Skip to main content

Летняя сустрэча валанцёраў парафіяльных Caritas

| Падзеі »
12 14.07.24 21

З 12 па 14 ліпеня у нашай парафіі праходзіла сустрэча валанцёраў парафіяльных суполак Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Удзел прынялі валанцёры з Заслаўя, Нясвіжа, Стоўбцаў, Лагойска, Мінска і Маладзечна.
Гэта ўжо другая сустрэча-адпачынак, якую праводзяць валанцёры парафіяльных Caritas. Першая сустрэча адбылася ў Нясвіжы мінулым летам.

Валанцёры з Маладзечна для гасцей падрыхтавалі цікавую і разнастайную праграму, якую брат Андрэй Жылевіч благаславіў і дапамагаў яе рэалізаваць на працягу трох дзён.

12 14.07.24 20
 12 14.07.24 17

Экскурсію па швейнай майстэрні SACRIS VESTIBUS, якая знаходзіцца ў нашым касцёле, правяла Дамініка Гулевіч. Валанцёры даведаліся, як вырабляецца  літургічнае адзенне.

12 14.07.24 7

Таццяна Шумель на працягу двух дзён знаёміла гасцей з гісторыяй нашай парафіі і горада Маладзечна ад яго заснавання да нашых дзён. Лізавета Чырвонцава запрасіла валанцёраў ў галерэю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, дзе валанцёры пазнаёміліся з адным са старажытных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – выцінанкай. А Наталля Чырвонцава, якая з'яўляецца актывісткай этнаграфічнага клуба "Кола", навучыла валанцёраў танчыць традыцыйныя танцы.
Таццяна, Лізавета і Наталля з’яўляюцца удзельнікамі нашага валанцёрскага праекта парафіяльнага Caritas "Век жыві, век вучыся", які на працягу навучальнага года дзейнічаў у нашай парафіі.

12 14.07.24 37
 12 14.07.24 61
 12 14.07.24 73

На працягу трох дзён удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца, падзяліцца сваімі гісторыямі, досведам валанцёрскай дзейнасці, атрымаць новыя веды, натхненне і матывацыю,  абмеркаваць магчымыя сумесныя праекты і ініцыятывы, якія могуць быць рэалізаваныя ў будучыні як для падтрымкі і ўмацавання мясцовай супольнасці, так і для далейшай працы на карысць іншых.

12 14.07.24 92

Шчыра дзякуем брату Андрэю за цудоўны прыём гасцей і ўсім валанцёрам за ахвярную працу.

 Тэкст і фота: Ірына Фаміна, каардынатар парафіяльных суполак Caritas
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

 

 Удзельнікі сустрэчы падзяліліся сваімі ўражаннямі:

 

 AGedroic

Алеся Гедроіц, Мінск, Архiкатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі:

"Вельмі ўдзячны арганізатарам сустрэчы валанцёраў у Маладзечне. Гэта было так па-сяброўску цёпла, весела і разнастайна. Такія сустрэчы даюць магчымасць зразумець, што валанцерскі рух Caritas аб'ядноўвае разнастайных, моцных і неверагодных людзей!
Дзякуй Богу за такую магчымасць!"

 

 IKruk

Ірына Крук, Нясвіж, касцёл Божага Цела:

"Вельмі ўдзячны брату Андрэю за яго блізкасць да людзей. Зайшоўшы у ваш цёплы, каўровы, утульны касцёл і пабыўшы на святой Імшы, мы перажылі міні-рэкалекцыі. Прывітанне айца Андрэя, яго ўсмешка, цеплыня слоў матывавала рабіць і далей штосьці добрае для людзей.
Многія з нас, як і прарок Ісая, словы якога гучалі падчас літургіі, баяцца сведчыць пра Бога, баяцца паклікання, супраціўляюцца, бо гэта ўсё звязана са страхам і цяжкасцямі.
Бог дае нам шанс зрабіць наша сэрца дабрэйшым. Дае кожнаму з нас шанс рабіць дабро, быць Яго рукамі для другіх, быць часткай Яго не толькі ў небе, але і тут на зямлі .
Як сказаў брат Андрэй, пакліканне служэння валанцёраў Карытас таксама звязана са страхам, але Бог натхняе да таго, каб мы ішлі і праяўлялі міласэрную любоў. Праца валанцёраў- гэта стыль жыцця хрысціяніна, гэта праяўленне тых якасцяў, пра якія мы не ведаем. Наша праца мае сэрца.
Цудоўны начлег, цудоўная экскурсія па касцёлу, па тэрыторыі ля касцёла, экскурсія па цяпліцы брата Андрэя, дэгустацыя дурніцы, смачная вячэра з вядомай кавай капуцынаў,  а сняданак з усім нам ужо вядомымі знакамітымі аладкамі вашага вырабу, незабыўная экскурсія па Маладзечне, выцінанкі занялі асобае мейсца ў сэрцы кожнага з нас, незабыўны адпачынак на прыродзе з шашлыкамі.
Бог благаславіў кожнага з нас Сваёю кропляю дажду з неба. Навокал быў ураган, ламаліся дрэвы, а нас Бог атуліў Сваім плашчом небяспекі, супакою і радасцю . Нам хацелася спяваць і танцаваць. Гэта таксама адбылося. Асвечаныя Божымі кроплямі, мы спявалі песні пад гітару, танцавалі даўно забытыя, але такія родныя, вясёлыя танцы. Гэта было яшчэ адно сведчанне блізкасці з каранямі нашых бабуль і дзядуль.
А якое цудоўнае развітанне — абняць адзін аднаго, прыжацца сэрцам і душою да ўжо родных і блізкіх табе людзей , гэта незабыўна. Падарункі - таму сведчанне: пернік у выглядзе сэрца са знакам любові, кубак, з якога будзем піць каву капуцынаў ці гарбату і ўспамінаць сустрэчу валанцёраў 12-14.07.2024 у Касцёле святога Піо з малітвай святога Францішка аб духу любові.
Дзякуй, што вы ёсць."

 

 TSuslava

Таццяна Суслава, Нясвіж, касцёл Божага Цела:

"Гэта былі цудоўныя выхадныя ў Маладзечне! Эмоцыі праз край! Нас смачна кармілі, вадзілі па экскурсіям, вучылі беларускім танцам і дарылі падарункі! Асабліва запомніўся пікнік і танцы. Вялікі дзякуй бр. Андрэю і арганізатарам.
Дзякуй вам за ўсё!"

 

 GBychynskaia3

Ганна Бычынская, Стоўбцы, касцёл святога Казіміра:

"Актыўныя, крэатыўныя, заўсёды маладыя душой, шчырыя – людзі, якія любяць сваю радзіму, ведаюць яе гісторыю, берагуць спадчыну і заўсёды рады падзяліцца з бліжнімі цеплынёй сэрцаў, досведам, добрым настроем, дапамагчы ў цяжкую хвіліну, падарыць імгненні радасці. Гэта валанцёры «Карытас» вельмі прыгожага касцёла святога Піо парафіі святога Казіміра ў Маладзечне. Так трымаць! Дзякуем усім, хто быў разам з намі падчас сустрэчы: арганізатару Ірыне Фаміной, экскурсаводам Таццяне Шумель і Лізавеце Чырвонцавай, майстру па танцах Наталлі Чырвонцавай, паварам, валанцёрам і, зразумела, святару брату Андрэю Жылевічу."

 

 VMischuk

Вольга Мішчук, Лагойск, касцёл святога Казіміра:

"Вялікі дзякуй за цудоўны час, праведзены ў Маладзечне! Вельмі прыемна сустракацца з людзьмі, падобнымі па духу і каштоўнасцям. Такія сустрэчы важныя - дзяленне вопытам, падтрымка, парады, заёмства. Дзякуй за адпачынак, які дазволіў духоўна абнавіцца, напоўніцца сіламі і энергіяй для далейшага служэння!"