлюстроўвае самую глыбіню Вашага сэрца. Дзякуем за Вашу малітву і за Ваш прыклад. Няхай св. а. Піо выпрошвае ласку здароўя і моцы, і няхай Дух Святы вядзе і ахоўвае Вас.””
Любоў да арцыбіскупа Тадэвуша і ўдзячнасць усіх прысутных вылілася ў апладысменты: на працягу хвіліны ўвесь касцёл апладыраваў стоячы.
Перад тым, як удзяліць пастырскае благаславенне, Яго Эксцэленцыя падзякаваў за супольную малітву і віншаванні і прыгадаў выпадак з жыцця, звязаны с падрэ Піо: “Цяпер успомніў сваю кансэкрацыю ў Рыме. Там для мяне вёў рэкалекцыі капуцын Антоні Пацыфік Дыдыч, які потым стаў біскупам. Рэкалекцый без споведзі не бывае. І ён тады кажа: “Я вазьму стулу падрэ Піо”. Хоць тады а. Піо не быў яшчэ святым, але ўжо культ яго развіваўся. На гэты ўспамін мяне навяла стула, якую сёння неслі ў працэсіі з дарамі. Няхай стула нам прыпамінае, што толькі на споведзі мы можам збыць свае грахі. Каб напіцца з крынічкі, мы павінны стаць на калені. Гэтак мы мусім укленчыць перад канфесіяналам, перад крыніцай Божай міласэрнасці, сімвалам якой для нас з’яўляецца а. Піо. Няхай яго прыклад вядзе нас па жыцці да вечнага шчасця ў небе.”
Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок