Парафія святкуе пачатак новага навучальнага і катэхетычнага года
Першага верасня, у першы дзень восені, у нашай парафіі св. Казіміра было вельмі сонечна, утульна і весела. Вось і новы навучальны і катэхетычны год. Для дзяцей, іх бацькоў, усіх катэхетаў, настаўнікаў і выхавацеляў ён распачаўся святой Імшой а 12 гадзіне.
Падчас казання брат Ігар параіў дзецям і дарослым адносіцца да Божых запаведзяў і да ўсіх неабходных правілаў не як да чагосьці, што абмяжоўвае, а як да таго, што сапраўды захоўвае ад небяспекі. Пажадаў не толькі трымацца чалавечых традыцый, але, найперш, заставацца вернымі малітве.
Напрыканцы святой Імшы адбылося благаслаўленне заплечнікаў, школьных прылад і дзённікаў, якія дзеці з радасцю і надзеяй стараліся падняць як мага вышэй, каб кроплі асвячонай вады трапілі на іх.
Пасля набажэнства ўсе вернікі былі запрошаны на сумеснае святкаванне на свежым паветры. Дзеці, як пчолкі, абляпілі салодкі стол, за якім можна было пачаставацца рознымі прысмакамі. Таксама і “аладкавая брыгада”, як заўсёды, на высокім прафесійным узроўні частавала ўсіх жадаючых духмянымі аладкамі. Аматарам марожанага таксама пашанцавала, і яны маглі атрымаць запаветную порцыю.
Ну, і канешне, былі вельмі запатрабаваныя гульні з сястрой Кацярынай і аніматарамі-міністрантамі, танцы з Ірэнай – кіраўніком хору.
Назіраючы за святкаваннем, злавіла сябе на думцы, што самае цудоўнае – гэта сапраўдныя, шчырыя ўсмешкі на тварах дзяцей, ды і дарослых таксама. Адна парафіянка мне сказала: “Мне тут так лёгка, спакойна. Неяк, так, па-сямейнаму. Нават адступілі ўсе клопаты і трывогі”. І гэта так ёсць, бо Сам Бог сярод нас.
Спадзяёмся, што дух любові і дабрыні, якім было прасякнута наша парафіяльнае свята, дзеці панясуць з сабою ў сэрцах праз увесь новы навучальны год.
Выказваем шчырую падзяку групе валанцёраў парафіяльнага Caritas, нашым братам капуцынам, сёстрам законным, кіраўніцы хору Ірэне, удзельнікам ФМ Тау, і ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі гэтага цудоўнага свята.
Тэкст: Алёна Арлоўская
Фота: Алёна Арлоўская, бр. Андрэй Жылевіч