Чарговая радасная падзея ў літургічнай службе нашай парафіі
У нядзелю, 2 чэрвеня, падчас святой Імшы а 12 гадзіне шасцёра кандыдатаў: Арсеній Арлоўскі, Даніла Іода, Цімафей Квяцінскі, Мацвей Рудкевіч, Станіслаў Трыпуцька і Сцяпан Туровіч – прынялі стан міністранта хараліста.
Пасля адпаведнай падрыхтоўкі і здачы іспыту хлопцы распачалі свой шлях у літургічнай службе алтара. Цяпер, будучы ў ступені міністранта хараліста, падчас святой Імшы яны могуць падаваць Ахвярныя Дары, а таксама даваць знакі званкамі падчас кансэкрацыі Дароў.
Склаўшы перад прысутнымі людзьмі свае абяцанні, новаўстаноўленыя міністранты атрымалі белыя комжы. Белы колер у Гісторыі Збаўлення мае вельмі вялікі і глыбокі сэнс. Ён сімвалізуе чысціню сэрца і розуму, а таксама прыналежнасць да народу выбранага.
Брат Уладзіслаў падчас пропаведзі звярнуўся да будучых міністрантаў, кажучы: “Служыць” па-лацінску азначае "ministrare", таму ваша праца пры алтары (падаванне ампулак, званкі, прынясенне келіха) – гэта таксама прыклад служэння і даверу Бога. Нават калі вы проста прыгожа стаіце і моліцеся, вы паказваеце, што Ён ёсць тут, побач".
Пажадаем новым міністрантам святла Духа Святога і матчынай апекі Марыі на дарозе служэння Богу і людзям.
Святы Станіслаў Костка, маліся за нас!
Тэкст: Ігар Лапата, Алена Арлоўская
Фота: Алена Арлоўская
Відэа: Алена Каралькова